Вы тут

Беларускія міліцыянеры паспяхова выступілі на Сусветных паліцэйскіх гульнях


Фізічная і агнявая падрыхтоўка — тое, што павінна быць на «выдатна» ў кожнага супрацоўніка міліцыі. Ад хуткасці яго рэакцыі часам залежаць чалавечыя жыцці. Натуральна, што найлепшыя з лепшых выходзяць на вышэйшы ўзровень спаборніцтваў — міжнародны. І тут ужо ахоўнікі правапарадку пачынаюць абменьвацца назапашаным досведам.

Як жа справы ў нашых міліцыянераў у гэтай сферы? Пра гэта «Звяздзе» расказаў начальнік аддзела службовай падрыхтоўкі ўпраўлення прафесійнай падрыхтоўкі Галоўнага ўпраўлення кадраў МУС палкоўнік міліцыі Віктар ЯНЧУКОВІЧ.


Сусветныя гульні

— Увосень нашы міліцыянеры ўдзельнічалі ў ІІІ Сусветных паліцэйскіх гульнях у Мілане. Там яны занялі трэцяе месца ў агульнакамандным заліку...

— Спярша трэба расказаць колькі слоў пра сам турнір. Праводзіцца ён раз на два гады і збірае прадстаўнікоў каля пяцідзесяці краін. І кожны раз туды ўключаюцца новыя віды спорту. Канкрэтны іх пералік вызначаецца на адмысловым кангрэсе за год да старту. Між іншым, ІV гульні пройдуць у Кувейце ў лютым 2021 года. Таму зусім хутка будзе вызначаны іх рэгламент.

Але вернемся да Мілана. Там былі прадстаўлены сем відаў спорту — дзюдо, джыу-джыцу, практычная стральба, плаванне, крос, велагонкі і стэндавая стральба. Як бачым, амаль усё — традыцыйныя алімпійскія дысцыпліны. Зборная Беларусі заявілася на пяць дысцыплін: нашы міліцыянеры не ўдзельнічалі ў велагонцы і стэндавай стральбе. Трэнерскі штаб перад гульнямі правёў адмысловую нараду і вырашыў пакуль узяць тут тайм-аут. Мы супраць таго, каб нашы спартсмены ў пагонах выступалі ў ролі статыстаў.

Лёгкаатлетычны крос, які адкрываў спаборніцтвы, прымусіў пахвалявацца. У жаночым заліку на бегавую дарожку выйшлі тры беларускі. Сяржант міліцыі Ніна Савіна, якая служыць міліцыянерам роты патрульна-паставой службы міліцыі УУС Бабруйскага гарвыканкама, паказала «бронзавы» вынік.

— Здаецца, яе прозвішча было сярод пераможцаў Мінскага паўмарафона?

— Менавіта так! І таму Ніна ехала ў Мілан з вялікімі медальнымі шанцамі, якія і апраўдаліся. А вось дзве іншыя нашы спартсменкі занялі ў выніку чацвёртае і пятае месца. Роўных жа не было прадстаўніцам Бахрэйна — невялікай астраўной краіны ў Персідскім заліве. Канешне, крыху крыўдна, што да п'едэстала нашым не хапіла зусім крыху, але перамагае наймацнейшы. Мужчыны таксама занялі даволі высокія месцы — з пятага да сёмага. Гэта значыць, што нам ёсць над чым працаваць.

Што да плавання, то мы пачалі актыўна развіваць гэты від спорту каля чатырох год таму. Паўдзельнічалі ў некалькіх міжнародных турнірах, і па іх выніках трэнерскі штаб вырашыў, што ў Мілане зможам паказаць годныя вынікі. Прагноз спраўдзіўся цалкам. Гэты від спорту прынёс цэлы россып медалёў (ажно дванаццаць штук!), сярод якіх два залатыя.

— Ці былі нейкія нечаканасці?

