Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Дзве сустрэчы

Як там у вядомай песні: «И я была девушкой юной, сама не припомню когда...» Але ж якраз у тыя залатыя гадкі ў мяне, студэнткі педінстытута, скончылася першая практыка. Дырэктар школы-васьмігодкі падпісаў усе патрэбныя дакументы — характарыстыку, водгук аб уроках... Можна, здавалася б, ад'язджаць, але як, калі рэчаў мнагавата, да станцыі далекавата? Пешшу, значыць, не пойдзеш, а пад'ехаць можна толькі заўтра, бо сёння аўтобуса ўжо няма.

Але ж тут — на маё шчасце — да гаспадароў, у якіх я здымала пакойчык, прыехаў важны госць — на таксі. Я тут жа да шафёра:

— Падвязіце да станцыі!

— Калі ласка, — адказвае той.

Я села, і хоць на дварэ шарэла ўжо, паспела заўважыць, што хлопец за рулём досыць прыгожы — з кучаравым бялявым чубам, што ён за мяне наўрад ці старэйшы, можа, нават не дурны? Адно — лічыльнік чамусьці не ўключыў... Забыўся? А колькі ж мне потым плаціць?

Толькі аб гэтым падумала, як хлопец кажа, што лічыльнік спецыяльна не ўключаў, нават не збіраецца. А ўсё таму, што я яму вельмі спадабалася — настолькі, што грошы браць  не збіраецца... Хіба вось зараз машыну спыніць, мы прытулімся адно да аднаго і трохі пасядзім...

У мяне ад гэтых слоў (а машына тым часам і праўда спыняецца...) аж душа ў пяткі!

Нейкім незнаёмым голасам пытаюся:

— Як гэта «мы прытулімся»?! А калі я не хачу... І не ўмею?

— Дык я павучу... А не згодзішся — дык будзем стаяць, пакуль цягнік твой не пойдзе.

На гэтым хлопец і праўда вылез з машыны, закурыў, крыху адышоўся — паказаў, што нікуды не спяшаецца, а вось я...

Што ж, думаю, мне рабіць?

Міжволі ўспомніла «ўрокі цаліны», дзе мы, другакурсніцы, часам падсаджваліся на самазвалы, якія збожжа адвозілі, — пад'язджалі самі, а заадно — вучыліся кіраваць машынай... І таму (адкуль толькі спрыт узяўся?) я выскачыла з таксоўкі, села за руль і хутчэй ад страху, чым нешта цямячы, націснула на газ. Машына рванулася з месца і... паехала.

Кіроўца з немым крыкам кінуўся мне ўслед.

Я тады сцішыла ход — спыніла машыну.

— Вар'ятка! — выдыхнуў хлопец, сагнаў мяне са свайго рабочага месца, мы паехалі далей.

На станцыі ён мяне высадзіў. Нічога не сказаў, грошай не ўзяў.

Гэта была сустрэча першая. Зараз — другая.

Неяк раз з пяцігадовым сынам мы ішлі па вуліцы свайго мястэчка. Здалёку ўбачылі, што з-за павароту, памалу, выехала таксі, прытармазіла побач. З машыны вылез статны, прыгожы з твару мужчына, на ўсе вочы, што называецца, стаў глядзець то на мяне, то на майго малога.

— Не пазнаяце? — спытаў урэшце.

— Не, — адказала, — я вас не ведаю.

— Ды кіньце... Быць таго не можа! Забыліся, як на таксі вярталіся з практыкі?

— Дык гэта вы? — засмяялася я.

— А то ж! — прызнаўся мужчына. — А ўжо ж дурны-дурны!.. Ва ўсякім разе, быў... Ну спадабалася тады дзяўчына, дык не каб пазнаёміцца, пагаварыць, спатканне прызначыць. Вунь чаго захацеў!.. Дык можа, я хоць зараз вас пракачу? Так, без грошай. Малому спадабаецца...

Я падзякавала і, вядома ж, адмовілася.

