Вы тут

Што перашкаджае жыхарам магілёўскага дома мірна суіснаваць з камунальнікамі?


Карэспандэнт «Звязды» паспрабавала разабрацца, ад каго залежыць утульнасць нашых прыдамавых тэрыторый і чаму жыхары не задаволены дзеяннямі камунальнікаў

Магіляўчанін Юрый Сязёмін лічыць сябе чалавекам неканфліктным, але тут, як той казаў, накіпела. Ён патэлефанаваў у карпункт, каб паведаміць, што ўжо роўна год знаходзіцца з родным ЖЭУ № 12 у стане перманентнай вайны. Мужчына прапанаваў на прыкладзе свайго дворыка паказаць, што перашкаджае жыхарам мірна суіснаваць з камунальнікамі. Пакуль мы здзяйснялі з ім праменад па тым вельмі вялікім дворыку, да нас перыядычна падыходзілі людзі, каб падзякаваць Юрыю за прынцыповасць. Па іх словах, камунальныя праблемы звычайна пачынаюць вырашацца толькі тады, калі іх актывіст бярэцца за справу.


Было дрэва — стаў слуп

На­вош­та з дрэ­ва зра­бі­лі слуп?

Ну вось я і на месцы — каля дома № 30 па бульвары Непакораных. Пакуль чакаю заяўніка, аглядаю тэрыторыю. На першы погляд, дастаткова ўтульна. Але з'яўляецца Юрый і пачынае «адкрываць» мне вочы. Першае, з чаго мы пачынаем агляд, — гэта дрэва. Дакладней, тое, што ад яго засталося. Калісьці яно, напэўна, было ўпрыгажэннем двара, але цяпер, прабачце, гэта слуп.

— Дрэва абрэзалі летась восенню, і вясной на ім не з'явілася ніводнага лісточка, — кажа мой гід. — Бачыце, як пачарнела, хутчэй за ўсё, загіне. На ім нават грыбок вырас. Я напісаў скаргу наконт гэтага, а мне паведамілі, што ўсё нармальна. Маўляў, абрэзкай займаюцца кваліфікаваныя спецыялісты, і ўсё зроблена згодна з нарматывамі. Гэта, лічу, здзек. Прычым такіх дрэў я магу вам паказаць у нашым раёне каля дзясятка.

Страсці вакол кантэйнернай пляцоўкі

Смет­нік пе­ра­ехаў на аў­та­ста­ян­ку?

Непадалёк ад дрэва-слупа засталіся сляды нядаўняй кантэйнернай пляцоўкі.

— Па нарматыве пляцоўка для смецця павінна быць не бліжэй чым за 20 метраў ад дома, — здалёк пачынае Юрый Сямёнавіч. — Я замераў: ад майго дома № 30 да яе было 23 метры, ад суседняга № 32 — 25. Але пляцоўку ўсё роўна ліквідавалі. Цяпер ад дома да найбліжэйшага сметніка і назад мне трэба прайсці амаль паўкіламетра — 200 метраў у адзін бок і столькі ж у другі. Я лічу сябе здаровым чалавекам, але ў пад'ездзе жывуць людзі, якія не могуць спусціцца па лесвіцы, не тое што прайсці паўкіламетра, каб выкінуць свае адходы.

Шукаю вачыма, дзе тое месца, куды «пераехаў» сметнік, і не бачу. Юрый Сямёнавіч прапануе правесці. Сапраўды, не блізкі свет. Але дамы, здаецца, размешчаны яшчэ бліжэй, побач прадуктовая крама, за пару метраў ад бакаў стаіць машына. Але кантэйнеры заглыбленыя, і, як кажуць спецыялісты, там існуюць зусім іншыя нормы. Людзям з аддаленых дамоў хадзіць сюды сапраўды не вельмі зручна. Але іх абурае, што пляцоўку перанеслі без іх на тое згоды — проста паставілі перад фактам. Сапраўды, каму такое спадабаецца? Нядаўна ва ўсіх дзевяціпавярховіках былі смеццеправоды проста ў пад'ездах, а тут яшчэ трэба дайсці да таго кантэйнера. З крамы, што побач са сметнікам, выходзіць жанчына, і я прашу яе падзяліцца думкамі наконт кантэйнернай пляцоўкі.

