Вы тут

Кірыл Стаселька. Гарбата. Свісток


Гарбата 

Фота: foodnewstime.ru

Гэты мяшочак з гарбатай дастаўся Вінцэнту — дзеду майго прадзеда — ад графа, у якога ён працаваў архіварыусам. Брат Вінцэнта пакутаваў ад праблем з памяццю. То яна выправіцца ў царства Гіпноса, то пакрыўдзіцца і завядзе ў дрымучыя лясы, то напрыдумляе чаго не было. Аднойчы яна зусім перавярнулася дагары нагамі і брат забыўся ўсё добрае, а ў яго пасудзіне для думак засталося толькі самае кепскае. Крыўда давала аплявуху ўдзячнасці, а ўзлаванасць рыхтавала велізарнае вогнішча для вялікадушнасці. Ад таго ён пакаламуціўся розумам і адплаціў адным бокам манеты сваёй жонцы і дзецям. Вінцэнт вельмі баяўся долі брата, а ад таго вельмі перажываў за ўласную памяць. Ён трымаў яе на кароткім сярэбраным ланцугу і часам пісаў з яе карціны ў тоўстай кнізе са скураной вокладкай.

З часам граф згалеў, але вельмі любіў і паважаў дзеда майго прадзеда. Ставіўся да яго, як мядзведзіца да сваіх дзяцей. Таму, ведаючы пра сына Афрадыты і Арэса, які пільнаваў Вінцэнта, у падзяку за службу падарыў тры рэчы, што атрымаў яшчэ ад свайго брата, які жыў у вечным горадзе і якому іх прывезлі з краіны, што пад небам.

Звычайна знаходка Шэнь-нуна з часам псуецца, але існуюць каштоўныя гатункі, якія з рухам Калы, наадварот, становяцца толькі лепшыя. Менавіта такое лісце гарбаты атрымаў Вінцэнт. Разам з тым граф падарыў парцалянавую чару і адмысловы рэцэпт. «Як людзі з гадамі становяцца горшыя, так, у процілегласць ім, гэты напой становіцца лепшы, — сказаў яму граф. — Заварвай гарбату асаблівым чынам — і гэтая парцалянавая чара будзе захоўваць тваю памяць пласт за пластом на сваіх сценках».

Так Вінцэнт і рабіў, але толькі па асаблівых выпадках, вельмі добрых, калі энтэлехія запаўняла пустэчы, або вельмі дрэнных, калі паглыналіся забароненыя яблыкі. Ён заварваў гарбату графа, і чара асадкам захоўвала ўспаміны пра іх. А варта было яму выпіць з яе, як усё, што Вінцэнт у ёй захаваў, вярталася зноў, быццам гэта адбываецца цяпер: спачатку па руках праз цеплыню, потым праз пахі і, нарэшце, праз смак. Свой скарб ён ніколі далёка не хаваў, каб не забыцца куды. Таму заўсёды насіў на поясе.

Так дзед майго прадзеда пражыў сто дваццаць восеняў, зім, вёснаў і сто дваццаць адно лета ў добрай памяці і розуме. На сто дваццаць першую восень ён, заснуўшы, выпусціў чару з рук, і яна разбілася. Адзін асколак адляцеў нават да суседняга двара (і там успомнілі пра нейкую старую пазыку). Разам з ёй у аскепкі ператварылася і памяць Вінцэнта. Ад таго ён забыўся нават тое, што жыве. А як забыўся, што жыве, дык адразу ж і сканаў.

Мяшочак знайшоў мой бацька шмат гадоў пазней. Піць гарбату з яго ўжо пабойваліся, але і выкідаць не рашаліся.


Свісток

У Піліпа было шмат пчол, вельмі шмат пчол, надзвычай шмат пчол. Для людзей усе яны здаваліся аднолькавыя, як сляды дзіка на зямлі. Але Піліп кожную мог адрозніць і нават даваў ім імёны. Многія дзівіліся яго фантазіі, бо нават сярод людзей на ўсёй зямлі не злічыць столькі імёнаў. Мясцовыя асцерагаліся хмары, якая няспынна гудзела, а Піліп любіў сваіх пчол і сябраваў з імі. Ён заўсёды падыгрываў ім на гліняным свістку, а яны адорвалі яго найсмачнейшым мёдам.

