Вы тут

«Пошта — гэта своеасаблівы бізнес, і трэба яго развіваць»


Аляксандр Бручыкаў у сістэме паштовай сувязі другі год, а сёлета ён узначаліў Магілёўскі філіял. Новы кіраўнік лічыць, што пошта — гэта бізнес, і трэба быць добрым стратэгам і тактыкам, каб вывесці прадпрыемства на прынцыпова новы ўзровень.

Дарэчы, стратэгія і тактыка для Аляксандра Міхайлавіча самыя што ні на ёсць родныя словы. Да нядаўняга часу ён служыў у праваахоўнай сістэме. Па спецыяльнасці інжынер-радыёэлектроншчык, закончыў Жытомірскае ваеннае вучылішча радыёэлектронікі войскаў супрацьракетнай абароны. У запас звольніўся ў званні палкоўніка.


— Аляксандр Міхайлавіч, на новай пасадзе вы ўсяго паўгода, наколькі ўпэўнена адчуваеце сябе на гэтым месцы?

— Сапраўды, справа для мяне дастаткова новая. Але тут таксама ёсць пункт прыкладання. Калі працаваў у праваахоўнай сістэме, рабіў максімум намаганняў, каб развіваць інфармацыйныя тэхналогіі. У Магілёўскім УУС аўтаматызаваў працэсы інфармацыйна-аналітычнага цэнтра, экспертна-крыміналістычнага на той час аддзела, пашпартна-візавай службы і іншых. На пошце адразу ж прыступіў да прывядзення ў парадак аб'ектаў, а іх каля 400 па вобласці. Хочацца, каб умовы работнікаў і кліентаў былі нашмат лепшыя.

— Заўважыла, што адбыліся некаторыя нават чыста знешнія перамены. А што наогул атрымалася зрабіць за такі яшчэ невялікі тэрмін, і якія планы на будучыню?

— Як ужо адзначыў, раблю акцэнт на інфарматызацыю паслуг. Працягваем укараняць новыя тэхналогіі — гэта электронныя чэргі, каб кліент не губляў час, стоячы ў звычайных чэргах. Будзем актыўней прапагандаваць плацежныя тэрміналы, якія ў нас ёсць, але якімі не вельмі актыўна карыстаюцца. Начальнікам аддзяленняў даручана арганізаваць дзяжурства каля тэрміналаў паштовых спецыялістаў, каб дапамагаць насельніцтву праводзіць плацяжы.

Укаранёныя два паштаматы ў Магілёве і Бабруйску, якія дазваляюць у любы час дня і ночы адпраўляць і атрымліваць пасылкі. Гэта таксама змяншае чэргі ў паштовых аддзяленнях.

Акрамя інфармацыйных тэхналогій, якія зараз прапагандуе пошта, будзем аддаваць вялікую ўвагу прывядзенню ў парадак нашых пабудоў і памяшканняў для кліентаў. Каб у горадзе і на сяле было аднолькава камфортна, цёпла і ўтульна. Абнаўляем будынкі філіяла і вузла паштовай сувязі ў Магілёве і Бабруйску. Яны дастаткова старыя, таму прыйшлося цалкам замяніць тэхнічныя сеткі. Ствараем добрыя ўмовы працы сваім работнікам і кліентам. Шмат увагі ўдзяляецца раённым аб'ектам паштовай сувязі. У рамках бізнес-плана прыведзены ў парадак Клічаўскі, Касцюковіцкі, Кіраўскі вузлы паштовай сувязі. Не абыходзім увагай аддзяленні паштовай сувязі на вёсцы.

— На развіццё заўсёды ўплываюць эканамічныя абставіны, у якіх прыходзіцца існаваць. Яны не заўсёды спрыяльныя. І трэба шукаць нейкае выйсце, каб быць на вышыні. Пошта сёння з'яўляецца шматфункцыянальным прадпрыемствам, шукае новыя формы абслугоўвання кліентаў. Раскажыце пра найбольш перспектыўныя з іх.

— Найбольш перспектыўны кірунак — гэта нашы карпаратыўныя кліенты, таму плануем стварыць для іх найбольш спрыяльныя ўмовы. У Магілёве і Бабруйску існуюць спецыяльныя памяшканні — бізнес-пошты. У Бабруйску такая бізнес-пошта ўжо адрамантаваная (там заменена мэбля, цяпер возьмемся за Магілёў). Мы распрацавалі праект на рэканструкцыю будынка, збіраемся зрабіць наш галоўпаштамт больш камфортным і зручным, з адміністратарам на першым паверсе. І ў першую чаргу плануем рэканструяваць бізнес-пошту для работы з карпаратыўнымі кліентамі. На жаль, не ўсе кліенты ведаюць пра нашы паслугі. У прыватнасці пра паслугу «Аплачаная перасылка». Тыя, хто часта адпраўляюць пасылкі, лісты, дакументы, могуць без чаргі ажыццявіць перасылку адпраўленняў пэўнай велічыні — S, N, L. Для гэтага ў нас ёсць спецыяльныя гофракардонныя скрыні і пластыкавыя канверты. Недастаткова пакуль запатрабавана і паслуга «Паштовы кур'ер». Бывае, што не хапае часу прыйсці ў паштовае аддзяленне і стаяць у чарзе, а кур'ер зробіць усё нашмат хутчэй. Ён прыбывае па заяўцы на працягу гадзіны. Паслуга актуальная як для фізічных асоб, так і для юрыдычных. На жаль, вельмі мала хто гэтымі паслугамі карыстаецца. Відавочна, што проста не хапае інфармацыі.

