Вы тут

«Тата, як ты наогул кадр настройваеш?» Гутарка пра прафесію з аператарам Сяргеем Янкоўскім і яго дачкой


...Іх працу бачаць многія, а іх саміх за кіна- і тэлекамерамі практычна ніхто не заўважае. Ёсць нават прафесійны жарт, што «камерамен», калі падае, клапоціцца пра тое, каб камера была зверху і нічога  з ёй не здарылася. Наколькі проста ці складана пастаянна знаходзіцца па-за кадрам, а таксама якія тонкасці і хітрыкі ёсць у гэтай прафесіі, «СГ» распытала чарговых герояў рубрыкі — аператара ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» Сяргея ЯНКОЎСКАГА і яго дачку, 10-гадовую гімназістку Марту.


— Марта, як ты думаеш, чаму тата абраў такую работу? Дзе вучаць на аператара?

М.: Калі тата вучыўся ва ўніверсітэце, ён падпрацоўваў на тэлеканале АНТ. Яму спадабалася, як там людзі здымаюць, і, напэўна, ён вырашыў таксама паспрабаваць, з усімі там пасябраваць.

С.: Дзе вучаць на аператара? Напрыклад, я скончыў Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці кіна- тэлеаператарства. Не, трэба расказаць спачатку. Я вучыўся ва Універсітэце фізкультуры на дзённым аддзяленні (педагог-арганізатар па фізкультурна-аздараўленчай рабоце і турызме), займаўся гандболам і лёгкай атлетыкай, а ўначы падпрацоўваў адміністратарам на тэлебачанні. Шмат стасаваўся з моладдзю — аператарамі, журналістамі, прыглядаўся да творчай кухні. І гэта насамрэч было настолькі цікава — сёння здымалі тут, заўтра ляцяць туды, паслязаўтра зноў новы маршрут, умоўна кажучы, за тыдзень можна пабываць і на кароўніках, і на прэстыжных спартыўных спаборніцтвах, і на тэатральнай прэм'еры, і на сустрэчы першых асоб; ты ўвесь час у руху, развіваешся, пашыраеш кругагляд, спазнаеш штосьці новае — падзеі, людзі, краіны ... Словам, я літаральна палюбіў гэтую прафесію. Таму, калі скончыў універсітэт з чырвоным дыпломам і адпрацаваў размеркаванне ў якасці трэнера, то зразумеў, што вярнуцца ў школу заўжды магу, але не дарую сабе, калі не паспрабую навучыцца прафесіі аператара. Пагутарыў з шэф-аператарам на АНТ, мне даверылі цягам некалькіх месяцаў паспрабаваць здымаць, пераканаліся, што здольнасці сапраўды ёсць. І тагачасны кіраўнік тэлеканала Рыгор Кісель сказаў: «Ідзіце вучыцца, мы аплацім адукацыю». Паколькі да канца я ўсё ж не быў упэўнены, што гэта маё, то паглядаў у бок больш сур'ёзнай, як мне здавалася, сферы — юрыспрудэнцыі ці работы з кадрамі, таму пазней скончыў яшчэ Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце. Аднак творчая жылка ўсё ж пераважыла.

— Я правільна разумею, што ў вас тры вышэйшыя адукацыі?

Сяргей усміхаецца і ківае, як быццам гэта самая звычайная справа. Дадае: «Ніякія веды і ўменні не бываюць лішнімі, таму ў жыцці ўсё спатрэбілася. Са спортам сябрую і сёння, усю сям'ю паставіў на лыжы. Старэйшы сын Улад ужо кандыдат у майстры спорту, дачка Марта апантана займаецца гімнастыкай і харэаграфіяй, прычым не проста ў платным гуртку, а ў СДЮШАР, дзе важна паказваць вынікі».

— Што самае складанае ў прафесіі аператара?

М.: Напэўна, каб ніхто не міргануў, калі яго здымаюць, або не састроіў непрывабны выраз твару — каб усе ўдала атрымаліся. А яшчэ... Тата, як ты наогул кадр настройваеш? Там столькі кнопак на камеры, як з імі ўсімі разабрацца?

С:. Гэта з вопытам прыходзіць. Самае складанае — падзеі адбываюцца ў невялікі адрэзак часу, і ты мусіш быць максімальна сабраны, сканцэнтраваны, каб злавіць той самы момант, апісаць праз відэарад падзею, каб нават без гуку было больш-менш зразумела: што адбываецца, дзе, з кім і да чаго прыйдзе.

— Помніце свой першы сюжэт?

