Вы тут

Мой універсітэт


Мой універсітэт

Мы знаходзім сяброў на працягу ўсяго жыцця – у двары, у школе, на працы. Але верагодна самае крэпкае сяброўства завязваецца ў студэнцкія часы. І гэта цалкам зразумела, бо ў маладосці ў нас шмат вольнага часу і надзей, якімі хочацца падзяліцца. У гэтыя светлыя гады мы яшчэ не абрастаем бытавымі праблемамі. Маладыя людзі адразу ж пасля паступлення ва ўніверсітэт аб’ядноўваюцца ў шумныя і вясёлыя кампаніі. Але сёння сучасныя сродкі камунікацыі дазваляюць наладжваць сяброўскія сувязі нават з людзьмі з іншых краін. Вось, напрыклад, кітайскія студэнты з Універсітэта Хучжоу хочуць знайсці сабе беларускіх сяброў. Давайце пазнаёмімся з імі і іх універсітэтам..

Усе кантактныя дадзеныя можна атрымаць напісаўшы на электронную пошту нацыянальнага адукацыйнага партала portal@adu.by.


Нас зваць Сун Юй Фэй (Зоя) і Лю Юй Сінь (Сіла).

На ўсходнім узбярэжжы Кітая ёсць горад, дзе людзі жывуць камфортна і няспешна. Цягам усяго года горад патанае ў зелені. Гэта – Хучжоу. У 2018 годзе мы сталі студэнтамі Універсітэта Хучжоу.

Гісторыя ўніверсітэта пачынаецца ў 1916 годзе. У сакавіку 1999 года з адабрэння Міністэрства адукацыі былы педагагічны інстытут, сярэдняя школа і педагагічны каледж аб'ядналіся ва Універсітэт Хучжоу. У маі 2000 года былая Школа аховы здароўя таксама была далучана да Універсітэта Хучжоу.

Гэта наша бібліятэка і навучальны будынак пад аблокамі сіняга неба. Тут мы можам рыхтавацца да заняткаў.

Гэта старадаўні керамічны чайнік, а таксама вытанчаныя вырабы з дрэва.

Калі мы хочам адпачыць, мы едзем да гладкага, як люстэрка, возера Дэцын. Тут заўсёды можна пабачыць прыгожых лебедзяў.  Побач з возерам – невялікае кафэ і драўляны мост.

Гэта возера ўвечары. Адлюстраванне ў вадзе нагадвае прыгожую Краіну цудаў. Побач з ім – будынак Школы інфармацыйнай інжынерыі. Наш універсітэт мае 13 сярэдніх каледжаў, якія ахопліваюць шырокі спектр спецыяльнасцяў.

Увесну сонца асвятляе ўніверсітэцкія корпусы ў другой палове дня.

Восеньскае лісце.

Зімой у кампусе няма снегу, часта ідуць дажджы, але дрэвы ўсё яшчэ пышныя і зялёныя.

Кожны універсітэт ганарыцца сваімі мудрацамі. Наш універсітэт захоўвае традыцыі вялікага Ху Юаня, які нарадзіўся ў часы дынастыі Сун. Яго выхаваўчыя ідэі паўплывалі на многія пакаленні кітайцаў.

Нягледзячы на тое, што Універсітэт Хучжоу не самы буйны, у яго ёсць свая ўнікальная стылістыка. Штогод ён выпускае вялікую колькасць таленавітых спецыялістаў. Тут навукоўцы займаюцца глыбокімі навуковымі даследаваннямі і няма недахопу ў працавітых, адданых грамадству супрацоўніках. Наш універсітэт, магчыма, не такі вядомы, як універсітэты ў Пекіне і Шанхаі, але ў ім створана спакойная і добрая атмасфера, тут можна мэтанакіравана і старанна вучыцца дзеля будучыні.


Мяне зваць Чжань Лу (Вольга). Я вучуся ва Універсітэце Хучжоў на факультэце рускай мовы. Мне 19 гадоў. Я люблю спяваць і танцаваць. Я вясёлая і дзейная. Я люблю рускую мову і хачу быць добрым перакладчыкам.

У мяне багатае і яскравае ўніверсітэцкае жыццё. Наш універсітэцкі кампус вельмі прыгожы, тут заўсёды ёсць чым заняцца.

Я люблю ўніверсітэцкія пейзажы. Увесну кожны куток кампуса поўны кветак. Мне падабаецца падбіраць пялёсткі і класці іх у мае кнігі – потым у кнігах пахне кветкамі. У нас ёсць вельмі прыгожае возера, калі летам на яго трапляюць сонечныя прамяні, то складваецца ўражанне, нібы ў вадзе шмат мігатлівых брыльянтаў. На паверхні гэтага возера часта можна заўважыць танцуючых чорных лебедзяў. А восенню можна назіраць за цудоўнымі захадамі сонца: неба пачырванела – сэрца супакоілася. Зямля ў гэты час заслана лісцем, якое ззяе золатам. Узімку ж дрэвы высокія і ціхія, а неба блакітнае і чароўнае.

