Вы тут

Пра што пішуць Дзеду Марозу дзеці і дарослыя?


У сучасным свеце людзі ўсё менш стасункуюцца праз лісты, але да яго пошта прыходзіць штодня. «Звязда» з'ездзіла ў госці ў Белавежскую пушчу да галоўнага Дзеда Мароза краіны, дапамагла разабраць карэспандэнцыю і даведалася, пра што чараўніку пішуць дзеці і дарослыя.


Куфар у сховішчы

Па прыездзе нас сустрэў сам Дзед Мароз з жонкай і запрасіў у яе майстэрню.

Га­лоў­ны ча­раў­нік кра­і­ны  з Ма­тух­най Зі­мой.

— Знаёмцеся, гэта — Матухна Зіма, а яшчэ ў нас ёсць тры дачкі: Сцюжа, Завіруха і Мяцеліца. Малодшая выйшла замуж за Снегавіка, і нарадзілася мая ўнучка — Снягурачка. Ведаеце, я адзіны Дзед Мароз, у якога ёсць сям'я, у калег з Расіі ці Украіны яе няма, а іх унучкі нарадзіліся са снегу і чараўніцтва.

Па дарозе да майстэрні мы даведаліся, што ўсе лісты і малюнкі пасля прагляду і адказу Дзеда Мароза трапляюць у бяздонны куфар у сховішчы. Ён з'явіўся там шаснаццаць гадоў таму, і ў ім больш за трыста тысяч пісьмаў.

— Яны да нас прыходзяць круглы год, падлічыць іх немагчыма — кажа Матухна Зіма, — пасля пятай тысячы збіваешся. Мы вызначаем колькасць па мяхах і скрынках. Вось толькі ўчора нам прынеслі пяць мяшкоў. Затое стараемся праводзіць падлік адпраўленых лістоў. Летась адказалі на сямнаццаць тысяч, і — паверце — гэта далёка не мяжа! Іх так шмат, што праглядаць усё ў сховішчы не атрымліваецца, таму ў маёй майстэрні зараз сапраўднае паштовае аддзяленне! Дарэчы, вось мы і прыйшлі.

Паштовая унія Дзедаў Марозаў

Зайшоўшы ў майстэрню Матухны Зімы, перш за ўсё мы ўбачылі мноства скрынак з лістамі. Дзед Мароз адразу папярэдзіў, што блытаць іх ні ў якім разе нельга і ўсё трэба класці на месца, бо ў кожнай скрынкі сваё прызначэнне.

— Вось тая, што злева, — гэта звароты без адраса адпраўлення, на такія мы, на жаль, не зможам адказаць. А на палічцы стаяць яшчэ з 2017 года, на якія па розных прычынах не змаглі напісаць адразу, і яны чакаюць сваёй чаргі. Ёсць у нас і асобная папка з лістамі з розных краін.

Такіх лістоў у Дзядулі Мароза сотні. Тайвань, В'етнам, Ганконг, Японія, Расія, Украіна... У маёнтку пабывалі турысты з 95 краін свету! Яны прыязджаюць, робяць фатаграфіі, расказваюць у сябе на радзіме пра падарожжа і пішуць у Белавежскую пушчу пажаданні.

— На жаль, ім я адказаць не магу, не паліглот. Паток лістоў вельмі вялікі, таму Дзеды Марозы сёлета параіліся і вырашылі стварыць паштовую унію. Яна працуе вельмі проста: жаданне, якое трапіла да «чужога» Дзеда Мароза, аўтаматычна адпраўляецца ў патрэбную краіну. А для сувязі ў Дзедаў Марозаў ёсць спецыяльныя ёлачкі, якія служаць чароўнымі антэнамі.

Што просяць?

Ліс­ты ад дзя­цей і да­рос­лых пры­хо­дзяць што­дня...

 ...ра­зам з імі мно­гія ад­праў­ні­кі да­сы­ла­юць свае ма­люн­кі.

