Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» сустрэў новы год у віцебскім раддоме. У 0.01 нарадзілася дзяўчынка па прозвішчы Мароз


Дзесьці каля апоўначы дождж на вуліцы скончыўся і раптам пахаладала. А літаральна пад тэлетрансляцыю бою курантаў на свет з'явілася дзяўчынка па прозвішчы... Мароз!


У нас не горш

Спачатку трохі пра гісторыю, без якой, вядома, няма будучыні. Віцебскі абласны клінічны радзільны дом (гараджанам ён больш вядомы як раддом № 1 на праспекце Чарняхоўскага) амаль што равеснік нашай «Звязды». Газету, нагадаю, пачалі друкаваць у 1917-м. А ў Віцебску першы радзільны дом на сорак ложкаў быў арганізаваны ў 1921-м на базе павятовай бальніцы. І тут працавалі ўсяго тры ўрачы, шэсць акушэрак і чатырнаццаць сядзелак... Віцебск вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені 1944-га, а ўжо ў верасні ў амаль што цалкам разбураным горадзе радзільны дом аднавіў работу. У яго складзе былі і жаночая кансультацыя, і стацыянар на 45 ложкаў...

Летам 2008-га пасля капітальнага рамонту радзільны дом літаральна распачаў новае жыццё. Рэканструкцыя была праведзена з камплектацыяй найноўшым высокатэхналагічным абсталяваннем і перааснашчэннем для ўкаранення сучасных метадаў аператыўнага ўмяшання і лячэння. З'явілася магчымасць якаснай лабараторнай дыягностыкі.

Каб не стамляць чытачоў тэхнічнымі нюансамі, адзначу, што нараджаюць нашы жанчыны ва ўмовах, не горшых, чым у краінах Еўропы. І штогод, дарэчы, усё больш іншаземак, ахвотных плаціць за магчымасць нарадзіць менавіта ў Віцебску.

Навагоднія казусы

Цікава, што гэты навагодні начны рэпартаж мог сарвацца. Раніцай 31-га віншаваць мам прыходзіў начальнік Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама, сенатар Юрый Дзеркач, а з ім — і прадстаўнікі шэрагу СМІ. Напэўна, кіраўніцтва раддома думала, што карэспандэнт «Звязды» прыбудзе разам з усімі. Але ж у мае планы ўваходзіла знаёмства менавіта з «навагоднімі» парадзіхамі і «начнымі» немаўлятамі.

Дзякуй богу, арганізацыйнае пытанне ў адміністрацыі радзільнага дома вырашылі вельмі аператыўна. І паабяцалі, што дазволяць падзяжурыць з медыкамі ў навагоднюю ноч. Так і адбылося.

Аб адзінаццатай гадзіне ночы я ўжо чакаў на прыпынку трамвая № 1. Да дзвярэй трамвая мяне праводзіў... сімпатычны чорны кот. (Адкуль толькі ўзяўся?) Міжвольна ўспомніў булгакаўскага ката, які не толькі праехаўся ў вагоне, але і спрабаваў заплаціць кандуктару. Мой «праважаты» плаціць, зразумела, не збіраўся. Але, пагадзіцеся, сустрэць коціка напярэдадні надыходу года пацука — у гэтым ёсць нешта сімвалічнае...

Словам, настрой у мяне быў цудоўны. Натхняў і «звычайны цуд» — нараджэнне новага чалавека, а можа, і некалькіх — сведкам чаго я павінен быў стаць.

«Хутчэй, нараджае!»

А дванаццатай ночы быў каля прыёмнага пакоя.

Супрацоўніца, якая сустрэла пры ўваходзе, папрасіла хутчэй зняць куртку і нацягнуць бахілы. З непрывычкі гэта не атрымалася зрабіць адразу. Як і надзець белы халат. Тлумачылася спешка тым, што жанчыну ўжо павезлі раджаць, а я ж хацеў паспець яшчэ і здымкі зрабіць.

У ардынатарскай пазнаёміўся з маім «гідам» па ўстанове (праўда, хадзілі мы ў межах паверха ад ардынатарскай да залы, дзе нараджаюць). Ім стала прывабная акушэр-гінеколаг Ірына Жаўніцкая. Гэта яе другая навагодняя ноч, калі выпадае дзяжурыць. А вось Таццяна Вакар, маладая акушэр-гінеколаг, працуе першы год. Першы раз у навагоднюю ноч дзяжурыла і педыятр Крысціна Сцяпанава.

Ну, прывітанне!

Усяго летась у гэтай установе з'явілася на свет больш за 1600 дзяцей. 31 снежня ўжо мінулага года да гадзіны дня нарадзіліся хлопчык і дзве дзяўчынкі. А хто ж народзіцца першы ў 2020 годзе?

Пакуль весяліў у калідоры прадстаўніц медыцынскага персаналу, пачуў плясканне ў далоні. Аказваецца, калі ў немаўляці ўсё добра, на «апладысменты» яно адрэагуе плачам...

Такім чынам, першай у 2020-м у 00 гадзін 01 хвіліну нарадзілася дзяўчынка. Бацькі вырашылі даць ёй імя Мар'яна. Вага Мар'яны — 2860 грамаў, рост 49 сантыметраў. Мама — 25-гадовая жыхарка Віцебска Настасся Мароз — да выхаду ў дэкрэтны водпуск працавала ў адной з гаспадарак Лёзненскага раёна. Па спецыяльнасці яна ветэрынар. Гэта яе першыя роды, але (дай, неба!) будуць і яшчэ. Наваспечаны бацька даведаўся пра добрую навіну, патэлефанаваўшы ў прыёмны пакой.

З дазволу мамы мы зрабілі першую фотасесію новага чалавечка. Падумаў, што я ж першы мужчына, які «сустрэўся» дзяўчынцы на жыццёвым шляху. З барадой ды вясёлы, напэўна, падобны на Дзеда Мароза. Вырасце — будзе чакаць яго прыходу...

Цікава, кім яна стане, мая новая знаёмая Мар'яна? Можа, таксама журналістам? Тады, калі атрымаецца, пастараюся перадаць ёй здымкі, якія не надрукуюць у газеце. А пакуль што...

Хай расце здаровенькай на радасць бацькам і краіне.

Між іншым, кажуць «нарадзіўся пад шчаслівай зоркай»! Дзяўчынка нарадзілася побач з прадстаўніком «Звязды». Дык будзь, Мар'янка, і доўгажыхаркай, як «Звязда»!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: У чаканні... першага жыцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».