...Ішла потым і сама сабе ўсміхалася: думала, што зямля і сапраўды круглая. Трэба ж было тады размінуцца, а цяпер сустрэцца!

Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён


Шыла ў мяшку...

Неяк цёплым вечарам я гатавала вячэру і паралельна, праз адчыненае акно, слухала размовы сваіх суседак. Яны ўжо бітую гадзіну сядзелі на лаўцы ля пад'езда. Спачатку абмяркоўвалі якасць прадуктаў і цэны, потым — узровень заробкаў і рамонт у пад'ездзе...

— І собіла ж майму чалавеку набыць кватэру на першым паверсе, — абуралася суседка знізу. — Жывём цяпер як у нейкай камеры: з аднаго боку пад вокнамі машыны газуюць, з другога — з ліфта цягне... Даў бог суседзяў!

Тут і мне ўжо хацелася «выступіць». Да таго ж я магла, бо вячэра была гатовая — заставалася па прыступках спусціцца ўніз да жанчын, падзяліцца сваёй праблемай. Рэч у тым, што нехта з жыльцоў стаў пад дзверы падкідваць смецце.

— Ну ніякага ж цярпення! Раніцай з кватэры выходзіш, — скардзілася я жанчынам, — пакет стаіць: то бліжэй, то крышку далей, то ля самага ліфта...

— Аніякага сумлення ў людзей! — падтрымала тая суседка з першага паверха. — Дэградацыя ідзе — поўным ходам!

— Так-так, — згаджалася я, — сёння раніцай ужо тры пакеты стаяла!

— У маёй сяброўкі гэтаксама было, — спачувала мне адна з кабет. — Яна ў ЖЭС заяву пісала і ўсё роўна нічога не дабілася: сказалі, што гэта — праблемы саміх жыльцоў.

— А як вырашаць? Гэта што — нікога не хвалюе? — з мальбой у вачах пыталася я ў жанчын.

У адказ павісла маўчанне.

— Я вам дапамагу, — раптам вызвалася адна з суседак. — Заўтра ж высветлю, чыё гэта смецце.

— Ты што — упільнуеш, хто яго выкіне? — засумняваліся жанчыны.

— А навошта мне пільнаваць? Ёсць іншы спосаб.

...Раніцай пакеты са смеццем ужо чакалі мяне ля дзвярэй кватэры. Я не ўтрымалася — гідліва адсунула іх нагой і пабегла на работу, а ўвечары, калі вярталася, пакетаў на месцы ўжо не было. «Можа, дворнічыха прыбрала?» — падумала я і памылілася...

Як потым высветлілася, тая суседка развязала першы ж пакет, рассунула смецце і ў ім тут жа ўбачыла сшытак па матэматыцы вучня 5-га «А» класа Пеці С. Мне засталося пагаварыць з яго мамай.

...Колькі жыву на свеце, столькі захапляюся народнай мудрасцю: шыла ў мяшку і сапраўды не ўтоіш.

Наталля Шастакова, г. Гомель


У ноч на Каляды

Фота: pixabay.com

...Спаць пасля вячэры Сцяпан не збіраўся, бо даўно ўжо ведаў, што, як толькі апошні калядоўшчык пераступіць парог сваёй хаты, на вуліцы выйдзе моладзь: некаму зніме весніцы ды занясе бог ведае куды, некаму падапрэ дзверы — ды так, што, каб выйсці з хаты, давядзецца адымаць падвойнае акно, некаму шклом закрые комін...

Так паўтаралася з году ў год, прычым з шырокім размахам і аднолькавым вынікам: уранку то тут, то там чуўся лямант абураных гаспадароў ці гаспадынь...

Таму найбольш пільныя з іх (і Сцяпан, вядома ж, таксама) спаць не клаліся — прыслухоўваліся да любога тлуму на вуліцы, раз-пораз выходзілі з цёплых хат і ўсё роўна, здаралася, заставаліся ў дурнях.