У дзяцей сёння ў пашане канструктары «Лега». На другім месцы — тэлефоны і планшэты, следам ідуць робаты, лялечныя домікі, лялькі і цацкі ў выглядзе персанажаў з мульцікаў. Але ёсць і тыя, якія добры чараўнік адкладае ў асобны стос...

«Дзядуля, вярні ўсё як было...»

— Часта дзеці просяць, каб бацькі перасталі піць, — кажа Дзядуля Мароз, — але вось адна дзяўчынка, якая летась пісала мне гэта пажаданне, сёлета даслала такое пісьмо: «Дзед Мароз, вялікі дзякуй, што вы выканалі маё запаветнае жаданне. Наш тата больш не п'е, ходзіць злы як чорт, дзверцамі халадзільніка ляскае. Калі ласка, вярніце ўсё як было».

Дзіцячая зайздрасць

— А вось я літаральна ўчора прачытала не менш дзіўны ліст, — кажа яго жонка, — у ім адна дзяўчынка зайздросціць сваёй сястры ў прыёмнай сям'і: «Я моцна зайздрошчу Віцы, таму што яна ездзіць кожны год у Італію». Вось потым сядзі і думай, як правільна дзіцяці растлумачыць, што зайздрасць — гэта дрэнна. Бо мы не ведаем, чаму сястра ездзіць за мяжу, можа, яна вучыцца там або ведае мову, ёсць жа мноства прычын на гэта.

Сябра не падорыш

Праглядаючы лісты, мы заўважылі, што мноства дзяцей просіць хатніх жывёл. Удакладняем у нашых герояў, як яны выходзяць з гэтай сітуацыі.

— У мяне быў выпадак, калі хлопчык пяты год кацянё загадваў, але свой запаветны падарунак так і не атрымліваў. Ніяк не магла зразумець, у чым рэч, — успамінае Матухна Зіма. — Я дзіцяці адказвала, што ў мяне каля майстэрні цэлых пяць, выбірай любога! Уяўляеце: кацянё ад Дзеда Мароза і Матухны Зімы?! А ён адмаўляецца! Аказалася, што ў мамы алергія на поўсць. Я яму тлумачыла, што так нельга: табе будзе добра, а маме дрэнна. Гэта я так разважала, а мой муж мудрэйшы за мяне, недарэмна на пяць тысяч гадоў старэйшы... Ён тлумачыць, што жывёла — гэта сябар, а падарыць сябра немагчыма!

Кожны чалавек — чараўнік!

Дзед Мароз не выконвае жаданняў, ён дае магчымасць самому чалавеку абудзіць у сабе добрага чараўніка. І дарослыя людзі, якія гэта разумеюць, пішуць яму вось такія лісты: «Прашу дапамогі ў Дзеда Мароза, хай усё складзецца так, як я хачу. Дай, Дзядуля Мароз, трошачкі цуду, дай трошачкі поспеху, дай сілы мне выканаць усё, што я хачу...»

— І ў іх усё атрымліваецца, — удакладняе чараўнік, — да мяне шмат такіх пісьмаў прыходзіць, вось вам яшчэ адно: «Гэта ўжо трэці мой ліст, які я перапісваю. Мінулыя два выкарыстоўвала як нагоду выгаварыцца, і ў мяне атрымалася. Дзякуй».

Лісты ад бабуль

— Вось у мяне ўчора было два лісты, я іх адкрыла запар, так атрымалася. Яны ад бабуль, адной з якіх 90 гадоў! З іх 45 яна прапрацавала настаўніцай у школе і піша пра тое, што вышывае крыжыкам, уяўляеце?! І просіць у Дзеда Мароза набор для вышывання, ні на што не скардзячыся. А другой дзесьці 60—70 гадоў. Кім працавала гэтая, я не ведаю, але сам падыход зусім іншы. Суцэльныя скаргі, хоць яна нашмат маладзейшая. І ў падарунак просіць здароўя і апарат для вымярэння ціску.