— На жаль, без іх не абышлося падчас спаборніцтваў па практычнай стральбе. Літаральна за два тыдні да старту нашы стралкі выйгралі турнір у венгерскім Мішкальцы і ехалі ў Мілан у прыўзнятым настроі. А вось на італьянскай зямлі нас і чакаў «сюрпрыз». Арганізатары раптоўна забаранілі выкарыстоўваць падчас стрэльбаў уласную зброю і далі сваю. А соль у тым, што прапанаваныя Bеrеttа на нашым узбраенні не знаходзяцца. Нашы стралкі карыстаюцца пісталетамі марак Glосk і SІG Sаuеr. Тым не менш у камандным заліку нашы дзяўчаты здабылі «серабро», а ў асабістым заліку старшы лейтэнант міліцыі УУС Мінаблвыканкама Інга Станкоўская заваявала «бронзу».

Дзю­да­іст­ка Свят­ла­на Ці­ма­шэн­ка  за­ва­я­ва­ла «зо­ла­та» ў Мі­ла­не.

Вельмі парадавалі нашы барцы. І гэта нездарма — у Міністэрстве ўнутраных спраў створана вельмі магутная школа. Сярод прызоў — тры залатыя медалі! А менавіта: у маёра Святланы Цімашэнкі з унутраных войскаў МУС — дзюдо (катэгорыя звыш 78 кг), прапаршчыка міліцыі Анжэлы Жылінскай з Цэнтральнага (горада Мінска) аддзела Дэпартамента аховы і радавога міліцыі Марыі Кандрацьевай з Маскоўскага (горада Мінска) аддзела Дэпартамента аховы — джыу-джыцу (катэгорыі да 70 і звыш 70 кг адпаведна). Прычым джыу-джыцу для нас — новы від спорту. Ён скіраваны на тое, каб «скаваць» праціўніка і ўтрымліваць яго. А між іншым, на гэта і робіцца ўпор пры затрыманні злачынцы. Вось усё гэта і дазволіла нам заняць выніковае трэцяе месца, нават нягледзячы на пропуск двух відаў спорту.

— Але досвед удзелу ў такіх гульнях не першы?

— У канцы 2017 года мы ўпершыню заявіліся на Сусветныя паліцэйскія гульні, але ўдзельнічалі толькі ў двух відах — у практычнай стральбе і дзюдо. Ды і тое стралкі тады не трапілі на п'едэстал гонару. А вось дзюдаісты прынеслі «серабро». І за гэты час мы зрабілі адбор сярод міліцыянераў пры дапамозе цэлай сістэмы ўнутраных чэмпіянатаў. Хто аказаўся мацнейшы — з тым і працавалі каля дзевяці месяцаў.

Абмен досведам

Начальнік спартыўнай каманды МУС Беларусі падпалкоўнік міліцыі Сяргей Валошын зазначае, што спорт і служба — цалкам сумяшчальныя.

— Перш чым пачаць трэніроўкі, складаецца адмысловы графік, які дазваляе максімальна развесці работу і спорт, каб не было адрыву ад службы. І вось што яшчэ адметна: на любых міжнародных спаборніцтвах заўжды прысутнічае таварыскі настрой. Кожны з удзельнікаў выконвае ў сваёй дзяржаве адну і тую ж функцыю аховы грамадзян і парадку. Таму пры неабходнасці выступоўцы з іншых краін заўжды дапамагаюць адно аднаму і дзеляцца, калі трэба, спартыўным інвентаром. Асабліва гэта заўважна ў стралкоў.

Але чэмпіянаты такога ўзроўню — гэта магчымасць не толькі паказаць свае ўменні, але і сёе-тое запазычыць з досведу замежных калег.

— Напрыклад, у Мілане мы звярнулі ўвагу на асаблівасці службы тамтэйшых карабінераў, — працягвае Віктар Янчуковіч. — На тое, як яны суправаджаюць спартсменаў, ахоўваюць парадак, носяць табельную зброю, якімі сродкамі абароны карыстаюцца... Цікавасць выклікала тое, што яны шырока карыстаюцца электрашокерамі.

