Вы тут

Страты 2019 года


Адно з доўгачаканых святаў вось-вось надыдзе. Ніяк не хочацца псаваць чароўны настрой, але... Нам здаецца дарэчным ўспомніць таленавітых беларусаў, якія пайшлі з жыцця ў гэтым годзе. Іх дасягненнямі і творчасцю можна ганарыцца яшчэ доўга. Мы прыгадалі, з кім мы развітваліся на працягу сыходзячага года.


Жарэс Алфёраў (10 сакавіка)

Фота: novayagazeta.ru

Адзін з найбольш вядомых навукоўцаў, народжаных у Беларусі.

Жарэс Іванавіч нарадзіўся 15 сакавіка 1930 года ў Віцебску. У 1952 годзе скончыў факультэт электроннай тэхнікі Ленінградскага электратэхнічнага інстытута імя У.І. Ульянава (цяпер — Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны электратэхнічны ўніверсітэт «ЛЭТІ» імя У.І. Ульянава (Леніна)).

Спецыяліст у галіне фізікі паўправаднікоў, паўправадніковай і квантавай электронікі. Даследаваннямі Жарэса Алфёрава фактычна быў створаны новы напрамак — гетэрапераходы ў паўправадніках.

У 2000 г. сумесна з Гербертам Крэмерам атрымаў Нобелеўскую прэмію па фізіцы за фундаментальныя працы, якія заклалі асновы сучасных інфармацыйных тэхналогій пры дапамозе стварэння паўправадніковых гетэраструктур, якія выкарыстоўваюцца ў звышвысокачастотнай і аптычнай электроніцы.

Андрэй Заспіцкі (11 сакавіка)

Фота Юрыя Іванова.

Андрэй Міхайлавіч нарадзіўся ў 1924 годзе ў Мазоўцы (Польшча).

Заспіцкі — аўтар шматлікіх знакамітых беларускіх скульптур. Ён прымаў удзел у стварэнні кампазіцыі, якая ўпрыгожвае вежы Прывакзальнай плошчы Мінска (скульптура «Інжынер»), аўтар скульптур на будынку Сувораўскага вучылішча, аўтар помнікаў Горкаму і Цыялкоўскаму ў сталічным парку імя Горкага, надмагільнага помніка Янку Купалу на Вайсковых могілках і кампазіцыі «Вянок» у Купалаўскім скверы, манумента ў гонар савецкай маці-патрыёткі ў Жодзіне, помнікаў Францыску Скарыну ў Полацку, Адаму Міцкевічу на Гарадскім вале ў Мінску і іншых.

Леанід Маісееў (9 мая)

Фота: pniva.by

На жаль, пайшоў з жыцця і добравядомы ў аграрнай галіне шматгадовы кіраўнік гаспадаркі «Зара» Магілёўскага раёна, Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Леанід Сяргеевіч Маісееў.

Усю сваю працоўную дзейнасць ён прысвяціў роднаму Прыдняпроўскаму краю. Дзякуючы намаганням і таленту Леаніда Сяргеевіча сёння агракамбінат па праву знаходзіцца сярод лідараў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь.

Пры любых абставінах, у любой сітуацыі Леанід Сяргеевіч заўсёды заставаўся прыкладам высокага прафесіяналізму і адказнасці.

Ніна Мазай (26 чэрвеня)

Фота: minsknews.by

У чэрвені беларускі палітычны бамонд выказваў спачуванні родным і блізкім беларускай жанчыны-палітыка Ніны Мазай.

Ніна Мазай была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, у 1985–1991 гадах займала пасаду намесніка старшыні Савета Міністраў БССР. Была адным з першых паслоў незалежнай Беларусі. Яна ўзначальвала беларускія дыпмісіі ў Францыі і Канадзе, была пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ЮНЕСКА.

У 1997–1999 год працавала намеснікам міністра замежных спраў Беларусі. Потым уваходзіла ў склад дэпутатаў Савета Рэспублікі. Была старшынёй Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі пры прэзідэнце Беларусі.

Уладзімір Замяталін (7 ліпеня)

Былы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, адказны за ідэалогію, бачны палітычны дзеяч постсавецкай Беларусі Уладзімір Замяталін пайшоў з жыцця ва ўзросце 71 год.

З снежня 2006 па снежань 2010 узначальваў кінастудыю «Беларусьфільм».

Віктар Грамыка (10 ліпеня)

Фота: ctv.by

Вялікі філосаф, пясняр «сельскай» тэмы Віктар Грамыка нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Сянькова Магілёўскай вобласці.

