Вы тут

Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю галоўнаму рэдактару радыёстанцыі «Эхо Москвы»


Аляксей Венедыктаў збіраў тэмы для размовы праз твітар і тэлеграм-канал — прыйшло каля дзвюх тысяч пытанняў.


У Расіі рэальна ёсць інфармацыйны голад на беларускую пазіцыю, паведаміў журналістам галоўны рэдактар радыёстанцыі «Рэха Масквы» Аляксей Венедыктаў пасля размовы з беларускім Прэзідэнтам.

Па дадзеных расійскіх аналітыкаў, «Рэха Масквы» — самая цытуемая радыёстанцыя Расіі.

Інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам дагэтуль планавалася на 6 снежня, але было перанесена праз сустрэчу Прэзідэнтаў Беларусі і Расіі 7 снежня ў Сочы. Рыхтуючыся да размовы, Аляксей Венедыктаў збіраў тэмы праз твітар і тэлеграм-канал — прыйшло каля двух тысяч пытанняў, прычым не толькі з Беларусі і Расіі, але і з Аўстраліі, Канады. Размова ў Палацы Незалежнасці заняла амаль дзве гадзіны — абмеркавалі розныя праблемы, сярод якіх, прадказальна, галоўнай стала тэма інтэграцыі і міжнароднай палітыкі.

Лукашэнка: Самы галоўны абаронца суверэнітэту і незалежнасці — Прэзідэнт

Аляксей Венедыктаў нагадаў выступленні ў Мінску пад бела-чырвона-белымі сцягамі у абарону суверэнітэту.

«Канешне, я іх разумею. І не проста разумею — я не адхіляю іх пункт  гледжання. Мы мусім з гэтым лічыцца. Але бяда ўся ў тым, што яны робяць гэта для якойсьці палітыкі. Яны цудоўна разумеюць, што я ніколі не пайду на тое, ад чаго яны спрабуюць „зберагчы“ беларускі народ. Самым галоўным абаронца суверэнітэту і незалежнасці — думаю, для вас гэта не дзіўна, — з’яўляецца Прэзідэнт Беларусі, таму што ён адказвае па Канстытуцыі за гэта», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, пагроза незалежнасці ёсць заўсёды, для любой краіны. А Беларусь, хаця і не валодае вялікімі рэсурсамі, знаходзіцца ў цэнтры «катла», дзе перасякаюцца ўсе інтарэсы. І таму дзяржава мусіць паводзіць сябе «настолькі дакладна, тонка і акуратна, каб яе не зварылі ў гэтым катле», падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Вы мяне папракаеце, што я то на Усход, то на Захад. Слухайце, не на Усход і не на Захад. Вось яна, зямля, якую Гасподзь нам падараваў.. І я ў гэтым катле разам з дзесяццю мільёнамі беларусаў і трыма мільёнамі гасцей штодня (у асноўным расіянамі) ў ім варуся. А не павінен зварыцца», — абазначыў Прэзідэнт.

Ён прапанаваў інтэрв’юеру паразважаць наступным чынам: калі пагроза з Усходу, няўжо Расіі патрэбны яшчэ адзін галаўны боль? Да таго ж, нават калі раптам Расія паспрабуе парушыць наш суверэнітэт, рэакцыя сусветнай грамадскасці прадказальная.

«А што такое Захаду захапіць Беларусь — гэта непасрэдная пагроза суверэнітэту Расіі», — працягнуў Аляксандр Лукашэнка і нагадаў апошнія перамовы, дзе назваў Беларусь «фарпостам Расіі».

«Беларусь гатова адыграць самую сур’ёзную ролю ў канфлікце Украіны з Расіяй»

Аляксей Венедыктаў запытаў, ці ацэньвае Аляксандр Лукашэнка ўступленне Украіны ў НАТА як пагрозу для Беларусі.

«Самая вялікая пагроза з боку Украіны — не ўступленне ў НАТА, а калі да ўлады прыйдзе „агалцелая, радыкальная нацыяналістычная меншасць“. Канешне, блага, калі Украіна ўступіць у НАТА, гэта бяспекі нам не дабавіць. Ні нам, ні тым больш Расіі. Але горш будзе вось гэта», — адзначыў Прэзідэнт.

Пракаментаваў ён і меркаванне, што Уладзімір Зяленскі нагадвае маладога Лукашэнку.

«Украіна трапіла ў складаную сітуацыю, у якой калісьці Беларусь знаходзілася і мне даводзілася з гэтага выкарасквацца. Гэта досвед пэўны. І Уладзімір Зяленскі, чалавек адукаваны, разумее, што не толькі на Захадзе ці ў Расіі трэба гэты досвед чэрпаць, але і ў Беларусі, паколькі Беларусь яшчэ і вельмі блізкая для іх краіна», — адзначыў беларускі лідар.