— Гэта нейкае пакаранне, насіць смецце так далёка ад дома, — кажа яна. — А бывае, нешта тэрмінова трэба выкінуць, а спецыяльна бегчы на сметнік не па дарозе. Людзі пачынаюць выстаўляюць усё гэта ў пад'езд на агульныя пляцоўкі. Пах — самі ўяўляеце. Але нас камунальнікі не чуюць.

Сцяжынка спатыкання

Ад дома № 30 чорнай стужкай перасякае двор вузкая асфальтаваная сцяжынка. Вунь па ёй кудысьці пабег хлопчык, а насустрач яму павольна прайшлася маладая жанчына з каляскай. Яны, напэўна, не ведаюць, што гэты камфорт існуе тут таксама дзякуючы намаганням Юрыя Сезёміна.

— Гэта наша дарожка да крамы, — кажа ён. — Першапачаткова яна была выкладзена з вялікіх пліт, але летам іх прыбралі. Прыблізна ў той жа час пачалося будаўніцтва дарожкі ад школы ў наш бок, але там таксама замарозілі працэс. Як мне растлумачылі, працяг прадугледжаны планам добраўпарадкавання на наступны год. Паскарэнне работам надалі звароты актыўнага жыхара ў розныя інстанцыі, у тым ліку гарвыканкам і КДК. Адразу ж закіпела справа, і ўсе дарожкі былі зробленыя.

Дзе гуляць сабакам?

Для Юрыя Сязёміна гэта зараз пытанне нумар адзін. Як ён сцвярджае, сабак выгульваюць нават на... школьным стадыёне. І, каб не быць галаслоўным, дэманструе фота. Вокны яго кватэры выходзяць менавіта на гэты самы стадыён, таму не давяраць словам Юрыя нельга. Камунальнікі вельмі своеасабліва прарэагавалі на нараканні жыльца. Якраз пад яго вокнамі я налічыла аж чатыры шыльдачкі, што выгул сабак забаронены. Пакуль іх разглядвала (а яны знаходзяцца дастаткова высока ад зямлі), падышла жанчына.

— Наш Сямёнавіч малайчына, — заўважыла яна. — З дарожкамі парадак навёў — хадзілі па калена ў гразі, а цяпер стала цывілізавана. Я і сама часам указваю на нешта нашым майстрам, але толку мала. Ды і мяняюцца яны ў нас вельмі часта. З сабакамі таксама трэба нешта рабіць. Я не супраць таго, каб іх трымалі, але ж павінна быць дысцыпліна. За сваім любімцам трэба прыбіраць. Плюс адвесці спецыяльнае месца для іх выгулу.

Спакой нам толькі сніцца

Ка­му­наль­ні­кі пі­шуць, што ўсё лік­ві­да­ва­на, а пра­ку­ра­ту­ра зна­хо­дзіць па­ру­шэн­ні.

— Я доўга маўчаў наконт такой работы камунальнікаў, а потым — як прарвала, — прызнаецца Юрый Сямёнавіч. — Напісаў у аблвыканкам, а мне адпіску далі на дзевяці старонках. Звярнуўся ў пракуратуру, і высветлілася, што ёсць парушэнні. Дзе логіка?

— І так ва ўсім, — бядуе суразмоўца і прыводзіць прыклад крыху на іншую тэму. Рэч у тым, што ён трэнер па каратэ-до і займаецца са сваімі выхаванцамі на спартыўнай пляцоўцы, што ў парку 60 гадоў Кастрычніка. Пляцоўка была старая, яшчэ савецкіх часоў, але рабочая. Аднойчы спартсмены прыйшлі, а спартыўных снарадаў няма.