Віктар Грамыка — вядомы аўтар тэматычных карцін, партрэтаў, пейзажаў. У сваіх творах мастак паэтызаваў рамантыку працоўных будняў, светлую гармонію яднання людзей з навакольным асяроддзем, а таксама нагадваў пра суровыя выпрабаванні ў гады вайны.

Яго творы знаходзяцца ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Музеі Маскоўскага Крамля, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.

У яго гонар названа Аршанская гарадская мастацкая галерэя.

Аўгуст Мілаванаў (19 ліпеня)

Фота: ctv.by

Акцёр нарадзіўся ў 1937 годзе ў Сталінградзе. У 1961-м скончыў акцёрскі факультэт Тэатральна-мастацкага інстытута па спецыяльнасці «Акцёр драматычнага тэатра і кіно». Аўгуст Лазаравіч стаў адным з вядучых артыстаў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.

Артыст стварыў незабыўныя вобразы ў пастаноўках айчынных і замежных драматургаў. Сярод іх — Цяўе-малочнік ў «Памінальнай малітве» Рыгора Горына, Восіп у гогалеўскім «Рэвізоры», Гаспадар у «Святой прастаце» Андрэя Макаёнка і многія іншыя. Гэтыя сцэнічныя героі ў выкананні Аўгуста Мілаванава ўжо сталі хрэстаматыйнымі, яркай старонкай у гісторыі Купалаўскага тэатра. На творчым рахунку ў артыста некалькі дзясяткаў выдатных роляў, у тым ліку ў аншлагавых і вельмі папулярных пастаноўках з рэпертуару тэатра «Памiнальная малiтва», «Ромул Вялікі».

Акрамя працы ў тэатры, Аўгуст Мілаванаў шмат здымаўся ў кіно, на тэлебачанні, займаўся рэжысёрскай практыкай у аматарскіх тэатрах.

Эрнст Бабенка (15 жніўня)

Фота: psu.by

Першы рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Эрнст Бабенка нарадзіўся 21 кастрычніка 1937 года ў Плешчаніцах. Скончыў школу ў Маладзечне, затым Маскоўскі хіміка-тэхналагічны інстытут.

Дзякуючы намаганням Бабенкі ў 2003 годзе Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту быў перададзены комплекс будынкаў Полацкага езуіцкага калегіума. У 2003–2016 — прафесар кафедры хіміі і тэхналогіі перапрацоўкі нафты і газу ПДУ.

Вывучаў вадкія і цвёрдыя прадукты каменнавугальнага паходжання. Браў удзел у распрацоўцы эфектыўных спосабаў атрымання каменнавугальных пекаў, вугляродных валокнаў і цэлага шэрагу кампазіцыйных матэрыялаў, якія знайшлі сваё прымяненне ў абароннай прамысловасці, у прыватнасці, касмічнай і авіяцыйнай.

Ілья Курган (21 жніўня)

Фота: kp.by

«Гаворыць Мінск» — калісьці па гэтай фразе Ілью Кургана ведалі ўсе беларусы.

Заслужаны артыст Беларусі, літаратурны кансультант у Купалаўскім тэатры і Тэатры беларускай драматургіі, прафесар кафедры сцэнічнай мовы ў Беларускай акадэміі мастацтваў і Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў. Працаваў дыктарам на Беларускім радыё і тэлебачанні з 1949 па 1990 год.

Ён нарадзіўся ў 1926 годзе ў Барысаве. Пасля заканчэння Мінскага тэатральнага інстытута ў 1949 годзе быў прыняты на працу дыктарам Беларускага радыё (конкурс 100 чалавек на месца). Тады яму і прапанавалі памяняць прозвішча. Сапраўднае прозвішча Кургана — Эйдальман. Ён узяў дзявоцкае прозвішча маці, і менавіта пад ім стаў вядомым у нашай краіне. Праз школу Ільі Кургана прайшлі многія з тых, чыя праца звязана з выкарыстаннем голаса.

Леанід Дайнека (21 жніўня)

Фота: budzma.by

Страціла многае ў гэтым годзе і беларуская літаратура...

Леанід Дайнека нарадзіўся ў 1940 годзе ў Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці. У 1967 годзе скончыў БДУ. Працаваў на тэлебачанні, у часопісе «Маладосць», у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Аўтар паэтычных зборнікаў «Галасы», «Бераг чакання», «Вечнае імгненне», зборніка апавяданняў «Бацькава крыніца», раманаў «Людзі і маланкі», «Запомнім сябе маладымі», «Меч князя Вячкі», «След Ваўкалака» і іншых. Некаторыя вершы пакладзены на музыку. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1987) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990).

