Вы тут

Цёплыя і дзелавыя сустрэчы ў Бялградзе


Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Сербію адкрыў новую старонку ўзаемаадносін дзвюх краін


У цэнтры сербскай сталіцы да гэтага часу чарнеюць руіны будынкаў пасля бамбёжак як наглядны ўрок усяму чалавецтву пра тое, што бывае, калі некаторыя палітыкі не чуюць голас розуму. Югаслаўскую трагедыю 1999 года забыць немагчыма. НАТАўская авіяцыя па надуманых прычынах бамбіла мірную краіну. Бялград і сёння не спяшаецца рэтушаваць раны дваццацігадовай даўніны. Прэзідэнт Беларусі тады апынуўся адзіным лідарам у свеце, які не пабаяўся прыляцець у Бялград, каб у цяжкі час падтрымаць дружалюбны народ. Мясцовыя жыхары выдатна памятаюць гэты ўчынак. Памятаюць і шануюць. А таму ў чарговы раз гасцінна віталі Аляксандра Лукашэнку як добрага, надзейнага сябра. Нагода для гэтага прадставілася ў пачатку снежня 2019 года, калі Прэзідэнт Беларусі з афіцыйным візітам наведаў Бялград. Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч у знак глыбокай павагі асабіста прыязджаў сустракаць беларускага лідара ў міжнародны аэрапорт «Нікола Тэсла».

Пачынаўся афіцыйны візіт з ускладання вянка да мемарыяльнага комплексу ў гонар вызваліцеляў Бялграда ад фашызму. У брацкіх магілах спачываюць астанкі больш 2000 воінаў і партызан, якія загінулі ў ходзе Бялградскай аперацыі 1944 года. Дарэчы, сярод іх ёсць і ўраджэнцы Беларусі. Усяго ў Сербіі знаходзіцца з дзясятак падобных мемарыялаў. За кожным беражліва даглядаюць. Пасля заканчэння цырымоніі Аляксандр Лукашэнка пакінуў такі запіс у Кнізе ганаровых наведнікаў: «У год святкавання 75‑й гадавіны вызвалення Беларусі ды Сербіі ад фашысцкіх захопнікаў мы нізка схіляем галовы перад подзвігам герояў, аддаўшых свае жыцці за свабоду і незалежнасць нашых краін, за мірную будучыню дзеля нашчадкаў. Шчыра дзякуем сербскім сябрам за руплівае захаванне памяці пра слаўныя сыны беларускай зямлі, якія загінулі, вызваляючы Сербію ў гады Другой сусветнай вайны».

Досведны дыпламат, Амбасадар Беларусі ў Сербіі Валерый Брылёў добра ведае гэтую краіну і яе народ. У 1998–2001 гадах ён ужо ўзначальваў беларускую Амбасаду ў Бялградзе. У інтэрв’ю журналістам ён распавёў, што беларуска-сербскія адносіны перажывалі розныя часы, былі перыяды ўздыму і спаду:

— Першыя візіты нашых бізнесменаў, першыя пастаўкі, сумесныя праекты — усё гэта добра развівалася да вядомых падзей 1999 года. У той цяжкі час мы дапамагалі сербам чым маглі. Пастаўлялі сюды гуманітарную дапамогу. Да гэтага часу сербы памятаюць пра гэта і дзякуюць нас за падтрымку.

Паводле слоў дыпламата, у пачатку 2000‑х гадоў, пасля прыходу да ўлады ў Сербіі новых людзей, наступіла некаторае зацішша ў двухбаковых адносінах. Аднак з перамогай Сербскай прагрэсіўнай партыі на чале з Таміславам Ніколічам, а затым і з Аляксандрам Вучычам зноў надыйшоў спрыяльны момант для актывізацыі супрацоўніцтва. Дарэчы, у апошні раз Прэзідэнты Беларусі ды Сербіі сустракаліся сёлета ў чэрвені. Тады Аляксандр Вучыч прылятаў у Мінск на ІІ Еўрапейскія гульні. І тады ж Аляксандр Лукашэнка агучыў пажаданне дадаць да выдатных палітычных адносін больш гандлю і эканомікі, каб яшчэ больш умацаваць падмурак сумеснай дружбы. Тут ёсць да чаго імкнуцца.

