Вы тут

Што такое «Юраўскі карагод», унесены ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА?


Днямі на ХІV сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, што праходзіла з 9 да 14 снежня ў калумбійскай Багаце, было прынята рашэнне ўключыць беларускі веснавы абрад «Юраўскі карагод» у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Што гэта наогул дае і чаму так важна для захавання ўнікальнай традыцыі?


Дзе карагод ходзіць

Цяпер, расказваюць месцічы, жыхароў у вёсцы Пагост няшмат — паводле пашпарта сельсавета — 230 чалавек, а фактычна і таго меней. Аднак на свята, кажа дырэктар Жыткавіцкага раённага цэнтра народнай творчасці і арганізацыі культурнага вольнага часу насельніцтва Людміла Грыб, прыязджае мо яшчэ столькі ж — і з навакольных вёсак, і з Азяранскай сярэдняй школы, для вучняў якой дырэктар ладзіць, бадай, найлепшы практычны ўрок краязнаўства, а таксама студэнты ўніверсітэта культуры і педагагічнага ўніверсітэта, этнографы, прадстаўнікі райвыканкама, тэлевізійнікі, госці з Гомеля, Мінска, нават з суседняй Украіны... «Абрад праводзяць самі пагашчане, усе астатнія назіраюць за жывой традыцыяй, — расказвае Людміла Леанідаўна, — а вось пасля завяршэння абраду працягваецца ўжо агульнае свята, дзе праходзяць і вялікі кірмаш рамеснікаў, і выстаўкі, і канцэрт самадзейных фальклорных калектываў з усёй Гомельшчыны, дый з іншых рэгіёнаў прыязджаюць... Безумоўна, вельмі прыемна і важна, што пра наш абрад цяпер ведаюць не толькі ў краіне, але і далёка за межамі Беларусі».

Дасье «Звязды»

Абрад «Юраўскі карагод» раней меў распаўсюджанне ў шэрагу вёсак Жыткавіцкага раёна, хоць, канешне, геаграфічныя межы ў гэтым выпадку вельмі ўмоўныя. Але на сёння традыцыя найбольш поўна захоўваецца і жыве толькі ў вёсцы Пагост, што ўваходзіць у Азяранскі сельсавет. Абрад праводзіцца 6 мая, у дзень святога Георгія (Юр'я).

Складаецца ён з дзвюх частак. Спачатку ва ўнутраным двары асобнай сялянскай гаспадаркі з хлява пасля зімы першы раз выводзяць скаціну. Другая ж частка ўключае выпечку і раздачу рытуальнага хлеба, шэсце вяскоўцаў на веснавое поле, песні ды гульні, пажаданні адно аднаму добрага здароўя і багатага ўраджаю...

У 2004 годзе веснавы «Юраўскі карагод» быў разгледжаны Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі для ўключэння ў рэспубліканскі спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў — і праз тры гады, у 2007-м, паводле адпаведнай пастановы Савета Міністраў стаў першым у нашай краіне нематэрыяльным элементам, які атрымаў такі статус.

І ўсё ж, нягледзячы на ўзгодненыя агульныя намаганні органаў улады і грамадскасці, абрад знаходзіцца пад пагрозай знікнення, і прычын таму шмат — старэнне носьбітаў, тэндэнцыя з'язджання моладзі з вёскі не вельмі спрыяльныя сацыяльна-эканамічныя ўмовы ў рэгіёне.

Вось як убачылі і занатавалі дзею даследчыкі фальклору:

«Старажытны абрад «Юраўскі карагод» штогод праходзіць 6 мая ў гонар ахоўніка дамашняй жывёлы, дабрадзея ў хатняй гаспадарцы і апекуна ўрадлівасці — святога Юрыя (Ягорыя, Георгія). Напярэдадні або раніцай у хаце Кацярыны Панчэні (найстарэйшай носьбіткі мясцовых фальклорна-абрадавых традыцый) выпякаюць абрадавы хлеб-«карагод», які потым дарослыя і дзеці ўпрыгожваюць самаробнымі кветкамі і даручаюць яго несці «хлопцу-ваяводу» ў святочным шэсці разам з іншымі вяскоўцамі. Усе яны ідуць да поля, прычым тройчы праходзяць праз сімвалічныя «вароты з ручнікоў», калі выходзяць з хаты, са двара і вяртаюцца з поля. Кульмінацыйны момант абраду адбываецца ў полі. Удзельніцы народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Міжрэчча» Пагосцкага сельскага клуба-бібліятэкі разам з дзецьмі і іншымі пагашчанцамі з песнямі і гульнямі водзяць карагоды «па сонцы». У цэнтры карагода — хлопцы і мужчыны, якія трымаюць ікону Божай Маці, абрадавы хлеб-«карагод» і граблі з зялёным фартухом. Каравай пад песні тройчы падымаюць угару, потым мяняюць на граблях зялёны фартух на чырвоны, і ўсе ідуць у бок вёскі. Удзельнікі шэсця спыняюцца каля хат, просяць дазволу ў гаспадароў вадзіць карагод, жадаюць добрага здароўя, ураджаю, прыбытку ў хляве, «каб усё радзіла і пладзіла» — а за гэта атрымліваюць пачастункі: хлеб, яйкі...»

