Вы тут

Сімвал сталасці нацыі


Невядомыя старонкі гісторыі кнігавыдання адкрывае выстаўка «Энцыклапедыя. Нацыянальны праект» у Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Праект, прысвечаны 50-годдзю стварэння першай беларускай універсальнай энцыклапедыі, дае магчымасць дакрануцца да вытокаў і прасачыць шлях, які прайшла гэтая кніга.


Соф'я Самуэль.

У цэнтры экспазіцыі — выданнеюбіляр, першая ў гісторыі беларускага народа «Беларуская савецкая энцыклапедыя» ў 12 тамах (1969—1975). Апошні том цалкам прысвечаны Беларусі. Увогуле, нацыянальная тэматыка ў БелСЭ складае больш за 40 %. У выданні, над якім працавала больш як 5 тыс. аўтараў, змешчана каля 12 тыс. ілюстрацый і 672 карты. Менавіта з працы па стварэнні першай нацыянальнай дванаццацітомнай беларускай савецкай энцыклапедыі пачалася дзейнасць выдавецтва, якому ў 1980 годзе прысвоена імя Петруся Броўкі, ініцыятара яго стварэння і першага галоўнага рэдактара. Соф’я Самуэль, супрацоўніца «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» на працягу многіх гадоў, падчас адкрыцця выстаўкі падзялілася ўспамінамі пра першага кіраўніка «Энцыклапедыі»:

— Я прыйшла ў 1969 годзе. З таго моманту працавала на розных пасадах, таму ўпэўнена: не бывае разумнай выніковай працы, калі няма адукаванага калектыву. Пётр Усцінавіч — унікальны чалавек, які здолеў яго стварыць, бо як ніхто разумеў, што кіраўнік — не той, хто «ловіць» кожную кропку, коску і літару, але той, хто на сваім узроўні вырашае ўсе пытанні: ён умеў кіраваць калектывам і разумна абысціся як з тымі, хто здольны працаваць, так і з тымі, хто не здольны, умеў знайсці сілы, мужнасць, каб развітацца. Яго галоўнымі якасцямі былі далікатнасць і інтэлігентнасць.

Кожны раз пасля прачытання макетаў Пятрусь Броўка гаварыў тады яшчэ маладой супрацоўніцы: «Калі палічыце патрэбным, то выпраўце што-небудзь». Менавіта такое стаўленне да людзей фарміравала калектыў.

Выстаўку «Энцыклапедыя. Нацыянальны праект» склалі матэрыялы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, выдавецтва «Беларуская Эцыклапедыя імя Петруся Броўкі», Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Літаратурнага музея Петруся Броўкі. Прадстаўлены кірылічныя лексіконы XVII стагоддзя, архіўныя матэрыялы і выданні, што адлюстроўваюць першыя спробы стварэння беларускай энцыклапедыі ў 20—30-я і 50-я гг. XX ст., унікальныя архіўныя дакументы, фотаздымкі, працоўныя і  творчыя матэрыялы другой паловы XX ст. Сярод іх — «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка», выдадзеная ў Мінску ў 1927 годзе. Гэты першы на беларускай тэрыторыі энцыклапедычны даведнік з’явіўся пасля ўсталявання ў  1919 годзе новай беларускай дзяржаўнасці — БССР. Пасля мелася стварыць дзесяцітомную беларускую савец­ кую энцыклапедыю. У 1935 годзе рэдакцыя БелСЭ паспела падрыхтаваць і выдаць тэматычныя слоўнікі па розных галінах ведаў (16 выпускаў). Але праца па вы­ данні была спынена ў 1937 годзе. Як памяць аб гэтай спробе — асобны — пусты — стэлаж.

Увогуле, экспазіцыя адлюстроў­ вае гісторыю еўрапейскіх энцык­ лапедычных выданняў ад антыч­ ных часоў да сучаснасці. Сярод іх — правобраз еўрапейскіх універсальных энцыклапедый — найбуйнейшы энцыклапедычны твор Антычнасці — «Натуральная гісторыя» Плінія (у ліёнскім выданні XVI ст.) і першая энцыклапедыя сучаснага тыпу, шэдэўр эпохі Асветніцтва — французская «Энцыклапедыя, ці тлумачальны слоўнік навук, мастацтваў і рамёстваў» Д. Дзідро і Ж. Д’Аламбера (у яе стварэнні з 1751 па 1780 гг. прынялі ўдзел Вальтэр, Русо, Мантэск’ё, Гольбах інш.). Таксама можна пабачыць аўтарытэтную энцыклапедыю на англійскай мове — «Брытаніку» (1875— 1888) і самую паспяховую нямецкую энцыклапедыю — «Энцыклапедыю Бракгаўза» (1882—1887).

Праекты слоўнікаў. 1935 г.

— Для нас вельмі важна паказаць, што энцыклапедыя — кніга незвычайная. Не толькі таму, што гэта грунтоўны твор: яна мае выключнае значэнне ў грамадскіх працэсах. Нездарма класік беларускай літаратуры Максім Танк сказаў, што дзяржаўным народам можа лічыцца народ, які мае свае герб, гімн, сцяг, буквар і энцыклапедыю. Бо менавіта гэта — сведчанне нацыянальнай сталасці, а таксама здольнасці людзей асэнсаваць сваю ролю ў свеце і ўвесь свет вакол сябе. На жаль, знікла мноства народаў, некаторыя амаль не існуюць. Яны не дайшлі да стадыі фарміравання нацыі, дзяржаўнага самавызначэння, бо не мелі такіх магчымасцей ці здольнасцей. Беларусы мелі, — выказаў меркаванне намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша.

Часткай выстаўкі сталі і ўніверсальныя энцыклапедыі на нацыянальных мовах Польшчы, Чэхіі, Расіі, Украіны (XIX—XX стст.): «Збор неабходных ведаў, у алфавітным парадку выкладзены» І. Красіцкага, «Inventores rerum, або Кароткае апісанне, хто і што вынайшаў і  даў для ўжывання людзям» Я. Пратасовіча, «Навуковы слоўнік Ота: ілюстраваная энцыклапедыя агульных ведаў», «Слоўнік беларускай мовы» І. Насовіча, «Энцыклапедычны слоўнік Гранат» і іншыя. А дапоўнілі экспазіцыю сучасныя беларускія выданні — найлепшыя кнігі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», адзначаныя ўзнагародамі нацыянальных і міжнародных конкурсаў. З выстаўкай можна пазнаёміцца да 17 лютага 2020 года.

Яўгенія ШЫЦЬКА, фота аўтара і Нацыянальнай бібліятэкі

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.