— Нашы адносіны рухаюцца паступальна, з нарастаючай цікавасцю, — падкрэсліў Валерый Брылёў. — Прэзідэнты рэгулярна сустракаюцца, па два-тры разы на год, на розных пляцоўках і ў розных фарматах. Былі дамоўленасці аб пастаўках рознай прадукцыі, мы ўсе праекты выканалі. У Бялградзе эксплуатуюцца беларускія аўтобусы і тралейбусы, створаны сумесныя вытворчасці грузавых аўтамабіляў і трактароў. На сербскі рынак стаў паступаць метал. Пастаўляем сюды шыны, хімічныя валокны.

Дарэчы, Сербія — адзіная краіна ў Еўропе, з якой у Беларусі дзейнічае двухбаковы дагавор аб свабодным гандлі. Але ў мінулым годзе, напрыклад, таваразварот не дацягнуў нават да 150 млн долараў. Валерый Брылёў глядзіць крытычна:

— Прычын заўсёды можна знайсці шмат, але гэта нашы недапрацоўкі. Тут няма каго вінаваціць: самі ва ўсім вінаватыя. Дзве эканамічныя сістэмы розныя. Нам вельмі цяжка напрацаваць нейкія прарыўныя, маштабныя праекты…

Вялікія рэзервы Валерый Брылёў бачыць у развіцці турызму. Тым больш што паміж дзвюма краінамі дзейнічае 30‑дзённы бязвізавы рэжым і адкрыты прамы авіярэйс.

— Нас аб’ядноўваюць не толькі славянскае сваяцтва і праваслаўныя карані. Беларусам і сербам за сваю гісторыю давялося перажыць нямала бедаў, выпрабаванняў, войнаў. Таму мы, як ніхто іншы, цэнім мір, добра разумеем адзін аднаго і нам лёгка размаўляць, — рэзюмаваў Амбасадар.

Безумоўна, было б выдатна канвертаваць гэта паразуменне ў новыя сумесныя праекты. Што ж, ёсць усе падставы меркаваць, што менавіта цяперашні візіт Прэзідэнта Беларусі ў Сербію стане значным крокам у гэтым кірунку.

У нас сапраўды шмат агульнага. І падчас цяперашніх афіцыйных перамоў Аляксандр Лукашэнка і Аляксандр Вучыч не адзін раз гэта падкрэслівалі. Вядома, і ў Палацы Сербіі, і ў парламенце краіны, і на сумесным бізнес-форуме абмяркоўвалі ў асноўным эканоміку. Але, як і ў далёкім 1999 годзе, на гэты раз у Бялградзе таксама гаварылі пра мір. З той пары выцякла шмат дунайскай вады і шмат што змянілася. Але нязменным застаецца беларуска-сербскае сяброўства. Прэзідэнт Сербіі не мог не прыгадаць той гістарычны візіт 20‑гадовай даўніны. Адказ Аляксандра Лукашэнка быў такім:

— Я абсалютна шчыра хачу сказаць, што, сапраўды, вялікае бачыцца на адлегласці. Тады ніхто не думаў пра тое, што мы здзяйсняем нейкі гераічны ўчынак. Мы ехалі да сваіх братоў, да сяброў. Калі-небудзь я ў дэталях раскажу, што гэтаму папярэднічала, што было потым. Але так склалася, што мы не маглі кінуць у бядзе блізкіх нам людзей. Так, мы не гіганцкая імперыя. Але мы — вашыя людзі, а вы — нашыя. Таму мы павінны быць разам. Потым было шмат адпаведных мерапрыемстваў, гуманітарных місій. Многія спрабавалі нам перашкодзіць з вамі супрацоўнічаць. Але запланаванае мы тады рэалізавалі.

Так, у Бялградзе на перамовах у вузкім і пашыраным фарматах галоўная ўвага надавалася гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву. Але перад гэтым Аляксандр Лукашэнка распавёў, што яшчэ напярэдадні нефармальная вячэра з Прэзідэнтам Сербіі ператварылася ў сур’ёзную размову пра сучасныя міжнародныя адносіны. Яны сёння не лепш, чым 20 гадоў таму.

