Вы тут

Як на вяслярным канале каля Мухаўца трэніруюцца будучыя чэмпіёны


Веславанне ў Брэсце пачало актыўна развівацца з 1950-х гадоў і за гэты час прынесла беларускаму спорту россып медалёў і дзясяткі вядомых імёнаў для ўсяго свету. Каля яго вытокаў у тыя далёкія гады стаяў заслужаны трэнер БССР Уладзімір Піліпенка, яго выхаванцы хутка аказаліся сярод лідараў рэспубліканскіх спаборніцтваў, а неўзабаве заваявалі і еўрапейскія п'едэсталы. Пазней славу брэсцкіх весляроў падхапіў Сяргей Макаранка, які ў пары з Леанідам Гейштарам стаў першым беларусам, хто здабыў «золата» Алімпійскіх гульняў. У 2000-х свет даведаўся пра новыя імёны алімпійскіх прызёраў, сярод якіх брастаўчанкі Юлія Бічык і Наталля Гелах. Сёння гэты рэгіён краіны працягвае пастаўляць у нацыянальную каманду па веславанні каштоўныя кадры: менавіта тут выраслі Хрысціна Стараселец і Алег Юрэня, тут выхавалі Настассю Яніну і Сяргея Валадзько. Журналісты «Звязды» адправіліся на славуты вяслярны канал, што размясціўся непадалёк ад Мухаўца, каб паглядзець, як зараз там растуць новыя чэмпіёны.


Вялікі вяслярны канал, на базе якога размясціўся Цэнтр алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту, бачны здалёк. Вытанчаная судзейская вышка і акваторыя працягласцю больш за два кіламетры зачароўваюць прыгажосцю. Дзятва, якая прагне вялікіх перамог, збіраецца тут у асноўным раніцай і ўвечары — у гадзіны трэніровак. Побач з асноўным каналам размясціўся трэніровачны, тут жа элінгі для лодак. Дарэчы, дарослыя спартсмены, нягледзячы на каляндарную зіму, яшчэ ходзяць на ваду — весляры выкарыстоўваюць канал, пакуль там не з'явіцца лёд. Вялікі будынак вяслярнага цэнтра месціць адразу адміністрацыйны корпус, гасцініцу, кавярню і вялікі трэніровачны блок, гэта значыць, трапляючы ў яго, спартсмен можа забяспечыць сябе ўсім, не выходзячы на вуліцу. Тут ёсць два вяслярныя басейны, тры трэнажорныя залы (у адной з іх могуць трэніравацца выключна прафесійныя спартсмены), усе трэнажоры спецыялізаваныя менавіта для веславання. А таксама — фітнес-зала, 25-метровы плавальны басейн, з якога пачынаюць свае заняткі спортам дзеткі, і медыцынскі блок. У гатэльных нумарах комплексу, дзе жывуць спартсмены на зборах, прадбачліва пастаўлены вялікія ложкі, бо весляры — людзі немаленькія.

Цэнтр на сённяшні дзень арыентаваны на падрыхтоўку прафесійных спартсменаў — як пачаткоўцаў, так і майстроў, якія выступаюць у нацыянальнай камандзе Беларусі. Дарэчы, звычайна менавіта брэсцкі комплекс выбірае наша зборная па акадэмічным веславанні, рыхтуючыся да міжнародных стартаў.

Веславаннем на байдарках і каноэ, а таксама акадэмічным веславаннем тут займаецца 410 чалавек. Дырэктар ЦАР Павел Дзенісюк расказвае, што дзяцей трэнеры цэнтра шукаюць не толькі ў самім Брэсце, але і ва ўсёй вобласці. «Мы праводзім як набор, так і адбор, шукаем зорачак. У веславанне дзеці прыходзяць у 10—12 гадоў, у гэтым узросце яны яшчэ знаходзяцца ў пошуку, таму бывае, што пераходзяць у іншыя віды спорту. Мы выязджаем у раёны, шукаем дзяцей мэтанакіравана па антрапаметрычных даных. Тых, хто падыходзіць для веславання, запрашаем у Брэст, калі яны праходзяць медыцынскі агляд, афармляем у вучылішча алімпійскага рэзерву. Там яны вучацца, харчуюцца, жывуць, а ў нас трэніруюцца».

