Вы тут

Законы павінны адпавядаць інтарэсам грамадства


Выступленне старшыні Савета Рэспублікі Н. І. Качанавай на закрыцці першай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.


Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Сёння завяршае работу першая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Вырашаны арганізацыйныя пытанні, выбраны старшыні пастаянных камісій, іх намеснікі. Фарміруюцца планы работы Савета Рэспублікі на 2020 год, а таксама планы работы кожнай камісіі.

5 снежня гэтага года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка на сустрэчы з членамі Савета Рэспублікі і дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу дакладна акрэсліў канкрэтныя задачы для парламентарыяў. Безумоўнымі прыярытэтамі з'яўляюцца ўмацаванне незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны, захаванне пераемнасці эканамічнага курсу, які забяспечвае ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё і рост дабрабыту людзей.

Галоўнае патрабаванне Прэзідэнта — законы, якія прымаюцца, і папраўкі ў іх павінны адпавядаць інтарэсам грамадства, улічваць рэальныя патрэбы нашых грамадзян, працаваць на рашэнне канкрэтных задач і на перспектыву. Першачарговымі з'яўляюцца пытанні занятасці, павышэння прадукцыйнасці працы за кошт развіцця дзелавой ініцыятывы, паляпшэння інвестыцыйнага клімату, дыверсіфікацыі экспарту, дэмаграфія, маладзёжная палітыка.

Работа ў рэгіёнах — адзін з найважнейшых прыярытэтаў дзейнасці Савета Рэспублікі як палаты тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Гэтай рабоце неабходна надаць новы імпульс. Высокае званне сенатара павінна пацвярджацца канкрэтнымі справамі. Членам Савета Рэспублікі варта часцей сустракацца з людзьмі, быць не толькі праваднікамі дзяржаўнай палітыкі на месцах, але і браць на сябе адказнасць за вырашэнне тых праблем, з якімі да вас звяртаюцца. Жывыя зносіны заўсёды дакладней любых справаздач і дакладаў. Таму ўсе заўвагі, прапановы, ініцыятывы, якія паступаюць падчас асабістых прыёмаў грамадзян, прамых тэлефонных ліній, сустрэч у працоўных калектывах, не павінны заставацца па-за ўвагай, а найбольш вострыя праблемы варта браць на асабісты кантроль. Пры гэтым важна ўзаемадзейнічаць з урадам, іншымі дзяржорганамі, мясцовымі органамі ўлады. Больш актыўна варта падключаць да вырашэння лакальных праблем мясцовыя Саветы дэпутатаў. Пакуль іх патэнцыял задзейнічаны не ў поўнай меры.

Хачу нагадаць: парламентарыі — людзі публічныя. Вас павінны чуць, разумець, чым вы займаецеся, якія задачы перад сабой ставіце. Усё гэта фарміруе давер да ўлады. Таму прашу кожнага члена Савета Рэспублікі актыўна працаваць са сродкамі масавай інфармацыі, інфармаваць аб сваёй дзейнасці і грамадзянскай пазіцыі праз сацыяльныя сеткі.

Паважаныя калегі!

У міжсесійны перыяд дзейнасць пастаянных камісій Савета Рэспублікі павінна быць не менш актыўнай, чым падчас сесій. Наперадзе ў нас — сур'ёзная работа па далейшым удасканаленні нацыянальнага заканадаўства, падрыхтоўцы законапраектаў, накіраваных на рэалізацыю Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на гэтую пяцігодку, а таксама стварэнне неабходнага зачыну на наступны перыяд.

Праектам плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2020 год прадугледжана распрацоўка шэрагу новых для краіны законаў: «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання», «Аб самарэгуляваных арганізацыях», «Аб ліцэнзаванні», «Аб валанцёрскай дзейнасці». Актуальнай застаецца падрыхтоўка закона «Аб дзяржаўных арганізацыях і гаспадарчых таварыствах з удзелам дзяржавы».

Асаблівую ўвагу варта аддаць законапраектам, накіраваным на вырашэнне сацыяльных, дэмаграфічных, экалагічных праблем. Адпаведныя задачы пастаўлены кіраўніком дзяржавы. Сям'я павінна быць арыенцірам усёй сацыяльна-эканамічнай палітыкі, а работа з моладдзю — стаць больш змястоўнай і эфектыўнай.

