Вы тут

Дзмітрый Крутой: Узгоднены практычна ўвесь беларуска-расійскі інтэграцыйны пакет


Узгоднены практычна ўвесь беларуска-расійскі інтэграцыйны пакет. Пра гэта сёння на прыёме ў пасольстве Расіі ў Беларусі заявіў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Дзмітрый Крутой, паведамляе БЕЛТА.


Па словах Дзмітрыя Крутога, засталося ўсяго некалькі пытанняў, рашэнне па якіх, як чакаецца, будзе знойдзена ў бліжэйшыя дні. Пры гэтым ён падкрэсліў, што бакі ў першую чаргу вядуць дыялог па эканамічных пытаннях, палітычныя тэмы не стаяць на парадку дня.

«На сённяшні дзень у нас па вялікім рахунку, за выключэннем некалькіх пытанняў, якія, думаю, даўкладняцца ў бліжэйшыя 2-3 дні, увесь інтэграцыйны пакет ўзгоднены. І мы падбяром час, каб нашы лідары ва ўрачыстай абстаноўцы яго падпісалі або парафіравалі. Гэта, вядома, дасць абсалютна беспрэцэдэнтны новы імпульс развіццю нашых адносін. У першую чаргу гэта будзе эканоміка», - заявіў Дзмітрый Крутой.

Першы віцэ-прэм’ер канстатаваў, што праца спачатку ішла вельмі павольна, калі яшчэ толькі пачалі рыхтаваць праграму паглыблення інтэграцыі.

«Тут няма нічога дзіўнага. Асабліва за апошнія гады, калі Расійская Федэрацыя апынулася ў вельмі складанай сітуацыі і сутыкнулася па сутнасці з беспрэцэдэнтным знешнім націскам, яна была вымушана трансфармаваць сваю эканамічную і фінансавую палітыку. Адсюль і бюджэтная кансалідацыя, увядзенне правілаў, падатковы манеўр, палітыка імпартазамяшчэння і іншае, — адзначыў Дзмітрый Крутой. — І нам як бліжэйшым партнёрам здавалася, што гэта шмат у чым накіравана супраць нас. Расійскія калегі з галіновых ведамстваў патлумачылі, што гэта не так. і сёння мы гэта адчуваем».

«Гэтыя ўсе войны, якія ў нас адбываліся — газавыя, нафтавыя, цукровыя, праблемы з доступам трактароў, малака або чагосьці яшчэ — вядома, яны на галіновых нашых рэгулятараў наклалі адбітак пэўнай абсалютна нездаровай канфрантацыі, якая замінала на першым этапе працы. Але калі людзі зразумелі, што гэта сур’ёзна, гэта спроба выбудаваць на новай аснове эканамічныя адносіны (паступіла з самага верху такое ўказанне), зараз не трэба баяцца самых прагрэсіўных форм супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння, працэс, шчыра кажучы, пайшоў», - заявіў першы віцэ-прэм’ер.

Дзмітрый Крутой павіншаваў пасла і расійскі народ са знамянальнай датай — 20-годдзем падпісання саюзнай дамовы, якое адзначалася 8 снежня. «Гэта найважнейшы гістарычны дакумент, які на гады наперад вызначыў развіццё нашай краіны сапраўды і, думаю, Расійскай Федэрацыі, мяркуючы па атмасферы сустрэч, якія адбываліся ў снежні паміж нашымі прэзідэнтамі», — сказаў ён.

Паводле слоў першага віцэ-прэм’ера, гучыць вельмі шмат справядлівай і абгрунтаванай крытыкі, што не ўсе палажэнні дакумента ўдалося ўвасобіць у жыццё, што ён патрабуе сур’ёзнай дапрацоўкі і перапрацоўкі. «Тым не менш усе яго палажэнні абсалютна актуальныя. І справядліва лічыць гэты праект па меншай меры самым прасунутым на постсавецкай прасторы, — лічыць Дзмітрый Крутой. — Нязменным застаўся базіс дакумента — гэта эканоміка. Прэзідэнты 90% свайго часу кажуць толькі пра эканоміку. За 20 гадоў нават ва ўмовах павольнай рэалізацыі норм дагавора нашы эканамічныя адносіны вельмі сур’ёзна прасунуліся. Расія для нас стала паўнавартасным стратэгічным партнёрам і саюзнікам».

Першы віцэ-прэм’ер са шкадаваннем канстатаваў, што многія палітычныя сілы выкарысталі інтэграцыйную працу ў сваіх інтарэсах і часта звязвалі гэта з нейкай палітыкай, якой там не было з самага пачатку і няма зараз. «Інтэграцыйны саюз будуецца на абсалютна роўных адносінах», — падкрэсліў ён.

У сваю чаргу пасол Дзмітрый Мезенцаў вітаў шматлікіх гасцей і адзначыў асаблівыя адносіны, якія склаліся паміж Беларуссю і Расіяй, станаўленне іх на новым узроўні. «Калі мы гаворым аб саюзнай інтэграцыі, мы перш за ўсё павінны разумець, што гэта робіцца на карысць мільёнаў людзей. І на карысць краін-саюзнікаў, на дабро стабільнасці, міру і бяспекі ў Еўразіі і свеце ў цэлым», — упэўнены ён.

Дыпламат канстатаваў, што гэта цалкам натуральна, калі дзве блізкія, брацкія дзяржавы часам не могуць адразу дамовіцца і спрачаюцца па тых ці іншых пытаннях. «Ужо вельмі складаная тканіна эканамічных адносін, якія выбудоўваюцца сёння», — сказаў ён.

«Чым мацнейшымі становяцца нашы адносіны з Беларуссю, тым, мне здаецца, больш прывабным будзе тое супрацоўніцтва і партнёрства, якое мы выбудоўваем з бліжэйшымі суседзямі», — падкрэсліў Дзмітрый Мезенцаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».