Вы тут

Ад чаго мы самыя неабароненыя ў сваім ХХІ стагоддзі


«Не бяры да галавы», — кажу сама сабе кожны раз, калі чытаю ці гляджу відэа пра апошнія навіны ў свеце. Атрымліваецца кожныя паўгадзіны, балазе на рабоце ўключаны камп'ютар, дома і нават у дарозе заўжды пад рукой смартфон з хуткасным інтэрнэтам. Не ў курсе таго, што адбываецца і блізка, і далёка, хіба што тыя некалькі гадзін, калі спіш. А ранкам, толькі пралупіўшы вочы, уключаеш тэлевізар, ужо ў тралейбусе дастаеш тэлефон — і зноў гэта бурлівае бязмежнае мора інфармацыі паглынае па самую макаўку. Застаецца толькі тое папераджальнае «Не бяры да галавы», ды яно ўсё роўна не атрымліваецца — не браць.


Фота: pixabay.com

Бо як можна не думаць пра сям'ю з чатырох чалавек — бацькоў і дзвюх маленькіх дзяўчынак, якія ляцелі на тым украінскім самалёце, што разбіўся ў сераду? Яны дзякуючы сеціву ўжо не безыменныя ахвяры авіякатастрофы, адны са шматлікіх, а канкрэтныя людзі. На фота, узятым пастаўшчыкамі навін з сацыяльных сетак, яны прыгожыя, шчаслівыя, усміхаюцца, у іх ёсць імёны (у маленькіх сясцёр яны былі вельмі сугучныя). І ты ўжо ведаеш, што ляцелі яны праз Кіеў у канадскі Эдмантан, што былі ў Іраку на канікулах... Думаеш пра гэтых невядомых, але ўжо ў нейкім сэнсе блізкіх табе людзей (бо, паводле спрадвечнай логікі чалавечых паводзін, толькі па блізкіх можа так сціскацца сэрца), пасля пачынаеш разважаць пра лёс (вось чаму ім у Канаду трэба было менавіта праз Украіну ляцець), пра нашу абсалютную аголенасць — і ў пераносным, і ў самым што ні ёсць прамым сэнсе, якую мы самі сабе гарантуем, як толькі рэгіструемся ў няважна якой інтэрнэт-суполцы. Людзей ужо няма, а старонка ў сеціве засталася, яшчэ і ніхто з блізкіх, якія не хочуць публічнасці свайго гора, яе не выдаліць, калі не ведае пароля. А пакуль да гэтага дойдуць адміністратары, усе ахвотныя расцягаюць кранальныя сямейныя фота і растыражуюць па ўсім свеце з якімі заўгодна каментарыямі...

Не хочаш, але мусіш пасля падобных навін задумацца пра мэтазгоднасць прысутнасці ў інтэрнэт-супольнасці ўвогуле. Бо ты ж не ведаеш, хто, калі і з якой мэтай выкарыстае твае фота, якія ты з гонарам, выбіраючы найлепшыя, выкладваеш на сваёй старонцы. Быў жа не так даўно скандал дзесьці ў Расіі, калі дзяўчына, трапіўшы ў іншы горад, на рэкламе вырабу віньетак на помнікі ўбачыла ўласны фотаздымак, са старонкі ў сацсетцы ўзяты. Дык тое ў адной краіне. А дзе гарантыя, што дзесьці ў Бразіліі твой твар ці такую ўдалую выяву ў купальніку не выкарыстоўваюць для рэкламы інтым-магазіна?

Пачынаеш думаць яшчэ і пра тое, што паролі ды коды да акаўнтаў, інтэрнэт-банкінгу, плацежных сродкаў — гэта, канешне, крута, гэта абараняе прынамсі калі не тваё асабістае жыццё, дык твае грошы, і паведамляць гэтыя запаветныя спалучэнні літар і лічбаў сапраўды нікому, нават самым блізкім, або дзесьці запісваць не варта. Але... калі раптам што з табой здарыцца? Як, напрыклад, з гэтай сям'ёй з самалёта. І нявыдаленая ці незаблакаваная старонка ў сетках — гэта яшчэ паўбяды. У маёй газетнай практыцы быў выпадак тут, у Мінску, калі маладая жанчына пасля нараджэння двайнят нечакана для ўсіх упала ў кому. На лячэнне, догляд, на малых сям'і былі патрэбныя грошы. І яны — немалыя — былі ў самой хворай. На асабістым рахунку, на картцы, код якой ніхто не ведаў. На просьбы аддаць грошы сваякам у банку адказвалі: гаспадыня рахунку жывая, мы не маем права здымаць сродкі без яе ведама. Вось калі б яна памерла — вы як спадчыннікі мелі б права... У колькі інстанцый давялося тады журналістцы рэспубліканскай газеты звяртацца, каб дапамагчы сям'і атрымаць такія патрэбныя ёй грошы...

...І гэта толькі адна навіна, якую «ўзяў да галавы». А падобных жа за дзень не адна. І думаеш, увесь час думаеш, пра мільярд згарэлых зажыва жывёлак — як падлічылі эколагі, менавіта столькі загінула падчас лясных пажараў у Аўстраліі. Пра кранальных пушыстых каал, цыбатых кенгуру, дзікіх сабак дынга. Ты іх ніколі ўжывую не бачыў, але табе ўсё роўна іх шкада. Як і тых аўстралійскіх дзікіх вярблюдаў, якіх збіраюцца забіць ужо мэтанакіравана, зваліўшы на іх прычыну экалагічнай катастрофы: маўляў, падчас засухі яны выпіваюць занадта шмат вады, якой і без таго мала, таму і не атрымліваецца патушыць пажары... Адганяеш ад сябе жаласлівыя думкі — жывёлы ж не людзі — тут жа, калі ласка, — пра людзей. У парыжскім аэрапорце ў адсеку шасі самалёта, які прыляцеў з афрыканскага Кот-д'-Івуара, знайшлі цела 10-гадовага хлопчыка. Ён або задыхнуўся, або замерз, а хутчэй за ўсё і тое, і другое — на вышыні разрэджанае паветра і тэмпература мінус пяцьдзясят. Хто яго туды пасадзіў, ведаючы такую рызыку? Бацькі, якія лічылі, што лепш быць мёртвым у Парыжы, чым жывым на Беразе Слановай Косткі? Хто ўвёў у вушы бацькам, што там, у Парыжы, будзе лепш?.. Пытанні, на якія спрабуеш знайсці і не знаходзіш адказ, і ад іх кожны дзень пачынае дзесьці каля скроняў ныць галава і хочацца заснуць, бо толькі пакуль спіш, ты нічога не бачыш, не чуеш, ні пра што не думаеш...

Згадала раптам верш Панчанкі «Капайце ў сэрцы маім магілу...», знайшла (канешне ж, у інтэрнэце!), перачытала. Год напісання — 1963. І па справе, і хораша, і цёпла, а ўжо — не пра нас. У год 2020-ы Пімен Емяльянавіч наўрад ці так напісаў бы. Бо на ўсё, што робіцца на гэтым блакітным шарыку і аб чым тут жа становіцца вядома, ніякага сэрца не хопіць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Узяўшы да галавы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».