Мне падабаецца ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах: у ваеннай падрыхтоўцы, у конкурсе па агучванні відэа на рускай мове (я агучвала мультфільм, вельмі хвалявалася, але была шчаслівая), у спартыўных спаборніцтвах (быць бягуном складана, але пачуццё зацятасці дапамагае ўсё пераадолець). Я таксама ўдзельнічала ў многіх валанцёрскіх мерапрыемствах: у грамадскіх сустрэчах, зборы смецця, наведванні старых людзей, студэнцкіх спектаклях.

Я люблю сваіх сяброў, з якімі мы разам вучымся, гуляем, катаемся на веласіпедах, атрымліваем асалоду ад цудоўных пейзажаў і сваіх выкладчыкаў, якія даюць мне глыбокія веды, заахвочваюць вучыцца і заўсёды дапамагаюць, калі я сутыкаюся з цяжкасцямі.

У мяне шчаслівае ўніверсітэцкае жыццё.


Меня зваць Ван Юй Ін (Вера), мне 20 гадоў.

Я з горада Чжуцзі (правінцыя Чжэцзян), які размешчаны ў паўднёва-усходняй. узгорыстай частцы Кітая. Людзі часта гавораць, што Чжунцзі гэта «восем гор, адна вада і адно поле». Мой родны горад багаты на жамчужыны, у ім развіты тэкстыльная прамысловаць і турызм.

Раней я вучылася ў школе Хайляна. Пасля яе заканчэння ў 2017 годзе я паступіла на факультэт рускай мовы ўніверсітэта Хучжоў. На той момант факультэт толькі адкрыўся і мы былі першымі студэнтамі.

Універсітэт быў заснаваны як вышэйшая навучальная ўстанова ў 1958 годзе. Па стане на красавік 2019  года яго тэрыторыя з трыма кампусамі займае больш за 1600 акраў.


Мяне зваць Лі Гохуа (Анатолій). Мне 20 гадоў і я вучуся трэцім курсе факультэта рускай мовы Універсітэта Хучжоу. Мае бацькі працуюць у сферы адукацыі, а сястра вучаніца малодшай школы. Я вельмі люблю свой універсітэт і хачу вам крыху распавесці пра яго.

Я памятаю, як пакінуўшы свой родны горад, сваіх бацькоў і сястру ўпершыню прыйшоў ва ўніверсітэт. Мне было сумна і я адчуваў сябе неўпэўнена. Аднак, калі я ўважліва аглядзеў наш кампус, мой настрой значна палепшыўся. Дагледжаная чыстая тэрыторыя, вялікія сучасныя бібліятэкі, чорныя лебедзі на возеры, чырвоныя рыбы ў рацэ. Што яшчэ трэба для добрай вучобы?

На самой справе, універсітэт – гэта палац, у якім мы авалодваем ведамі, атрымліваем вышэйшую адукацыю. Вопыт навучання ва ўніверсітэце, успаміны пра яго – гэта наша самае каштоўнае багацце ў жыцці. У нашым універсітэце вучацца студэнты, якія прыехалі з розных куткоў Кітая. Падчас гутарак мы пачынаем лепш разумець і шанаваць культуры розных нацыянальнасцяў нашай вялікай Радзімы.

Мая будучая спецыяльнасць – руская мова. Вельмі добра, што ў нашым універсітэце вучацца замежныя студэнты, якія гавораць па-руску. Гэта маладыя людзі з Расіі, Украіны, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана. Мы разам вучымся, дапамагаем адзін аднаму, шмат размаўляем.

У маім універсітэце ёсць чатыры музеі, якія знаёмяць нас са слаўнымі старонкамі гісторыі Хучжоу і нашага універсітэта, з выбітнымі людзьмі горада.

Але ўзровень універсітэта заключаецца не ў высокім узроўні кампуса, а ў высокім узроўні выкладання. Веды выкладчыка – вось галоўнае, што можа даць універсітэт. Калі яго словы карысныя і цікавыя для цябе, то гэта добры выкладчык. На шчасце, у нашым універсітэце шмат такіх добрых выкладчыкаў.

Я вельмі рады, што мой універсітэт можа даць мне ўсё неабходнае. І я веру, што ў рэшце рэшт мы зможам стаць тымі, кім хочам быць.


