Вы тут

У 2020-м годзе Еўрапейская эканамічная камісія ААН мае намер правесці Форум мэраў


У 2020-м годзе Еўрапейская эканамічная камісія ААН мае намер правесці Форум мэраў, які закліканы забяспечыць унікальную магчымасць для абмену перадавым досведам па ключавых аспектах устойлівага развіцця гарадоў. Хоць рашэнне найбольш актуальных сучасных праблем, у тым ліку змяненне клімату, пагаршэнне стану навакольнага асяроддзя, пытанні сацыяльнай інтэграцыі, знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовых органаў улады. Прадстаўнікі гарадскіх адміністрацый Беларусі таксама імкнуцца да таго, каб іх голас быў пачуты ў міжнароднай супольнасці.


Удзельнікі сесіі ў Жэневе

Задачы маючага адбыцца Форуму мэраў абмяркоўваліся на нядаўняй 80-й сесіі Камітэта па гарадскім развіцці, жыллёвым будаўніцтве і землекарыстанні Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, якая прайшла ў Жэневе ў рамках Тыдня ўстойлівых гарадоў і штогадовага мерапрыемства «Кастрычнік у горадзе». Дарэчы, рэгіён Еўрапейскай эканамічнай камісіі з’яўляецца адным з найбольш урбанізаваных у свеце, дзе амаль дзве трэці насельніцтва пражывае ў гарадах. А таму гарадскія ўлады вымушаны штодня рэагаваць на выклікі, з якімі сутыкаюцца гараджане. Інакш кажучы, яны ў адпаведнасці са сваім статусам забяспечваюць рашэнні на месцах па ключавых пытаннях устойлівага развіцця.

— Лічу, што маючы адбыцца Форум мэраў здольны ўзбагаціць нашу практыку — практыку падтрымкі ўстойлівага гарадскога развіцця, жыллёвага будаўніцтва і землекарыстання, якія з’яўляюцца найважнейшымі аспектамі Парадку дня на перыяд да 2030 года, — адзначала на сесіі Выканаўчы сакратар Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН Вольга Алгаерава. Яна таксама падкрэслівала, што неабходны актыўны ўдзел усіх узроўняў улады — разам з грамадзянскай супольнасцю, прыватным сектарам і навуковымі коламі — для дасягнення Мэтаў у галіне ўстойлівага развіцця.

Чаму Форум мэраў у 2020-м годзе будзе, у прыватнасці, прысвечаны выпрацоўцы тых мераў, якія неабходныя ў сувязі са зменай клімату ў гарадах? Справа ў тым, што сёння гарады спажываюць больш за палову ўсёй энергіі планеты і вырабляюць 70 працэнтаў выкідаў парніковых газаў і адходаў. Але парадокс у тым, што, з’яўляючыся адной з асноўных прычын змены клімату, гарады таксама здзяйсняюць вырашальную ролю ў рэалізацыі амбіцыйных дзеянняў у галіне захавання клімату. Ўсё больш актуальным становіцца прасоўванне канкрэтных мераў па запаволенні глабальнага пацяплення і адаптацыі да наступстваў змены клімату.

Вядома, што Парадак дня ўстойлівага развіцця ўключае ў сябе мэту зрабіць гарады і населеныя пункты адкрытымі, бяспечнымі і жыццяздольнымі, якая мае на ўвазе забеспячэнне да 2030-га года ўсеагульнага доступу да інклюзіўных і зялёных грамадскіх прастораў. Вось чаму ў апошні час усё большая колькасць беларускіх гарадоў свядома становіцца на шлях менавіта такога развіцця, беручы на сябе абавязацельствы ў рамках розных міжнародных ініцыятыў.

Напрыклад, праект «Зялёныя гарады», які рэалізуецца ў Беларусі Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Мінпрыроды пры фінансавай падтрымцы Глабальнага экалагічнага фонду, падтрымлівае супрацоўніцтва з Еўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН, бо гэта сугучна тым рэкамендацыям, якія былі распрацаваны ў дзяржаве для «зялёнага» развіцця гарадскіх тэрыторый. Нядаўна, дарэчы, быў апублікаваны другі дзяржаўны агляд ЕЭК ААН па жыллёвай гаспадарцы і землекарыстанні для Рэспублікі Беларусь. Ён прадугледжвае развіццё падыходаў па тэрытарыяльнаму планаванню на ўзроўні гарадоў са змяшчэннем акцэнтаў з вузкагаліновай палітыкі ў бок сістэмнай трансфармацыі гарадскога развіцця, вырашэння шырокага кола праблем па ахове навакольнага асяроддзя ў цеснай сувязі з эканамічнымі і сацыяльнымі задачамі.

