Вы тут

Санітарным нормам і спажывецкім якасцям сёння не адпавядае да 30 % кватэр у Беларусі


Санітарным нормам і спажывецкім якасцям сёння не адпавядае да 30 % кватэр у Беларусі. Паляпшаць якасць жылля зручней і танней з дапамогай энергаэфектыўных мерапрыемстваў падчас капітальнага рамонту. Комплексна такім чынам мяркуецца павысіць энергаэфектыўнасць будынкаў на адзін-два класы і давесці энергаспажыванне да ўзроўню не вышэй за 90 кВт⋅г/м2 у год. Аднак механізмы, якія тлумачылі б, як працаваць з энергаэфектыўнымі мерапрыемствамі падчас капрамонту, на жаль, адсутнічаюць. Не распрацаваны пакуль што Міністэрствам фінансаў і механізм стварэння рахункаў энергаэфектыўных мерапрыемстваў. Як, за што і чаму будуць пры гэтым плаціць жыхары, што змогуць выбраць, а на што давядзецца пагаджацца абавязкова, «МС» даведалася ў спецыялістаў.


Пяць гадоў — на гарантыю, тры — на ацэнку

Існуюць два спосабы паўплываць на цепласпажыванне дома: знізіць параметры цепланосьбіту або зменшыць нагрузку на сістэму ацяплення жылля, што найбольш канструктыўна, аднак без замены сістэмы ацяплення немагчыма — спрацуе толькі варыянт зменшыць параметры цепланосьбіту непасрэдна для прыбораў ацяплення ў кожнай кватэры. Два асноўныя дзеянні пры энергамадэрнізацыі, якія абавязкова неабходна выканаць у доме, — ацяпленне фасада, дахаў, падвалаў і аднаўленне сістэм ацяплення, расказвае Дзяніс ЖЭЙМО, дырэктар РУП «Інстытут «Белжылпраект»:

— Уцяпляць сцены можна пенаполістыролам (выкарыстоўваецца ў дамах да дзесяці паверхаў) або мінеральнай ватай (вышэйшыя будынкі). Замена вокнаў для праекціроўшчыка сёння сапраўдная бяда, бо, згодна з нарматывамі, вокны ў кватэрах нельга мяняць з прыцягненнем бюджэтных сродкаў. А гэтая канструкцыя займае каля траціны ад плошчы фасада і па кошце работ прыраўноўваецца да яго ўцяплення. Пры замене камунікацый падчас капрамонту (цеплапункта і магістральных трубаправодаў) мяняць вертыкальную сістэму ацяплення на гарызантальную (уцяпленне па паверхах) не плануецца.

Пры гэтым на будаўніча-мантажныя работы прадугледжана пяцігадовая гарантыя, а каб ацаніць энергаэфектыўнасць праведзеных мерапрыемстваў, спатрэбіцца гады тры.

Хоць па тыпавых праектах узведзена амаль палова жылля ў краіне, будавалася яно ўсё адно неаднолькава. А за паўстагоддзя эксплуатацыі стан будынкаў пакідае жадаць лепшага, кажуць спецыялісты.

— Наша задача — распрацаваць пэўныя тыпавыя рашэнні для канкрэтных серый дамоў з улікам таго, якія мерапрыемствы ў комплексе прывядуць да пажаданых вынікаў, — каб арганізацыі маглі ўжо прапанаваць рэкамендацыі па выкананні пэўнага пераліку паслуг, стварыць альбом тыпавых рашэнняў у дамах тыпавых серый, з якімі і ісці да людзей, — мяркуе Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ.

Белжылпраект ужо распрацаваў па адным з тыпавых праектаў усе тэхнічныя энергаэфектыўныя мерапрыемствы, якія даюць на доме эфект больш за 50 %. Аднак каб укараніць яго ў жыццё, неабходны заказчык, з якім інстытут разам пройдзе экспертызу, сцвярджае дырэктар установы.

Указам Прэзідэнта № 327 вызначана, што фінансавацца яны могуць са сродкаў за прыватызацыю жылля, якія дагэтуль паступаюць дзяржаве; грошай ад капітальнага рамонту ў долях; заёмных сродкаў міжнародных арганізацый.

Існуе пералік работ для капрамонту і для энергаэфектыўных мерапрыемстваў. Затраты на работы адны і тыя ж, аднак плаціць за іх можна па-рознаму ў залежнасці ад таго, да якой групы мерапрыемстваў яны адносяцца. Палову кошту энергаэфектыўных работ у доме будуць аплачваць уласнікі жылля. Яны ж змогуць выбраць, за што менавіта плацяць. Неабходна распрацаваць методыку ці рэгламент падзелу затрат, калі энергамерапрыемствы ідуць сумесна з капрамонтам, мяркуюць камунальнікі.

— Ва Украіне, дарэчы, рэалізуецца праект па мадэрнізацыі жылля, згодна з якім людзям прапануюцца два ці тры пакеты з мерапрыемствамі на выбар. Можна выбраць адзін з варыянтаў, а можна камбінаваць іх. У апошнім выпадку дзяржпадтрымка значна вышэйшая, чым калі ўласнікі выбіраюць толькі мерапрыемствы аднаго з пакетаў, — кажа Басціян ШТЭНЦЭЛЬ, кіраўнік праектаў нямецкага энергетычнага агенцтва DЕNА.

