Вы тут

Прэзідэнт на Раство наведаў храм на тэрыторыі Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра


Прэзідэнт запаліў калядную свечку каля цудатворнай Мінскай іконы Божай Маці. 


Па традыцыі калядную раніцу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустракае разам з праваслаўнымі вернікамі аднаго з мінскіх прыходаў. У 2018 годзе кіраўнік краіны запаліў святочную свечку каля цудатворнай Мінскай іконы Божай Маці, ахоўніцы сталіцы. У мінулым годзе Прэзідэнт наведаў прыход велічнага Храма-помніку ў гонар Усіх Святых. Сёння кіраўнік краіны павіншаваў вернікаў з Нараджэннем Збавіцеля ў храме ў гонар іконы Божай Маці «Дзяржаўная» Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра горада Мінска ў мікрараёне Навінкі. Прыстанак уяўляе сабой комплекс з некалькіх храмаў у сталіцы і яе ваколіцах, нядзельнай школы, дому паломнікаў, майстэрняў, манастырскіх крамаў. Ужо некалькі год манастыр займаецца ўзвядзеннем уласнага Духоўна-асветніцкага цэнтра, будаўніцтва якога рэалізавана на 60 працэнтаў.

Прэзідэнта каля храма сустракалі старшыня Мінскага гарвыканкама Анатоль Сівак, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, настаяцель храма протаіерэй Андрэй Лемяшонак, настаяцельніца манастыра ігумення Ефрасіння.

«Яшчэ раз хачу павіншаваць вас з Новым годам і адным з галоўных нашых святаў — Раством Хрыстовым. Гэта светлае, добрае свята, якое ўсяляе ў нашы сэрцы веру, надзею, любоў і дабрату. Мне здаецца, гэты манастыр, гэты храм, дзе мы знаходзімся, і ёсць увасабленне гэтых добрых і светлых слоў», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прысутных прыхаджан.

У першыя дні новага года Прэзідэнт канкрэтызаваў сваю навагоднюю прамову і падкрэсліў, што мінулы год быў няпростым для краіны, а асабліва выклікае насцярожанасць — як звычайна —эканоміка.

«У навагоднім звароце я ўжо казаў, што сяляне з гонарам пераадолелі гэты складаны год, таму што да таго мы перажылі як мінімум два складаныя для сельскай гаспадаркі. Гэта былі засушлівыя гады, якія радасці сялянам не прынеслі. І я шмат казаў пра тое, што мы практычна выдаткавалі ўсе рэзервы па прадуктах харчавання і іншых кірунках», — нагадаў лідар краіны.

Свае прагнозы (як мінімум рэцэсію, застой у сусветнай эканоміцы) даў Прэзідэнт і на сёлета.

Ён дадаў: «Год будзе вельмі няпросты. Нам трэба шмат зрабіць для таго, каб так жа годна прайсці яго, захаваўшы нашу краіну, захаваўшы сваю незалежнасць, захаваўшы, што называецца, імя людзьмі звацца».

Але самае галоўнае дасягненне краіны ў мінулым годзе — захаваны мір і спакой на нашай зямлі. Мір міжнацыянальны і міжканфесіянальны — тое, чым ганарыцца любая дзяржава і наша Беларусь.

«Успомніце, няпростыя былі часы, знаходзіліся мы і ў блакадзе, і ў ізаляцыі, і санкцыі ўводзілі супраць нас. Мы не Расія і іншыя буйныя дзяржавы, не Еўрасаюз. Нам было няпроста. Толькі дзякуючы нашаму адзінству мы выстаялі. І ў гэтым адзінстве — залог усіх нашых поспехаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

І значную ролю у захаванні гэтага адзінства адыграла, на яго думку, менавіта царква — усе канфесіі нашай краіны. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў праваслаўным святарам за мір і спакой у краіне, бо яны зрабілі значны ўнёсак для дасягнення гэтага.

«Усюды няпроста, як бы хто ні пераўзносіў свае поспехі і заслугі. Я аб’ехаў увесь свет, паверце — усюды няпроста. Гінуць людзі, гінуць дзеці. У нас таксама гэтага хапае, але толькі па нашай бесклапотнасці, але не таму, што намі кіруюць аднекуль», — сказаў беларускі лідар.

Ён паабяцаў, што абавязкова ў гэты храм вернецца сёлета. Кіраўнік краіны падзякаваў насельнікам манастыра за тую дабрачынную работу, якую яны праводзяць на карысць хворых, абяздоленых, тых, хто мае патрэбу. «На гэтае месца я абавязкова прыеду і пагляджу, што тут магчыма зрабіць. Бо гэта тое, што мне асабліва падабаецца ў царкве, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі прыходзяць у храм, манастыр людзі па сваёй волі, як матушка сказала — ад свайго сэрца Гасподзь паклікаў, яны прыйшлі — і робяць добрыя справы».

У дар царкве Аляксандр Лукашэнка перадаў ікону «Нараджэнне Хрыстова» беларускага аўтара Андрэя Шчарбініна. Настаяцель храма падарыў Прэзідэнту ікону вялебнай Еўфрасінні, вырабленую ў майстэрні манастыра.

Праводзілі кіраўніка дзяржавы і прысутныя ў храме, і насельнікі абіцелі, як прынята ў праваслаўных, — гучным, сумесным спевам «Многая лета».

«У гэты радасны дзень у нас асаблівая радасць. Прэзідэнт наведвае наш храм і гаворыць вельмі важныя словы — не фармальна, а ад сэрца. Дзякуй вам.  У нас не было багатых спонсараў, ніводнага. Але былі людзі, якія хацелі дапамагаць тым, хто трапіў ў бяду. А іх шмат, — звярнуўся да Прэзідэнта настаяцель храма ў гонар іконы Божай Маці «Дзяржаўная» — протаіерэй Андрэй Лемяшонак. - Нам вельмі важна, што вам тут спадабалася, што звярнулі на нас увагу. Мы разумеем, як складана вам сёння весці нас наперад , даваць нам надзею на светлаю будучыню. А яна ў нас ёсць і будзе. Таму хацелася б вам пажадаць шмат сіл, здароўя, таму што, як вы сказалі, — нельга чакаць, што ўсе будзе прынесена на талерцы. Усе неабходна зарабляць, працаваць. І перажыванні за ўсё у вашым сэрцы, за ўвесь народ».

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.

Грамадства

Зіновій Прыгодзіч. Успаміны пра архітэктара Леаніда Левіна. Пайшоў, каб застацца...

Зіновій Прыгодзіч. Успаміны пра архітэктара Леаніда Левіна. Пайшоў, каб застацца...

З Леанiдам Левiным, славутым нашым архiтэктарам, мяне пазнаёмiў Генадзь Бураўкiн — яго даўнi, харошы сябра.

Грамадства

«Дзякуй участковаму — ён нас добра беражэ». Як міліцыя праводзіць прафілактычны рэйд падчас сітуацыі з каранавірусам

«Дзякуй участковаму — ён нас добра беражэ». Як міліцыя праводзіць прафілактычны рэйд падчас сітуацыі з каранавірусам

«Без мiлiцыi мы нiяк», — рэзюмаваў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з мiнiстрам унутраных спраў Юрыем Караевым, маючы на ўвазе сiтуацыю з каранавiрусам.