Вы тут

​“Чалавек створаны з любові і зорнага пылу…”


Анхела Эспіноса Руіс нарадзілася на поўдні Іспаніі, у Малазе, адным з найстаражытнейшых гарадоў Еўропы. Горад універсітэтаў і мастакоў – з Малагі паходзіць Пабла Пікаса. Таленавітая дзяўчына палюбіла мову далёкай краіны Беларусі – ды так, што стала пісаць на ёй вершы і назвала яе мовай свайго сэрца.

Анхела скончыла аддзяленне славянскай філалогіі ў Гранадскім універсітэце, курс беларускай філалогіі – у Варшаўскім, дзе абараніла магістарскую працу па паэзіі Міхася Стральцова. Пераклала на беларускую мову вершы Максіма Багдановіча і Янкі Купалы. А ў верасні 2019 года абараніла доктарскую дысертацыю па беларускай літаратуры ў Мадрыдскім універсітэце “Камплутэнсэ”. Дарэчы, гэта першая ў Іспаніі абарона дысертацыі па беларускай літаратуры. Аўтарка трох кніг на беларускай мове, у свае 26 гадоў Анхела паспела зрабіць так многа.

– Анхела, у Малазе “марскі брыз лашчыць дзявочыя валасы, а сонца цалуе пяткі” – тут і далей цытую вашу кнігу “Колер крылаў”, якая выйшла ў 2019 годзе ў Мінску. Што б вы хацелі дадаць да партрэта сваёй спякотнай радзімы?

Малага прыгожы і ўтульны горад з высокай якасцю жыцця. Але не надта спякотны, асабліва калі ўлічыць, што ён знаходзіцца блізка да Афрыкі, усяго каля 25 кіламетраў морам. Звычайна ўлетку бывае каля 27 – 28 градусаў, зрэдку даходзіць да 40. З аднаго боку ў нас знаходзіцца Міжземнае мора, з другога – горы. За апошнія 10-15 гадоў горад актыўна развіваўся ў плане культуры, паўстала шмат новых музеяў. Мясцовыя ўлады дбаюць пра тое, каб Малага была не толькі курортам.

– Як даўно вывучаеце беларускую мову?

Вырашыла сур’ёзна заняцца гэтым у 2012 годзе, апынуўшыся ў Варшаве, у асяродку беларускамоўных літаратараў, журналістаў, людзей культуры. Амаль цэлы год шукала патрэбныя матэрыялы, знайсці іх было нялёгка. Такім чынам, мову вывучаю амаль 7 гадоў.

“Я дзіўнаваты чалавечак са светла-сумнай песняй на душы. Люблю чытаць на самоце з кубкам гарачай гарбаты ўзімку і глядзець на знічкі ўлетку. Я поўная энергіі тады, калі пішу свае радкі і хаджу па беразе мора. Люблю горкі шакалад, марозіва і кнігі…” Далей вы прызнаяцеся ў любові да беларускай мовы: “душа супадае менавіта з ёю”. Да слова, “светла-сумная песня” ў беларускіх паэтаў-класікаў мінулага гучыць даволі часта. І ў вашых вершах такі настрой адчуваецца...

У мяне такі характар – меланхалічны, хоць людзі кажуць, што я часта смяюся, што вясёлая. Так што “светлы сум” у маіх вершах гучыць як у гармоніі з беларускай літаратурнай традыцыяй, так і асобна ад яе. Беларуская літаратура дапамагла мне знайсці сябе яшчэ раз, бліжэй пазнаёміцца з гэтай сваёй часткай – светла-меланхалічнай. Вершы я пішу з шасці гадоў, нізка ў той час выйшла ў дзіцячай рубрыцы адной з газет Малагі. Не думала, што буду літаратаркай. І калі пачала складаць вершы па-беларуску, рабіла гэта для свайго задавальнення і каб лепш вывучыць мову. Напачатку не хацела нават аддаваць іх у друк. Цяпер, атрымаўшы шмат водгукаў, больш не баюся публікавацца, выступаць з вершамі, хоць часам і сумняюся ў сабе – самакрытычнаць мне ўласцівая.