У той год Сцяпана змарыла з пеўнямі: прыснуў нават не распрануўшыся! І, здавалася ж, на хвіліну ўсяго, а раніцай выйшаў у двор — весніц — новых, прыгожых — як не было!

Гаспадар паспрабаваў разглядаць сляды каля плота. На снезе іх было шмат і розных — «узяць» якісьці адзін мог хіба сабака. А таму Сцяпан пакіраваў у вёску — шукаць сваю прапажу. І недалёка ж зайшоў, як пачуўся гучны голас суседа. «І ў яго, відаць, нешта знеслі?» — падумаў з палёгкай.

...Як на першы погляд, дык на дварэ ў Андрэя нічога не змянілася: брамка была на месцы, платы вакол цэлыя. Але ж суседаў гвалт не сціхаў, і гэта быў верны знак, што ўтворана нешта не зусім звычайнае. І сапраўды — на даху Андрэевай клуні стаяў... воз з узнятымі ўверх аглоблямі.

— Глянь, што ўтварылі! — абураўся гаспадар. — І сам жа не спаў, і сабака ў двары...

(Вялікі чорны дварняк на ўсялякі выпадак схаваўся ў будцы...)

— У мяне таксама брамку знялі, — каб хоць трохі падтрымаць суседа, уздыхнуў Сцяпан.

— Дык ты, брат, як хочаш, а я не дарую! Саўкава гэта работа! — злаваўся Андрэй і, схапіўшы нейкую палку, смела пакіраваў да хаты зламысніка. — Болей дужых няма... А гэты — бач — сіл назапасіў, што ў таго каня... І на што скарыстаў!.. Абібок няшчасны! Турма па ім плача...

Абібокам (а тым больш няшчасным) Саўка, вядома ж, не быў. Вярнуўшыся з войска, уладкаваўся на работу, разам з бацькамі, як той конь, цягнуў гаспадарку... Яму б яшчэ жонку людскую, ды нешта яна не траплялася, ва ўсякім разе пакуль, а таму дзяцюк , што называецца, тусіў з вясковай моладдзю... Яна, можа, і перагнула з Андрэевым возам, але ж традыцыя ёсць традыцыя: падтрымаць яе — справа гонару.

...Тым часам Андрэй, як віхор, ускочыў у хату да Саўкавых бацькоў, без звычнага прывітання рушыў у пакой, дзе сном немаўляці (ведама, лёг пад раніцу) спаў сам хлопец.

— Ты мне за ўсё адкажаш! — закрычаў Андрэй. — У турму пасаджу!

Хлопец прачнуўся, перахапіў узнятую над ім палку, сказаў:

— Ну тады Івану, сыну свайму, таксама сухароў насушыце.

— А пры чым тут Іван? — не зразумеў Андрэй.

— А ён — саўдзельнік.

— Быць не можа!

— А вы самі падумайце: без Івана мы ж нічога не зрабілі б. Гэта ён і вазок нам «падагнаў», і сабаку патрымаў, каб нас не выдаў... Такая вось карціна. Але ж вы на хлопца не вельмі сварыцеся. Расце малы, паважае традыцыі. Ды вы ж і самі некалі, відаць, шчадравалі?! Ці ўжо забыліся?

Цяпер ужо Андрэй разгублена залыпаў вачыма, махнуў рукой і падаўся з хаты...

Пад абед, калі Сцяпан на санках цягнуў дадому адшуканыя ў вёсцы весніцы, Андрэй з сынам па вяроўцы спускалі з даху стары драўляны воз: Каляды ў вёсцы толькі пачыналіся.

Генадзь Мішчук, в. Вотчына, Маларыцкі раён

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар


Ад яе ж і ў тэму:

Пах лесу, ёлка, дзеці ў карагодах

І падарункі тут, і цёплых слоў багата.

Ды...

Святы каляндарныя — праходзяць...

Хай у душы заўсёды будзе свята!

Пішыце!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.