Вы тут

Прэзідэнт: Беларусь будзе штогод праводзіць Венскі баль


Сення адбыўся першы ў гісторыі Беларусі

Сёння працоўную рэзідэнцыю Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі не пазнаць: яна ператварылася ў сапраўдны венскі палац. Да таго ж, святочны палац — гэта не толькі ўпрыгожанае навагодняе дрэва, пышныя ложы, доўгія сукенкі дам, станістыя кавалеры і Прэзідэнцкі аркестр, але і месца, дзе пануе непадроблены казачны настрой. Калі шчыра, ён адчуваецца нават у прэс-цэнтры... Што ж, шматлікія рэпетыцыі не прайшлі дарма.


Па традыцыі баль адкрыўся паланэзам дэбютантаў, пасля якога Прэзідэнт пакінуў ложу, каб асабіста павітаць удзельнікаў вечара. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дзякуючы ім у зале правяць маладосць, талент і прыгажосць. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што год таму напярэдадні навагодніх святаў у Палацы Незалежнасці адбыўся першы беларускі баль. Так адрадзілася адна з самых прыгожых танцавальных традыцый, блізкая для беларусаў, якія на працягу многіх стагоддзяў жылі і развіваліся ў самым сэрцы агульнаеўрапейскай культуры.

«Ва ўсе часы палацы з’яўляліся цэнтрам палітычнага і свецкага жыцця, дзе мастацтва на самым высокім узроўні суправаджала многія пратакольныя мерапрыемствы. І ў сучасным свеце яно адыгрывае вялікую ролю, у міжнароднай дыпламатыі асабліва, адкрывае новыя магчымасці для ўмацавання дружалюбных сувязяў паміж народамі і цэлымі дзяржавамі. Вось і сёння, выконваючы пераемнасць праверанага часам палітычнага этыкету, мы праводзім у нашым Палацы першы ў гісторыі сучаснай Беларусі Венскі баль. Але прашу зазначыць — гэта працяг той слаўнай традыцыі, якую мы з вамі адкрылі летась. У яго класічнай, вытанчанай атмасферы працягваем паспяхова пачаты двухбаковы дыялог з нашымі аўстрыйскімі сябрамі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён аддаў даніну павагі сусветна вядомай нематэрыяльнай культурнай спадчыне сяброўскай краіны, унесенай у спіс ЮНЕСКА. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць арганізатарам урачыстага вечара, звярнуўшы ўвагу на дабрачынную накіраванасць гэтага мерапрыемства.

Прэзідэнт перакананы, што і традыцыя дарыць запрашэнне ў Палац Незалежнасці лепшым прадстаўнікам адоранай моладзі краіны стане выдатным дадаткам класічных канонаў Венскага балю. Аляксандр Лукашэнка выказаў спадзяванне, што аўстрыйскія сябры не будуць супраць такіх навацый.

Лідар краіны назваў галоўным упрыгажэннем урачыстага вечара менавіта лаўрэатаў, пераможцаў і стыпендыятаў — несумненна, лепшых з лепшых. На Венскі баль у Палац Незалежнасці запрошаны студэнты і старшакласнікі, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, творчасці, спорце, навуковай і грамадскай дзейнасці, а таксама прадстаўнікі працоўнай моладзі. Сярод удзельнікаў балю — стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, уладальнікі стыпендый Прэзідэнта, удзельнікі рэспубліканскіх конкурсаў навуковых работ, пераможцы і лаўрэаты творчых міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, дыпламанты міжнародных навукова-практычных канферэнцый, прадстаўнікі валанцёрскага руху.

«Зараз я з вялікім задавальненнем гляджу на вас, юных, маладых зусім, шчаслівых, з вачамі, якія гараць, блішчаць, разумнымі і прыгожымі вачамі. На дзяўчат у цудоўных бальных сукенках, на юнакоў у фраках, парадных мундзірах. Я вельмі ганаруся — і вы гэта ведаеце — прыгажосцю нашага народа. Вы сёння ўвасабленне гэтага народу. Ведаю, што гэтая прыгажосць гарманічна спалучаецца з розумам, адукаванасцю і працавітасцю. Гэта тыя якасці, якімі славіцца беларуская нацыя. І гэта тыя якасці, якія робяць нас асаблівымі і адрозніваюць ад іншых народаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў: у Беларусі створаны ўсе ўмовы, каб раскрыць таленты моладзі.