На пытанне аб «саюзніцтве» Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адносіны з Украінай вельмі добрыя і блізкія — больш за пяць мільярдаў долараў тавараабароту ў год. А яшчэ нагадаў, што за два гады на беларускай зямлі прынята сто шэсцьдзесят тысяч бежанцаў з Украіны.

«Людзі беглі, а нам нічога не заставалася рабіць. Людзі нашы, ім не было куды дзявацца, таму я іх ратаваў. Таму ў нас такая добрая гісторыя нашых адносін. Часта кажаце: Лукашэнка самы папулярны замежны палітык ва Украіне. Гэта не таму што Лукашэнка, а таму што мы шмат добрага зрабілі для Украіны, працягваем рабіць і будзем рабіць. І гатовы самую сур’ёзную ролю адыграць у канфлікце Украіны з Расіяй — таму што нашы браты», — падкрэсліў Лукашэнка.

Мы ніякім суверэнітэтам не дзелімся — ні Расія, ні Беларусь

Развіццё саюзных адносін не цягне за сабой страту суверэнітэту.

«Супярэчнасці ніякай няма. Мы дзве суверэнныя незалежныя дзяржавы — Беларусь і Расія. Мы зараз прасоўваем тую інтэграцыю, якая ніколькі не прымяншае суверэнітэт ні Расіі, ні Беларусі. Што такое суверэнітэт? Гэта ўлада над тэрыторыяй. У нас ёсць межы, у Расіі ёсць межы, улада ажыццяўляецца ў гэтых межах. І мы ніякім суверэнітэтам не дзелімся. Ні Расія, ні Беларусь », — падкрэсліў беларускі лідар.

«Што тычыцца сучаснага моманту па інтэграцыйных пытаннях: ёсць так званая 31-я карта. Вы таксама пра яе казалі. Гэта план будаўніцтва наднацыянальных органаў. Парламент, магчыма, прэзідэнт будзе і іншае. Мы наогул на гэтую тэму з Пуціным дамовіліся не размаўляць. Так, ва ўрадзе паспрабавалі ўвязаць. Не ведаю толькі навошта, — сказаў Прэзідэнт. — 30 гэтых карт, якія тычацца ў асноўным эканамічных пытанняў, — мытня, эканоміка, абарона прасторы нашай і гэтык далей. Планы тых шляхоў, па якіх мы ўжо рухаемся. Аснова — эканоміка. Ну і абарона, дыпламатыя, мы ж таксама гэтым займаемся, чым і адрозніваемся ад ЕАЭС. А 31-я карта — гэта план будаўніцтва або завяршэння будаўніцтва саюза з наднацыянальнымі органамі».

«Мы наогул выключылі размову на гэтую тэму яшчэ ў Сочы. Але камусьці хочацца. І ўсё падсоўваюць, асабліва праз урад (нядаўна прачытаў — Дзмітрый Анатольевіч пра гэта зноў выказаўся). Ён не быў у Піцеры на перамовах, таму не ведае нават слоў, якія сказаў ваш Прэзідэнт. Даслоўна — у Піцеры, калі мы засталіся: слухайце, што мы зноў з гэтай 31-й картай, мы ж з Прэзідэнтам Беларусі дамовіліся, мы наогул не чапаем гэтых пытанняў. Навошта вы лезеце зноў і звязваеце гэтыя пытанні з пытаннямі падатковай сістэмы, эканомікі і гэтык далей?» — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Лукашэнка: Расія не згаджаецца гандляваць за расійскія рублі

Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь купляе ў Расіі тавары і энергарэсурсы за долары. Паводле яго слоў, у свой час беларускі бок прапаноўваў весці разлікі ў расійскіх рублях, аднак Расія не згаджаецца гандляваць за рублі. «Не — хочацца долары. Я кажу: вось сутнасць вашага валютнага саюза», — расказаў Прэзідэнт.

«Чарнобыльскую станцыю хто будаваў? Не Беларусь»

Ён нагадаў, што паўсюдна падкрэсліваецца правапераемнасць Савецкага Саюза, але насамрэч яна застаецца на словах.

«Чарнобыльскую станцыю хто будаваў? Не Беларусь. Хто яе эксплуатаваў? Не Беларусь. Хто яе ўзарваў? Не Беларусь. А 80 працэнтаў гора ўпала на нас, крыху на Бранскую вобласць, крыху на Украіну. Не наша бяда! Савецкі Саюз разваліўся — хто дапамагаць будзе? Вы сёння за дзесяць долараў кошту за газ таргуецеся, а там людзі не могуць дровы паліць у печцы, таму што яны яшчэ брудныя. Траціна рэспублікі засыпана радыеактыўным попелам. Як правапераемнікі вы мусіце гэта разумець, калі мы ўжо родныя і браты тым больш?» — у сваю чаргу задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Ён упэўнены: нельга забыцца на агульныя карані, якія яднаюць славян. І гэтая роднасць уплывае ў тым ліку на бухгалтэрыю. Напрыклад, на тэрыторыі Беларусі месцяцца дзве высокатэхналагічныя ваенныя базы Расіі, за якія яна не плаціць, у той час як Байканур (на тэрыторыи Казахстана) абыходзіцца ў суму каля двухсот мільёнаў долараў.