З'ясі трохі таго мёду, і ў галаве пачынае іграць музыка, якая зразае пустазелле дурных думак, а прыгожыя кветкі прыемных, добрых угнойвае і гадуе. Вочы засцілае вясёлка, якая расла знутры і сыходзіла далёка за гарызонт. Рот пачынае ўбіраць усю саладосць свету, смакаваць яго ад усходу да захаду, ад ягад да зорак. Памажаш скроні і нават на камянях у халодным мокрым лесе моцна ды бесклапотна спіш да світання, быццам пад матчыным пупком. Дзіця на тым мёдзе гадаваць — і дачка вырасце моцная, як зуб мядзведзя, а сын прыгожы, як слёзы месяца, і наадварот — у залежнасці ад таго, шмат мёду адразу даеш або пакрысе.

Пачастуеш тым мёдам карову, і яна дасць у разы больш малака, смак якога аддае лёгкімі ноткамі то здзіўлення, то мяккасці, то цягучасці — у залежнасці ад настрою каровы і напрамку яе хваста. Апусціш пазногаць мёду ў калодзеж, і вада там становіцца чыстая і прамяністая.

Аднойчы прыйшоў да Піліпа тлустаносы мужык ад князя і кажа, што яго гаспадар хоча сабе тых пчол набыць. Піліп адмовіўся хутчэй, чым той паспеў зноў міргануць. Другі раз мужык прыйшоў і прапанаваў заплаціць у два разы больш, але і тады пачуў адмову. Калі трэці раз мужык з'явіўся, паабяцаў утрая, але Піліп зноў не пагадзіўся. Тады мужык сказаў, што калі Піліп не прадасць, то князь проста забярэ ў яго божы падарунак. Не было чаго рабіць, і Піліп мусіў пагадзіцца.

На наступны дзень мужыкі князя прынеслі аплату і забралі пчол. Але яны не ведалі, што ўвесь сакрэт у свістку. Граннем на ім Піліп забаўляў сваіх мядовых сяброў, гутарыў з імі, а часам ім загадваў. Зайграе адну мелодыю, і пчолы ляцяць праз раку. Зайграе іншую, і мёд становіцца саладзейшы.

Пакаштаваў князь свой мёд, а ён цвёрды, як крыўда, і салёны, як сляза дзіка. А праз пяць начэй зайграў Піліп на свістку, і пчолы вярнуліся да яго. Прыйшоў тлустаносы мужык ад князя зноў і сказаў, каб вярнуў пчол, а Піліп адказаў, што гэта зусім іншыя пчолы. Нават назваў усе іх новыя імёны. Тады князь купіў і гэтых. Пакаштаваў мёд, а ён сумны, як дождж, і востры, як кут царквы. Праз чатыры ночы Піліп зноў зайграў, і пчолы вярнуліся. Трэці раз князь купіў у Піліпа пчол і трэці раз пакаштаваў іх мёд, а той аказаўся цёмны, як гнілыя ягады, і кіслы, як твар нялюбага.

Зноў зайграў Піліп на гліняным свістку. Пчолы падняліся і закруцілі ўраганам вакол палаца. Так шмат іх было, што нават святло засланілі. Лёталі яны так хутка, што вецер ад іх руху паваліў адно дрэва. Гулі яны так гучна, што тры ці чатыры мужыкі нават аглухлі. Джалілі пчолы мужыкоў і іх баб, князя, яго жонку і дзяцей, пасля чаго іх целы гарэлі грэцкім агнём і надзімаліся, як пупышкі на дрэвах.

Так Піліп узбагаціўся, а князь з тых часоў не купляў пчол, а плаціў яму толькі за мёд, але цяпер у пяць разоў даражэй.

Кірыл Стаселька. З дзясятка прапанаваных аўтарам да друку твораў «Маладосць» дзеліцца з чытачамі «Чырвонкі. Чырвонай змены» толькі двума. Гісторыі пра рукаў, абрус, вузел, лыжку, нажніцы, нож, пярсцёнак і цыркуль чакаюць на старонках часопіса. І трэба думаць, што дачакаюцца, бо занадта яны незвычайныя, каб застацца незаўважанымі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?