Вы тут

2019-ы ў цытатах Прэзідэнта


Увесь адыходзячы год карэспандэнты аддзела палітыкі «Звязды» працавалі ў пуле лідара дзяржавы. Наша аўдыторыя магла чытаць на старонках і на сайце газеты эксклюзіўныя артыкулы з камандзіровак Аляксандра Лукашэнкі па Беларусі, нарад і сустрэч у Палацы Незалежнасці і іншых знакавых мерапрыемстваў з удзелам кіраўніка краіны. У гэтым навагоднім нумары мы вырашылі крыху адысці ад афіцыйнага стылю «другапалосных» артыкулаў і падрыхтавалі для вас падборку самых яркіх, цікавых (на наш погляд) цытат Прэзідэнта ў 2019 годзе, якія, адпаведна, азначалі і знакавыя для краіны падзеі.


«У цэлым у выбраным парламенце прадстаўлены і адлюстраваны інтарэсы ўсіх слаёў насельніцтва»

Галоўная палітычная падзея года — выбары ў парламент — прайшла без эксцэсаў. Гэта былі вымушаны адзначыць нават назіральнікі ад АБСЕ. Урэшце, было б дзіўна, каб іх справаздача засталася без заўваг... Урэшце, як сказаў кіраўнік дзяржавы, выбары мы праводзім для сваёй краіны, для свайго народа, каб было лепш у нас.

Выбары адбыліся, ужо прайшла першая сесія абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання, але не забываюцца і поспехі дэпутатаў і сенатараў, якія працавалі ў папярэднім скліканні. Некаторыя нават былі ўдастоены дзяржаўных узнагарод — а іх, вядома, у нашай краіне проста так не раздаюць.

Парламентарыі сёмага склікання таксама, відавочна, увойдуць у гісторыю Беларусі: ім давядзецца падключыцца да работы па ўдасканаленні Канстытуцыі. Прынамсі, Прэзідэнт такую задачу паставіў.


«Нам выпала вялікае шчасце ўзяць наш квітнеючы Брэст за руку і ўвесці яго ў новае тысячагоддзе»

З такім пасылам Прэзідэнт звярнуўся да жыхароў Брэста, які 6 верасня адзначыў свой 1000-гадовы юбілей. На свята Аляксандр Лукашэнка прыехаў з выдатным падарункам, пра які гараджане маглі толькі марыць. Дырэктар музея гісторыі Брэста Святлана Тамчук з рук кіраўніка краіны прыняла арыгінальны экзэмпляр Брэсцкай Бібліі. Пісанне было надрукавана ў 1563 годзе колькасцю 500 экзэмпляраў. З цягам часу засталося каля сотні рарытэтных кніг, адна з якіх праз амаль пяць стагоддзяў вярнулася дадому.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта падзея стала магчымай дзякуючы бізнесменам, якія выкупілі ўнікальную кнігу за мяжой. Але гэта не адзіны падарунак гораду да міленіума. Падчас візіту ў Брэст Прэзідэнт перарэзаў чырвоную стужку, адкрыўшы рух па Заходнім абыходзе абласнога цэнтра. Пуцеправод пабудаваны за тры гады з выкарыстаннем унікальных тэхналогій.

Асаблівае месца займае старажытны горад і ў лёсе самога Аляксандра Лукашэнкі. З Брэстчынай у яго звязаныя асаблівыя ўспаміны, тут будучы кіраўнік дзяржавы служыў у войску, у пагранічным атрадзе. Па яго словах, каб не тая школа армейскага жыцця, то наўрад ці ён выступаў бы на свяце горада ў сваёй цяперашняй якасці.


«Такія моманты яднаюць народы, а значыць, вялікая алімпійская місія даваць арэны для мірнага, сумленнага саперніцтва атлетаў і дзяржаў заўсёды будзе актуальнай і запатрабаванай»

2019-ы стаў часам яскравых перамог. Яшчэ на адкрыцці ІІ Еўрапейскіх гульняў Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разам на карысць чалавецтва перанесці ўсе сучасныя палітычныя баталіі на спартыўныя пляцоўкі.

«Давайце толькі так — праз спорт — спаборнічаць за тытул самай моцнай дзяржавы», — пажадаў Прэзідэнт. А сяброў-сапернікаў перасцярог: на наступнай еўрапейскай алімпіядзе беларусы выступяць самым моцным складам. Трымайцеся, суседзі! Гэта на дамашніх пляцоўках мы, як гасцінныя гаспадары, саступілі першынство.

Турнір па пляжным футболе падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў прызнаны найлепшай падзеяй года ў гэтым відзе спорту. А прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх гульняў увогуле адзначыў нашы Гульні як найбольш яскравую спартыўную падзею года. Яшчэ б: больш за чатыры тысячы атлетаў з 50 краін разыгралі дзвесце камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.

Ну і дэбет з крэдытам у канцы года звесці трэба: за час бязвізу на ІІ Еўрапейскіх гульнях замежныя госці правялі аперацый па картках больш чым на 236 мільёнаў рублёў, а ўсяго нашу краіну наведала каля 37,5 тысячы турыстаў.

Шэраг значных спартыўных падзей у пачатку верасня завяршыў матч Еўропа — ЗША, які стаў сапраўды гістарычнай падзеяй. Матч — працяг традыцыі легендарных лёгкаатлетычных спаборніцтваў паміж СССР і ЗША, якія праходзілі з 1958 да 1985 года па чарзе ў гарадах дзвюх дзяржаў. У тыя гады выказванне «О спорт, ты — мір!» было актуальнае як ніколі. Падчас «халоднай вайны» матчавыя сустрэчы СССР — ЗША станавіліся прыкладам сумленнай барацьбы толькі на спартыўных пляцоўках і сімвалам імкнення да палітычнай раўнавагі і мірнага саперніцтва паміж дзяржавамі.

