Вы тут

Яшчэ адну кнігу Мойшэ Кульбака можна прачытаць па-беларуску


Самы, як кажуць, «еўрапейскі» паэт і пісьменнік з Беларусі, які нарадзіўся ў Смаргоні, жыў то ў Мінску, то ў Вільні, то ў Берліне, то зноў у Мінску і загінуў у ноч расстраляных паэтаў, усё больш вяртаецца ў беларускую прастору. Гэтым разам — з перакладам на беларускую мову з ідыш першай празаічнай спробы Мойшэ Кульбака «Месія з роду Эфраіма», які 20 снежня быў прадстаўлены ў мінскім доме кнігі «Светач».


Раман быў напісаны ў 1922 годзе, выдадзены ў 1924-м і дагэтуль беларускаму чытачу вядомы мала, бо, хоць ён і перакладзены на больш чым пяць моў, ніколі не выходзіў на якой-небудзь з даступных у Беларусі. Выправіць сітуацыю ўзяліся перакладчык Сяргей Шупа і выдавецтва «Янушкевіч».

У рамане «Месія з роду Эфраіма» трыццаць шэсць таемных прапаведнікаў на пачатку ХХ стагоддзя рыхтуюць свет да прыходу Месіі, але адбываецца гэта не ў Ерусаліме, што б адпавядала традыцыі эсхаталагічнай літаратуры, а ў беларускіх лясах і мястэчках. Трэба асобна адзначыць, што 26-гадовы пісьменнік хоць і жыў тады ў Берліне, можна сказаць, культурнай сталіцы свету, дзе знаходзіўся сярод інтэлігенцыі і камунікаваў са знакавымі літаратурнымі постацямі таго часу, пісаў усё адно пра Беларусь.

Час, у які Мойшэ Кульбак напісаў свой першы раман, быў у пэўным сэнсе «апакаліптычны»: свет адыходзіў ад Першай сусветнай вайны (Кульбаку давялося жыць у Мінску пад нямецкай акупацыяй), а беларуская прастора — ад Кастрычніцкай рэвалюцыі, што наклала свой адбітак на фантасмагарычны твор, які «абапіраецца на старадаўні яўрэйскі фальклор, містычнае вучэнне кабалы, модную філасофію, дух беларускай прыроды і сваю багатую паэтычную фантазію».

«Паводле колькасці перакладаў, перадусім у Еўропе, паводле аб'ёму вывучэння, паводле навуковых артыкулаў і манаграфій, прысвечаных літаратуры ў цэлым, літаратуры 1920-х, літаратуры ў Нямеччыне, літаратуры экспрэсіянізму і іншым літаратурным тэмам, Мойшэ Кульбак з'яўляецца, мабыць, самым вядомым у Еўропе і свеце пісьменнікам Беларусі міжваеннага перыяду. Ніхто нават з нашых класікаў — Купала, Колас альбо Гарэцкі, напэўна, найбліжэйшы Кульбаку па пакаленні, яны і жылі блізка адзін ад аднаго, — не можа зраўнавацца з Кульбакам па, як кажуць, індэксе цытавання, — сказаў на прэзентацыі Сяргей Шупа. — Думаю, прыйшоў час нарэшце вярнуць пісьменніка Беларусі, дзе ён нарадзіўся і памёр».

Кульбак з'яўляецца адным з тых беларускіх аўтараў, якія трагічна загінулі праз сталінскія рэпрэсіі, — ён быў расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, а яго жонка Зэльда Кульбак хутка была асуджана як член сям'і ворага народа на восем гадоў лагераў.

Кнігу «Месія з роду Эфраіма» можна набыць у сетцы кнігарняў «Белкніга», у тым ліку ў абласных цэнтрах, «Акадэмкнізе», кнігарні «Цэнтральная», Кнігарні Логвінаў, інтэрнэт-краме выдавецтва «Янушкевіч», іншых звычайных і інтэрнэт-крамах.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Чакаецца прыход Месіі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.