Пятро Васючэнка (25 жніўня)

Фота Кастуся Дробава.

... і беларускае літаратуразнаўства.

Пятро Васючэнка нарадзіўся ў 1959 годзе ў Полацку. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, абараніў кандыдацкую дысертацыю па філалогіі. Працаваў у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі (1984–1997), з 1997-га з’яўляўся загадчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. З’яўляецца аўтарам шматлікіх літаратуразнаўчых даследаванняў, п’ес, якія ставіліся ў беларускіх тэатрах, іранічных дзіцячых вершаў пра жывёл і экалагічных казак.

Юрый Броўка (23 верасня)

Фота: nn.by

Пакінуў наш свет і адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай школы міжнароднага права.

Праводзіў даследаванні ў галіне міжнароднага публічнага права, канстытуцыйнага права Беларускай ССР і гісторыі дзяржавы і права Беларусі.

У якасці члена дэлегацыі БССР прымаў удзел у працы Канферэнцыі ААН па правапераемстве дзяржаў у дачыненні дагавораў (Вена, 1977) і Канферэнцыі ААН па марскім праве (Жэнева — Нью-Ёрк, 1979). Быў адным з распрацоўшчыкаў Канстытуцыі незалежнай Беларусі.

Алег Молчан (26 кастрычніка)

Фота: sb.by

Міжнароднае прызнанне беларускі кампазітар здабыў у перыяд супрацоўніцтва з ансамблем «Песняры» і яго мастацкім кіраўніком, народным артыстам Беларусі Уладзімірам Мулявіным, які высока цаніў талент кампазітара і адмыслова для яго ўвёў пасаду музычнага кіраўніка ансамбля.

Для «Песняроў» Алег Молчан напісаў песенныя цыклы «Вянок», «Ave Solе, Або Словы Скарыны» і мноства папулярных песень: «Стася», «Маргарыта», «Мілая жанчына», «Падмані мяне», «Кума», «Юнацтва » і іншыя.

Сапраўдным духоўным гімнам Беларусі стала песня Алега Моўчана на вершы Янкі Купалы «Малітва», якая ўпершыню прагучала ў выкананні Уладзіміра Мулявіна, а затым неаднаразова выконвалася на самых ўрачыстых і важных дзяржаўных мерапрыемствах, у тым ліку падчас акцыі «Малітва за Беларусь» у 2015 годзе з удзелам Прэзідэнта Беларусі.

Анатоль Дзялендзік (29 лістапада)

Анатоль Дзялендзік нарадзіўся 4 сакавіка 1934 года. Атрымаў медыцынскую адукацыю і 11 гадоў працаваў урачом псіхіятрычнай клінікі. Скончыў таксама Літаратурны інстытут імя А.М.Горкага ў Маскве. У тэатрах было пастаўлена каля 30 яго п'ес. Працаваў над гістарычным фільмам "Анастасія Слуцкая", які атрымаў 17 прызоў на міжнародных кінафестывалях, у тым ліку ў ЗША і Кітаі.

Уладзімір Цыплакоў (14 снежня)

Фота: hockey.by

Той выпадак, калі спартсмен быў вядомы далёка па-за межамі гэтай сферы. Тройчы найлепшы хакеіст Беларусі.

Цыплакоў правёў 331 матч у НХЛ за «Бафала Сэйрбз» і «Лос-Анджэлес Кінгз», таксама выступаў за мінскія «Дынама» і «Юнацтва», яраслаўскае «Тарпеда», казанскі «Ак Барс» і маскоўскі ЦСКА. У складзе маладзёжнай зборнай СССР Уладзімір выйграў чэмпіянат свету-1989 г., у форме зборнай Беларусі ўдзельнічаў у двух Алімпіядах і шасці чэмпіянатах свету.

Захар Кудзін (29 снежня)

Фота: facebook.com

Кудзін, якому было 33 гады, з'яўляўся прадстаўніком маладога пакалення сучаснага беларускага мастацтва. Ён аўтар маштабных работ, выкананых у экспрэсіўнай манеры.

Захар правёў пяць персанальных выстаў. Акрамя Беларусі, выстаўляў свае работы ў ЗША, Польшчы, Германіі, Кітаі.

Работы Кудзіна знаходзяцца ў прыватных калекцыях Еўропы, Азіі і Амерыкі.

Ён быў наймаладзейшым мастаком, чыя праца захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».