Мяне зваць Чжэн Хань (Людміла). Я нарадзілася 24 жніўня 1999 года ў правінцыі Чжэцзянь. Зараз я вучуся ва ўніверсітэце Хучжоу на факультэце рускаймовы. Мяне цікавіць руская мова і ў будучыні я хачу стаць добрым перакладчыкам. У вольны час я люблю слухаць музыку, чытаць, займаца спортам. Мае бацькі бізнесмены, а мой малодшы брат вучыцца ў школе. У мяне вельмі дружная і вясёлая сям'я.

Што такое універсітэт? Гэта мара кожнага абітурыента. Універсітэт – гэта маленькае грамадства, жыццё якога поўнае працы і канкурэнцыі. Акрамя таго, ва ўніверсітэце мы можам раскрыць сябе, паказаць з лепшага боку.

У верасні 2017 года я паступіла ва Універсітэт Хучжоу і вельмі ўзрадавалася, калі даведалася, што мяне прынялі.

На працягу многіх гадоў я старанна вучылася каб паступіць у прэстыжны універсітэт і нарэшце мая мара спраўдзілася. Але для гэтага мне прыйшлося ўвесь час вучыцца. Раней я любіла кантактаваць з сябрамі па Інтэрнэце і падарожнічаць. Усё гэта прыйшлося адкласці на некаторы час. Кожны дзень я выконвала бясконцыя практыкаванні. Адным словам, усё, што я рабіла, было дзеля лепшай будучыні. Тады я думала, што жыццё ва ўніверсітэце будзе вельмі цікавым і насычаным.

Цяпер я другакурснік і магу сказаць, што маё універсітэцкая жыццё цалкам адрозніваецца ад жыцця ў школе.

Па-першае, самая вялікая розніца ў тым, што я сама планую свой час. Кажуць, што эфектыўнае кіраванне часам – ключ да поспеху. Мая спецыяльнасць – руская мова. Для таго, каб асвоіць любую замежную мову, неабходна аддаваць шмат часу на вучобу, нават у выходныя дні. Па раніцах, калі ў кампусе яшчэ ціха, я чытаю. Яшчэ год таму, для мяне гэта было вельмі цяжка, але цяпер гэта ўжо стала звычкай. Я глыбока перакананая ў тым, што веды могуць змяніць лёс, таму я вырашыла шмат вучыцца і атрымаць як мага больш ведаў.

Па-другое, ва універсітэцкім жыцці важную ролю адыгрываюць студэнцкія мерапрыемствы. Студэнцкі саюз прапануе нам платформу, дзе мы можам развіваць сацыяльныя навыкі. У той жа час я актыўна прымаю ўдзел не толькі ў мерапрыемствах з замежнымі студэнтамі, але і ў валанцёрскай дзейнасці. Мне падаецца, што гэты досвед вельмі карысны, а ўспаміны аб ім будуць незабыўнымі.

Па-трэцяе, у вольны ад вучобы час я пачала працаваць памочнікам настаўніка, гэта робіць мяне самастойнай і палягчае цяжар бацькоў, якія мяне забяспечваюць.

Увогуле, розніца вялікая, але я прывыкла. Вучоба прыносіць мне веды, бібліятэка пашырае мае гарызонты, студэнцкія мерапрыемствы дапамагаюць атрымліваць новыя навыкі. Я ўпэўнена, што змагу дамагчыся поспеху ва ўніверсітэце.


Мяне зваць Ван Чэнся (Шчасце). Мне 21 год, я з правінцыі Гуйчжоу, што на поўдні Кітая.

Я нарадзілася ў маленькай вёсцы, люблю спорт і музыку. У верасні 2017 года я паступіла ва Універсітэт Хучжоу і цяпер вучуся на другім курсе факультэта рускай мовы. Мой універсітэт размешчаны ў невялікім але вельмі маляўнічым горадзе на паўднёвым усходзе Кітая. Я вельмі хвалявалася, калі мне сказалі, што я стала студэнткай універсітэта. Я часта пыталася ў свайго брата, які ўжо год вучыўся ў каледжы, пра жыццё ў кампусе і заняткі. Калі я прыехала ў гэты незнаёмы горад з чамаданам у руках і ўпершыню ўбачыла універсітэт, у якім правяду чатыры гады жыцця, я была трохі ашаломлена: прыгожы вялікі навучальны корпус у некалькі разоў большы за маю сярэднюю школу… Я пытаюся ў сябе, ці змагу я ўспомніць усе будынкі і навучальныя аўдыторыі пасля выпуску?

Кожны дзень ва універсітэце ўзмацняе маю матывацыю да вучобы. Мой універсітэт вельмі важны для мяне, бо тут ёсць шмат магчымасцяў каб праявіць сябе. Ва універсітэце я сустрэла шмат цікавых людзей і шмат чаму навучылася ў іх.

 

 

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».