Вы тут

Чаго не хапае беларускаму жыллёва-камунальнаму заканадаўству?


Мінулы год быў багаты на падзеі ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі — гэта і змена падыходу да капітальнага рамонту, і доўгачаканыя змены ў беларускім заканадаўстве. Як гэта ўсё павінна паўплываць на якасць паслуг, расказаў член праўлення Міжнароднай асацыяцыі менеджменту нерухомасці Генадзь КАЛЁНАЎ.


— Генадзь Генадзевіч, ці можна сказаць, што наша краіна рухаецца ў правільным напрамку, калі мы гаворым аб развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі?

— 2019 год быў вельмі ўдалы на заканадаўчыя змяненні ў галіне ЖКГ, і было зроблена шмат крокаў у гэтым напрамку. Але асабліва радуе тое, што гэта не стыхійныя дзеянні, а паслядоўныя рашэнні, якія маюць пэўную мэту і накіраваны на развіццё ўсёй сістэмы ЖКГ. Калі гаварыць пра іншыя краіны з постсавецкай прасторы, то менавіта Беларусь развіваецца больш мэтанакіравана.

— Але скептыкі кажуць, што да Еўропы нам яшчэ далёка?

— Параўноваць нашу рэспубліку з краінамі, дзе энергаэфектыўныя мерапрыемствы пачалі ажыццяўляць яшчэ ў ХVІІ стагоддзі, не зусім правільна. З-за геаграфіі і пэўных гістарычных фактаў кожная з іх мае свой унікальны вопыт. Таму прасцей і лагічней параўноўваць Беларусь з краінамі, якія не так даўно ўваходзілі ў склад СССР. Гэта будзе больш дакладны аналіз, і паказчык, як далёка мы адарваліся ад гэтых краін, — і ёсць рэальнае становішча. Напрыклад, Жыллёвы кодэкс Украіны і да гэтага часу пачынаецца са слоў аб перамозе Кастрычніцкай рэвалюцыі, іншымі словамі, галоўны дакумент у сферы ЖКГ там так і не змянілі. У Казахстане некалі стварылі кааператывы накшталт беларускіх таварыстваў уласнікаў, але яны аб'ядноўваюць самыя розныя сумесныя домаўладанні, якія могуць знаходзіцца ў розных частках горада. І самае цікавае, што старшыня гэтых кааператываў абіраецца пажыццёва і склікаць агульны сход уласнікаў таксама можа толькі ён. Палова ўласнікаў Казахстана проста не плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі, таму што і там, і ва Украіне не існуе ніякага механізма ўздзеяння на неплацельшчыкаў.

— З гэтым зразумела, але ў Беларусі сёння самае надзённае пытанне — гэта капітальны рамонт...

— Калі мы гаворым пра цеплавую мадэрнізацыю, то ў Латвіі адрамантавана толькі 1,5 % жыллёвага фонду, ва Украіне — 2,65 %. І што важна, у гэтыя лічбы ўваходзіць і частковая цеплавая мадэрнізацыя. У Беларусі гэта робяць комплексна, і на сёння 5,2 % жыллёвага фонду мы ўжо ўцяплілі. Прычым рабілася гэта на 100 % са сродкаў бюджэту, і, наколькі я ведаю, такой практыкі не было ні ў адной краіне свету. Але галоўным адрозненнем будзе тое, што наша заканадаўства пабудавана так, што ў большасці выпадкаў прадугледжаны механізм выканання ўсіх правілаў — увесь працэс кантралюе дзяржава. З 2020 года склад работ пры правядзенні капітальнага рамонту будзе пашыраны і будзе зацверджаны ўжо больш высокай установай — Саветам Міністраў. Першыя сходы ўласнікаў будуць адбывацца ўжо за год ці паўтара да капітальнага рамонту, а кантрольным органам будзе прасцей правесці ацэнку на якасць гэтага рамонту.

— І што ўласнікі будуць абмяркоўваць на гэтых сходах?

— Яны змогуць прагаласаваць за прапанаваны план дадатковай мадэрнізацыі. Уласнікам фактычна толькі трэба будзе згадзіцца, усім будзе займацца заказчык, якога вызначыць мясцовая ўлада. У той жа Украіне для «цёплага» крэдытавання неабходна стварыць юрыдычную асобу, таварыства ўласнікаў, інакш ніхто грошы вам не дасць. У Беларусі прыкладна 50 % сумы за капітальны рамонт будуць кампенсаваны з бюджэту, астатнія сродкі будуць плаціць уласнікі. Гэта будзе крэдыт у беларускіх рублях на тэрмін ад 10 да 15 гадоў, які ўласнікі пачнуць плаціць толькі пасля завяршэння рамонту. Менавіта таму тарыфы на цяпло будуць стрымліваць, каб у людзей мелася магчымасць істотна знізіць спажыванне энергіі і каб яны былі гатовы да таго, што ў будучыні кошт цяпла вырасце да рэальных значэнняў.

— У іншых краінах усе рашэнні таксама прымае ўласнік жылля?

— Так, але структура жылля ў Беларусі адрозніваецца ад еўрапейскай. Калі параўноўваць дзве сталіцы, Берлін і Мінск, то ў Мінску каля 97 % шматкватэрных дамоў — гэта сумесныя домаўладанні з калектыўным уласнікам, то-бок гэта звычайныя людзі. У Берліне такіх дамоў толькі 14 %, ва ўсіх астатніх — унітарны ўласнік — розныя ўстановы, як дзяржаўныя, так і прыватныя. Таму ў іх выпадку ўсё значна прасцей, бо каб рашэнне прыняў калектыўны ўласнік, трэба праводзіць пэўную работу, трэба растлумачваць і пераконваць. Там, як і ў Беларусі, людзі не жадаюць прымаць такія рашэнні. І калі вы ўбачыце ў Германіі два розныя дамы, то больш дагледжаны дом абавязкова акажацца арэндным. У Беларусі большыя маштабы, і мы яшчэ не надта добра разумеем, што такое агульная маёмасць, таму аб'ём растлумачальнай работы тут павялічваецца. Апошні эксперымент у Мінску паказаў, што толькі на шасці агульных сходах са 100 уласнікі прагаласавалі «за». Толькі 6 % уласнікаў зразумелі, што цяпер гэта вельмі выгадна.

