Вы тут

«М.@rt.кантакт-2020» абяцае шмат сюрпрызаў


Сёння, 8 студзеня, стартуе продаж квіткоў на тэатральныя пастаноўкі XV Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму, які пройдзе з 21 да 27 сакавіка ў Магілёве.


Наперадзе яшчэ амаль тры месяцы, але аматарам тэатральных эксперыментаў прапануюць паспяшацца. Летась білеты на самыя запатрабаваныя пастаноўкі былі раскуплены на працягу ўсяго некалькіх тыдняў. Нават у першы дзень продажу можна застацца без білета, калі спектакль карыстаецца вялікім попытам.

Гэтым разам у афішы вельмі шмат гучных назваў — Тэатр імя Я. Вахтангава з Масквы, «Каляда-тэатр» з Екацерынбурга, Рускі драматычны тэатр імя А. Грыбаедава з Грузіі, Тэатр.doc з Масквы, ТЮГ імя А. Бранцава з Санкт-Пецярбурга, Тэатр беларускай драматургіі з Мінска, Рускі драматычны тэатр Літвы і іншыя — тэатры прыедуць з 11 краін свету. Праграма таксама ўражвае — Чэхаў, Лермантаў, Шэкспір, Дастаеўскі, Мальер, Гогаль... Але, папярэджваюць арганізатары, гэта ў асноўным сучасныя інтэрпрэтацыі.

— Традыцыйны з усяго гэтага будзе хіба што Шэкспір з яго «Зімовай казкай», — удакладняе дырэктар Магілёўскага драматычнага тэатра Андрэй НОВІКАЎ. — Усё астатняе — эксперыментальныя пастаноўкі. Праграма цікавая, але складаная для ўспрымання. Вельмі моцная па ўспрыманні і ўзроўні класіка і разам з тым у сучасным прачытанні.

У форуме бяруць удзел 24 тэатры, якія пакажуць 26 спектакляў, некаторыя пастаноўкі пройдуць нават двойчы.

— Мы разумеем, што для таго ж тэатра Вахтангава адной залы будзе мала, — удакладняе Андрэй Новікаў. — І для тэатра з Лесасібірска, які атрымаў за свой спектакль «Мёртвыя душы» чатыры «Залатыя маскі», — таксама. На такія рэчы заўсёды вялікі попыт, таму мы вырашылі іх прадубляваць.

Традыцыйна акрамя спектакляў у рамках форуму пройдуць майстар-класы, абмеркаванні пастановак з удзелам крытыкаў і тэатразнаўцаў, прэс-канферэнцыі, творчыя сустрэчы, выстаўкі. Будуць працаваць майстэрні маладой рэжысуры і маладой драматургіі. На закрыцці фестывалю будзе таксама агучана «Падзея форуму» па версіі тэатральных крытыкаў і моладзі і ўручаны прызы глядацкіх сімпатый. Прыемна, што фестываль застаецца дэмакратычны па цэнах на пастаноўкі і даступны для большасці насельніцтва.

— Мы разумеем, што асноўны наш глядач — гэта не самы багаты чалавек, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый МАЛАШКА. — Кажуць, што тэатральнае мастацтва элітарнае, яго можа ўспрымаць толькі 5 % грамадства, але наш форум даказвае, што такіх прыхільнікаў нашмат больш. Праграма «М.@rt.кантакта» накіравана на выхаванне асобы, прымушае задумацца, нешта змяніць у сабе, у грамадстве.

Дарэчы, з нагоды 15-годдзя форуму яго рэдакцыя абвясціла конкурс у сацсетках на прызы форуму. Патэнцыйных гледачоў запрашаюць падзяліцца ўражаннямі пра фестываль пад хэштэгамі #моймартконтакт і #мартконтакт2020. Аўтары самых цікавых пастоў атрымаюць падарункі, а пераможца — білеты на спектакль форуму.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Прэв'ю: masheka.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».