Вы тут

У Гродне з'явіўся 13-павярховы інтэрнат для студэнтаў ГрДМУ


Калі да будаўніцтва новага інтэрната жыллём было забяспечана 54 % студэнтаў-медыкаў, дык цяпер — каля 80 %. Тут будзе жыць больш за тысячу чалавек.


Падзея для горада даволі значная. Таму і ўрачыстае адкрыццё адбылося з удзелам кіраўніцтва Гродзенскай вобласці, міністра аховы здароўя, прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса. Пасля ўрачыстага адкрыцця прысутныя пазнаёміліся з «начынкай» інтэрната. А яна даволі камфортная. У кожным блоку — па тры пакоі, і ўсе яны разлічаны на пражыванне толькі двух чалавек. На блок — свая кухня і санвузел. Па сутнасці, гэта міні-кватэра, дзе можна не толькі «перакантавацца», але і якасна існаваць. Для падрыхтоўкі да заняткаў абсталяваны сучасныя чытальныя залы, ёсць спартыўныя залы, буфет.

На думку міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, новы інтэрнат дазволіць павысіць якасць падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў праз стварэнне неабходных умоў для навучання і камфортнага пражывання.

Інтэрнат дасць магчымасць павялічыць экспарт адукацыйных паслуг. Рэктар універсітэта, член Савета Рэспублікі Віктар Сняжыцкі, расказаў, што калі сем гадоў таму ў ВНУ былі толькі тры групы замежных студэнтаў, дык цяпер такіх груп больш за трыццаць. Гэта чацвёртая частка ўсіх студэнтаў медыцынскай навучальнай установы.

У новым інтэрнаце для замежных студэнтаў прадугледжана каля паловы месцаў. Як падкрэсліў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, у Гродне жадае вучыцца шмат замежнікаў, і цяпер медыцынскі ўніверсітэт зможа павялічыць іх набор удвая, што дазволіць значна кампенсаваць сродкі, укладзеныя ў будаўніцтва 13-павярховага інтэрната. А гэта — 30 мільёнаў рублёў з мясцовага і рэспубліканскага бюджэтаў.

Па словах міністра аховы здароўя, студэнцкі інтэрнат — прыклад сумеснай работы рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады ў комплексным падыходзе да далейшага развіцця сістэмы аховы здароўя Гродзенскай вобласці. Напрыклад, сёлета плануецца такім чынам набыць сучасныя камп'ютарныя і магнітна-рэзанансныя тамографы ў бальніцы абласнога цэнтра.

У 2020 годзе таксама будзе працягнута работа па забеспячэнні жыллём студэнтаў, якіх у Гродне вучыцца каля 20 тысяч чалавек. Увод у эксплуатацыю інтэрната для медыкаў — толькі першы крок вырашэння гэтай праблемы. Як адзначыў Уладзімір Краўцоў, сёлета ў дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме прадугледжаны сродкі для завяршэння будаўніцтва аналагічнага аб'екта на 1030 месцаў для студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Яго праект быў распрацаваны яшчэ 10 гадоў таму, і ў хуткім часе будаўніцтва 13-павярховага інтэрната будзе завершана. Дарэчы, гэтая праблема была агучана кіраўніку дзяржавы падчас яго візіту ў Гродна восенню мінулага года. У выніку для ўзвядзення будынка выдзелены сродкі з рэспубліканскага бюджэту.

Маргарыта Ушкевіч

Загаловак у газеце: Жыць і вучыцца з камфортам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».