— А якія змяненні чакаюцца на сяле?

— Сёння шмат увагі аддаецца развіццю інфармацыйных тэхналогій пры аказанні паштовых і няпрофільных паслуг. А таксама аказанню банкаўскіх паслуг, у тым ліку на сяле. Цяпер аддзяленні паштовай сувязі могуць дапамагчы з адкрыццём укладу, афармленнем крэдыту, банкаўскай карткі — такіх паслуг раней не было.

Асабліва работа ўдасканальваецца там, дзе няма стацыянарных паштовых аддзяленняў сувязі і арганізаваны перасовачныя аддзяленні. У планах укараніць сістэму «мабільны паштальён», якая зараз апрабуецца ў Віцебскай вобласці. Гэта, па сутнасці, паштовае аддзяленне ў руках аднаго паштальёна. З дапамогай мабільнай праграмы ён можа аказваць розныя паслугі. Пакуль гэта плацяжы і падпіска, а плануецца зрабіць больш розных паслуг.

— Чула, што зменіцца і знешні выгляд самога Магілёўскага філіяла «Белпошты», з'явіцца нейкая цікавая кампазіцыя, якая стане візітоўкай пошты Магілёўскай вобласці.

— Кампазіцыя з паштальёнам каля будынка філіяла паштовай сувязі — гэта пакуль наша мара. Усё залежыць ад фінансаў. Мы знаходзімся ў цэнтры горада, і хацелася б неяк абазначыць наша месца. Плануем устанавіць скульптуру паштальёна на ўваходзе, каб можна было сфатаграфавацца на памяць. На Плошчы зорак ёсць паказальнік на наш галоўпаштамт. Але прыходзіш і не адразу пазнаеш наш будынак. Таму ўсе пакуль фатаграфуюцца на Плошчы зорак каля астролага, а маглі б і каля нас.

— Калісьці перыёдыка і пошта былі ледзь ні словамі-сінонімамі. Цяпер да друкаваных СМІ крыху змяніліся адносіны.

— Але пошта па-ранейшаму асацыюецца з друкаванымі сродкамі інфармацыі. Асабліва ў людзей старэйшага пакалення. Не ўсім даступны інтэрнэт, не ўсім ён і цікавы — газета зусім іншы прадукт. Яе прыемна раскрыць, патрымаць у руках. Я больш люблю друкаваныя кнігі чытаць, чым электронныя. Гэта жывое. Хочацца аднавіць падпіску, вярнуць да ранейшага ўзроўню. У газеце шмат інфармацыі на розныя тэмы, і не трэба дзесьці лазіць, нешта шукаць. І мы праводзім работу па папулярызацыі газеты ў рамках нашай ідэалогіі і любові да радзімы. Асацыяцыя паштальёна з газетай не павінна знікаць, яна павінна застацца актуальнай і для маладога пакалення. Праводзім прома-акцыі сумесна з прадпрыемствамі, знаёмім людзей з выданнямі.

— Напярэдадні Новага года ў зале аблпошты паявілася прыгожая фотазона са стылізаванай пад стол паштовай скрыняй, крэслам і курантамі. Адчуваецца клопат пра кліента.

— І вы не памыляецеся. Хочацца прывесці ў парадак усе нашы аб'екты па Магілёўскай вобласці, каб да нас ставіліся з павагай. Каб нарэшце звычайныя чэргі пераўтварыліся ў электронныя, якія рухаюцца нашмат хутчэй. Мы збіраемся купіць зарадныя ўстройствы, каб можна было падзарадзіць мабільнік. Узяў нумар у электроннай чарзе і, пакуль яна падыдзе, сядзі ў інтэрнэце. Ёсць задумка павесіць тэлевізары і даваць карысную інфармацыю. На некаторых аддзяленнях мы ўжо зрабілі гульнявыя куткі для дзяцей. Шмат увагі аддаецца людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Нашы аддзяленні сувязі абсталяваны пандусамі, пад'ёмнікамі і кнопкамі выкліку, там, дзе па-іншаму нельга вырашыць пытанне.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з фондаў Магілёўскага філіяла «Белпошты»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».