Вы тут

Жадаючыя скасаваць шлюб будуць абавязаныя сустрэцца з медыятарам


Суды і загсы будуць абавязаны накіроўваць пары, якія жадаюць скасаваць шлюб, на папярэднюю сустрэчу з медыятарам. А спрачальнікі змогуць у любы момант судовага працэсу перапыніць яго і звярнуцца да медыятара. Гэтыя і іншыя змены ў закон «Аб медыяцыі» акрэслілі спецыялісты.


Фота: pixabay.com

Медыяцыя мае на мэце некалькі асноўных прынцыпаў. Перш за ўсё — добраахвотнасць, жаданне абодвух бакоў распачаць дамаўленне, а таксама магчымасць у любы момант адмовіцца ад працэсу. Роўнасць удзельнікаў — ні ў кога з бакоў канфлікту няма пераваг, і лёс спрэчкі залежыць ад саміх варагуючых. Канфідэнцыяльнасць — уся інфармацыя не падлягае агалосцы без дазволу і ведама ўдзельнікаў медыяцыі. Бесстароннасць і незалежнасць медыятара, мэта якога — садзейнічаць канфліктуючым у самастойным урэгуляванні канфлікту.

— У медыяцыі няма пераможцаў і пераможаных. Абодва бакі вырашаюць спрэчную сітуацыю ўзаемавыгадна. Пры гэтым медыяцыя дазваляе ім захаваць добрыя партнёрскія адносіны і супрацоўніцтва ў далейшым. Медыяцыя дапамагае таксама захаваць час і грошы ўдзельнікаў. Медыятыўныя пагадненні, як правіла, рэалізуюцца на практыцы, — расказаў пра асноўныя перавагі выкарыстання медыяцыі Мікалай СТАРАВОЙТАЎ, намеснік міністра юстыцыі.

Прапанаваны законапраект са зменамі прыняты дэпутатамі ў другім чытанні Палат прадстаўнікоў шостага склікання і адобраны Саветам Рэспублікі, таму спецыялісты спадзяюцца, што новаўвядзенні ў хуткім часе будуць прынятыя канчаткова.

Сярод адобраных змен — замацаванне ў Кодэксе аб шлюбе і сям'і агульнага палажэння, якое абавязвае суды і загсы тлумачыць парам, што падаюць заяву на скасаванне шлюбу, іх права на ўдзел у інфармацыйнай сустрэчы з медыятарам, удакладніў намеснік міністра:

— Падчас сустрэчы медыятар павінен растлумачыць сужэнцам правілы правядзення медыяцыі, правы і абавязкі бакоў і прававыя наступствы заключэння медыятыўнага пагаднення. Такі падыход ужо апрабіравалі ў загсах сталіцы, і ён пацвердзіў сваю эфектыўнасць для захавання сямейных адносін.

Акрамя таго, у кодэксе замацоўваецца палажэнне, якое прадугледжвае прымяненне медыяцыі па спрэчках, што вынікаюць са шлюбна-сямейных адносін. У шлюбным дагаворы паміж сужэнцамі (а таксама былымі мужам і жонкай) можна ўказаць віды спрэчак, якія могуць быць урэгуляваны з дапамогай медыяцыі ці трацейскіх судоў.

Плануецца таксама ўніфікацыя грамадзянскага і гаспадарчага працэсу падчас працэдуры медыяцыі.

Падчас грамадзянскага судаводства варагуючыя бакі могуць хадайнічаць аб перапыненні працэсу і звярнуцца да медыятара.

— Суды ў гэтым выпадку змогуць пакінуць іск без разгляду, а спрачальнікі падчас працэдуры медыяцыі — выйсці за межы іскавых патрабаванняў. Пры гэтым вяртаецца заплачаная дзяржаўная пошліна, — падкрэсліў Мікалай Старавойтаў.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Цяпер ледзь не ў кожнай вёсцы можна сустрэць былых гараджан.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра стасункі, армію і падарункі.