— Не мы ствараем гэтыя праблемы, — заявіў беларускі лідар. — Але бачыце, як цяпер накатваюць адзін на аднаго, паводзяць сябе буйныя дзяржавы. Я іх прама называю — імперыі. Па віне адной з іх ідзе гандлёвая вайна, іншыя мераюцца сіламі ў Сірыі. Ад гэтага пакутуеце і вы, бо вялізны паток, сотні тысяч бежанцаў хлынулі сюды. Пачалі ўжо пагаворваць пра новы сусветны эканамічны крызіс. Нам гэта не трэба. Мы, на жаль, удзельнікі усяго гэтага, але віна не ў нас.

Зрэшты, нягледзячы на ўсе катаклізмы, Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што Сербія беднай ніколі не была і не будзе:

— Сербія — гэта пярліна не толькі Балкан, Еўропы, але і ўсяго свету. Гэта выдатная краіна, цудоўныя землі, якія могуць пракарміць значна больш насельніцтва, чым сёння жыве тут. І гэта бліскучы, патрыятычны народ. Таму Сербія заўсёды будзе квітнеючай.

Так, апошнім часам сербская эканоміка знаходзіцца на ўздыме. Наша краіна гатовая ўсяляк дапамагаць у гэтым працэсе дружалюбнай дзяржаве. Аднак Прэзідэнт не хаваў незадаволенасці зніжэннем двухбаковага таваразварота. І прычыну гэтага бачыць выключна ў недапрацоўках урадаў.

— Гэта мы яшчэ разбярэмся, чаму ўрады не разгортваюцца як трэба. Мы яшчэ пазмагаемся за нашы адносіны і выведзем іх на больш высокі ўзровень, у тым ліку і ў гандлі.

Мяркуючы па ўсім, Аляксандр Вучыч быў настроены не менш рашуча, калі ставіў планку ва ўзаемным гандлі на ўзровень 500 мільёнаў долараў супраць цяперашніх 150 мільёнаў. Але ж для гэтага «штурму» сапраўды ёсць усе перадумовы. Інвестыцыйнай прывабнасці Сербіі спрыяе яе выгаднае геаграфічнае становішча. Бялградскі порт — важны лагістычны вузел на Дунаі, гандлёвай артэрыі еўрапейскага значэння. Краіна мае рэжымы свабоднага гандлю з ЕС, ЕАЭС, Турцыяй.

Паводле ацэнак экспертаў, мінулы год стаў лепшым для Сербіі за апошнія 10 гадоў. Зайздроснымі тэмпамі растуць аб’ёмы будаўніцтва і сельскай гаспадаркі. Краіна ўваходзіць у лік 15 найбуйнейшых вытворцаў віна ў свеце. А яшчэ на берагах Дуная вырошчваюць шмат кукурузы. Нядзіўна, што беларуская сельгастэхніка тут знайшла свайго спажыўца. Падчас мінулага візіту пяць гадоў таму Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у адкрыцці зборачнай вытворчасці трактароў малой магутнасці ў горадзе Нові-Сад. Сёння гэтае прадпрыемства забяспечвае тэхнікай не толькі Сербію, але і іншыя дзяржавы Балканскага рэгіёну. А мінскі трактарны завод на бізнес-форуме ў Бялградзе заключыў новыя кантракты на пастаўку сваёй прадукцыі. Беларускія тралейбусы і аўтобусы сталі неад’емным атрыбутам транспартнай сістэмы сербскай сталіцы. Кар’ерныя самазвалы БЕЛАЗ паспяхова працуюць на горназдабыўных прадпрыемствах у Сербіі ды ў краінах рэгіёну.

Сербскі бізнес таксама камфортна адчувае сябе ў Беларусі. Самы вядомы прыклад — кампанія «Дана Холдынгс» і збудаваныя ёю буйныя аб’екты «Маяк Мінска» і «Мінск Мір».