Мы павінны больш актыўна прыцягваць да сваёй работы моладзь, бо гэта — важны кадравы рэсурс, наша будучыня. У сувязі з гэтым трэба паскорыць фарміраванне Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Ён павінен аб'яднаць найбольш актыўную і таленавітую моладзь, якая зацікаўлена ўдзельнічаць у грамадскім жыцці краіны, быць карыснай грамадству. Сёння ў Беларусі працуе больш за 40 маладзёжных парламенцкіх структур — абласных, раённых і гарадскіх. Важна, каб іх дзейнасць была эфектыўнай, каб уся моладзь бачыла работу гэтых структур.

Нам трэба будзе прадоўжыць работу па павышэнні якасці нарматворчасці. Ініцыятывы і прапановы папярэдняга, шостага, склікання Савета Рэспублікі ўлічаны пры падрыхтоўцы Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах», які ўступіў у сілу з 1 лютага 2019 года. З яго прыняццем пачаў дзейнічаць інстытут прагназавання наступстваў прыняцця законаў, уключаючы ацэнку іх рэгуляцыйнага ўздзеяння на ўмовы ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. Уведзены пакетны прынцып падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў і ўдасканалены парадак іх публічнага абмеркавання. Вызначана працэдура правядзення прававога маніторынгу. Усе магчымасці прынятых мер павінны быць выкарыстаны ў нашай рабоце.

Мяркую, варта прадоўжыць практыку адкрытага абмеркавання заканадаўчых ініцыятыў з прыцягненнем прадстаўнікоў дзяржорганаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, экспертаў, навукоўцаў у фармаце пашыраных пасяджэнняў пастаянных камісій, круглых сталоў, навукова-практычных канферэнцый. І калі яшчэ ўзнікнуць нейкія прапановы па формах і метадах нашай работы, не прадугледжаных рэгламентам, мы іх разгледзім, каб наша дзейнасць была больш эфектыўнай і больш заўважнай. Пра гэта гаварыў Прэзідэнт, пра гэта кажу я. Гэта нам пад сілу, мы гэта можам. Наша работа павінна быць бачная і накіравана на карысць нашага народа і нашай краіны.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Важная складальная нашай дзейнасці — міжнароднае супрацоўніцтва. Саветам Рэспублікі напрацавана шырокая база кантактаў з замежнымі калегамі. Нельга дапусціць, каб гэтыя сувязі саслаблі або перапыніліся. Нашы міжнародныя парламенцкія сустрэчы павінны быць выніковымі: накіраванымі на павелічэнне тавараабароту з замежнымі краінамі, пашырэнне беларускага экспарту, рэалізацыю новых інвестыцыйных праектаў. Асаблівую ўвагу варта аддаць супрацоўніцтву з партнёрамі па Саюзнай дзяржаве, Еўразійскаму эканамічнаму саюзу, СНД.

Ключавым міжнародным мерапрыемствам, якое Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь праводзіць сумесна з Саветам Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі, з'яўляецца Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Чарговы форум, сёмы па ліку, прыме Беларусь. Неабходна правесці яго на высокім узроўні.

Сёлета мы адзначаем 20-годдзе Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. У дыялогу з расійскім бокам Рэспубліка Беларусь нацэлена на канструктыўнае ўзаемадзеянне і, галоўнае, — на раўнапраўнай аснове. На гэтым пастаянна акцэнтуе ўвагу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, паважаны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Як вам вядома, запланаваны перагаворы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. Пазіцыя беларускага боку застаецца нязменнай: развіццё інтэграцыі павінна ажыццяўляцца з улікам нацыянальных інтарэсаў і строга на аснове прынцыпаў, закладзеных у Дагаворы. Галоўнае — гэта роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання, роўны доступ да рынкаў без выключэнняў і абмежаванняў.

Старшынства Беларусі ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза ў 2020 годзе будзе накіравана на рэалізацыю чатырох асноўных свабод аб'яднання: перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы.

Паважаныя калегі!

Папярэднім, шостым, скліканнем Савета Рэспублікі назапашаны значны вопыт заканатворчай, рэгіянальнай, міжнароднай дзейнасці. Мы павінны эфектыўна выкарыстоўваць яго ў сваёй рабоце, захаваць пераемнасць, прымножыць тое найлепшае, што было зроблена нашымі калегамі.

Віншую вас з надыходзячым Новым годам і Калядамі. Жадаю ўсім здароўя, шчасця, дабрабыту. Жадаю, каб у вашай рабоце быў вынік.

Дзякуй за ўвагу!

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».