«Пра што б вы ні марылі, куды б ні імкнуліся, не забывайце: мы — беларусы і краіна ў нас, радзіма ў нас адна. Захоўвайце сувязь з ёю. Памятайце, калі чалавек адрываецца ад сваіх каранёў, ён губляе глебу пад нагамі і, самае галоўнае, крыніцу духоўнай сілы. Наша Радзіма, вялікая і малая, менавіта тут. Мы пабудавалі і захавалі суверэнную дзяржаву. І каму, як не вам, надзеі нацыі, вызначаць вектар развіцця на будучыню бліжэйшую і аддаленую. Ад вашых памкненняў залежыць, якой будзе наша краіна ў будучыні», — звярнуўся да ўдзельнікаў балю Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што новы год беларусы сустракаюць з адкрытым сэрцам і ўпэўненасцю ў заўтрашнім дні. Год 2020-ы стане такім, якім зробім яго разам.

«Перакананы, жаданні, якія мы загадваем у гэтыя хвіліны, будуць служыць на карысць нашай Беларусі», — заключыў Аляксандр Лукашэнка.

 

 

 

 

І зноў закружыліся пары пад гукі аркестра. Прэзідэнт асабіста прыняў удзел у выкананні каралеўскага танца — венскага вальса. У бальнай карце у класічнай частцы запланавана полька, па-дэ-патынэр, галоп і паўночная кадрыля, а таксама гасцявыя нумары, майстар-клас па левабаковым вальсе і бальныя гульні «Паясок» і «Званочкі». Працягнуўся вечар адвольнай праграмай, у якую ўвайшлі ча-ча-ча, румба, самба, павольны факстрот, гасцявыя нумары і фінальная кадрыля у выкананні ўсіх гасцей балю, сярод якіх чыноўнікі, дыпламаты і дзяржупраўленцы.

Правядзенне Венскага балю ў Палацы Незалежнасці (раней разглядалася памяшканне ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы — «ЗВ») Прэзідэнт пракаментаваў падчас наведвання Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту ў снежні.

«Венцы з захапленнем гэта ўспрынялі — просяць паказаць па ўсёй Еўропе і ў свеце па тэлебачанні. Што такое Венскі баль? Гэта невялікае памяшканне — а ў нас як убачылі (зал урачыстых цырымоній — «ЗВ»)... Яны мне тры гады таму прапанавалі. Я адмовіўся зусім, як патрыёт сказаў: мы свой правядзем. І мы правялі. А зараз яны мне зноў прапануюць. Сказаў: ладна, давайце», — распавёў Прэзідэнт і падкрэсліў: вырашыў запрасіць венцаў туды, дзе праводзілася сустрэча ў «нармандскім фармаце».

«Галоўнае — гэта для нас, для нашай моладзі», — падкрэсліў тады Аляксандр Лукашэнка.


Беларусь-Аўстрыя — прыгожая пара

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аўстрыі ў Беларусі Алаізія Вёргетэр ад імя аўстрыйскай дэлегацыі ў падзячным слове прызнала, што аўстрыйскія традыцыі і любоў да прыгажосці і элегантнасці цудоўна прыжывуцца на беларускай зямлі.

«Мяне гэта не здзіўляе: дастаткова ўзгадаць імя Міхала Клеафаса Агінскага, які напісаў цэлы шэраг цудоўных паланэзаў, якімі адкрываюцца балі», — адзначыла Алаізія Вёргетэр.

Яна зрабіла Прэзідэнту Беларусі сімвалічны падарунак — крыштальны шар (што па-нямецку гучыць гэтак жа, як «баль») беларускай вытворчасці, напоўнены аўстрыйскімі цукеркамі «Моцарт». Пасол лічыць вельмі сімвалічнай камбінацыю беларускага і аўстрыйскага.

«Вельмі хацелася б, каб Венскі баль вяртаўся, зноў і зноў праходзіў у Мінску», — пажадала яна.

У адказ Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што Беларусь ад Венскага балю не адмовіцца і такое мерапрыемства будзе праводзіць штогод — з удзячнасцю аўстрыйскаму боку за дапамогу.

«Я вельмі рады, што вы сказалі, што заходнія традыцыі добра кладуцца на беларускую зямлю. Дзякуй вам за гэтыя добрыя словы. Я так і думаў, што рана ці позна гэтыя добрыя традыцыі лягуць у цэнтр нашай матулі-Еўропы», — адказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта падрыхтаваць фільм аб балі ў падарунак кожнаму ўдзельніку.

«Вы, асабліва моладзь, пішаце сваю гісторыю. І гэта будзе прыгожая старонка ў вашым жыцці, якую вы заўсёды зможаце паказаць сваім дзецям, унукам, блізкім, родным», — упэўнены лідар дзяржавы.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА і Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».