Вы тут

Дождж на Каляды. Час прыдумляць новыя сімвалы і традыцыі?


Паводле народных прыкмет, снег на Каляды абяцае багаты ўраджай збожжавых, а марозная ноч ды зорнае неба сведчаць пра тое, што ўлетку будзе шмат ягад і грыбоў. Што азначаюць плюс пяць у калядную ноч, туман калядным ранкам і лівень калядным днём — пра гэта фальклор маўчыць. Не было такога ў часы, калі прыкметы як вынік шматгадовых назіранняў нараджаліся. Таму застаецца толькі гадаць і спадзявацца, што дождж на Каляды — гэта ўсё ж да ўраджаю, бо, калі разабрацца, гэта той жа снег, толькі не замерзлы.


Але пагадзіцеся — адчуванне свята, блізкага чараўніцтва няма. Здаецца, прачынаешся з навагоднім настроем, глянеш у акно — і ўвесь настрой змывае пануры снежаньскі дождж. І гэта пастаянная халодная золкасць, якая на вуліцы лезе пад любую, нават самую цёплую і шчыльна зашпіленую апратку і прабірае аж да самых касцей. Бр-рр!.. Уся бяда ў тым, што не толькі прыкметы на надвор'е, але і ўся калядна-навагодняя атрыбутыка, усе нашы дзіцячыя ўспаміны звязаныя менавіта са снегам і марозам. Глабальнае пацяпленне ўсё гэта парушыла, і Дзед Мароз і іншыя зімовыя персанажы, якія маршыруюць па лужынах пад парасонамі, — рэальная, але зусім непрывычная для нас карціна.

Апрывыкаць, мяркуючы па ўсіх апошніх тэндэнцыях, трэба. Ствараць новыя традыцыі, прыдумваць новыя прыкметы. Вучыцца весяліцца і чакаць цуду нават пад дажджом, ствараць святочны настрой сабе і тым, хто побач. Напэўна, калі-небудзь не ў нас, дык у наступных пакаленняў, якія проста не будуць ведаць, адкуль у месяца снежня такая назва, гэта атрымаецца. І на Раство ўсе будуць радавацца проста таму, што свята, а не пазіраць з надзеяй у неба, чакаючы, што кроплі замерзнуць і ператворацца ў нешта белае і пушыстае.

Такое хіба магчыма? Так, такое магчыма. Заходнія еўрапейцы, напрыклад, вельмі рэдка бачаць снег, а тэмпература зімой у іх увогуле не апускаецца да мінусавой. Але галоўны герой у іх — Санта (святы Мікалай) у зімовай вопратцы на санках. І ніякага дысанансу яны не адчуваюць.

Я некалькі гадоў назад падалася на Каляды ў Трыр — старажытны горад на мяжы Германіі, Францыі і Люксембурга — спецыяльна каб паглядзець, як яны без снегу свята адзначаюць. «Пашанцавала» — было плюс дзесяць, і ўсе дні не перастаючы ішоў дождж. Але на цэнтральнай плошчы цёмным халодным вечарам на ўсю моц віраваў кірмаш, на якім прадавалі каляднае імбірнае печыва, налівалі духмяны глінтвейн у адмысловыя чырвоныя кубачкі (яны былі ў форме чаравічка з намаляваным на іх святочным сюжэтам), які ўсе пілі за столікамі прама на вуліцы, і ніхто не спяшаўся схавацца пад бескарысныя па сутнасці «грыбкі», і кроплі з неба звонка хлюпалі проста ў кубкі, распырскваючы чырвонае пітво. Граў жывы аркестр — музыкі не хаваліся пад нейкім дахам, а шчыра дзьмулі ў свае трубы, крыху моршчачыся ад дажджу, калі ён трапляў на твар. Круціліся стракатыя каруселі, распырскваючы вакол сябе ваду, і на іх рагаталі дзеці і дарослыя, і зусім не звярталі ўвагі на тое, што і курткі, і штаны ўжо даўно прамоклі...

Але самай «фішкай» быў наш паход на начную калядную службу. Машыны ў нас у той дзень не было, грамадскі транспарт перастаў хадзіць ужо пасля абеду (назаўтра, 25-га, ён не працаваў увогуле). Ісці да гістарычнага цэнтра, дзе ў старажытным саборы і адбывалася дзейства, калі па дарозе, дык кіламетраў дзесяць. Прычым цэнтр унізе, у даліне ракі, а сучасны раён, дзе мы спыніліся, — на даволі крутым узгорку. Можна было выклікаць таксі, але... Сябар, які нарадзіўся ў гэтых мясцінах, упэўнена заявіў: пойдзем напрасткі, я ведаю дарогу. Карацей, пайшлі. Па хмызах, у цемры, па вузкай казінай сцежцы, па крутым схіле, пад дажджом. Колькі раз кожны з нас паслізнуўся, паваліўся і праехаў па слізкім глеі на пятай кропцы, мы нават і не лічылі. Але калі стомленыя, шчаслівыя, мокрыя і месцамі брудныя дабраліся да сабора, служба там толькі пачыналася. І гэта было так велічна і прыгожа, і так урачыста іграў арган, і такія дзівосныя гукі ад яго і ад спеваў несліся пад скляпенні аднаго з самых старых у Еўропе храмаў (яго ніжняя частка — яшчэ ад палаца Святой Алены, так, так, той самай, з ІV стагоддзя)... Карацей, экстрэмальны паход быў таго варты.

Пасля сабраліся дома за вялікім сталом, у гасцёўні палаў камін, было імбірнае пячэнне, калядная гарбата, адмысловы цёмна-сіні сервіз і цукар у выглядзе пакрышаных ледзяшоў. Былі ўзаемныя падарункі і ціхая цёплая размова. Дождж барабаніў па даху тэрасы, а гаспадыня шчасліва ўсміхалася і казала, што Раство ўдалося як ніколі...

Ад'язджала я адтуль перад Новым годам з цвёрдым перакананнем, што свята ад надвор'я не залежыць. Але калі прызямліліся ў Каўнасе ў суцэльную завею, а па дарозе на Мінск яна ператварылася ў моцны, але спакойны снегапад, — сэрца напоўнілася такой лікуючай радасцю, з якой не маглі параўнацца нават гукі аргана ў саборы Святой Алены...

...Ведаеце, што я рабіла сёлета 25 снежня, калі сышлі госці? Пад гукі дажджу, які нахабна барабаніў у шыбу, я сартавала пластыкавае смецце, якога назбіраўся цэлы вялікі пакет. Здымала з бутэлек этыкеткі, якія не падлягаюць перапрацоўцы, адкручвала коркі, разглядала пад лупай нумары на іх, каб адабраць тыя, якія можна здаць асобна... У асабістым маштабе старалася зрабіць лепшай экалогію, спыніць глабальнае пацяпленне, вярнуць у Беларусь снег у снежні...

Усё роўна больш не было чаго рабіць — не ісці ж такой слатой на вуліцу. А радавацца дажджу на Каляды мы пакуль не ўмеем. Ці навучымся калі?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв'ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.