Дарэчы, у мясцовым клубе спецыяльна абсталяваны куток абрадавай атрыбутыкі, дзе захоўваецца муляж хлеба-«карагода» і маленькія грабелькі з зялёным ды чырвоным фартушкамі, таксама сабраная багатая выстаўка фатаграфій з абраду розных гадоў. Ужо існуе і відэалетапіс традыцыі — акурат гэтай вясной здымачная група праекта «Жывая культура» тэлеканала «Беларусь 3» пабывала на Юр'я з творчай экспедыцыяй у вёсцы Пагост і разам з пагашчанцамі вадзіла «Юраўскі карагод», запісваючы вялікі сюжэт пра традыцыю.

Ведаць, каб шанаваць

Унясенне ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў, якія патрабуюць асаблівай увагі і падтрымкі, — працэс не аднаго месяца і нават не аднаго года, тым больш калі гаворка ідзе пра міжнародны ўзровень. Напрыклад, для таго каб трапіць на разгляд камітэта ЮНЕСКА, трэба было сабраць немалы стос дакументаў, так званае намінацыйнае дасье, — яго рыхтавалі за кошт сродкаў Міністэрства культуры Беларусі з прыцягненнем носьбітаў элемента, беларускіх экспертаў, Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, таксама з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў і Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА ў Парыжы.

— Насамрэч, існуюць два спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, — расказалі «Звяздзе» ў аддзеле традыцыйнай народнай культуры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці. — Адзін з іх — Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, і ў яго ад Беларусі ўваходзіць, напрыклад, вядомы Будслаўскі фэст (урачыстасць у гонар ушанавання Іконы Божай Маці Будслаўскай, што праходзіць у вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна Міншчыны, унесеная ў Спіс сусветнай спадчыны ў 2018 годзе). Другі ж — спіс аб'ектаў нематэрыяльнай культуры, якія патрабуюць тэрміновай аховы; ён уключае элементы жывой спадчыны, жыццяздольнасць якіх знаходзіцца пад пагрозай, мабілізуе міжнароднае супрацоўніцтва і падтрымку дзеля захавання і перадачы гэтых культурных практык. Менавіта ў гэты другі спіс і трапіў «Юраўскі карагод», таксама як абрад «Калядныя цары» з вёскі Семежава, што на Капыльшчыне (атрымаў статус у 2009-м).

Чаму гэта так важна? Унясенне ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы, дае адчувальную падтрымку міжнароднай супольнасці, у тым ліку фінансавую. Але перадусім, падкрэсліваюць спецыялісты, гэты высокі статус — увага да нашых беларускіх традыцый і магчымасць паглядзець на іх пад іншым вуглом. «Часта для людзей, якія жывуць у мясцовасці распаўсюджання таго ці іншага абраду, гэты абрад — рэч настолькі паўсядзённая і звыклая, што яго каштоўнасць не адчуваецца і ганарыцца нібыта няма чым, — разважае выканаўца абавязкаў начальніка аддзела традыцыйнай народнай культуры ўстановы «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці» Ірына Глушэц. — І толькі ўвага звонку, шчырае захапленне іншых людзей, у тым ліку замежнікаў, даюць разуменне ўнікальнасці традыцыі. Галоўнае, на мой погляд, што гэтая падтрымка і ўвага мусяць не перашкодзіць захаванню абраду, каб з яго не сышла аўтэнтыка, — гэта значыць, усе, хто прыязджае, каб на свае вочы ўбачыць традыцыю, павінны быць яе сведкамі, не ўмешвацца ў даўно заведзеныя звычаі, а толькі сузіраць іх».

Папраўдзе, гэта наша дзіўная нацыянальная ўласцівасць: пакуль не заўважыць і не пахваліць хтосьці звонку, лічыць сваё — песні, танцы, творчыя здабыткі і традыцыі — чымсьці не вельмі важным. Але якраз такія праявы, артэфакты народнай культуры, аналагаў якіх няма больш нідзе ў свеце, — тое, што на глыбінным узроўні адрознівае беларусаў сярод іншых, што не дае глабальнаму прыпадабненню захапіць нас і растварыць у плынях маскульту. То давайце, нарэшце, проста тут і цяпер, не чакаючы ўказкі ад суседзяў, пачынаць любіць сябе такімі, а свае традыцыі — шанаваць, берагчы і прадаўжаць.

Тым часам

Як нядаўна ўжо расказвала «Звязда», упершыню ў Беларусі статус гісторыка-кальтурнай каштоўнасці атрымае тэатральны спектакль — знакамітая «Паўлінка», найстарэйшая пастаноўка ў рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Акрамя яе, рэспубліканская навукова-метадычная рада пры Міністэрстве культуры падтрымала прапанову ўключыць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі яшчэ чатыры нематэрыяльныя праявы творчасці:

— традыцыі веснавых карагодаў на Вялікдзень, Праводную нядзелю і «Провады зімы» ў вёсцы Пінкавічы (Пінскі раён Брэсцкай вобласці);

— традыцыі шчадравання «Конікі» ў Давыд-Гарадку (Столінскі раён Брэсцкай вобласці);

— традыцыі вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне ў вёсцы Рухава, аграгарадку Палажэвічы і Старых Дарогах (Старадарожскі раён Мінскай вобласці);

— традыцыі прыгатавання пірага «Поразаўская банкуха» ў гарадскім пасёлку Поразава і вёсцы Карэвічы (Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці).

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА, зробленыя ў 2018 годзе

Загаловак у газеце: «Каб усё радзіла і пладзіла...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.