Беларусь закупіць у Расіі дванаццаць самалётаў СУ-30

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў і навіну пра нібыта стварэнне расійскай базы ваенна-паветраных сіл на беларускай тэрыторыі.

«Навошта гэтая база каля граніц? Авіяцыя ў сучаснай вайне не адыгрывае ніякай ролі. Ніякай. І Пуцін згадзіўся: час падлёту з найбліжэйшай базы да Бабруйска тры хвіліны… Не разумею, навошта было абвастрыцца з Захадам», — адказаў Прэзідэнт.

Таксама ён паведаміў, што Беларусь закупіць у Расіі дванаццаць самалётаў СУ-30.

Лукашэнка: Што гэта за саюз, калі ў нас па ўсіх пазіцыях становіцца горш і горш?

Прэзідэнт распавёў падрабязнасці перамоваў з Расіяй па пастаўках нафты і газу.

Паводле слоў Лукашэнкі, апошнім часам пасля сустрэч з Уладзімірам Пуціным у расійскіх СМІ склаўся вобраз Прэзідэнта Беларусі як чалавека капрызнага. «Ніякіх капрызаў. Я вопытны, прабачце за нясціспласць, з доўгім тэрмінам знаходжання на гэтай страшнай пасадзе. Капрызныя столькі не працуюць і не жывуць. У чым мой капрыз? У тым, што я вяду перамовы, нават не таргуюся? Замест таго, каб сустрэць Новы год з маім сябрам блізкім, адзін аднаму рукі паціснуць, пачынаем сабачыцца», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У прыватнасці, па яго перакананні, кошт на газ не можа быць 152 долары. Ды і тое, Беларусь згодна плаціць па такіх цэнах — але каму ад гэтага лепш?

«Але калі расійскі рынак у 25 мільёнаў тон нафты і 22 мільярды кубоў газу сыдзе кудысьці, не крыўдзіцеся на мяне. Я буду шукаць альтэрнатыву — а яе ўсё роўна трэба шукаць. Рэверс нафты. Праз Польшчу ўзяць саўдаўскую ці амерыканскую нафту, па трубе завесці рэверсам. У мяне тры трубы нафтаправода „Дружба“, на першым этапе я забіраю адну трубу. І рэверсам пастаўляю на НПЗ і перапрацоўваю. Пойдзе нармальна — забяру рэверсам другую трубу. У вас застанецца адна. Вы пастаўляеце пад 70 мільёнаў тон нафты па гэтых трубах на прэміяльны заходні рынак. Дык навошта вы мяне заганяеце ў рашэнне гэтага пытання такім чынам?» — звярнуўся да журналіста Прэзідэнт.

 «Дык што гэта за саюз, калі ў нас па ўсіх пазіцыях становіцца горш і горш? Але ж вам у Расіі трэба паказаць, што гэта гіра на нагах, што гэта нахлебнікі, што Лукашэнка як мінімум капрызны... Памятаеце, я вам прапанаваў рэалізоўваць Саюзны дагавор, бо далей будзе складана? Пачынаць трэба было з рэферэндума і Канстытуцыю нашу прыняць на рэферэндуме. Чаму тады не захацелі?» — запытаўся беларускі лідар.

— Баяліся, што Лукашэнка будзе Прэзідэнтам аб’яднанай дзяржавы, — адказаў Аляксей Венедыктаў.

— Баяліся, што Лукашэнка прыбяжыць у Крэмль, схопіць шапку Манамаха і панясе ці то ў Піцер, ці то ў Мінск яе, крый божа, уцягне. Вось чаго вы баяліся. Хаця не стоіла выедзенага яйка. Вы пачалі з даху будаваць дом. За гэты час вырасла новае пакаленне, і сёння нельга рашаць пытанне так, як вы прапануеце, — заключыў Прэзідэнт.

Прэзідэнт: Агульнае павінна будавацца на лепшым, а не на тым, хто большы

Кіраўнік дзяржавы настойвае на тым, каб любыя інтэграцыйныя працэсы ішлі на раўнапраўнай аснове, як, напрыклад, гэта адбываецца ў Еўрапейскім саюзе, дзе роўныя галасы маюць усе краіны, незалежна ад памераў, ступені развіцця эканомікі і іншых фактараў. «А нам нават не намякаюць, а кажуць: «Мы вялікія, а вы меншыя, значыць, будзе так, як у нас», — адзначыў беларускі лідар. — А я кажу: «Не. Тое, што ў вас лепш, давайце зробім агульным здабыткам. Што ў нас — давайце зробім у Расіі».