С.: Першыя былі зборныя, калі ў сілу загружанасці па чарзе працавалі некалькі аператараў. Па-мойму, было Купалле, і я для сюжэта здымаў вогнішча... Вядома, тое было вельмі даўно, і сёння ўжо зусім іншы ўзровень адказнасці, бо я працую ў прэзідэнцкім пуле. Тут канцэнтрацыя і аператыўнасць яшчэ больш важныя. Адлік, здараецца, ідзе на секунды: вы ж разумееце, ніхто з кіраўнікоў дзяржаў другі раз руку паціскаць альбо падпісваць важны дакумент не стане, гэтыя моманты вельмі строга рэгламентуе пратакол. А паколькі ты фактычна прадстаўляеш інтарэсы дзяржавы, неабходны адразу максімум аддачы, трэба выбраць галоўнае і паспець зафіксаваць яго. Нават не ведаю, з чым параўнаць гэтую сабранасць — магчыма, з аперацыяй, дзе кожны рух мусіць быць вывераны да міліметра.

— Што ў рабоце аператараў самае прыемнае?

М.: Бачыць сюжэт, які здымаў тата. А яшчэ, калі ён ездзіць у камандзіроўкі, то кожны раз прывозіць штосьці цікавае — сувенірныя шампуні, ласункі, шакаладкі, якіх у нас не знойдзеш. Ці ёсць самы любімы сувенір? Не, яны доўга не захоўваюцца. (Смяецца.)

С.: Я сваю прафесію разумею так: вынік нашай працы бачны вельмі хутка, сёння на сёння, і перарабіць наноў шанцаў няма. Таму вельмі прыемна, калі ўсведамляеш, што зрабіў максімальна магчымае, не запаволіўся, «выхапіў» з падзеі самае важнае ці прынамсі нашмат больш, чым астатнія калегі — бывае, глядзіш і сам атрымліваеш задавальненне, што выбраў добры ракурс, угадаў, як будуць развівацца падзеі, і заняў найлепшую пазіцыю для здымак... Калі бачыш менавіта такі вынік, то забываешся, што ты стаміўся, амаль не еў сёння, перасягнуў некалькі часавых паясоў і падоўжыў дзень на шмат гадзін. Таксама важнае пачуццё каманды, асабліва ў камандзіроўках: з карэспандэнтам трэба быць не проста калегамі, а прыяцелямі, якія падтрымаюць і пры неабходнасці могуць нават падмяніць адно аднаго.

— Аператары бываюць розныя: хтосьці здымае вяселлі, хтосьці — ранішнікі, іншыя працуюць на тэлебачанні або робяць кіно. Калі б Марта стала аператарам, то якім?

М.: Я працавала б у кіно. І, напэўна, здымала б фільмы пра каханне. Ці такія, як мы з татам любім глядзець — каб было і весела, але часам можна было б паплакаць, пра жыццё і пра пачуцці.

С.: Калі Марта вырашыць стаць аператарам, адгаворваць дакладна не буду, бо гэта цудоўная магчымасць праявіць сябе: можна працаваць у студыі або здымаць рэпартажы, далучыцца да свету кіно, увасобіць самыя крэатыўныя ідэі. Марта чалавек творчы, яна вельмі добра малюе і прыдумляе персанажаў, танцуе і нават выступае з камандай на сцэне. Куды гэта творчасць прывядзе, я пакуль не ведаю, але яна спрыяе развіццю асобы, безумоўна.

— Дома тата часцей аператар або тата?

М.: Не, дома ён проста тата, аднак калі мы ездзім усёй сям'ёй, напрыклад, на экскурсію, то можа па 50 нашых фотаздымкаў зрабіць, пад канец брат ужо стамляецца і адмаўляецца фатаграфавацца.

С.: Мяне самога, як правіла, на тых здымках няма — я з камерай. Але здымаю толькі для сямейнай хронікі. Калі ў садку ці школе прасілі зрабіць відэа з ранішнікаў для ўсіх, адмаўляўся — не з-за грошай, а якраз таму, што хацелася пабыць проста татам і засяродзіць увагу на сваіх дзецях. Цяпер нават сучасныя тэлефоны дазваляюць зрабіць неблагія фотаздымкі і відэа, каб запоўніць дамашні архіў, і мы ўжо заўважаем, што дзеці з задавальненнем пераглядаюць відэа, напрыклад, 2011 года, як зусім маленькімі яны чытаюць вершы або танцуюць. Такія «кароткаметражкі» працягласцю ў некалькі хвілін нясуць асаблівую цеплыню і так захапляюць, што мы можам праглядаць іх да ночы.

— Калі апісаць аператара ў некалькіх словах — які ён?

М.: На мой погляд, ён уседлівы, уважлівы і працавіты.

С.: Гэта прафесіянал з вялікай канцэнтрацыяй сабранасці, здольны, нібы лазер, адразу патрапіць у цэль, ён цэніць галоўны рэсурс — час, слухае і чуе калег-журналістаў, каб разам зладжана спрацаваць на вынік і падаць інфармацыю дакладна, хутка і аб'ектыўна.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Злавіць той самы момант, або «Мой тата — аператар»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?