Вы тут

На першым месцы сярод прычын траўміравання — неасцярожныя паводзіны самога чалавека


Зімой, асабліва ў галалёд, пільную ўвагу трэба праяўляць пажылым людзям, якія імкнуцца весці актыўны лад жыцця — наступствы падзенняў у такім узросце нашмат горшыя, чым у больш маладых. Таксама трэба быць пільнымі бацькам. Найперш з-за небяспекі траўміравання дзяцей падчас катання на «ватрушках». Не меншую небяспеку тояць і батутныя цэнтры. Пра гэта расказалі спецыялісты.


— Траўміраванне мае сезонны характар: калі летам яно часта звязана з сельскагаспадарчай дзейнасцю, то з надыходам халадоў мы сутыкаемся з вялікай колькасцю галалёдных траўмаў, — кажа ўрач-траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Ярашэвіч. — Але на першым месцы сярод прычын — неасцярожныя паводзіны самога чалавека.

Медык звярнуў увагу на правільную ацэнку ўмоў надвор'я пажылымі людзьмі.

— У экстранных умовах надвор'я не варта ісці ў паліклініку па рэцэпт, які вам, магчыма, сёння і не патрэбны. Падзенні ў галалёд заўсёды для сталых людзей заканчваюцца сумна. Калі малады чалавек упаў, падняўся і пайшоў далей, то ў пажылога гэта пералом. І трэба ўсведамляць, што ў сталым узросце пералом можа мець зусім іншыя наступствы, чым у маладым.

Андрэй Ярашэвіч таксама падкрэсліў, што цяпер вялікую колькасць траўмаў атрымліваюць дзеці ў батутных цэнтрах.

— Многія дзеці спартыўна не падрыхтаваныя і не гатовыя да такіх нагрузак. Пры гэтым яны скачуць, атрымліваюць няправільную нагрузку — у выніку ўзнікае кампрэсійны пералом пазваночніка. Цяпер мы маем вялікую колькасць такіх зваротаў.

Таксама медыкі нагадалі пра хуткі надыход сезона катання на «ватрушках». І тут бацькам параілі не адпускаць дзяцей катацца адных, кантраляваць спуск з горкі цалкам і ні на хвіліну не пакідаць дзіця без увагі.

За апошнія пяць гадоў колькасць траўмаў у краіне хоць нязначна, але расце. Больш за 99 % з іх не звязана з вытворчасцю. Як расказаў намеснік дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Лінаў, 77 % — гэта бытавыя траўмы, 15 % — вулічныя, 1 % — транспартныя, 0,6 % — спартыўныя. Каля 66 % траўміраваных — людзі працаздольнага ўзросту.

— На працягу апошніх 12 гадоў траўма як прычына смерці займае 4-е месца пасля хвароб сістэмы кровазвароту, новаўтварэнняў, хвароб нервовай сістэмы. Пры гэтым за апошнія пяць гадоў смяротнасць ад знешніх прычын (да якіх і адносяцца траўмы і выпадковыя атручэнні) знізілася больш чым на 12 %, — расказаў Аляксандр Лінаў.

Сёлета колькасць памерлых ад усіх знешніх прычын зменшылася на 7 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Прычым гэта характэрна для ўсіх рэгіёнаў, за выключэннем Віцебскай вобласці. Там адбыўся рост — за кошт колькасці загінулых ад атручэння алкаголем, механічнага ўдушэння і ўтаплення.

У структуры смяротнасці ад знешніх прычын лідзіруюць наўмыснае самапашкоджанне, уключаючы самагубствы (21,8 %), выпадковыя атручэнні алкаголем (19,3 %), выпадковыя падзенні (амаль 14 %), дарожна-транспартнае траўміраванне (8,7 %).

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».