— Стаў шукаць канцы і трапіў на прыём да мэра, — кажа мужчына. — На ім прысутнічалі ўсе спецыялісты па маім пытанні. Сталі казаць пра тое, што гарадок знеслі ў мэтах бяспекі, маўляў, стары быў. І тады я ім паказаў фота з 10-сантыметровымі металічнымі «пянькамі», якія засталіся ад зрэзаных спартыўных снарадаў. Мэр загадаў вярнуць спартыўны гарадок. Яго вярнулі, але ўсё зрабілі па прынцыпе — адчапіцеся. А нядаўна зноў пачалі разбураць тое, што аднавілі, і мне нічога іншага не застаецца, як зноў ісці па кабінетах.

P.S.

На жаль, вельмі часта погляды жыхароў і камунальнікаў на тое, як павінен выглядаць жылы двор або пад'езд дома, не супадаюць. Можна глядзець на гэта па-філасофску, як Амар Хаям. Памятаеце? «В одно окно смотрели двое. Один увидел дождь и грязь. Другой — листвы зеленой вязь, весну и небо голубое. В одно окно смотрели двое». Але ёсць і прынцыповыя пытанні. Мяне, напрыклад, абурыла, што ў пад'ездзе дома № 30 па бульвары Непакораных, дзе жыве Юрый Сязёмін, наогул адсутнічала святло. На ўваходзе было так цёмна, што я нават уключыла ліхтарык у сваім мабільніку. Мужчына растлумачыў, што на такія «дробязі» жыльцы, у тым ліку і ён, ужо наогул не звяртаюць ніякай увагі. Маўляў, прывыклі. Як на мяне ж, гэта недапрацоўка ЖЭУ, якое не клапоціцца пра бяспеку сваіх жыльцоў. Бо пра эканомію ў такіх пытаннях казаць проста некарэктна.

Максім Лісоўскі, намеснік дырэктара па добраўпарадкаванні Кастрычніцкага ЖРЭУ Магілёва:

Сёння фінансаванне абмежаванае, і добраўпарадкаваннем дворыкаў, а таксама ўстаноўкай там гульнявога абсталявання, мы займаемся разам з жыхарамі. Праводзім сходы і высвятляем, наколькі людзі гатовыя ўдзельнічаць у сафінансаванні. Ёсць вельмі добры прыклад па вуліцы Крупскай, 210, дзе жыхары сабралі грошы на абсталяванне. Перад гэтым яны выбралі старшага па доме, і ён займаўся зборам грошай. А ЖЭУ дапамагло жыхарам з набыццём і ўстаноўкай. Актыўныя жыхары — першыя нашы памочнікі. Дарэчы, у Юрыя Сязёміна ёсць усе даныя, каб стаць старшым па доме. Абавязкова прапануем яму гэтую грамадскую пасаду. Яго сігналы мы бяром на кантроль. У двары дома № 30 па бульвары Непакораных сапраўды ёсць дрэва, якое было абрэзана і засохла. Плануем вясной падчас суботніка з удзелам жыльцоў зрабіць кампенсацыйную пасадку. Што датычыцца кантэйнернай пляцоўкі, то мы яе толькі абслугоўваем. А рашэнне, дзе яна павінна быць, прымала Спецаўтапрадпрыемства. Там бяруць за аснову свае нарматывы. Напэўна, прадпрыемства палічыла перанос пляцоўкі ў іншы канец двара найбольш аптымальным рашэннем.

Што датычыцца стыхійнага выгулу сабак, то майстар там тройчы арганізоўвала рэйд, але безвынікова. Тым не менш калі такі факт будзе зафіксаваны, віноўнікам на гэта абавязкова ўкажуць. Ёсць спецыяльна зацверджаныя адміністрацыяй раёна пляцоўкі для выгулу сабак. Найбліжэйшая ад бульвара Непакораных — гэта пустка паміж Спаса-Праабражэнскім храмам і аўтастаянкай па вуліцы Габраўскай.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Разважанні вакол аднаго магілёўскага дворыка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Цяпер ледзь не ў кожнай вёсцы можна сустрэць былых гараджан.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра стасункі, армію і падарункі.