— Калі ў вас былі няпростыя часы, яны (сербскія бізнесмены. — Аўт.) прыехалі… Я кажу: для сербаў — калі ласка. Гэта («Дана Холдынгс». — Аўт.) адна з паспяховых ну і, напэўна, адна з найбагацейшых фірмаў нашай планеты, якая стварае цудоўныя ўзоры ў будаўнічай галіне, — падкрэсліў Прэзідэнт. — І мы даручылі ім стварыць самую прасунутую зону, можа быць, і ў Еўропе самую сучасную, — «Мінск Мір», дзе будуць пабудаваныя і фінансавы цэнтр, і офісныя памяшканні. Туды ўжо прыйшлі і з Блізкага Усходу, і з Еўропы інвестары і гатовыя з імі супрацоўнічаць.

Аляксандр Лукашэнка расказаў журналістам, што на перамовах дасягнута дамоўленасць пра тое, што кампаніі, якія паспяхова працуюць на еўразійскай прасторы, асабліва ў Беларусі, дапамогуць прасоўваць прадукцыю Сербіі на каласальны рынак ЕАЭС. Менавіта такі ўзаемавыгадны падыход абяцае поспех у супрацоўніцтве і ў іншых галінах. Вядома, высокі ўзровень даверу на палітычным узроўні мае значэнне. Але Аляксандр Лукашэнка на перамовах звярнуў увагу на яшчэ адзін прынцыповы момант — беларусы і сербы ўсе даброты зарабляюць сваімі рукамі, што называецца, потам і крывёю.

— Асаблівасць нашых адносін у тым, што мы ніколі не ставілі адзін перад адным папярэдніх умоў. Мы — сябры, мы проста родныя людзі. І гэта найвялікшая і сумленная аснова нашага супрацоўніцтва, — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Вучыч адкрыта прызнаў, што ў Сербіі былі часы, калі некаторыя баяліся сказаць, наколькі цэняць і любяць беларускі народ:

— Сёння мы ўсюды гаворым пра гэта з гонарам і хочам, каб вы прыязджалі сюды як мага часцей. Я шмат чаму навучыўся ў Прэзідэнта Беларусі. Мы ганарымся нашым сяброўствам і шмат у чым можам абаперціся на падтрымку і веды нашых беларускіх сяброў.

У прыватнасці, сербскі Прэзідэнт расказаў, што яго вельмі цікавіць беларускі досвед у сферы забеспячэння абароны і бяспекі. У Сербіі плануецца правесці рэформу арміі, зрабіўшы яе больш мабільнай. На гэты конт Аляксандр Лукашэнка заўважыў:

— Досвед — гэта самае каштоўнае і дарагое. Але досвед у нас — гэта і ваш досвед. Вы можаце ім заўсёды скарыстацца. Нядаўна апублікавалі сусветныя дадзеныя, паводле якіх Беларусь апынулася на першым месцы ў свеце ў плане бяспекі. Мы вам гэты досвед можам перадаць.

У ходзе афіцыйнага візіту ў Сербію Аляксандр Лукашэнка сустрэўся таксама з дэпутатамі Народнай скупшчыны. У сваім выступленні Прэзідэнт Беларусі закрануў нямала вострых праблем сучаснасці. У прыватнасці, Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь свядома выступае на баку Сербіі па пытаннях, звязаных з яе тэрытарыяльнай цэласнасцю і суверэнітэтам:

— Наша пазіцыя застаецца нязменнай ужо доўгія гады і будзе такой і надалей. Менавіта чалавечая салідарнасць, суперажыванне, якія ідуць ад сэрца, фармуюць культурную і духоўную агульнасць, з’яўляюцца падмуркам беларуска-сербскіх адносін. Гэта наша вялікая спадчына, якую мы павінны зберагчы і перадаць сваім дзецям і ўнукам. Бо сербы, як і беларусы, не па чутках ведаюць, што такое вайна, яе разбуральныя наступствы і незаменныя страты.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў гэтым годзе Беларусь і Сербія адзначылі 75‑годдзе вызвалення ад нацызму. Жывых сведкаў той самай страшнай трагедыі ў гісторыі чалавецтва з кожным годам застаецца ўсё менш. Таму асабліва важна захаваць памяць пра герояў і нявінных ахвяраў вайны.