– Кажуць, чым больш моваў ведаеш, тым лягчэй вывучыць наступныя. Ці гэта праўда? Колькі моваў вы ведаеце цяпер і якія?

Залежыць ад таго, як разумець слова “ведаць”. Я строга падыходжу да сябе, таму сказала б, што ведаю іспанскую, англійскую, беларускую мовы, але для большасці людзей гэта не будзе адпавядаць рэчаіснасці. Два гады я пражыла ў Польшчы і свабодна размаўляю па-польску. Да таго ж, мовы немагчыма ведаць пастаянна на аднолькавым узроўні. Калі няма практыкі, мова забываецца. Пра тое, што кожная наступная мова вучыцца лягчэй – праўда, але частковая. Ёсць навык, ён з часам паляпшаецца. Але… вось я цяпер вывучаю японскую. Гэта цяжэй, чым авалодаць чарговай славянскай мовай.

– Вы выдалі тры кніжкі і напісалі некалькі навуковых даследаванняў па-беларуску, перакладаеце на іспанскую нашых класікаў. Ці змяніла вас у чымсьці ваша беларускасць?

Беларускую мову я пачала вывучаць, калі мне было каля 20 гадоў, зараз мне 26. Перыяд, які моцна ўплывае на жыццё і самасвядомасць чалавека. З’яўляюцца новыя сябры, фарміруецца светапогляд, таму цяжка сказаць, на што паўплывала менавіта беларушчына. Але мне дакладна адкрылася новае грамадства – уся беларускамоўная Беларусь раптам стала даступнай. І гэта, безумоўна, паўплывала на мяне, – магчыма, у тым, што я адчула больш упэўненасці ў сабе, стала больш энергічна адстойваць свае погляды.

“Светла-сумная песня на душы” гучала і ў Максіма Багдановіча, творы якога вы пераклалі на іспанскую. Зборнік “Згукі маёй Бацькаўшчыны” выйшаў у Мадрыдзе. Чым прывабіла вас творчасць Багдановіча?

Багдановіч – цудоўны паэт і, безумоўна, адзін з маіх улюбёных у беларускай і сусветнай літаратуры, але прычына, чаму я выбрала яго, даволі звычайная. У Беларусі хапае добрых літаратараў – і ў мінулым, і сучаснікаў, хапае добрых твораў – класічных і наватарскіх. Я яшчэ жыла ў Варшаве, калі да мяне звярнуліся з аднаго невялікага мадрыдскага выдавецтва, якім кіруе сямейная пара: жонка родам з Беларусі, муж іспанец. Яны захацелі выдаць кагосьці з беларускіх творцаў, але прыўрочыць выданне да нейкай даты, звязанай з аўтарам. Ішоў 2016 год, і я падумала, што ў 2017-м якраз будзе 100 год, як няма Максіма Багдановіча. Вось нагода перакласці яго вершы і зрабіць кнігу. Мне і раней падабаліся творы Багдановіча. Працуючы над кнігай, яшчэ больш палюбіла Максіма. Перакладаць яго на іспанскую мову аказалася лёгка. Вершы добра гучаць, файна ўпісваюцца ў традцыю іспанамоўнага вершаскладання. Выданне атрымала падтрымку беларускай Амбасады. Кніга была прэзентаваная ў Мадрыдзе, на імпрэзе пабывалі міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і Павел Латушка, які на той час быў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Францыі і Іспаніі па сумяшчальніцтве. Пабывалі прадстаўнікі беларускай дыяспары, іспанскія аматары паэзіі. Да слова, гэта першая асобная кніжка перакладаў вершаў Багдановіча на іспанскую мову.