Відавочна, што новая праграма развіцця гарадоў Беларусі павінна аб’яднаць і скаардынаваць дзеянні дзяржаўных органаў у галіне горадабудаўніцтва, землекарыстання, транспарту, павысіць эфектыўнасць выкарыстання эканамічных рэсурсаў за кошт прыхільнасці доўгатэрміновым мэтам і збалансаванай расстаноўкі прыярытэтаў. Неабходна правядзенне адпаведнай палітыкі на нацыянальным, рэгіянальным і мясцовым узроўнях. У гэтай сувязі абмеркаванне ролі гарадоў у дасягненні нацыянальных мэтаў устойлівага развіцця на ўзроўні ААН з’яўляецца надзвычай актуальным. А ўдзел прадстаўнікоў беларускіх гарадоў у Форуме мэраў будзе садзейнічаць станаўленню інстытутаў для кааперацыі і супрацоўніцтва паміж гарадамі на міжнародным і нацыянальным узроўнях.

Праект «Зялёныя гарады» ўжо не першы год аказвае падтрымку прадстаўнікам беларускіх гарадоў. З тым, каб найбольш поўна ўсвядоміць дасягнутыя поспехі на шляху павышэння ўстойлівасці гарадскога развіцця, пераняць досвед калегаў. На гэты раз Беларусь у Швейцарыі прадстаўляў старшыня Чавускага раённага Савета дэпутатаў Анатоль Мацюлін, з якім нам давялося пагутарыць.

— Скажыце, якія асноўныя тэмы абмяркоўваліся ў Жэневе?

— Еўрапейская эканамічная камісія ААН адкрывала «Кастрычнік у горадзе» прэзентацыяй праграмы «Аб’яднанне намаганняў у мэтах пабудовы «разумных» устойлівых гарадоў». Галоўная тэма мерапрыемстваў тыдня — даступнае жыллё і гарадская інфраструктура для ўсіх груп насельніцтва. У 80-й сесіі Камітэта па гарадскім развіцці, жыллёвай гаспадарцы і землекарыстанні прынялі ўдзел прадстаўнікі нацыянальных і мясцовых органаў улады з 56 дзяржаў-членаў ЕЭК ААН, а таксама прадстаўнікі прыватнага сектара, адукацыйных устаноў і грамадзянскай супольнасці. Варта адзначыць, што ўсе мерапрыемствы ў ходзе Тыдня ўстойлівых гарадоў былі адкрыты для грамадскасці.

Парадак дня быў шырокім. Абмяркоўваліся ўстойлівая жыллёвая гаспадарка, рынкі нерухомасці, а таксама выкарыстанне статыстычных дадзеных у развіцці «разумных» устойлівых гарадоў. Асобныя краіны знаёмілі з досведам работы па павелічэнні колькасці сацыяльнага і арэнднага жылля, даступнага для ўсіх катэгорый грамадзян. Прадстаўнікі Жэневы прэзентавалі практычныя захады па стварэнні жыллёвых умоў для мігрантаў ды іншых асоб, якія не маюць уласнага жылля.

— З якімі мэтамі вы ехалі на сесію? Што вам, як кіраўніку раённай адміністрацыі, было расказаць пра сённяшні стан развіцця горада Чавусы Віцебскай вобласці?

— Паўгода таму мне пашчасціла прымаць удзел у Днях гарадоў тут жа, у Жэневе, што дало магчымасць усвядоміць важнасць датычнасці нашай дзейнасці, у маштабах Чавускага раёна, да глабальных задач устойлівага развіцця. Скажу, што тыя мэты і падыходы, якія пазначаныя міжнароднымі дамовамі (Парадак 2030, Новая праграма развіцця гарадоў, Жэнеўская хартыя ААН), у поўнай меры актуальныя і для нас у Чавусах. Сёння жыллёвая палітыка ў горадзе скіравана на забеспячэнне даступнасці жылля для грамадзян і стварэнне бяспечных, камфортных умоў для жыцця. Гэта дасягаецца шляхам прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі пэўным катэгорыям грамадзян, а таксама шляхам развіцця існуючых і стварэння новых механізмаў фінансавання жыллёвага будаўніцтва, у прыватнасці, на камерцыйнай аснове. Імкнемся прыцягваць сродкі з пазабюджэтных крыніц фінансавання і прадастаўляць грамадзянам доўгатэрміновыя пазыкі на набыццё жылля. Як правіла, для шматдзетных сем’яў вылучаюцца зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў згодна з планам генеральнай забудовы.