— Гэта трэба зрабіць для нашай жа бяспекі і ў імя мірнай будучыні Еўропы і планеты ў цэлым, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, сёння адбываецца нарастанне напружанасці ў адносінах паміж краінамі. Расхістваюцца асновы глабальнай бяспекі. Павялічваецца колькасць рэгіянальных канфліктаў. — Таму неабходна выступаць за вырашэнне любых спрэчак выключна мірным шляхам, на аснове нормаў міжнароднага права, — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. — Але гэтага няма. Усе дзейнічаюць з пазіцыі сілы. Я пачынаю думаць, ці не пачаўся новы перадзел нашай планеты? Калі гэта так, мы добра ведаем, да чаго гэта можа прывесці. Беларусь распачала ініцыятыву аб абнаўленні шырокага дыялогу ад Атлантыкі да Уладзівастока па ўмацаванні мер даверу, бяспекі ды супрацоўніцтва. Лічу, што Сербія будзе ў ліку дзяржаў, зацікаўленых у абмеркаванні гэтых праблем. Бо Югаславія ў свой час была адным з заснавальнікаў Руху недалучэння.

Прэзідэнт выказаў шкадаванне, што на сённяшні дзень Рух недалучэння існуе фармальна і ніякага ўплыву на буйныя дзяржавы не аказвае:

— Калі буйныя гульцы не могуць дамовіцца, гэта не азначае, што малыя і сярэднія дзяржавы павінны сядзець склаўшы рукі і пакорліва чакаць, пакуль хтосьці з вялікіх вызначыць іх лёс. Разам мы зможам зрабіць значна больш на карысць нашых краін і народаў, у імя міру і стабільнасці.

Дарэчы, адказваючы крыху пазней на пытанне пра ініцыятыву Беларусі наконт запуску новага міжнароднага перамоўнага працэсу па аналогіі з Хельсінкскім, Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч выказаў меркаванне, што падобныя прапановы вельмі рацыянальныя:

— Голас малых краін будзе станавіцца ўсё больш гучным. Такія сусветныя тэндэнцыі, гэта будзе адбывацца ў бліжэйшыя 20 гадоў, і ў гэтым пытанні, мне здаецца, і Сербія, і Беларусь — на правільным шляху.

Разам з тым, у Мінску вітаюць нядаўняе падпісанне Сербіяй Пагаднення аб зоне свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам. Яго перавагі Аляксандр Лукашэнка лічыць відавочнымі:

— Ваш бізнес атрымаў права свабоднага гандлю на прасторах вялізнага кантынента. Вы маеце магчымасць безлімітнага экспарту шырокай наменклатуры тавараў. Уваходам на гэты шматмільённы рынак з’яўляецца Беларусь. Бязвізавы рэжым, зразумелая лагістыка, прамыя авіязносіны ствараюць дадатковыя перадумовы для пашырэння дзелавых кантактаў.

Па выніках перамоў у Бялградзе падпісаны пакет дакументаў аб супрацоўніцтве ў розных галінах. У прыватнасці, зацверджана міжурадавая праграма ў сферы адукацыі. Падпісаныя Мемарандум аб узаемаразуменні пры ажыццяўленні супрацоўніцтва ў галіне інавацый і развіцця лічбавых тэхналогій і праграма навукова-тэхнічнага ды інавацыйнага супрацоўніцтва на 2020–2021 гады. Нацыянальная акадэмія навук заключыла Пагадненні аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве з Сербскай акадэміяй навук і Міністэрствам адукацыі, навукі і тэхналагічнага развіцця Сербіі. Беларускія і сербскія навукоўцы ў бліжэйшыя два гады плануюць выканаць 10 сумесных навукова-тэхнічных праектаў у галіне сельскай гаспадаркі ды харчавання, біятэхналогій, нанаматэрыялаў, лазерных і хімічных тэхналогій. А па выніках бізнес-форуму ў Бялградзе беларускія прадпрыемствы заключылі кантракты на 120 млн долараў.

Уладзімір Веліхаў

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.