Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Чэмпіянат свету па хакеі-2021 будзе адным з найлепшых


У гэтым кіраўнік Беларусі запэўніў прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазеля сёння падчас сустрэчы ў Палацы Незалежнасці.


Фота БЕЛТА

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падзякаваў федэрацыі за падтрымку правядзення Чэмпіянату свету-2021 па хакеі ў Беларусі і Латвіі.

«Можаце не сумнявацца, мы на годным узроўні разам з латышамі, нашымі суседзямі, правядзем гэты чемпіянат свету. Гэта будзе адзін з найлепшых чемпіянатаў свету — я вам гэта абяцаю цвёрда», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Беларусь і Латвія — дзве годныя хакейныя дзяржавы, у абедзвюх арганізацыя заўсёды на найвышэйшым узроўні. Яны ўжо робяць велізарную працу, каб выдатна правесці чэмпіянат 21-га года. Узгадваючы чэмпіянат 2014 года, дзе ўдзельнічалі шаснаццаць каманд, хочацца сказаць, што гэта было вельмі здорава. Асабліва для фанатаў», — сказаў журналістам пасля сустрэчы Рэнэ Фазель.

На яго думку, і ў Беларусі, і ў Латвіі выдатная фанацкая база, таму ўсіх чакае сапраўднае свята.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў госцю таксама за падтрымку беларускага хакея ўвогуле, за семінары для трэнераў. Для хакея ў дзяржаве робіцца нямала, але сучаснасць у гэтым плане задавальнення ў Прэзідэнта выклікаць не можа. 

«Але мы гэту справу паправім», — упэўніў Прэзідэнт.

І яшчэ адна нагода для слоў падзякі: візіт Рэнэ Фазеля на неафіцыйны чэмпіянат свету — Калядны турнір. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ляжыць у аснове ўсяго аматарскага спорту ў Беларусі.

«Жыццё спарстмена кароткае: у трыццаць гадоў яны ўжо лічаць, што старыя. Хоць гэта не так, гуляць у хакей прафесійна можна і да сарака, і да сарака пяці. Але, тым не менш, у 30–35 гадоў спартсмены заканчваюць асноўную прафесійную дзейнасць. Яны прывыклі да апладысментаў, да арэн, запоўненых гледачамі. І па вялікім рахунку, як яны кажуць, «нічога і рабіць не ўмеем, акрамя як займацца спортам», — разважае лідар краіны.

І каб працягнуць спартыўнае жыццё, асабліва гульнявікам, у Беларусі нарадзілася падобная ідэя. Для яе рэалізацыі зроблена шмат. Яшчэ адна мэта аматарскага турніру — папулярызаваць здаровы лад жыцця. 

Акрамя ліг прафесійных спартсменаў, нагадаў Аляксандр Лукашэнка, у краіне больш за дзесяць гадоў існуе «начная» хакейная ліга, у якой занятыя сотні хакеістаў. Для яе нават пабудаваны спецыяльны цэнтр — «Алімпік Арэна», які падпарадкоўваецца Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту. 

У федэрацыі хакея беларускі Калядны турнір добра вядомы, падкрэсліў кіраўнік краіны. І адзначыў: дзяржава і надалей будзе яго падтрымліваць і па магчымасці павялічваць колькасць каманд. 

«Вы ўчора бачылі, што для спартсменаў гэта проста свята, калі яны сустракаюцца на лёдзе адзін з адным праз дзясяткі год пасля таго, як сышлі з прафесійнага спорту», — звярнуўся да госця Аляксандр Лукашэнка.

Учора Рэнэ Фазель наведаў XVI Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прызы Прэзідэнта Беларусі, зрабіў сімвалічны ўкід. 

«Вы трымаецеся на лёдзе нашмат лепш за мяне дакладна, бо я ўпаў», — паназіраўшы за гульнёй Аляксандра Лукашэнкі, кіраўнік федэрацыі ацаніў узровень беларускага Прэзідэнта.
У сваю чаргу беларускі лідар адзначыў, што нават падзенне госця было прафесійным.

«Вось таму спорт вельмі карысны, асабліва для людзей, якія сталеюць, як я», — адказаў хакеіст.

І ўжо ўсур’ёз падкрэсліў, што беларускі Калядны турнір — адзін з найбуйнейшых аматарскіх чэмпіянатаў у свеце. Бо калі спорт яднае людзей, то Беларусь дапамагае ў гэтай добрай місіі.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.