Вы тут

Днямі пачала працаваць выстаўка «Энцыклапедыя. Нацыянальны праект»


«Дзяржаўным народам прызнаецца той народ, які мае свае герб, гімн, сцяг, буквар і энцыклапедыю», — сцвярджаў некалі беларускі паэт Максім Танк. Словы класіка дарэчы і сёння, прынамсі на адкрыцці выстаўкі «Энцыклапедыя. Нацыянальны праект», якая пачала працаваць днямі ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі. Экспазіцыя прымеркавана да 50-годдзя стварэння першай беларускай універсальнай энцыклапедыі.


Выстаўка прадстаўляе гісторыю еўрапейскіх энцыклапедычных выданняў наогул — ад антычнасці да сучаснасці. Таму ў вітрынах знайшлося месца і «Натуральнай гісторыі» Плінія (у выданні XVІ стагоддзя), і шэдэўру эпохі Асветніцтва, французскаму выданню «Энцыклапедыя, або Тлумачальны слоўнік навук, мастацтваў і рамёстваў» Дэні Дзідро (1751—1780), і найбольш аўтарытэтнай з англамоўных энцыклапедый «Брытаніцы» (1875—1888), а таксама Энцыклапедыі Бракгаўза, якая датуецца 1882—1887 гадамі, і энцыклапедыям на нацыянальных мовах, якія ўбачылі свет у ХІХ—ХХ стагоддзях у Польшчы, Чэхіі, Расіі і Украіне.

Але галоўная ўвага, натуральна, аддадзена энцыклапедыі беларускай як аднаму з самых важных складнікаў працэсу самаідэнтыфікацыі і самасвядомасці народа. «Сапраўды, многія народы існавалі і існуюць у свеце, але не ўсе з іх дайшлі да нацыянальнай спеласці і фарміравання ўласнай ідэнтычнасці, свайго светабачання, якое ў сістэматызаваным выглядзе паўстае праз універсальную энцыклапедыю. Энцыклапедыя — гэта погляд народа на ўвесь свет навокал і сваё месца ў ім», — зазначае на гэты конт намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь СУША.

На выстаўцы шлях да нацыянальнага праекта адлюстраваны найбольш поўна. Тут сабраныя з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі і Нацыянальнага архіва, выдавецтва Беларуская «Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры архіўныя матэрыялы і выданні, якія паказваюць першыя спробы стварэння энцыклапедыі ў 20—30-х і 50-х гадах мінулага стагоддзя. Унікальныя дакументы, фотаздымкі і рабочыя матэрыялы дапамагаюць уявіць, як працаваў вялізны калектыў пад кіраўніцтвам галоўнага рэдактара, акадэміка і пісьменніка Петруся Броўкі. Асобна прадстаўлены вынік гэтай маштабнай навуковай і творчай работы — выданне-юбіляр, першая ў нашай краіне ўніверсальная «Беларуская савецкая энцыклапедыя» (яна стваралася з 1969 да 1975 года і складалася з больш як 34 тысяч артыкулаў і 12 тысяч ілюстрацый, якія ўвайшлі ў 12 тамоў), а таксама нацыянальнае выданне ўжо суверэннай рэспублікі — «Беларуская энцыклапедыя» ў 18 тамах (1996—2004). Убачыць усё гэта кніжнае багацце можа кожны карыстальнік бібліятэкі і наведвальнік сацыякультурнага цэнтра — выстаўка будзе працаваць да 17 лютага 2020 года.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Як пачыналася энцыклапедыя

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.