Вялікія баталіі міні-футбола

Чамусьці ў праграме Сусветных паліцэйскіх гульняў не знайшлося месца для міні-футбола. Нашы міліцыянеры традыцыйна прымаюць удзел у міжнародным чэмпіянаце, які праходзіць у Нідэрландах яшчэ з пачатку 1980-х гадоў.

— Пры гэтым шэсць разоў мы вярталіся з такіх турніраў з узнагародамі, — згадвае Віктар Янчуковіч. — Тройчы іх выйгравалі, яшчэ адзін раз спыніліся на «серабры» і двойчы заваявалі «бронзу». Але турнірная сетка вельмі напружаная. Каб трапіць у фінал, трэба правесці 15-16 сустрэч за тыдзень. Гульні ідуць з ранку і да позняга вечара.

Сёлетні турнір праходзіў у спартыўных залах трох нідэрландскіх гарадоў — Ліхтэнфорда, Грунло і Эйбергена. 54 краіны выставілі больш за дзве сотні каманд. МУС Беларусі прадстаўлялі дзве — у старэйшай узроставай катэгорыі (35+) і без абмежавання ўзросту. Апошняя і прынесла сёлета «серабро» ў нашу скарбонку. Ды і тое фінальны матч дайшоў да серыі пенальці, бо асноўны і дадатковы час скончыліся з лікам 0:0.

З прыцэлам на Токіа

З 24 ліпеня да 9 жніўня ў японскай сталіцы пройдуць ХХХІІ летнія Алімпійскія гульні. Цяпер нацыянальная зборная Беларусі пакрысе камплектуецца спартсменамі, якія адправяцца змагацца за ўзнагароды ў Краіну ўзыходзячага сонца. Не застаецца ўбаку ад гэтай пачэснай падзеі і Міністэрства ўнутраных спраў.

— У нашай спартыўнай камандзе сем чалавек ужо адабраліся на Гульні, — кажа Сяргей Валошын. — У веславанні на байдарках і каноэ выступяць Марына Літвінчук, Алег Юрэня, Вольга Худэнка і Надзея Папок. У Токіа дакладна паедуць лёгкаатлетка Хрысціна Ціманоўская, кідальніца молата Ганна Малышчык і барэц Ірына Курачкіна. Яшчэ 17 чалавек — гэта прэтэндэнты з рэальнымі шанцамі трапіць на галоўны старт чатырохгоддзя. Хтосьці адбярэцца туды па рэйтынгу, а нехта ў чаканні персанальнай ліцэнзіі.

Хто самы хуткі?

Днямі стала вядома, што налета ў кастрычніку Мінск прыме ХVІ чэмпіянат Еўропы па лёгкаатлетычным кросе, які праводзіцца раз на чатыры гады пад эгідай Еўрапейскага
спартыўнага саюза паліцэйскіх. У парку «Сонечная даліна» пройдуць дванаццацікіламетровы забег для мужчын і васьмікіламетровы для жанчын. Для гасцей нашай краіны запланавана вялікая экскурсійная праграма. Медальныя шанцы, на думку Віктара Янчуковіча, у нашых спартсменаў ёсць. Дык няхай у іх усё складзецца як мае быць!

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота дадзена МУС

Загаловак у газеце: Спорт і служба — цалкам сумяшчальныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым сутнасць вішынгу — аднаго з відаў махлярства

У чым сутнасць вішынгу — аднаго з відаў махлярства

З выкарыстаннем сацыяльнай інжынерыі. 

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.

Грамадства

«Прэферэнцыі, якія атрымалі вайскоўцы, абумоўлены выказанымі імі думкамі»

«Прэферэнцыі, якія атрымалі вайскоўцы, абумоўлены выказанымі імі думкамі»

«Армія — школа мужнасці, грамадзянскасці і патрыятызму». Паводле сацыялагічнага апытання, з гэтым сцвярджэннем згодны 86 п