Вы тут

Якія пытанні хвалююць жыхароў Магілёўшчыны?


Камуналка, занятасць, гандаль, сельская гаспадарка, транспарт, ахова здароўя — гэтыя і іншыя тэмы сталі нагодай для размовы падчас суботняй прамой лініі з губернатарам Магілёўскай вобласці Леанідам Зайцам.


Усяго паступіла 23 пытанні ад жыхароў Магілёва, а таксама Магілёўскага, Чэрыкаўскага, Асіповіцкага, Шклоўскага, Глускага, Дрыбінскага, Круглянскага, Мсціслаўскага і Горацкага раёнаў. Напрыклад, аднаго магіляўчаніна турбавала будучыня жылых дамоў старой забудовы па вуліцы Мянжынскага, якія маюць патрэбу ў капітальным рамонце. Губернатар сказаў, што гэтая тэма патрабуе больш дэталёвага вывучэння, на падставе якога і будзе прынята рашэнне.

Фермера з Дрыбінскага раёна цікавіла, калі Магілёўскі і Бабруйскі хлебакамбінаты нарэшце разлічацца з ім за здадзенае збожжа. Камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама было даручана прыняць меры па паскарэнні разлікаў.

З Горак патэлефанаваў балельшчык магілёўскага футбольнага клуба «Дняпро», які панаракаў на гульню каманды і звярнуў увагу на тое, што наспела неабходнасць змянення яе трэнерскага складу. Ён таксама папрасіў аказаць падтрымку горацкаму футбольнаму клубу, які гуляе ў трэцяй лізе. Леанід Заяц адзначыў, што праводзіцца работа па ўдасканаленні трэнерскага складу магілёўскага клуба, і даў даручэнне вывучыць сітуацыю па горацкіх футбалістах і магчымасці аказання ім дапамогі.

Жанчына з Асіповіцкага раёна звярнула ўвагу на тое, што ў вёсцы Верайцы няма стацыянарнай крамы. Прыязджае аўталаўка, але людзей гэта не задавальняе. Акрамя таго, насельніцтва скардзіцца на якасць пітной вады, якая змяшчае шмат жалеза. Губернатар даручыў Асіповіцкаму райвыканкаму вырашыць пытанне па краме і разгледзець магчымасць будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў наступным годзе.

Супрацоўнік ААТ «Цішоўка» з Магілёўскага раёна паскардзіўся на тое, што работнікі не атрымалі зімняе спецаддзенне для работы на вуліцы. Магілёўскаму райвыканкаму дадзена заданне выехаць на месца і вывучыць сітуацыю. Акрамя гэтага даручана пракантраляваць становішча са спецадзеннем па іншых гаспадарках вобласці.

Прагучала скарга ад забудоўшчыка жылога дома ў вёсцы Сенькава Магілёўскага раёна, які не можа падключыцца да электрасеткі. Энергетыкам сумесна са спецыялістамі Магілёўскага райвыканкама трэба будзе выехаць на месца і разабрацца з пытаннем.

На прамую лінію патэлефанаваў магіляўчанін, які выразіў падзяку магілёўскім уладам за тое, што горад за апошні час прыкметна пахарашэў. Ён таксама звярнуў увагу, што ў парку Падніколля не хапае аб'ектаў грамадскага харчавання. Мужчына лічыць, што вельмі дарэчы было б адкрыццё там рэстарана або кавярні з беларускай кухняй.

Яшчэ адна магіляўчанка абурылася станам тэрыторыі вакол аўтавакзала — агароджа занядбаная, а вакол кантэйнернай пляцоўкі, якая грамадзянамі выкарыстоўваецца не па прызначэнні, заўсёды прысутнічае непрыемны пах. Адпаведным службам горада, у тым ліку санітарнай, даручана навесці там парадак.

Сігнал аб дапамозе прагучаў з вёскі Гронаў Чэрыкаўскага раёна, дзе закрылі ФАП. Вёска, дарэчы, не маленькая, там пражывае 250 чалавек. Як высветлілася, будынак фельчарска-акушэрскага пункта знаходзіўся ў неналежным стане і пагражаў бяспецы людзей. Даручана разгледзець магчымасць рамонту будынка або прыняцця іншага кампраміснага рашэння. Галоўнае, каб людзям аказваліся якасныя медыцынскія паслугі, падкрэсліў губернатар.

Падводзячы вынікі прамой лініі, Леанід Заяц звярнуў увагу, што ўсе звароты грамадзян павінны знаходзіць практычнае вырашэнне.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Прэв'ю: БелТА

Загаловак у газеце: Выслухаць і дапамагчы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.