У 2021 годзе матч па праве чаргі павінен адбыцца ў ЗША, але ў гэтай краіне будзе праводзіцца і чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы. Звяртаючыся з прамовай да прысутных на адкрыцці спаборніцтваў на стадыёне «Дынама», Прэзідэнт прапанаваў арганізатарам правесці іх яшчэ раз у Беларусі і жартам паабяцаў, што праз два гады Мінск стане сталіцай Злучаных Штатаў Амерыкі.

«Удакладняю, каб не западозрылі ў нядобрым, нібыта мы Амерыку хочам далучыць. На гэтыя дні, калі вы нам даверыце, Мінск стане сталіцай ЗША, таму што ЗША павінны праводзіць гэты матч. З Дональдам Трампам мы дамовімся», — растлумачыў сваё выказванне лідар краіны. Дарэчы, па выніках спаборніцтваў перамога засталася за атлетамі з Еўропы.


«Малыя і сярэднія дзяржавы, такія як Беларусь, могуць унесці рэальны ўклад у адраджэнне «духу Хельсінкі» на еўрапейскай прасторы»

Пра бяспеку сёлета размаўлялі шмат і на розных мовах: увосень у Мінску прайшлі адразу дзве міжнародныя канферэнцыі — «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзнікаючых тэхналогій» і «Еўрапейская бяспека: адысці ад краю прорвы», больш вядомая як «Мінскі дыялог».

Беларусь заўсёды выступала донарам стабільнасці, пастаўшчыком і еўрапейскай, і міжнароднай бяспекі. Хто б што ні казаў, у нашай дзяржаве бачаць надзейнага партнёра, які карыстаецца даверам і Усходу, і Захаду. Дык дзе, як не ў Беларусі, шукаць адказу на пытанне, ці можна пабудаваць наш агульны дом бяспечным і стабільным?

І адказ гэты станоўчы. Прынамсі, Прэзідэнт заявіў, што Беларусь ініцыюе распрацоўку і прыняцце шматбаковай палітычнай дэкларацыі адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе, бо хутка свет можа апынуцца ў сітуацыі, калі адносіны ў сферы ядзерных узбраенняў не будуць кантралявацца ўвогуле нічым. «У ідэале нам трэба вярнуцца да канцэпцыі еўрапейскай бяспекі, заснаванай на супрацоўніцтве», — сказаў тады беларускі лідар. Бо ніхто не цэніць мір так, як беларусы і славяне ўвогуле.

Сёлета Беларусь адсвяткавала 75-годдзе вызвалення, а налета СНД адзначыць 75-годдзе Вялікай Перамогі. Зварот краін-удзельніц СНД да народаў Садружнасці і сусветнай грамадскасці ў сувязі з юбілеем прыняты на саміце ў Ашгабаце. Тады на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне адзіная і недзялімая.


«Прыходзьце, будзем працаваць. Прыходзьце ў бяспечную краіну, дзе высокакваліфікаваныя людзі, дзе людзі адказныя, якія напакутаваліся за ўсю сваю гісторыю і ўмеюць цаніць заробленыя цэнт, рубель, еўра або капейку»

На такі прынцып работы ў Беларусі Прэзідэнт накіраваў прадпрымальнікаў Аўстрыі. Беларуска-аўстрыйскі бізнес-форум, на якім Аляксандр Лукашэнка выказаўся такім чынам, адбыўся з нагоды яго афіцыйнага візіту ў федэратыўную рэспубліку. Камандзіроўку ў Аўстрыю многія называюць прарывам, бо доўгі час з-за санкцый адносіны паміж Еўрасаюзам і нашай краінай нельга было назваць трапяткімі. Але нават у тыя часы супрацоўніцтва Мінска і Вены ніколі не перарывалася, таму для першага паўнацэннага прэзідэнцкага візіту ў ЕС прынялі запрашэнне менавіта аўстрыйцаў.


«Мы ніякім суверэнітэтам не дзелімся. Ні Расія, ні Беларусь»

Пра недатыкальнасць суверэнітэту і незалежнасці Беларусі Прэзідэнт у бягучым годзе казаў вельмі часта. У тым ліку і ў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару «Эхо Москвы» Аляксею Венедзіктаву, большасць пытанняў якога датычылася беларуска-расійскіх адносін. За год эксперты налічылі амаль з дзясятак сустрэч лідараў дзвюх краін. Асноўныя пытанні, якія стаяць на парадку дня Саюзнай дзяржавы, — кошт энерганосьбітаў (нафты і газу) і ўзгадненне распрацаваных рабочай групай 31 дарожнай карты інтэграцыі. Асноўныя пазіцыі нашай краіны (як і суверэнітэт непарушныя): Саюзнай дзяржаве — саюзныя ўмовы, як на баралі так і на кубаметры.

Марыя ДАДАЛКА

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.

Грамадства

«Прэферэнцыі, якія атрымалі вайскоўцы, абумоўлены выказанымі імі думкамі»

«Прэферэнцыі, якія атрымалі вайскоўцы, абумоўлены выказанымі імі думкамі»

«Армія — школа мужнасці, грамадзянскасці і патрыятызму». Паводле сацыялагічнага апытання, з гэтым сцвярджэннем згодны 86 п

Культура

Хто спявае па-беларуску?

Хто спявае па-беларуску?

Адмысловы плэйліст “Звязды” да Дня роднай мовы.