Вы тут

На Міншчыне перад Новым годам адкрылі новыя аб'екты


На Міншчыне стала ўжо добрай традыцыяй напярэдадні свят рабіць для жыхароў падарункі. Не выключэнне і гэты Новы год.


Сацыяльны дом

У Маладзечне ўрачыста адкрылі новы жылы дом сацыяльнага карыстання. Тут налічваецца 31 аднапакаёвая кватэра, у тым ліку 28 прызначаны для дзяцей-сірот, што засталіся без апекі бацькоў, і дасягнулі 23-гадовага ўзросту. Гэтыя маладыя людзі не мелі магчымасці па незалежных ад іх прычынах рэалізаваць сваё права на атрыманне жылых сацыяльных памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны. Дзве кватэры выдзелены непрацуючым адзінокім інвалідам 1-й і 2-й груп, адна — інваліду, у якога сярэднямесячны сукупны даход на кожнага члена сям'і не перавышае зацверджанага бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Акрамя таго, у 24 двухпакаёвыя кватэры заселяцца тры малазабяспечаныя шматдзетныя сям'і, у 21 з іх грамадзяне, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

«Разумная» ферма

У філіяле ААТ «БЕЛАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» — СВК «Першамайскі» ўведзена ў эксплуатацыю новая малочнатаварная ферма, разлічаная на 774 жывёліны. Плошча новага комплексу 13,4 тысячы квадратных метраў. На яго будаўніцтва затрачана 7,9 мільёна рублёў. Тут створаны ўсе ўмовы для бяспрывязнага ўтрымання статку. Даільны блок аснашчаны высокатэхналагічным абсталяваннем, аўтаматычнымі сістэмамі кантролю якасці прадукцыі, кіравання даільным працэсам, што дазваляе весці ўлік надояў асобна па кожнай карове.

Укараненне прагрэсіўных тэхналагічных рашэнняў дае магчымасць павялічыць гадавую вытворчасць малака амаль у паўтара раза, павысіць яго таварнасць на 4 %, значна скараціць расходы кармоў.

Абноўлены вакзал

Дваццатага снежня ў Вілейцы адкрыўся значна папрыгажэўшы аўтавакзал. Аб'ект закрыўся на рэканструкцыю ў чэрвені 2019 года. За гэты час знешні выгляд будынка кардынальна змяніўся: заменены дах, вокны, праводка, сантэхніка, вентыляцыя, каналізацыйная сістэма, уладкаваны вітражы. Сродкі былі выдзелены з абласнога бюджэту.

На аўтавакзале маецца шэсць пасадачных платформаў. Па будных днях у рэйс адпраўляецца 59 аўтобусаў, па выхадных — 65. Паслугамі транспарту ў летні перыяд карыстаецца ў звычайныя дні 400 чалавек, выхадныя — больш як 500. Зімой пасажырапаток крыху змяншаецца. Аўтавакзал абслугоўвае адзін міжабласны маршрут, пяць міжгародніх і шаснаццаць прыгарадных.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Новыя аб'екты — жыхарам Міншчыны

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.