Вы тут

Вусны д'ябла


Вы яшчэ не чулі пра гэты новы модны трэнд у сучаснай касметалогіі? Ну, лічыце, тады вам пашчасціла. Пакуль... Бо давядзецца пазнаёміць, не можаце вы такое прапусціць. («— А праўда, што цябе жонка б'е патэльняй па твары? — Ну і што! Затое блінчыкі на мяне падобныя!») Выглядае ён сапраўды даволі жудасна. («Зрабіць з пчальніка кантактны заапарк было далёка не самай лепшай ідэяй».) Сутнасць трэнда ў тым, каб не проста павялічыць вусны да ненатуральных памераў, але яшчэ і змяніць іх форму. «Модніцы» сталі рабіць хвалю на верхняй губе — такі варыянт называецца «медуза», «васьміног» ці тыя самыя згаданыя «вусны д'ябла». Дамагаюцца жаданага эфекту з дапамогай прэпаратаў, якія ўводзяць побач з краем вуснаў, тым самым змяняючы іх контур. Зрабіць гэта можна, толькі ці вернецца ім потым звыклая форма — тое яшчэ пытанне. У касметалогіі круцяцца вялікія грошы, праўду ніхто гаварыць не будзе. («— Доктар, у мяне ў галаве маленькі чалавечак увесь час лаецца мацюкамі! — Дык гэта лёгка паправіць! Тысяча долараў і ніякіх праблем! — Доктар, а вы ведаеце, што зараз сказаў маленькі чалавечак?!») Таму хоць ахвотных абзавесціся «вуснамі д'ябла» хапае, на шчасце, шмат і тых, хто паставіўся да трэнду крайне негатыўна.


А то вы ж ведаеце, дрэнны прыклад — заразлівы. Добра, калі ён проста бяскрыўдны. Напрыклад, як флэшмоб з Азіі, вядомай сваімі дзіўнымі трэндамі. («Дырэктар цырка, гледзячы на выступленне п'янага жанглёра-эквілібрыста, сказаў, што выступаць пасля яго клоўнам, — толькі зняславіцца».) Цягам некалькіх гадоў адтуль да заходнееўрапейцаў дайшла забаўка пад назвай «рыбка ў ключыцы». Гэта калі дзяўчаты наліваюць у сваю ключычную ямку ваду і запускаюць туды марскіх жыхароў (некаторыя пачалі замяняць іх манеткамі). Мэта — прадэманстраваць сваю крохкасць, стройнасць, зграбнасць. Ну, дык у гэтым рэгіёне жаночая худоба асабліва цэніцца здаўна. («Дзяўчына, якая абяцала не есці пасля шасці, апоўначы выпіла катлету».) Клімат, ведаеце, рыбкі пад рукой... Бывае значна горш.

Нядаўна ў сеціве з'явіліся шакіруючыя фота блогеркі з Навасібірска Кацярыны Андрэевай. Дзяўчыне 21 год, тым не менш яна падобная на падлетка. Карыстальніца выкладвае здымкі, на якіх выглядае ненатуральна худой. Яе ногі-саломінкі, рукі-нітачкі і асіная талія ў большасці падпісчыкаў выклікаюць не захапленне, а трывогу. У сеціве пішуць, што блогерку, якая бравіруе сваімі касцямі, хочацца тэрмінова накарміць булачкамі са згушчонкай. Тая ж не прызнаецца ў анарэксіі, наадварот, кажа, што, маўляў, нават крыху паправілася, але сваю вагу не называе. І эпаціруе іншых... досыць адкрытымі вобразамі. Гэта ў яе фізічнай форме... («Шэранькі ваўчок у 2019-м: узломвае твой фітнес-бранзалет, каб даведацца ўсё пра твае фазы сну і знайсці ідэальны момант для кусання за бачок».) Добра, хоць іншых не заклікае рабіць тое ж самае.

А вось дзе вусны д'ябла раскрыліся напоўніцу, дык гэта ў сітуацыі з Грэтай Тунберг. Яе яшчэ часопіс Tіme днямі назваў чалавекам года. Ведаеце такую? («Здаецца, што ў апошні час усіх нованароджаных дзяўчынак называюць у гонар якой-небудзь цырульні».) Пішуць, што тая разам з паплечніцай скінула маску экалагічнай актывісткі і цвёрда акрэсліла свае рэальныя палітычныя мэты. Дзяўчаты прызналіся, што іх барацьба за «выратаванне планеты» патрабуе знішчэння існуючай палітычнай і эканамічнай сістэмы. Маўляў, экалагічны крызіс датычыцца не толькі навакольнага асяроддзя. Гэта крызіс правоў чалавека, справядлівасці і палітычнай волі, якія стварылі і падсілкавалі «каланіяльная, расісцкая і патрыярхальная сістэмы прыгнёту». («— Мама, чаму браціка бусел прынёс, а мяне ў капусце знайшлі? — Упусціў цябе бусел...») Цяпер увага: што хаваецца за спецыфічнай мовай радыкальных «зялёных»? Тыя самыя вусны д'ябла... У іх паняцці «патрыярхальная сістэма прыгнёту» — любое грамадства з традыцыйнымі каштоўнасцямі, у якіх мужчына — гэта мужчына, а жанчына — гэта жанчына. А сям'я — саюз паміж імі, у якім выхоўваюцца дзеці. Як вам? («— Ты ясі як мужык. Па маіх падліках, ты павінна важыць 150 кілаграмаў, але ў табе ўтрая менш. У чым сакрэт? — Высокі ўзровень метабалізму, інтэнсіўная работа нейронаў, пастаянныя выкіды адрэналіну ў кроў ну і, вядома, паскораны цыкл Крэбса. — Ведзьма? — Ведзьма.») І так, гэтыя так званыя экалагічныя актывісты выступаюць з заклікам устрымацца ад нараджэння дзяцей — таксама ў імя выратавання клімату. Прычым сярод моладзі ў англасаксонскіх краінах, дзе такая прапаганда працуе на поўную моц, згаданыя погляды становяцца ўсё больш папулярныя.

Ды што там... Нядаўна спецыялісты адзначылі, што сярод расіян ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў з'явілася тэндэнцыя — свядомая адмова ад сексу. Пра гэта СМІ расказала намеснік старшыні Усерасійскай асацыяцыі сексолагаў па сацыяльных пытаннях Іна Сарока. Тэндэнцыя намецілася некалькі гадоў таму. Яе прыхільнікаў называюць асексуаламі. («— Прывітанне. Як наконт сексу? — Паспрабуй. Кажуць, нармальная справа. — А ты згодная ці не? — Канешне, займайся ў сваё задавальненне. — З табой. — Са мной усё добра. Сам як?») Іх дэвіз: «няма сексу — няма праблем». Але ж ці павінна так быць?.. («Аб'ява: «Мяняю двухмесную палатку на дзіцячую каляску. Палатка зусім новая, выкарыстоўвалася адзін раз».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Прэв'ю: debat.me

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.