Вы тут

Арыгінальны культурны праект «12 артэфактаў» у гонар тысячагоддзя зладзілі ў Брэсце


Вось і скончыўся юбілейны для Брэста год. Наш горад адзначыў тысячагоддзе. Можна падводзіць пэўныя вынікі. Вядома, новыя масты, дарогі, тэатр, паркі, скверы, дзіцячыя пляцоўкі, якія з'явіліся падчас падрыхтоўкі, — гэта вельмі добра, усё пералічанае будзе служыць людзям доўгія гады. Але ж і яно некалі стане старым альбо неактуальным. У вяках жа найчасцей застаюцца культурныя набыткі і каштоўнасці.


Рарытэты, якія не забралі

Падзеяй юбілейнага года, несумненна, стала вяртанне ў Брэст арыгінальнага экзэмпляра Бібліі, надрукаванай тут амаль 500 гадоў таму. Яшчэ адным адметным мерапрыемствам святкавання, на мой погляд, можна назваць праект абласнога краязнаўчага музея пад назвай «12 артэфактаў». Кожны месяц на працягу тыдня выстаўляўся для экспанавання адзін музейны прадмет, звязаны з гісторыяй горада. Гэта былі найбольш каштоўныя артэфакты з калекцый археалогіі, дакументаў, адзення і іншыя, якія ўяўляюць сабой вялікую гісторыка-культурную каштоўнасць.

Ды­рэк­тар му­зея Аляк­сей Мі­цю­коў зды­мае  за­сло­ну з пер­ша­га экс­па­на­та — грэ­бе­ня-аз­бу­кі.

Першым, студзеньскім, экспанатам праекта стаў самшытавы грэбень з азбукай работы невядомага майстра, якім берасцянка ў 1240-м ці ў 1250 годзе расчэсвала валасы. А можа, захоўвала яго як сувенір і вучыла па ім дзетак грамаце. Майстар выразаў на грэбені 13 літар старажытнай славянскай азбукі кірыліцы ад А да Л на абодвух баках. Выходзіць, што гэта сапраўдны буквар, да таго ж адзіны, знойдзены на тэрыторыі цяперашняй Беларусі.

Знайшлі яго пры раскопках на месцы старажытнага Бярэсця. У рабоце пад кіраўніцтвам прафесара Пятра Лысенкі ў 60—70-х гадах удзельнічалі падлеткі, як цяпер кажуць, у якасці валанцёраў. На грэбень наткнуўся брэсцкі школьнік Віктар Пятручык у 1970 годзе. І цяпер музей і горад маюць экспанат сусветнага значэння. Тое, што ва ўмовах адзінай вялікай дзяржавы рарытэт не забралі ва ўстановы культуры Мінска альбо іншага вялікага горада Саюза — ужо свайго роду цуд, адзначылі на прэзентацыі. Доўгія дзесяцігоддзі з прычыны асаблівай каштоўнасці арыгінал захоўвалі ў аддзеле фондаў абласнога краязнаўчага музея, а ў экспазіцыі выстаўлялі муляж.

Яго каштоўнасць найперш у тым, што грэбень служыць сведчаннем: нашы продкі былі пісьменныя, умелі пісаць і чытаць. Актыўна карысталіся кірыліцай. Знойдзены таксама берасцяныя граматы — помнікі бытавой перапіскі.

— Гэта значыць, што не толькі магнаты, але і звычайныя людзі перыяду старажытнага Бярэсця былі адукаванымі. У той час як у Заходняй Еўропе нават манархі замест подпісу часам ставілі «крыжык» — адзначыў дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Аляксей МІЦЮКОЎ.

Два каралі — шахматны і Рэчы Паспалітай

Другім артэфактам праекта стала шахматная фігурка канца ХІІ — пачатку ХІІІ стагоддзя. Наведвальнікаў больш за ўсё здзівіла, што касцяны кароль выглядае так, нібы зроблены зусім нядаўна. Ён такі маленькі, што можа схавацца ў далоні, але пры блізкім разглядзе падаецца даволі грозным, бровы ссунутыя, погляд пануры. Яго адзенне і галаўны ўбор упрыгожвае адмысловы арнамент. Спецыялісты называюць гэты выраб узорам высокамастацкай разьбы і апрацоўкі. Фігурка была знойдзена ў 1973 годзе падчас раскопак Бярэсця.

Прэзентацыя касцянога шахматнага караля стала доказам захаванасці і значнасці нашай археалагічнай спадчыны. Нездарма брэсцкі археалагічны музей «Бярэсце» называюць каралём археалагічнай спадчыны Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, другога такога няма. Калі нашым суседзям удаецца знайсці аўтэнтычнае бервяно, яны змяшчаюць знаходку пад шкло, выстаўляюць і ганарацца ёю, у нас жа наведвальнік бачыць цэлыя жылыя кварталы ХІІІ стагоддзя.

Надзвычай цікавым аказаўся жнівеньскі артэфакт — дакумент з асабістым подпісам караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Гаворка ідзе пра перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай у нашай гісторыі.

