Вы тут

У снежні Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа святкуе юбілей


У снежні Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа святкуе юбілей. З гэтай круглай датай калектыў установы павіншаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.


Невялікі двухпавярховы будынак на тэрыторыі Нацыянальнай акадэміі навук — гэта сапраўды дом пісьменніка, дзе ён жыў з сям’ёй з канца 1944 года да апошніх дзён. А ў 1956-м, пасля смерці народнага паэта, арганізацыяй мемарыяльнай прасторы займаўся старэйшы сын Коласа Даніла. За гэтыя гады праведзена вялікая работа па ўвекавечанні памяці легендарнага заснавальніка новай беларускай літаратуры. Сёння музей Якуба Коласа — гэта 10 экспазіцыйных залаў, у дзвюх захаваны прыжыццёвы інтэр’ер кабінета і спальні пісьменніка. У астатніх пакоях — мэбля і рэчы, якімі карыстаўся паэт на працягу апошніх гадоў свайго жыцця.

Асноўны фонд музея налічвае звыш 31 тысячы адзінак. Гэта асабістыя рэчы Якуба Коласа і яго сям’і, кнігі, рукапісы, дакументы, мастацкія работы, якія ўвекавечваюць вобраз народнага паэта і герояў яго твораў. У музеі таксама маюцца і неарыгінальныя, дублетныя матэрыялы (рэпрадукцыі, копіі, муляжы), з якіх створаны навукова-дапаможны фонд колькасцю звыш 4 тысяч адзінак.

Два месяцы таму ў музей Якуба Коласа прыйшоў працаваць новы дырэктар Аляксандр Храмы, які адказна ставіцца да задач захавання і папаўнення спадчыны песняра. На яго думку, ужо зараз спадчыну трэба не проста захоўваць на паліцах, а выносіць у народ, каб людзі ведалі і памяталі, хто такі Якуб Колас.

Якуб Колас у 1950-я гады.

— Сёння я дакладна разумею, што канцэпцыю мадэлі развіцця трэба разглядаць не толькі для асноўнага будынка нашага музея, але таксама і за яго межамі, — упэўнены Аляксандр Храмы.  — Я не забываюся, што ў Мінску ёсць тая ж плошча Якуба Коласа, якую таксама лічу адной з частак нашай установы, ёсць магіла песняра, ёсць філіял — Мікалаеўшчына на Стаўбцоўшчыне, дзе знаходзіцца сядзіба Якуба Коласа. Там прайшоў адзін з яго перыядаў жыцця. Нельга забыць пра Пухавіцкі раён, дзе ў 1930-я гады пясняр часта бываў, Акадэмію навук, дзе адбывалася яго навуковая дзейнасць, 20 бібліятэк і тэатр, якія носяць імя Якуба Коласа. Спадчына паэта вялікая. Штогод у нашым музеі праходзяць Каласавіны. Праўда, заўсёды яны працавалі толькі ў літаратурным напрамку, але з наступнага года, я спадзяюся, мы іх пашырым. Мне, як новаму дырэктару, цяжка пакуль нават асэнсаваць увесь той багаж, які трэба адначасова падтрымліваць і працаваць.

4 снежня ў музеі адбылося ўрачыстае мерапрыемства, дзе ў гонар Якуба Коласа прагучала безліч прыемных і цёплых слоў. У межах свята адкрылася выстаўка «Ад Адама да Кастуся Міцкевіча. Песняры зямлі беларускай». Праз такую назву арганізатары ў першую чаргу хацелі пашырыць уяўленне наведвальнікаў і ўвогуле жыхароў Беларусі пра жыццё паэта. На жаль, не ўсе сёння ведаюць, што сапраўднае прозвішча Коласа — Міцкевіч.

— Мы хацелі паказаць, што Якуб Колас выхоўваўваўся на ідэалах сусветна вядомых песняроў: не толькі такіх, як Пушкін альбо Лермантаў, але і Адам Міцкевіч, — расказаў Аляксандр Храмы.  — Адчуваецца тоеснасць у творчасці абодвух паэтаў. Нягледзячы нават на тое, што яны пісалі на розных мовах. Пры жыцці Якуб Колас падтрымліваў стасункі з польскім бокам, каб паказаць, што Адам Міцкевіч — яшчэ і беларускі пісьменнік. Выстаўку арганізавалі пры падтрымцы калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава. Шмат што паказана ўпершыню. Маюцца фотаздымкі, якія да гэтага часу нідзе не публікаваліся.

Дарэчы, у музея ёсць яшчэ адна нагода для святкавання  — 105-годдзе першага дырэктара — старэйшага сына Якуба Коласа Данiлы Канстанцiнавiча. З гэтай прычыны створана асобная экспазiцыя. Сёння ў архіве музея знаходзіцца фільм «Народны пясняр», зняты Юрыем Тарычам. Гэтая стужка мала вядома шырокаму колу аматараў кінематаграфіі, тым не менш, яна прыцягвае з першых хвілін прагляду. Калісьці сам Тарыч падарыў фільм Якубу Коласу. Стужка таксама стала падарункам для гасцей музея.

Асабістыя рэчы Данілы Міцкевіча, першага дырэктара музея Якуба Коласа

— Увогуле, калі я прыйшоў у музей, быў вельмі ўражаны, наколькі актыўна працуюць музейныя работнікі,  — успамінае Аляксандр Васільевіч.  — Мне адразу дапамаглі зразумець, у якім напрамку мы павінны рухацца і як вызначацца са стратэгіямі. Гэта неацэнная дапамога. У мяне добрыя адносіны з нашчадкамі Якуба Коласа, якія таксама стараюцца нас падтрымаць. Сённяшняе свята  — працэс калектыўны, за які кожнаму, хто быў датычны, хочацца падзякаваць.

Музей Якуба Коласа захоўвае больш за 2,5 тысячы рукапісаў. Сярод самых цікавых і каштоўных  — цыкл дарэвалюцыйных вершаў Коласа, яго белетрыстыка, фальклорныя сшыткі з запісамі казак, легенд, паданняў, народных песень, якія паэт зрабіў у перыяд вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі і ў гады працы настаўнікам на Палессі ў 1899—1904 гадах. Сярод найбольш каштоўных экспанатаў кніжнага фонду  — першыя і амаль усе прыжыццёвыя выданні твораў Якуба Коласа на беларускай і рускай мовах, а таксама адзінае, якое захавалася з усяго накладу, 4-е выданне паэмы «Новая зямля» 1941 года.

— Мне вельмі важна ведаць, што 4-е выданне «Новай зямлі» захоўваецца ў нас. Якуб Колас заўсёды для мяне быў блізкім паэтам. Мама з дзяцінства чытала мне ўрыўкі з «Новай зямлі», — падзяліўся дырэктар музея. — Цяпер я чытаю іх сам. Калі, бывае, становіцца сумна, пачытаеш  — і адразу адчуваеш сябе лепш. Яго радкі нагадваюць пра шчаслівыя часы дзяцінства.

Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа актыўна папулярызуе веды пра ўклад пісьменніка ў развіццё Беларусі як краіны і беларускага народа як самабытнай нацыі. Статус адзінага мемарыяльнага музея-сядзібы ў Мінску, безумоўна, вызначае яго ўнікальнасць сярод іншых літаратурных музеяў сталіцы.

Вікторыя АСКЕРА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Унікальная спадчына

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.