Вы тут

«Белкніга» адкрыла за два гады восем новых кнігарняў


101 гандлёвы аб'ект ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, выручка ў больш як 39 мільёнаў рублёў за 10 месяцаў бягучага года і мадэрнізацыя знакавай кнігарні «Светач» — ААТ «Белкніга» падвяло своеасаблівыя вынікі 2019-га і агучыла найбліжэйшыя перспектывы.


Налета, дарэчы, «Белкніга» адзначыць 75-годдзе, але разнявольвацца ў юбілейны год тут і не думаюць — толькі пашырацца, развіваць новыя фарматы гандлю і адпавядаць патрабаванням часу. Толькі за апошнія два гады прадпрыемства адкрыла восем новых кнігарняў (у пасёлку Бараўляны, у Віцебску, Бабруйску, Іванаве, Слоніме і Магілёве), у 2020-м гэта лічба яшчэ павялічыцца праз набыццё і пераабсталяванне ад 3 да 10 гандлёвых аб'ектаў. Таксама напярэдадні Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў пачатку года адкрыецца поўнасцю мадэрнізаваная «Кнігарня пісьменніка». «Нашы планы прадуманыя, сур'ёзныя, амбіцыйныя, і галоўнае — цалкам вырашальныя», — падкрэслівае генеральны дырэктар найбуйнейшай у краіне кнігагандлёвай сеткі Аляксандр Вашкевіч.

У прыватнасці, сярод перспектыўных кірункаў дзейнасці «Белкнігі» — развіццё аптовага і анлайн-гандлю. А ў традыцыйных афлайн-продажах прадпрыемства абяцае зрабіць не адзін, а некалькі вялікіх крокаў насустрач спажыўцам: адкрываць крамы і павільёны ў новых, маладых мікрараёнах, падаўжаць час работы кнігарняў, увесці ў абарачэнне карту лаяльнасці, якая прадугледжвае прыемныя бонусы і зніжкі для пастаянных пакупнікоў — словам, працаваць над тым, каб у «Белкнігі» былі самыя прывабныя цэны і зручны фармат пакупак.

Дарэчы, канстатуюць у кнігагандлёвай сетцы, сярод самых папулярных кніг за апошнія два гады — фотаальбом «Беларусь замкавая», «Дзіцячы атлас Беларусі» ад выдавецтва «Мастацкая літаратура» (ён аказаўся настолькі запатрабаваным, што яго перавыдавалі некалькі разоў і вырашылі рабіць цэлую серыю «Дзіцячага атласа»), а ў лідарах — «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча ад выдавецтва «Папуры». Улічваючы, што налета будзе адзначацца 90-годдзе з дня нараджэння Караткевіча і рыхтуецца перавыданне многіх ягоных кніг — дзіцячых казак і вершаў, а таксама анталогіі твораў — гэта тэндэнцыя, хутчэй за ўсё, захаваецца.

Зрэшты, кіраўнік выдавецтва «Папуры» Аляксандр Злотнік вялікага сакрэту тут не бачыць: «На маю думку, Караткевіч больш сучасны, чым некаторыя цяперашнія аўтары. Наогул, мне б хацелася, каб першай кнігай на беларускай мове, якую прачытае кожны чалавек, была кніга Караткевіча — яна не адаб'е ахвоту, а наадварот, абудзіць інтарэс чытаць далей па-беларуску». А каб «у цане» былі і кнігі іншых беларускіх літаратараў, выдавец прапануе проста зняць з іх ПДВ, тады ў рознічным гандлю айчынныя выданні стануць даступнымі для максімальна шырокага кола пакупнікоў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Відэа Дзмітрыя Суганяева

Прэв'ю: belkniga.by

Загаловак у газеце: Кнігі, якія купляюць людзі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.