Вы тут

Падпісаны мемарандум аб прадухіленні дзіцячага траўматызму


Летась, выпаўшы з акна, у Беларусі загінулі сямёра дзяцей, сёлета — пяцёра. 80 % малых, якія паляцелі з вышыні, паміраюць яшчэ да прыезду хуткай дапамогі, а многія атрымліваюць сур’ёзныя траўмы, нават зваліўшыся з першага паверха. І адбываецца гэта праз нядбаласць і недагляд бацькоў, да якіх тлумачэнні, папярэджанні і ўшчуванні пра бяспечнае праветрыванне чамусьці даходзяць вельмі марудна. Вытворцы святлопразрыстых канструкцый даўно прыдумалі спецыяльныя замкі і прылады, каб фіксаваць створку, а некаторыя нават прапанавалі пры продажы вокнаў бясплатныя ручкі з замкамі, ды людзі найчасцей адмаўляліся. Маўляў, навошта яна мне, дзяцей няма, а тут ключ з акна тырчаць будзе, непрыгожа...


Непрыродныя ўмовы жыцця

Адукоўваць дарослых, як ствараць малым бяспечнае дзяцінства ў кватэрах і дамах, набываючы вокны з убудаванымі сістэмамі бяспекі ці адпаведна мадэрнізуючы існуючыя, а вытворцаў абавязаць вытрымліваць тэхнічныя патрабаванні да запорных сістэм у канструкцыях на заканадаўчым узроўні — гэта асноўныя мэты «Мемарандума аб сумесных дзеяннях па прадухіленні выпадкаў дзіцячага траўматызму ў выніку выпадзення з вокнаў». Яго з ініцыятывы ЮНІСЕФ і Міністэрства аховы здароўя падпісалі 20 ведамстваў краіны, сярод якіх Мінжылкамгас, Мінінфарм, канцэрн «Беллеспаперапрам» і 20 прыватных кампаній па вытворчасці вокнаў.

— Задача дарослых — зрабіць свет больш бяспечным, бо кожнае страчанае дзіцячае жыццё — гэта катастрофа, — упэўнены Уладзімір КАРАНІК, міністр аховы здароўя. — Свет вельмі хутка мяняецца, і чалавек цяпер жыве не ў тых умовах, якія раней былі прадугледжаны прыродай. У натуральным асяроддзі мы ніколі не перамяшчаліся на такой вышыні, не рухаліся з такой хуткасцю, не асвойвалі раёны, дзе людзі жывуць цяпер. Дзіцячы дапытлівы розум не ў стане ацэньваць рызыку і небяспеку. Задача дарослых — прадбачыць і пазбягаць гэтай рызыкі падчас праектавання і будаўніцтва, а таксама вучыць дзяцей правілам бяспечнай жыццядзейнасці.

Ігар БУЗОЎСКІ, намеснік міністра інфармацыі, падкрэсліў важнасць агульнай справы па абароне дзяцей ад траўматызму, распачатай бізнесам і дзяржавай:

— Сацыяльны бізнес — не пустыя фразы. Прадстаўнікам гэтага сектара нячаста даводзіцца дзякаваць, таму тым больш значна, што прадстаўнікі бізнесу падтрымалі ініцыятыву. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што ў Беларусі застаецца важным прыярытэтам жыццё людзей, у першую чаргу дзяцей, і шмат увагі ўдзяляецца яго захаванню. І важна, што гэтыя праекты рэалізуюцца тут, у цэнтры.

Адзін з вытворцаў вокнаў, кампанія «Панарама», падарыў цэнтру «Маці і дзіця» сертыфікат на ўстаноўку замкоў, блакіратараў і іншых сістэм аконнай бяспекі.

«Дзіцячыя замкі» і бацькоўская адукацыя

Мемарандум быў падпісаны ў Мадэльным цэнтры па навучанні бацькоў асновам бяспечнай жыццядзейнасці дзяцей, які знаходзіцца ў РНЦП «Маці і дзіця». Тутэйшыя спецыялісты дапамагаюць бацькам вызначыць небяспечныя зоны ў памяшканнях, вучаць іх бяспечнаму догляду малых і расказваюць пра рызыку і наступствы дзіцячага траўматызму.

— Гэтая ініцыятыва — працяг работы па адказным бацькоўстве, якую мы вядзём з рознымі беларускімі цэнтрамі, — заўважыў старшыня Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь Рашэд Мустафа САРВАР. — У Беларусі ў межах праекта створана ўжо дзесяць такіх цэнтраў у сталіцы і абласных цэнтрах. У найбліжэйшы час адкрыецца яшчэ сем падобных устаноў: у Мінску, тры ў Брэсцкай вобласці і два ў Гомельскай.

— Мы выкарыстоўваем самыя сучасныя тэхналогіі, каб дапамагчы дзіцяці нарадзіцца і захаваць жыццё і здароўе яго маці, аднак наша задача — і суправаджаць гэтае дзіця да дарослага жыцця. Мы аналізуем усе рызыкі, якія існуюць, праводзім сумесныя акцыі з ДАІ, робім прышчэпкі, а цяперашняя кампанія прысвечана бяспецы вокнаў. І сярод мерапрыемстваў мемарандума будзе абавязковая ўстаноўка вокнаў з «дзіцячымі» замкамі, — падкрэсліў міністр аховы здароўя.

Ён заклікаў выкарыстоўваць пры будаўніцтве і рамонце вокны з адпаведнымі прыладамі, якія зробяць іх бяспечнымі для дзяцей, нагадаўшы, што вытворцам канструкцый ні ў якім разе нельга праз гэта падымаць кошт прадукцыі.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».