Героем дня стала «Сапраўдная прэзента караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага Пятру Катовічу на пасаду святара ўніяцкай царквы ў вёсцы Чаравачыцы Брэсцкага павета». Дакумент на старапольскай мове з уласнаручным подпісам караля і адбіткам каралеўскай пячаткі быў складзены ў Варшаве 11 лістапада 1782 года Адамам Цецішоўскім — «пісарам вялікім каронным, рэгентам канцылярыі міравой Яго Каралеўскай Вялікасці». Гэта прэзента была свайго роду даравальнай граматай Пятру Катовічу на валоданне і арэнду царквы. Панятоўскі выступаў не толькі як кароль, але і гаспадар Брэсцкай эканоміі, на зямлі якой знаходзілася царква. Як землеўладальнік ён даваў права арэнды, а як кіраўнік дзяржавы рэкамендаваў епіскапу Уладзімірскаму і Брэсцкаму Сімяону назначыць згаданага святара на вакантную пасаду.

Да­ку­мент з под­пі­сам ка­ра­ля Ста­ні­сла­ва Аў­гус­та Па­ня­тоў­ска­га.

Падтрымку ў падрыхтоўцы экспаната аказаў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Рэха Брэсцкага міру

Перыяд Расійскай імперыі прадстаўлены ў праекце мундзірам расійскага імператара Мікалая І, з якім паспрыяў краязнаўчаму музею Сувораўскі музей з Кобрына. На гэтай зямлі часта мянялася ўлада, праносіліся войны і рэвалюцыі. Многія са школьных гадоў ведаюць словазлучэнне «Брэсцкі мір». Сепаратны дагавор паміж Савецкай Расіяй і Цэнтральнымі дзяржавамі быў падпісаны ў Брэсце 3 сакавіка 1918 года і забяспечыў выхад РСФСР з Першай сусветнай вайны. Умовы яго заключэння гісторыкі даўно назвалі драпежніцкімі, і Брэст, паводле той дамовы, адыходзіў пад юрысдыкцыю Германіі. Цяпер шматлікім экскурсантам Брэсцкай крэпасці паказваюць руіны Белага палаца, у якім той дагавор быў падпісаны. Дык вось адным з артэфактаў стала пастанова Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта аб ануляванні Брэст-Літоўскага міру, прынятая 13 лістапада 1918 года. Дакумент за подпісамі Свярдлова, Леніна і Аванесава быў надрукаваны ў друкарні Таварыства Сыціна ў 1918 годзе. Арыгінал дакумента перадалі ў музей у 1957 годзе калегі з Львоўскага гістарычнага музея. А для Брэста гэта памяць пра мінулае горада, якое звязана з падзеямі сусветнай гісторыі.

Ні­на Кі­ры­ла­ва па­каз­вае цар­скі мун­дзір.

Сведкі навейшай гісторыі

Экспанаты польскага перыяду ХХ стагоддзя вельмі не падобныя па змесце і адлюстроўваюць зусім розныя старонкі гісторыі... Перадапошнім артэфактам сталі царкоўныя рызы епіскапа Бостанскага, вікарыя Усходне-Амерыканскай епархіі Мітрафана Зноскі. Айцец Мітрафан нарадзіўся ў Брэст-Літоўску. У гэтым горадзе ён служыў настаяцелем Свята-Мікалаеўскай брацкай царквы ў канцы 30-х — пачатку 40-х гадоў. Пазней адзначыўся ў храмах Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Марока, ЗША.

Дачка былога святара перадала бацькавы рызы ў музей. Паводле яе слоў, воляй лёсу ён аказаўся ў Заходнім паўшар'і, але заўсёды памятаў сваю малую радзіму.

У 30-х гадах у Брэсце дзейнічаў падпольны акруговы камітэт кампартыі Заходняй Беларусі. Яго актывісты траплялі пад пераслед польскіх улад, але ўвесь час праводзілі акцыі, якія даказвалі існаванне падпольнага руху. Часта такімі акцыямі станавілася дэманстрацыя транспарантаў. Адзін з іх і паказалі наведвальнікам у якасці артэфакта. Транспарант акругкама выкананы жоўтымі літарамі на чырвоным фоне. За гэтыя сем слоў на беларускай мове можна было атрымаць тэрмін турэмнага зняволення, але транспаранты зноў і зноў з'яўляліся ў гарадах і вёсках вобласці.

Апошняй, 12-й, падзеяй праекта стаў экспанат з перыяду гісторыі незалежнай Беларусі. Гэта ганаровы Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, прысуджаны Брэсцкай вобласці за дасягненні ў гаспадарчым, эканамічным развіцці і ў сувязі з 70-годдзем з дня ўтварэння. Указ аб узнагароджанні быў падпісаны
3 снежня 2009 года. Праз два гады аблвыканкам перадаў сцяг музею на пастаяннае захоўванне.

У студзені музей правядзе выстаўку ўсіх 12 артэфактаў, як паведаміла загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Ніна КІРЫЛАВА. Ніна Міхайлаўна з'яўляецца аўтарам праекта, у які, несумненна, уклала часцінку сваёй душы. Кожны з прадстаўленых экспанатаў, паводле яе слоў, выбіраўся з розных калекцый, праводзілася вялікая папярэдняя работа па вывучэнні, удакладненні гістарычных фактаў і гісторыі самога экспаната. І кожны з рарытэтаў на паказах аўтар суправаджала найцікавейшай прэзентацыяй.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.