— Такім людзям я тлумачу, што не мне пісаць трэба, а да доктара ісці, калі са здароўем бяда, — умешваецца дзядуля, — але калі акрамя мяне гэты апарат падарыць ніхто не зможа, то я ёй яго прывязу!

Званок з маёнтка

У «паштовых» скрынках знаходзяцца і такія лісты, на якія дзядуля не проста піша адказ, а асабіста тэлефануе на названы нумар. Вядома, такое здараецца нячаста, але сёлета ўжо было некалькі выпадкаў.

Адкрываем першы такі ліст і чытаем: «Дзед Мароз, зрабі, калі ласка, так, каб мяне на Новы год адпусцілі да мамы дадому. Ніяк нельга без мамы сустрэць Новы год».

— Гэтае пасланне мне напісаў непаўналетні падлетак з дзіцячай калоніі. Пасля яго пісьма следам прыйшоў ліст ад мамы з такой жа просьбай. Ну і што мне было рабіць? Я патэлефанаваў у калонію для непаўналетніх, прадставіўся, растлумачыў ім сітуацыю. Спачатку яны доўга смяяліся вынаходлівасці хлопчыка, а потым расказалі, які ён «добры», якія ў яго «подзвігі» на рахунку разам з мамай на пару.

«Прабач, што не верыла»

— Бывае такое, што людзі пішуць ліст і пачынаюць з фраз: «Не асабліва верыцца, што ты існуеш», або: «Я не веру». Адразу хочацца спытаць: дык навошта вы звяртаецеся, — абураецца Матухна Зіма.

— Я адзін раз патэлефанаваў дзяўчыне, якая ў пісьме прасіла дапамогі, а ў канцы напісала, што не вельмі ў мяне верыць. Яна так была здзіўленая маім учынкам, адчувалася, што ёй сорамна. Мы з ёй пагаварылі, і я растлумачыў, што нічога не споўніцца, калі няма жадання і веры, — пярэчыць Дзед Мароз.

Выкананне мар

— Часта госці, якія да нас прыязджаюць, пішуць свае пажаданні адразу на месцы або прывозяць іх з сабой. Для такіх выпадкаў сёлета ўстанавілі цудометр, — кажа Матухна Зіма і просіць Дзеда Мароза апавесці пра яго. — Гэта ж тваё вынаходніцтва, і так, як ты, пра яго не раскажа ніхто.

Дзядуля, які ўжо рыхтуецца прыняць першых у гэты дзень гасцей, спачатку бурчыць, што механізм цудометра сакрэтны, але потым здаецца і раскрывае таямніцы свайго вынаходства.

— Ён быў адкрыты сёмага снежня, да мяне прыехала яшчэ пяць маіх калег, і мы запусцілі яго ў дзеянне. Цудометр рэгіструе колькасць чароўнай энергіі, якая змяшчаецца ў кожным дасланым лісце. Эмпірычным шляхам у лабараторных умовах было вызначана, што ў кожнай паштоўцы ўтрымліваецца ад 0,5 да 3 чароўных адзінак — кважэлаў, ад словазлучэння «квант желания». Энергія акумулюецца ў прыборы і ўначы Новага года расходуецца на выкананне ўсіх мар. Паводле здагадкі навукоўцаў, для таго каб выканаць усе жаданні беларусаў, прыбор да 31 снежня павінен назапасіць 99 999 кважэлаў.

— Тэорыя — гэта, вядома, добра, але лепш усё ўбачыць на свае вочы, — удакладняе Матухна Зіма і прапануе нам напісаць свой ліст і апусціць у цудометр. — Вось, трымайце паштоўку і пішыце самае патаемнае.

Як мы маглі адмовіцца ад такой прапановы?!

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Фота аўтара

Мінск — маёнтак Дзеда Мароза — Мінск

Загаловак у газеце: Што трэба, каб выканаць усе пажаданні беларусаў?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».