“Я люблю чытаць класічную літаратуру, граць на піяніна, пісаць вершы і паводзіць сябе як чалавек XIX стагоддзя з жаночымі роўнымі правамі і з Інтэрнэтам”. І яшчэ цытата. “Мае бацькі заўсёды паўтаралі нам з братам: “Дзеці, у жыцці вы можаце стаць, кім толькі захочаце. Не бойцеся марыць”. Прыемна, што бацькі далі вам, як і брату, моцны пасыл да незалежнасці, да скарэння прафесійных і творчых вяршынь. Прыклад таго, чаго можа дасягнуць дзяўчынка, выхаваная без стэрэатыпаў. А як вы самі лічыце?

– У мяне дзяцей няма і не плануецца, але мая думка на гэты конт такая. Трэба добра пазнаёміцца са сваімі дзецьмі, бо дзіця – гэта не частка бацькоў, не “працяг” іх, а асобная істота. Калі дзіця пачынае выяўляць характар, свае інтарэсы, трэба іх падтрымаць. Гэта складана, бо ў маці і бацькі часта ёсць свае ўяўленні пра тое, што дзіцяці мусіць падабацца: футбол ці лялькі. І калі тыя ўяўленні не знаходзяць падтрымкі ў сына ці дачкі, бацькі часам пачуваюцца расчараванымі. Я думаю, вельмі шкада, калі ў чалавека ёсць талент, але няма магчымасці гэты талент раскрыць толькі праз чыесьці ўяўленні, скіраваныя ў той ці іншы бок.

Што да майго дзяцінства, у мяне быў даволі нейтральны інтарэс – кнігі, бацькі мне чытаць не перашкаджалі. Яшчэ заахвочвалі да музыкі, я скончыла музычную школу, граю на фартэпіяна. Настаўнікі часам лічылі, што бацькі прымушаюць мяне займацца музыкай і шмат чытаць, але такое было маё сапраўднае жаданне. 

“Любы чалавек створаны з любові і зорнага пылу…”. Вы носіце незвычайны кулон – выяву кропкі з коскай. За гэтым сімвалам стаіць нешта асаблівае для вас?

Напачатку гэты знак сімвалізаваў для мяне толькі любоў да моў, граматыкі, літаратуры. Кропка з коскай – рэдка ўжывальны, “дыскрымінаваны” знак, таму я адчула да яго пэўную пяшчоту. У маёй кніжцы “Раяль ля мора”, якая выйшла ў 2015 годзе, ёсць верлібр, прысвечаны гэтаму знаку. Потым я даведалася, што кропка з коскай сімвалізуе змаганне з дэпрэсіяй, псіхічнай нестабільнасцю. Людзі, якія рабілі спробы самагубства альбо сутыкнуліся з жыццёвым выпрабаванем і выстаялі, робяць тату ў выглядзе гэтага знака. Бо кропка з коскай – вялікая паўза, але не канец. Файна, што кулон, які я нашу, набыў такое значэнне, таксама мне блізкае. У творчага чалавека душэўныя крызісы здараюцца ўдвая часцей. Не толькі праз тонкую натуру, але і таму, што творчае асяроддзе вельмі таксічнае ў любой краіне. У мастацтве вялікая канкурэнцыя, гонкі за прызы, перамогі. Кропка з коскай як бы сведчыць: працяг будзе.

“Бацькі далі нам з братам… грэцкія імёны... Маё імя, Анхела, мае значэнне “ пасыльная”.  Не так даўно давялося прачытаць: адна з вашых місій як літаратаркі – у тым ліку і прысароміць нас, беларусаў, за тое, што мала размаўляем на роднай мове. Ці згодныя вы з такім разуменнем свайго “паслання”?

Не лічу, што ў літаратуры абавязкова павінна быць нейкая місія, акрамя мастацкай, – сацыяльная ці палітычная. З іншага боку, я разумею сітуацыю з беларускай мовай, і мне было б прыемна, каб мае творы дапамагалі беларусам выправіць яе. Але найперш мне хацелася б, каб мае вершы разглядаліся менавіта ў рэчышчы іх мастацкай вартасці.