 Вяртаючыся да сутнасці пытання, Прэзідэнт адзначыў: пры Лукашэнку ніякіх капрызаў у адносінах да рускага чалавека, расіяніна ўвогуле, ніколі не было ў Беларусі і не будзе.

«Слухайце, нічым не адрозніваюся ад рускага. Увогуле я калісьці сказаў, у чым адрозненне: беларус — гэта рускі са знакам якасці», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Мараторыя на смяротнае пакаранне не будзе

«Вас называюць апошнім дыктатарам Еўропы...» — пачаў Аляксей Венедыктаў.

«Не я, ужо не я!» — нават перарваў яго Прэзідэнт, які нібыта заслужыў такое «званне» існаваннем смяротнага пакарання ў краіне.

«Мараторыя не будзе. Таму што не маю права — рэферэндум прыняў гэтае рашэнне. Таму рэферэндум можа толькі адмяніць. Не я яе ўводзіў, яна захавана з тых часоў», — пачаў тлумачыць Аляксандр Лукашэнка.

— Усе адмянялі, — не згадзіўся інтэрв’ер.

— Ну, запытай у Пуціна, задаволены ён ці не, — прапанаваў Прэзідэнт.

— Не. Але тым не менш мараторый захоўваецца, — сам адказаў на сваё пытанне Аляксей Венедыктаў.

«Чым вострае пытанне рашаць, лепш яго не чапаць. Хтосьці сыходзіць з гэтага. Я лічу, што смяротнае пакаранне як папярэджанне некаторым падонкам дапамагае трымаць стабільнасць і разабрацца з бандытызмам», — працягнуў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што асабіста кантралюе расследаванне грамадска значных спраў, перш за ўсё, жорсткіх злачынстваў, але ў тым ліку і эканамічных. Літаральна на днях Прэзідэнту даклалі аб забойстве настаўніцы за тое, што яна абараніла двух малых асацыяльнай сястры злачынцаў.

«Яны яе рэзалі ўсю ноч. Не проста застрэлілі. Яна прасіла, маліла, і яны ўрэшце рэшт яе дабілі. А калі, Аляксей, крый божа, з тваімі роднымі, блізкімі... Як мяняецца меркаванне. І ты ўсё роўна не маеш права гэта жыццё адняць — а хто даў права яго адняць? Калі ты падпісваеш смяротны прысуд — гэта катастрофа. Гэта хвароба, жудаснае перажыванне, разгубленасць. Калі ты разумееш, што паставіш подпіс — і чалавека заб’юць. Сёння, шчыра скажу, я на баку тых бацькоў, у каго аднялі такім чынам дачку», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што пры малейшай магчымасці злачынцы прыгаворваюцца да пажыццёвага заключэння, якое яшчэ часам становіцца большым пакараннем для чалавека.


Венедыктаў уручыў Лукашэнку шахматы ручной работы GOLOVKO, Прэзідэнт журналісту — прадуктовы кошык.

Напрыканцы інтэрв’ю Аляксей Венедыктаў уручыў кіраўніку дзяржавы падарункавыя шахматы ручной работы GOLOVKO. У вырабленым па заказе наборы на дошцы размешчаны князь Аляксандр Неўскі і Папа Рымскі Інакенцій ІV, якія сімвалізуюць праваслаўную Русь і каталіцкую Еўропу, белы ферзь — жонка Аляксандра Неўскага, чорны — хан Батый.

«Гэта найлепшыя шахматы, якія я бачыў, і я знайшоў іх у Беларусі. Калі б я іх адшукаў у Сінгапуры, прывёз бы з Сінгапуру. Але яны былі ў Беларусі. Гэта сапраўды робіцца ў Мінску, і такія ж шахматы стаяць у мяне дома. Таму я ведаю якасць гэтага прадукту, я дома дрэнных прадуктаў не трымаю», — растлумачыў журналіст калегам.

Зараз і ў ягоным халадзільніку прыбавіцца беларускіх прадуктаў, бо з Мінску павёз падарункавы кошык ад Прэзідэнта. І знікла неабходнасць наведваць Камароўскі рынак, куды Аляксей Венедыктаў меў намер завітаць.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

У распараджэннi, падпiсаным на мiнулым тыднi кiраўнiком дзяржавы, ёсць пункт, якi датычыцца капрамонту жыллёвага фонду.

Грамадства

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Пасля праходжання юрыдычнай экспертызы на разгляд урада паступiць праект пастановы Савета Мiнiстраў «Аб пытаннях па абыходжаннi з жывёламi».

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.