Хачу адзначыць, што сёння мы рэалізуем у горадзе такі праект як «Сістэма аўтаматызацыі ўліку выдаткаванай энергіі і вады», дзякуючы якому актыўна ўкараняецца дыспетчарызацыя аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У выніку ў нас з’явілася магчымасць аўтаматызавана кіраваць спецыялізаваным абсталяваннем, кантраляваць аб’ёмы рэсурсаспажывання і якасць ачысткі сцёкавых вод. Усё гэта ў канчатковым выніку спрыяе эканоміі, скарачэнню выдаткаў ЖКГ. А значыць, абавязкова прывядзе да зніжэння кошту паслуг для насельніцтва.

Не магу не сказаць, што адным з недасканалых месцаў у наяўнай інфраструктуры горада з’яўляецца недастаткова развітая сетка водаадвядзення ў прыватным жылым сектары. Праблема гэтая — няпростая, вырашаецца з улікам фінансавых магчымасцяў насельніцтва, бо бюджэтныя сродкі на дадзеныя віды работ не прадугледжаны.

Зрэшты, ёсць поспехі па іншых напрамках. Напрыклад, з мэтай паляпшэння інфраструктуры для веласіпедыстаў мы вядзем працу па зніжэнні з’ездаў на скрыжаваннях, уладкаванні дадатковых велапешаходных дарожак з абсталяваннем велапарковак і месцаў адпачынку для пешаходаў. Толькі ў гэтым годзе сумесна з жыхарамі ў парках горада мы ўладкавалі тры зоны адпачынку з устаноўкай дзіцячых гульнявых пляцовак. Рэалізуем перспектыўны план азелянення горада. У адпаведнасці з гэтым планам прымяняюцца разнастайныя формы. У прыватнасці, камбінуюцца розныя віды драўнянай, хмызняковай і травяністай расліннасці, максімальна выкарыстоўваюцца асаблівасці тэрыторыі, прыродныя матэрыялы і аб’екты.

Старшыня Чавускага раённага Савета дэпутатаў Анатоль Мацюлін

— Чым яшчэ была адметная паездка ў Швейцарыю? Ці атрымалася наладзіць кантакты з партнёрамі?

— Безумоўна, такія мерапрыемствы заўсёды карысныя не толькі ў частцы атрымання новага досведу, але і ў плане пашырэння партнёрскіх узаемаадносін. У прыватнасці, былі наладжаны дзелавыя кантакты з мэрам горада Вазнясенска Мікалаеўскай вобласці Украіны. Намечаны планы па супрацоўніцтве двух гарадоў.

— Якія агульныя ўражанні аб рабоце сесіі? З якімі думкамі пакідалі Жэневу?

— Сесія ў чарговы раз звярнула ўвагу на ролю мясцовых органаў улады ў ажыццяўленні жыллёвай палітыкі, у галіне забеспячэння ўстойлівасці гарадскога развіцця, камунальнай гаспадаркі і землекарыстання, у забеспячэнні даступнасці жылля для ўсіх грамадзян. У сваім выступе на сэсіі я прапанаваў уключыць у парадак дня Форуму мэраў у 2020 годзе пытанні адаптацыі гарадской інфраструктуры да змены клімату, спецыфікі развіцця гарадоў шляхам фармавання згуртаванай мясцовай супольнасці, паглыблення сувязяў горада і рэгіёна, а таксама вывучэння механізмаў павышэння эканамічнай актыўнасці менавіта ў «зялёных» сектарах эканомікі.

— Ці ёсць ужо відавочныя перспектыўныя напрамкі, па якіх Чавусы змогуць актывізаваць дзейнасць?

— У далейшым мы адназначна будзем працягваць працу па згуртаванні мясцовых жыхароў дзеля развіцця горада. Менавіта ў фармаванні актыўнай супольнасці я бачу галоўную ролю мэра і кіраўніцтва гарадской адміністрацыі. Абавязкова будзем працаваць з прадстаўнікамі розных формаў бізнесу. Стымуляваць сацыяльнае прадпрымальніцтва, наладжваць новыя партнёрскія сувязі па ключавых экалагічных прыярытэтах, уключаць у зялёную эканоміку малыя і сярэднія прадпрыемствы, прыватныя кампаніі — у гэтым мне бачыцца вялікі патэнцыял.

Уладзімір Міхайлаў

Парадак дня ўстойлівага развіцця ўключае ў сябе мэту зрабіць гарады і населеныя пункты адкрытымі, бяспечнымі і жыццяздольнымі, якая мае на ўвазе забеспячэнне да 2030-га года ўсеагульнага доступу да інклюзіўных і зялёных грамадскіх прастораў. Вось чаму ў апошні час усё большая колькасць беларускіх гарадоў свядома становіцца на шлях менавіта такога развіцця, беручы на сябе абавязацельствы ў рамках розных міжнародных ініцыятыў.

Загаловак у газеце: Актыўная супольнасць у гарадскім маштабе

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.