Вы тут

Якія задачы пастаўлены перад сталічным дэпутацкім корпусам?


Старшыня Савета Рэспублікі працягвае знаёмства з дэпутацкім корпусам рэгіёнаў. Чарговая сустрэча Наталлі Качанавай адбылася на сесіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў.


Парадак дня сесіі быў даволі насычаны: 15 пытанняў, і ўсе ў той ці іншай ступені датычыліся жыхароў сталіцы ў наступным годзе. Ключавымі пытаннямі сталі прыняцце бюджэту і інвестыцыйнай праграмы на 2020 год. Наталля Качанава ўзяла актыўны ўдзел у абмеркаванні гэтых чыста эканамічных дакументаў. Яе заўвагі, парады, заявы і нават патрабаванні былі з сацыяльным падтэкстам. Напрыклад, аб тым, што ніхто з працаўнікоў бюджэтнай сферы налета не павінен атрымліваць меншую зарплату, чым у 2019 годзе. Гэтае пытанне Наталля Качанава рэкамендавала дэпутатам вельмі жорстка кантраляваць і рашуча абвяргаць чуткі пра нібыта маючае хутка адбыцца змяншэнне заробкаў. Як і беспадстаўныя і нават шкодныя (інакш не скажаш) размовы пра тое, што дэкрэтны адпачынак скароцяць да двух гадоў.

Вядома, пагадзілася яна, у аснове ўсяго ляжыць эканамічнае развіццё. Бо напаўненне бюджэту, а значыць, і вырашэнне сацыяльных пытанняў, залежыць ад эфектыўнай работы прадпрыемстваў. Калі яны працуюць паспяхова, значыць, будзе сфарміраваны бюджэт, што дазволіць выконваць задачы, якія сёння стаяць перад Мінскам.

Па словах Наталлі Качанавай, 2020 год будзе вельмі насычаны. У першую чаргу гэта завяршэнне пяцігодкі. Наперадзе сур'ёзная работа па выкананні заданняў і прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. А тут яшчэ падрыхтоўка планаў на новае пяцігоддзе, святкаванне 75-годдзя Вялікай Перамогі і многае іншае.

Разам з тым спікер верхняй палаты парламента адзначыла, што пры ўсёй бясспрэчнай важнасці першачарговых эканамічных задач іх трэба вырашаць з абавязковым улікам надзённых клопатаў і патрэб жыхароў таго ці іншага мікрараёна. Гэта могуць быць перапоўненыя смеццевыя кантэйнеры на дваровых тэрыторыях, няякасныя прадукты харчавання ў крамах ці нешта іншае. Само сабой зразумела, што гараджан хвалююць капітальны рамонт жылфонду, будаўніцтва дашкольных устаноў і школ, развіццё інфраструктуры, стан інжынерна-транспартных камунікацый, добраўпарадкаванне і азеляненне гарадской тэрыторыі. На асаблівым кантролі павінны быць аб'екты звышнарматыўнага будаўніцтва, завяршэнне даўгабудаў, забеспячэнне жыллём шматдзетных сем'яў.

Таму, пры ўсёй разнастайнасці абавязкаў дэпутатаў, на думку старшыні Савета Рэспублікі, прыярытэтам іх дзейнасці быў і застаецца дыялог з грамадзянамі па праблемных пытаннях. Больш за тое, яна параіла дыялог актывізаваць. А для гэтага варта «ўключыцца ў работу па інфармаванні насельніцтва па пытаннях унутранай палітыкі, чуць людзей, быць уважлівымі да кожнага звароту», — сказала Наталля Качанава. Формы работы з насельніцтвам могуць быць розныя: прыёмы па асабістых пытаннях, прамыя тэлефонныя лініі і г. д. Таксама важнымі з'яўляюцца рэгулярныя сустрэчы з выбаршчыкамі ў калектывах і акругах.

Увагу спікер верхняй палаты парламента звярнула і на работу са сродкамі масавай інфармацыі. Тут у дэпутатаў гарсавета вялікія рэзервы і, шчыра скажам, ёсць відавочныя хібы. Наталля Качанава, здаецца, невыпадкова сказала пра актуальнасць своечасовага інфармавання насельніцтва праз сродкі масавай інфармацыі. Бо жыццё імкліва змяняецца, узнікаюць новыя пагрозы і выклікі.

Перад дэпутацкім корпусам стаіць важная задача аператыўна даводзіць да мінчан свежую і аб'ектыўную інфармацыю аб унутранай і знешняй палітыцы дзяржавы, у тым ліку і праз СМІ. І тут ёсць што сказаць людзям, яны павінны быць інфармаваныя праз дэпутатаў, упэўнена старшыня Савета Рэспублікі.

Тады можа зменшыцца колькасць зваротаў (а іх даволі шмат) жыхароў Мінска ў вышэйшыя органы ўлады краіны.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».