— А як у іншых краінах збіраюць грошы на капітальны рамонт?

— Адлічэнні паўсюль розныя, напрыклад, у Расіі іх пачалі збіраць толькі некалькі гадоў таму. Уласнікі ніколі не жадаюць збіраць грошы на капітальны рамонт, калі гэта не правіла, якое ўсталявалі пры набыцці жылля. У Беларусі такое правіла ёсць у Жыллёвым кодэксе, менавіта гэтым наша заканадаўства больш паходзіць на еўрапейскае. Механізм збору нічым не адрозніваецца ад іншых краін, але памеры адлічэнняў розныя. У Казахстане ўсё знаходзіцца на рэкамендацыйным узроўні, там усталяваны мінімальны і максімальны памеры платы, а сумеснае ўладанне ўжо ў гэтых рамках прымае рашэнне. У краінах Цэнтральнай Еўропы памер адлічэнняў рыхтуе кіраўнік сумеснага домаўладання (менеджар кампаніі), а агульны сход уласнікаў яго зацвярджае. Але трэба разумець, што кіраўнік (менеджар) робіць гэта прафесійна, бо ў яго ёсць адпаведная падрыхтоўка.

— А ў цэлым, чым павінен займацца кіраўнік (менеджар)?

— Кіраваннем, і толькі. Напрыклад, у Расіі ён забяспечвае ўласнікаў усімі відамі паслуг. Беларусь жа стала бліжэй да Еўропы — з 2020 года нашы кіруючыя кампаніі будуць займацца толькі кіраваннем. Кампаніі павінны будуць заключыць дагавор з кожным уласнікам, дзе будуць прапісаны абавязкі абодвух бакоў, арганізаваць конкурс і пракантраляваць працэс. Менавіта гэта і ёсць кіраванне. У жыроўцы з'явіцца новая паслуга, самая галоўная паслуга, ад якой залежыць усё астатняе, Беларусь выйдзе на зусім іншы ўзровень адносін паміж кампаніямі і ўласнікамі.

— А як гэты працэс арганізаваны ў іншых краінах на постсавецкай прасторы?

— Там такая спроба не ўдалася. У Казахстане кампаніям заканадаўча забаронена займацца сэрвіснымі паслугамі, але яны гэта робяць. Таму што акрамя гэтай фармулёўкі не было ніякіх дзеянняў. У жыллёва-камунальнай гаспадарцы можна вырашыць праблему толькі комплексна, усё павінна быць узаемазвязана, і гэта займае пэўны час. Рашэнне складаных праблем ніколі не можа выяўляцца ў простай фармулёўцы. Гэта папулізм. Тую ж дэпазітную сістэму збору адходаў нельга было стварыць толькі з дапамогай адпаведнага ўказа, гэта велізарны аб'ём работы розных структур. У выніку ў Беларусі з'явіцца свая ўнікальная сістэма, таму што пад нашу краіну адаптавалі найлепшыя паспяховыя практыкі. Менавіта па такой схеме і ідзе развіццё ў розных кірунках, і на сёння ў Беларусі створана вельмі шмат практык, заснаваных на найлепшым еўрапейскім вопыце. Скажу больш, нашым калегам з краін СНД няма ніякага сэнсу ехаць некуды далёка, усё гатовае ўжо ёсць тут, у нас.

— У тым ліку і правілы?

— Так, і толькі потым — будаўніцтва і продаж. У нас ёсць правілы ў адрозненне ад іншых краін, і хай яны рэалізуюцца яшчэ не на 100 %, але яны ёсць. Пры гэтым, калі ты не ведаеш правілаў, то гэта не вызваляе цябе ад адказнасці. Калі чалавек іх не выконвае, гэта значыць толькі тое, што ў яго няма жадання. Той жа Жыллёвы кодэкс у новай рэдакцыі даўно ёсць у продажы, патрэбна толькі жаданне з ім азнаёміцца.

— Менавіта для гэтага і павінна быць пачуццё ўласнасці, якое ў беларусаў адсутнічае?

— Пачуццё ўласнасці — гэта рэлігійнае паняцце. Гэта тое, чаго можа і не быць. Калі беларус пераязджае жыць у Аўстрыю, ён адразу ж выконвае ўсе правілы. І наадварот, калі аўстрыец пераязджае ў Мінск, ён з першага дня пачне выгульваць сабаку без намордніка там, дзе яму ўздумаецца. Бо ён ведае, што за гэта яму нічога не будзе. І не варта гаварыць аб тым, што чалавек рэзка недзе згубіў гэтае пачуццё. Проста павінны быць правілы, і вось менавіта дзяржава павінна іх устанавіць. Інфармаваць уласнікаў павінны кіраўнікі (менеджары кампаній), і каб гэта рабіць, яны самі павінны быць добра падрыхтаваныя. І тут таксама роля дзяржавы — стварыць комплексную сістэму падрыхтоўкі гэтых кіраўнікоў (менеджараў кампаній). Іншымі словамі, дзяржава павінна стварыць усе ўмовы, і нічога болей. Дзяржава не павінна ўмешвацца ў адносіны ўласнікаў і кампаній, гэта вельмі дорага.

Гутарыла Валерыя КІСЛАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.