Вы тут

​Каб стрымаць імклівае пацяпленне на планеце, трэба кардынальна перабудаваць свой лад жыцця


З 2 да 13 снежня ў Мадрыдзе праходзіла 25-я Канферэнцыя бакоў Рамачнай Канвенцыі ААН аб змяненні клімату (COP25). У ёй бралі ўдзел каля 20 тыс. чалавек — як простыя актывісты-эколагі, так і кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў. Удзельнікі канферэнцыі абмяркоўвалі меры, якія дазволяць як мага хутчэй скараціць забруджванне наваколля і стрымаць пацяпленне клімату. Што робіцца ў гэтым кірунку ў Беларусі?


Нягледзячы на меры, якія прымаюцца ў розных краінах свету, наша планета працягвае награвацца. Паводле даных ААН, яе тэмпература ўжо на 1,1 оС вышэй, чым у пачатку прамысловай рэвалюцыі. Калі гэта тэндэнцыя працягнецца, то сярэдняя тэмпература да канца стагоддзя можа павысіцца яшчэ на 3,4—3,9 градуса, што прывядзе да катастрафічных наступстваў. Ужо сёння растаюць ільды ў Арктыцы і Антарктыцы, пачасціліся лясныя пажары, засухі, ураганы і паводкі. Не абыходзіць гэта праблема і Беларусь. Як адзначаюць спецыялісты, за апошнія 30 гадоў сярэднегадавая тэмпература ў нашай краіне вырасла на 1,3 градуса.

Падчас выступлення на сегменце высокага ўзроўню міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ХУДЫК, які ўзначаліў беларускую дэлегацыю на COP25, адзначыў прыхільнасць Рэспублікі Беларусь да ўстойлівага развіцця, якое немагчыма без рашэння праблемы змены клімату. Менавіта таму гэтыя пытанні актыўна і ўсвядомлена вылучаюцца кіраўніком дзяржавы і ўрадам нашай краіны ў асобны парадак дня.

— Разумеючы безумоўную важнасць кліматычных дзеянняў, Рэспубліка Беларусь адказна паставілася да закліку ўзмацніць амбіцыі ў гэтым кірунку і мае намер павялічыць свае нацыянальныя абавязацельствы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў да 2030 года не менш чым на 35 % у параўнанні з 1990 годам выключна за кошт уласных рэсурсаў, — адзначыў Андрэй Худык.

Па словах міністра, у развіццё нацыянальнага Плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Парыжскага пагаднення наша краіна прымае не толькі ўстойлівыя дзеянні па зніжэнні выкідаў парніковых газаў, але таксама меры па адаптацыі і павелічэнні паглынання парніковых газаў, сумесная рэалізацыя якіх спрыяе істотнаму зніжэнню ўзроўняў рызык, звязаных са зменай клімату.

У якасці прыярытэтных мер у нашай краіне разглядаюцца пераход да эканомікі замкнутага цыкла, якая ўключае фарміраванне ўстойлівай гарадской мабільнасці, будаўніцтва энергаэфектыўных жылых дамоў, зніжэнне энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту, укараненне ў эканоміку нізкавугляродных і энергаэфектыўных тэхналогій і матэрыялаў, развіццё электратранспарту. Прымаюцца меры па далейшым павелічэнні лясістасці тэрыторыі краіны, захаванні водна-балотных угоддзяў, развіцці асабліва ахоўных прыродных тэрыторый.

— Аднак неабходна прымаць да ўвагі, што добрасумленнае выкананне Беларуссю павышаных абавязацельстваў, узятых на сябе ў рамках рэалізацыі Парыжскага пагаднення, з'яўляецца недастатковым для пераадолення з'яў, выкліканых зменай клімату ў рэгіянальным і глабальным маштабе. Неабходна кансалідацыя намаганняў усіх дзяржаў, а таксама справядлівае размеркаванне тэхнічнай і экспертнай дапамогі тым краінам, якія здольныя прымаць максімальна эфектыўныя меры ў сферы барацьбы са зменай клімату, — рэзюмаваў міністр.

На палях СОР25 Андрэй Худык таксама правёў шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўнікамі дэлегацый краін-удзельніц, а таксама прадстаўнікамі міжнародных арганізацый па пытаннях развіцця супрацоўніцтва ў сферы аховы навакольнага асяроддзя і павелічэння аб'ёмаў сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, якія прыцягваюцца для рашэння прыродаахоўных праблем у Беларусі.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота прэс-службы Мінпрыроды

Загаловак у газеце: Час дзейнічаць

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.