Мэтанакіраванасць дае вынік

Усё пачынаецца з груп пачатковай падрыхтоўкі, там дзеці вучацца плаваць і займаюцца агульнай фізічнай нагрузкай. Пасля гэтага пераходзяць у басейн на спецыяльныя вяслярныя трэнажоры, дзе, сядаючы ў сапраўдную лодку, асвойваюць асновы веславання. Тут трэнеры закладваюць у выхаванцах тэхніку, таму што на вадзе гэта зрабіць значна складаней. Спецыяльныя басейны з лодкамі знаходзяцца ў самім цэнтры, што дазваляе займацца на іх круглы год. Залы абсталяваныя люстэркамі, гэта дапамагае дзецям бачыць свае рухі і выпраўляць памылкі. І толькі пасля іспыту па плаванні, ужо вясной, юныя спартсмены атрымліваюць магчымасць выйсці на ваду канала і адчуць смак сапраўднага веславання.

Гэты від спорту — адзін з самых цяжкіх у фізічным плане: напрыклад, у «акадэмікаў» у адным грабку задзейнічана 95 працэнтаў цягліц. Тут важныя і цягавітасць, і моц, і хуткасць. Аднак у большасці выпадкаў кар'ера весляра ў вялікім спорце залежыць ад яго самога, упэўнены Павел Віктаравіч. «За дзесяць гадоў работы тут я бачыў шмат спартсменаў. Былі вельмі таленавітыя людзі, але не было жадання, і яны «завязвалі». Тыя, хто хоча чагосьці дамагчыся, абавязкова дамагаюцца, такія мэтанакіраваныя, як Хрысціна Стараселец або Алег Юрэня, — проста фанаты сваёй справы. Разам з адукаванымі трэнерамі, ад настаўніка пачатковай падрыхтоўкі да трэнераў нацыянальнай каманды, работа дае вынік».

А з трэнерамі па веславанні, паводле слоў дырэктара, у Брэсце праблем няма. «Шмат спартсменаў, якія скончылі займацца гэтым відам спорту, застаюцца ў нас працаваць, таму ў штаце мы маем і маладых спецыялістаў, і вопытных настаўнікаў. Маладыя растуць разам са сваімі дзецьмі, для гэтага мы ствараем усе ўмовы, таму што наша галоўная задача ў тым, каб дзеці ў будучыні траплялі ў нацыянальныя каманды».

Калектыў — фанаты сваёй справы

Павел Дзенісюк прызнаецца, што пільна сочыць за сваімі выхаванцамі, хварэе за іх і вельмі чакае летніх Алімпійскіх гульняў, спадзеючыся, што не толькі брэсцкія весляры заваююць там узнагароды. Сёння калектыў Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі — гэта калектыў фанатаў сваёй справы, стварыць яго было няпроста, аднак у Паўла Віктаравіча атрымалася. «Мы ўсе тут дзеля спорту. Гэтым я жыву, гэта мая праца. Калі не хварэць і не хвалявацца за сваю справу, то, напэўна, варта мяняць прафесію».

У Брэсце веславанне любяць і балельшчыкі, але работнікі цэнтра хочуць яшчэ большай увагі з боку аматараў спорту, таму імкнуцца ісці ў нагу з часам: прапагандуюць від спорту нават у сацыяльных сетках, маючы тысячы падпісчыкаў на сваіх старонках. «У Брэсце цяпер велізарная канкурэнцыя, гэта адзін з найбуйнейшых спартыўных гарадоў, дзе самыя вялікія і найлепшыя спартыўныя базы. Напрыклад, нядаўна ў нас адкрылі шыкоўны футбольны манеж, і многія хлопчыкі і дзяўчынкі ламануліся туды. Таму штогод, калі на канале праходзяць буйныя міжнародныя старты, мы спрабуем запрашаць як мага больш балельшчыкаў, каб прыходзілі сем'ямі, класамі, групамі. Пасля буйных турніраў у нас заўсёды велізарны наплыў дзяцей, часам мы нават не можам прыняць усіх ахвотных», — адзначае Павел Віктаравіч.

Любімы брэсцкі вяслярны цэнтр не толькі прафесійнымі спартсменамі: актыўныя гараджане праводзяць тут свой вольны час у любую пару года. Лыжаролерная траса даўжынёй больш за 5 км, якая акружыла канал, пастаянна карыстаецца попытам сярод аматараў спорту, зімой тут працуюць снежныя пушкі, таму заўсёды можна пакатацца на лыжах, летам функцыянуе пракат ролікаў. Карыстаюцца папулярнасцю трэнажорныя залы і басейн, гэтаму спрыяе зручная лакацыя ў горадзе.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Мінск — Брэст — Мінск

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.