Вы тут

«Аформіў дакументы — спі, працуй спакойна». Рэйд па рынку ў Ждановічах


У снежні падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў адзначылі сваё 99-годдзе. Карэспандэнты «Звязды» разам з міліцыянерамі выправіліся ў рэйд па рынку «Ждановічы» для выяўлення нелегальных мігрантаў.


* * *

На службу заступаем у пятніцу а 14-й гадзіне. На рынку не вельмі ажыўлена, і прадаўцоў больш, чым пакупнікоў.

Падыходзім да гандлёвага пункта з хуткай ежай. Жанчына за прылаўкам неславянскай знешнасці з усмешкай працягвае пашпарт: «У мяне ўсё у парадку».

Відаць, дасведчаная. Дарэчы, прадстаўнікоў аддзела па грамадзянстве і міграцыі (АГіМ) на рынку ў твар ведаюць многія. Планавыя рэйды і раптоўныя праверкі тут праводзяцца рэгулярна. Часам дапамагаюць супрацоўнікі АМАП, участковыя інспектары.

У Тхі Фыёнг — рэгістрацыя часовага пражывання ў Ленінскім раёне сталіцы. Ёсць і спецыяльны дазвол на права ажыццяўлення працоўнай дзейнасці. Грамадзянка В'етнама — кухарка. У Беларусі яна з 2013 года.

— А я вось там стаю, праз два шэрагі, — далучаецца да размовы жанчына гадоў 45 і запрашае падысці: — Усе неабходныя «паперы» ёсць. Падыходзьце. 30 гадоў жыву ў Беларусі, яшчэ студэнткай сюды трапіла. Раней рускую мову для в'етнамцаў выкладала. Цяпер ужо бабуля, унук ёсць. Вось на пенсіі сюды і прыйшла. Дома сядзець не магу — сумна.

Такая прапанова і адкрытасць не здзіўляюць нашых калег. У апошнія гады колькасць парушэнняў сярод працоўных мігрантаў у Мінску відавочна знізілася. Сярэдні ўзрост тых, хто ўсё ж такі пераступае закон, — 20—30 гадоў. Часцей за ўсё пападаюцца мужчыны.

— На тэрыторыі Цэнтральнага раёна Мінска на ўліку стаіць 6050 замежных грамадзян. За 11 месяцаў 2019 года па месцы знаходжання зарэгістравана 3868 чалавек, — расказвае начальнік аддзела па грамадзянстве і міграцыі Цэнтральнага РУУС Мінска падпалкоўнік міліцыі Руслан Івашка (на фота). — За парушэнне правілаў знаходжання ў Беларусі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 453 замежнікі. 26 «гасцей» дэпартавалі, 17 — выслалі.

* * *

Невялічкую кавярню на ўскраіне рынку абслугоўваюць в'етнамцы. Бік Лоан — 48 гадоў, яе пляменніку Мінь Хоангу — 31. У сваякоў — від на жыхарства. Такім грамадзянам дадзена права працаваць нароўні з беларусамі, без спецыяльных дазволаў.

— Муж прыехаў сюды даўно, пры Савецкім Саюзе. Вучыўся ў Беларусі, — расказвае жанчына. — А потым я да яго перабралася. Сям'я павінна жыць разам.

На пытанне, як ідзе бізнес, Бік Лоан разводзіць рукамі: «У пачатку нулявых кліентаў было мора! Цяпер людзі больш любяць у рэстаранах ды вялікіх гандлёвых цэнтрах перакусваць».

Але, нягледзячы на сціплыя продажы, на радзіму в'етнамцы вяртацца не збіраюцца.

— У вас спакойна і мірна. Гэта галоўнае, — адзначае Мінь Хоангу. — І работу, калі захацець, знайсці можна. А яшчэ я ажаніцца хачу. Нявесту сярод беларусак шукаю.

Міліцыянеры кажуць, што нярэдка замежнікі заключаюць шлюб з мясцовымі дзеля легалізацыі ў краіне. Праз нейкі час сям'я распадаецца. Таму такіх былых мужа і жонку таксама правяраюць. Пры наяўнасці доказаў суд прызнае саюз несапраўдным, і дазвол на пражыванне ў Беларусі анулюецца.