Формула разліку

На сходах жыхароў, дзе беларусам тлумачаць выгаду ад сумеснай капітальнай і энергаэфектыўнай мадэрнізацыі жылля, людзі часта пытаюцца, чаму яны павінны плаціць за работы згодна з плошчай кватэры, а не па памеры фасада. Камунальнікі спасылаюцца на Жыллёвы кодэкс, дзе сказана, што доля ўдзельніка сумеснага домаўладання ў праве агульнай уласнасці на агульную маёмасць прапарцыянальная долі агульнай плошчы аб'ектаў нерухомай маёмасці ў агульнай плошчы жылых і нежылых памяшканняў дома, якія яму належаць. Адысці ад патрабаванняў закона немагчыма, тлумачыць Ігар ЮРКЕВІЧ, начальнік аддзела Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі:

— Трэба памятаць, што ў тыпавым дагаворы ўказваецца папярэдні кошт работ, а калі ўжо сфарміруюцца кантрактная цана і ўсе затраты, робіцца дадатковае пагадненне. Атрымліваецца, робяцца два разлікі, таму людзей гэта крыху бянтэжыць, даводзіцца тлумачыць, паказваць. Галоўнае, што плата ўносіцца роўнымі часткамі штомесяц на працягу дзесяці гадоў, без пералічэння нейкіх каэфіцыентаў.

Дарэчы, павялічыць да 15 гадоў растэрміноўку па аплаце энергаэфектыўных мерапрыемстваў, выкананых у будынку падчас капітальнага рамонту, могуць сацыяльна неабароненым катэгорыям беларусаў. Гэта малазабяспечаныя ўласнікі, сярэднедушавы прыбытак якіх не перавышае бюджэту пражытачнага мінімуму. Незалежна ад сумы прыбытку разлічваць на 15-гадовую растэрміноўку могуць непрацуючыя пенсіянеры, інваліды І і ІІ груп пры адсутнасці працаздольных членаў сям'і, якія жылі б сумесна з імі, а таксама шматдзетныя сем'і; сем'і, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў; сем'і, дзе бацька ці маці, або абодва сужэнцы ці ўсынавіцелі, з'яўляюцца інвалідамі І і ІІ груп.

Пры гэтым сумы ў суседзяў могуць адрознівацца. Тлумачыцца гэта зноў жа памерамі жылля. Разлічыць плату можна для кожнай кватэры па формуле: агульная плошча кватэры, памножаная на кошт уцяплення аднаго квадратнага метра. Далей гэтая лічба дзеліцца на два (50 %, якія павінны заплаціць жыхары) і на 120 (10 гадоў растэрміноўкі). Так атрымліваецца папярэдняя сума штомесячнага разліку для ўласнікаў.

— Хоць інструкцыі для разлікаў яшчэ няма, паводле нашага аналізу, кошт будаўніча-мантажных работ па ўцяпленні пенаполістырольнымі плітамі на двухпакаёўку плошчай 48 м2 пры цане за ўцяпленне «квадрата» фасада 70 рублёў у сярэднім склаў на месяц 14 рублёў, — дзеліцца Ігар Юркевіч.

Па той жа схеме разлічылі і кошт замены сістэмы ацяплення — 4,86 рубля на месяц. Калі ўласнікі выберуць абодва гэтыя мерапрыемствы, то ў месяц давядзецца плаціць па 18,86 рубля.

Пралічылі мінскія камунальнікі таксама цану з улікам распрацаванай праектна-каштарыснай дакументацыі (ПКД) і кошту мантажна-будаўнічых работ (пры захаванні цэн існуючага рынку).

— На ўцяпленне фасада дома спатрэбіцца 287 тысяч плюс 23 тысячы рублёў за ПКД — у выніку 310 тысяч агульнага кошту. Падзяліўшы на плошчу кватэр у доме, атрымалі 36 рублёў 94 капейкі. У канчатковым выніку гэта 7,38 рубля на месяц з кватэры. З заменай сістэмы ацяплення прыплюсоўваем 4,86 рубля штомесяц. У выніку штомесячная плата за абодва мерапрыемствы складзе 12,24 рубля на дзесяць гадоў.

У Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы мяркуюць, што ўцяпленне аднаго «квадрата» дома па-за межамі капітальнага рамонту абыйдзецца ў 230—240 рублёў, і гэта максімальна магчымы кошт.

Энергадэпартамент краіны пакуль настаяў на тым, што рэалізацыя праекта па энергаэфектыўнасці толькі пачынаецца і варта не ўскладняць задачу праекціроўшчыкам і заказчыкам і дзяліць пакуль аплату гэтых мерапрыемстваў напалову, дадаў Андрэй Рамашка:

— Аднак падзел 50 на 50 не будзе цягнуцца бясконца. У далейшым пры змяненні ўмоў тарыфнай палітыкі, кошту цеплаэнергіі і іншых фактараў суадносіны стануць іншыя. Дапамога дзяржавы пры гэтым застанецца.

Ірына Сідарок

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Грошы напалам і тыпавое ўцяпленне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».