“Я часцей за ўсё пачуваюся ў гэтым свеце, як іншапланецянка…” Што вы мелі на ўвазе?

Ёсць шмат фактараў, праз якія я так пачуваюся, адзін з іх, магчыма, мая інтраверсія. Іспанія краіна для экстравертаў. Тут незнаёмыя могуць звярнуцца да цябе з размовамі ў чарзе ці на прыпынку. Іспанцы размаўляюць, як на мяне, занадта гучна. Але справа не толькі ў інтраверсіі. Я заўсёды мела ўражанне, што паміж мною і іншымі нябачная сцяна. У юнацтве было складана стасавацца з аднагодкамі глыбей, чым “прывітанне”, “да пабачэння”. Цяпер мая “іншасць” не такая заўважная. У мяне ёсць сябры, павага людзей, але базавыя складанасці не зніклі. Я маю здольнасці да хуткага вывучэння моў, складання вершаў, граю на піяніна – перавагі маёй натуры, а вось заводзіць сяброў мне цяжэй, чым сярэднестатыстычнаму чалавеку.

У маленстве быў такі выпадак. Я навучылася чытаць у 2,5 гады, у 3 гады пайшла ў прадшколу (пачатковая школа ў Іспаніі). У мяне былі любімыя кнігі, і я марыла падзяліцца імі з дзецьмі. Але ніхто, акрамя мяне, не ўмеў чытаць! Там была вялікая бібліятэка, і на перапынку, калі іншыя дзеці пайшлі гуляць, я засталася сярод кніг. “Што ты робіш тут адна, Анхела?!” – занепакоілася настаўніца. Я адказала, што не адна, бо тут столькі кніг. Тая здзівілася: маўляў, ты адказваеш, як філосаф, а не як трохгадовае дзіця.

– А калі вы пачуваецеся шчаслівай?

Шчасце – матылёк, яго немагчыма злавіць, каб трымаць увесь час пры сабе, ён памірае ў зняволенні. Шчасце здараецца з табой на нейкія імгненні, перыяды жыцця. Яго цяжка заўважаць, лягчэй зрабіць гэта, паглядзеўшы назад. Калі ты не гонішся за шчасцем, матылёк проста прылятае і сядае табе на плячо…

Гутарыла Алена Брава.

Фота прадастаўлена Анхелай Эспіносай Руіс.


Анхела Эспіноса Руіс

***

Ты стаіш на парозе між явай і сном,

Ты стаіш чалавекам, анёлам, пачварай,

Ты стаіш абгалелы пад бледным святлом,

Не сыходзь — я хачу цалаваць твае шнары...

Я стаю на каленях, цалую зямлю,

Тваёй скуры хацела б стаць знакам радзімым,

Ледзьве бачу цябе, у адчаі стаю:

Тваё цела ўзнімаецца ранішнім дымам.

Ты стаіш — за табою сівая любоў,

Ты стаіш перад безданню страху й пяшчоты,

Ты стаіш, свае рукі падняў — ты гатоў

Да абдымкаў, распяцця,

ці ўсё ж —

да палёту.

***

Хай знойдуцца там і сям

Апіскі, памылкі друку,

Вяртаюся, як у храм,

Да вобразаў і да гукаў,

Да літар лячу, бы ўздых,

Да цёплых, жывых старонак,

Няхай і на кожнай з іх

Банальнасць і забабоны,

Хай месцамі рытм не той,

Ды рыфма крыху крывая,

Ты — верш улюбёны мой:

Цябе я штоноч чытаю.

Чытаю твае радкі

На вечна замежнай мове,

Хай не змагу ўсё ж такі

Злавіць сэнс кожнага слова,

Бо строфы твае — пра нас,

Я ўсё ж не губляю веры:

Чытаю цябе штораз

Абдымкамі на паперы.

2019.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?