* * *

Па словах супрацоўнікаў АГіМ, правапарушэнні ў асноўным выяўляюць на аптовым плодаагароднінным рынку. Прыезджыя часта працуюць без неабходных дакументаў. Зімой тут цішэй, але праверыць усё роўна трэба.

— У мяне дом у Пухавіцкім раёне, — дзеліцца 50-гадовы азербайджанец. — Я вырошчваю бульбу, моркву, цыбулю. Свой ураджай і прадаю. У Беларусі пяць гадоў. Краіна падабаецца: чыста, людзі ветлівыя.

На думку мужчыны, гандляры сталі больш дысцыплінаваныя: — Каму патрэбныя праблемы? Аформіў усе дакументы — спі, працуй спакойна. А калі што незразумела — у пэўных службах дакладна ўсё растлумачаць. Я сам колькі разоў навічкоў да іх накіроўваў.

На плодаагароднінным рынку часцей за ўсё з замежных гандляроў можна сустрэць узбекаў, азербайджанцаў, кыргызстанцаў, грузінаў.

Ідзём далей. Старанна ўглядаемся ў твары прадаўцоў і іх дзеянні. Цікава, што праваахоўнікі перад праверкай дакументаў заўсёды фіксуюць на відэа, як меркаваны парушальнік працуе. Дзякуючы гэтым запісам удаецца даказаць неправамернасць яго дзеянняў.

— Часта людзі адмаўляюць сваю віну. Напрыклад, кажуць, што проста ішлі міма і спыніліся каля гандлёвага пункта павітаць знаёмага або завязаць шнуркі. Іншыя сцвярджаюць, што заблукалі і пыталіся, як знайсці выхад, — тлумачыць старшы інспектар АГіМ маёр міліцыі Аляксей Шабан.

* * *

— Вашы дакументы, калі ласка, — пытаюцца ў хлопца гадоў 28 супрацоўнікі АГіМ.

— Пашпарт у дзядзькі, а ён да тэлефона не падыходзіць. Мабыць, заняты. Давайце крыху пачакаем, — апраўдваецца гандляр навагоднімі ўпрыгажэннямі. — Свята хутка, навошта настрой адзін аднаму псаваць.

— Ён добры хлопец, гаварлівы, — нягучна кажа сусед па рабочым месцы. — Але больш нічога не ведаю. Я сам сёння першы дзень тут, дагэтуль наёмны рабочы стаяў.

Свята святам, але закон адзіны для ўсіх. Гандляра даставілі ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі для высвятлення асобы і ўсіх абставін. Па дарозе грамадзянін Узбекістана расказаў, што прыехаў у Беларусь два месяцы таму да дзядзькі. Перад Новым годам вырашыў крыху падзарабіць і падмяніў прадаўца, які сышоў у адпачынак.

У хлопца не аказалася ні рэгістрацыі (якая павінна была быць зробленая ў 5-дзённы тэрмін пасля прыезду), ні дазволу на права ажыццяўлення працоўнай дзейнасці.

Замежніка прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з артыкулам 23.55 часткі 6 КаАП. Аказваецца, ён ужо трапляў у поле зроку міліцыянераў на працягу года. З ім была праведзеная прафілактычная работа. Відаць, урок «госць» не засвоіў. Гэтым разам яго чакае штраф у памеры ад дзесяці да ста базавых велічынь і, хутчэй за ўсё, дэпартацыя.

Сваяка, які прытуліў госця, таксама пакараюць за даванне памяшкання для пражывання замежнаму грамадзяніну, які знаходзіцца ў Беларусі з парушэннем правілаў знаходжання. Часткай 4 артыкула 23.55 КаАП за гэта прадугледжана папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да дваццаці базавых велічынь.

У тэму

Днямі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў змяненні ў Закон «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь».

Закон прадугледжвае павелічэнне з 5 да 10 сутак тэрміну, на працягу якога госці Беларусі абавязаны зарэгістравацца па месцы фактычнага часовага знаходжання. Карэкціруюцца падставы адмовы замежным грамадзянам у выдачы візы. Дакументам вызначаецца механізм атрымання імі інфармацыі аб уключэнні ў спіс асоб, уезд якіх у краіну забаронены або непажаданы.

Па словах першага намесніка начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Віталя Навумчыка, асноўная частка палажэння ўвойдзе ў сілу 1 ліпеня 2020 года.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.