Вы тут

Якія злачынствы ў Сеціве здзяйсняюць падлеткі?


Велізарныя магчымасці, якія дае інтэрнэт, далёка не заўжды выкарыстоўваюцца выключна ў добрасумленных мэтах. У тым ліку і падлеткамі. Паказчыкі дзіцячай злачыннасці, звязанай з кіберпрасторай, істотна ўзраслі ў адыходзячым годзе.


Намеснік начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС Кірыл Вяткін расказаў, што калі летась у дачыненні да падлеткаў было скончана расследаванне 55 крымінальных спраў, то сёлета гэты лік падскочыў ужо да 137. Адказнасць у асноўным надыходзіць па артыкуле 212 Крымінальнага кодэкса — за крадзеж пры дапамозе камп'ютарнай тэхнікі. Адметна, што пачынаецца яна з 14 гадоў.

Але якія менавіта злачынствы ў сеціве здзяйсняюць падлеткі?

— Перш за ўсё — гэта аплата тавараў, работ, паслуг, папаўненне балансаў электронных кашалькоў, уліковых запісаў у анлайн-гульнях з выкарыстаннем знойдзеных банкаўскіх картак, — кажа Кірыл Вяткін. — Разам з тым знойдзенымі карткамі яны могуць расплачвацца і ў афлайне — напрыклад, у звычайнай краме або рэстаране хуткага харчавання. Нярэдка яны ўзломваюць і чужыя акаўнты ў інтэрнэце. Або бяруць чужы тэлефон пазваніць і за лічаныя секунды афармляюць мікрапазыку на суму да 100 рублёў, якую тут жа пераводзяць сабе або на банкаўскую картку, або на баланс тэлефона. І зусім не адзінкавыя выпадкі, калі высвятляецца, што цераз закон пераступіў малы, які яшчэ не дасягнуў узросту крымінальнай адказнасці.

Сумная пальма першынства тут на рахунку аднаго 13-гадовага падлетка. Пры дапамозе шкоднай праграмы яму ўдалося ўзламаць уліковыя запісы на розных серверах. Гэта былі інтэрнэт-крамы і букмекерскія канторы.

Але толькі фінансавымі злачынствамі школьнікі не абмяжоўваюцца. Пра гэта расказаў начальнік аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Сяргей Янкоўскі:

— Нярэдкія выпадкі ўмяшання ў прыватнае жыццё, калі пачынаецца так званы «кібербулінг» — пастаянныя знявагі, абразы, цкаванне. Сустракаюцца выпадкі і сексуальных дамаганняў. Тэндэнцыя апошніх гадоў — уцягванне школьнікаў у распаўсюджванне наркотыкаў шляхам прапаноў работы кур'ерам.

Як зазначыў начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генпракуратуры Аляксей Падвойскі, калі ў 2017 годзе ў Беларусі ад злачынстваў у сусветнай павуціне пацярпела 37 непаўналетніх, то летась іх было 98, а за першую палову 2019-га — ужо 81. Прычым дванаццаці з іх яшчэ не споўнілася чатырнаццаць гадоў.

Але як жа не папоўніць шэрагі ахвяр? Сяргей Янкоўскі раіць тактыку ўважлівага назірання, гэта значыць, уступіць у суполку, якую наведвае ваша дзіця, але без патрэбы не ўмешвацца:

— Як варыянт — падпісацца на акаўнт малога. Толькі, канешне, не раскрываючы сваё сапраўднае імя. І паглядзець знутры, што адбываецца на яго старонцы, з кім ён кантачыць. Але калі вы даведаліся пра нейкія нядобрыя рэчы з боку дзіцяці, то не трэба бегчы адразу з рэменем. Неабходна гутарыць акуратна, паспрабаваць зрабіць так, каб дзіця само ўсвядоміла памылковасць сваіх дзеянняў. Калі ж дзейнічаць напралом, то праблема нікуды не дзенецца, а толькі схаваецца. Да пэўнага часу...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Падлеткавая злачыннасць з прыстаўкай «кібер»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».