Вы тут

У Магілёве адраджаюць прыгожую навагоднюю традыцыю


РF (скарочана ад французскага Роur Fеlісіtеr) у перакладзе азначае «каб павіншаваць», а на італьянскай гэта гучыць яшчэ больш святочна: Ро Fеlісіtа — на шчасце. Іншымі словамі — гэта навагодняя паштоўка, але не зусім звычайная. Такой дакладна ў газетным кіёску не купіш. Але яе можна зрабіць. Каб натхніцца, завітала на выстаўку ў магілёўскі этнаграфічны музей, дзе гэтыя творы мастацтва сёння якраз і дэманструюцца. Ішла з упэўненасцю, што ўбачу старыя добрыя сюжэты з Дзедам Марозам і Снягуркай, і была крыху збянтэжаная, калі ўбачыла такое буйства фантазіі. Аказваецца, можна быць арыгінальным нават тады, калі здзівіць, здаецца, ужо няма чым.


Ад «ню» да знакаў задыяка

Тут прадстаўлена 240 здымкаў шасцідзесяці фотамастакоў з дзесяці краін свету, у тым ліку Расіі, Украіны, Францыі, Германіі. Сюжэты самыя розныя — ад калажаў да рэпартажаў і пейзажаў. Усіх гэтых аўтараў аб'ядноўвае толькі адно — здольнасць убачыць у навакольным свеце тое, чаго не заўважаюць іншыя. У кожнага свая фатаграфія, свой погляд на свет.

— Мяне натхнілі на стварэнне гэтай выстаўкі мае калегі, — прызнаецца арганізатар незвычайнага праекта вядомая магілёўская фотамастачка Ірына Савосіна. — Апошнія гады ў нашым фотаклубе «Вясёлка» сталі актыўна праводзіцца фотаконкурсы, да нас далучаецца моладзь. Яна пакуль, магчыма, не такая актыўная, але работы маладых сапраўды заслугоўваюць увагі. Галоўнае, што яны — удзельнікі нашай супольнасці, у якой ёсць свае традыцыі. Адна з іх — вось гэтыя кранальныя «пээфкі» памерам 10 на 15, якімі ў нашым асяродку прынята віншаваць сяброў.

Наогул, калі казаць пра сусветную гісторыю РF, дык яна нарадзілася не на пустым месцы. У пачатку ХХ стагоддзя былі папулярныя так званыя «адкрытыя» паштоўкі з пакінутым на іх месцам для маркі і звестак пра адрасата і адрасанта. На выстаўцы ў музеі такіх таксама хапае. Сюрпрыз з партрэтам сябе, сваёй сям'і або выявай нейкага пейзажу можна было зрабіць да рэвалюцыі ў фотаатэлье. Існавала спецыяльная фотапапера, на адваротным баку якой было надрукавана: «Адкрыты ліст».

— І наша калекцыя — гэта таксама ўжо гісторыя, — заўважае Ірына Савосіна. — Наогул, калі глядзіш вось на гэтыя маленькія сюжэты, паштоўкі, то згадваеш наша былое жыццё.

Заснавальнікам традыцыі стала Еўропа, а ў Савецкім Саюзе пра «пээфкі» сталі даведвацца ў 1960-я гады з некалькіх вельмі папулярных тады чэшскіх фотачасопісаў. У Магілёў мода на такія паштоўкі прыйшла ў пачатку 80-х, калі фотамайстры сталі абменьвацца імі з калегамі з іншых гарадоў і нават краін.

— Захаваліся «пээфкі» 1985 года ўкраінскага фотамастака з Адэсы Вадзіма Шулекі і беларускага фатографа Віктара Бутры, — кажа Ірына. — Наогул, наша калекцыя фарміравалася з таго, што было, а многія калегі, на жаль, страцілі гэтыя маленькія творы свайго мастацтва. Але я лічу, што гэта ўнікальныя работы і іх трэба захоўваць. «Пээфка» — візітоўка фатографа, своеасаблівая справаздача за мінулы год, яго віншаванне з надыходзячым годам. Сюжэт можа быць не толькі навагодні. Ён павінен адпавядаць душэўнаму настрою аўтара.

Самая багатая, напэўна, калекцыя «пээфак» знаходзіцца ў архіве вядомага магілёўскага фотамастака Аляксандра Ліціна.

— Я пачаў іх рабіць у 80-я гады, пасля таго як пераехаў жыць у Магілёў, — адзначае ён. — Раней я нічога не ведаў пра гэтую традыцыю. Пасля таго як далучыўся да яе, рабіў «пээфкі» практычна кожны год. Лічылася добрай традыцыяй стварыць паштоўку сваімі рукамі і адправіць менавіта па пошце — інтэрнэту ж тады яшчэ не існавала. Ад звычайнай паштоўкі «пээфка» адрозніваецца перш за ўсё тым, што зроблена выключна сваімі рукамі. Такі своеасаблівы хэнд-мэйд — не проста купіў дзесьці ў краме, а ўклаў сваю душу. Сюжэт выбіралі адвольна, часта прымяркоўвалі да нейкага знака задыяка або рабілі нешта з навагодняй атрыбутыкай — ёлкі, сняжок, цацкі. Пасылаў такія паштоўкі толькі самым блізкім сябрам, а іх, як вядома, шмат не бывае. Атрымаць ад іх такі ж падарунак было таксама прыемна. Гэтыя паштоўкі — перш за ўсё памяць: многіх аўтараў тых фота, якія трапілі на выстаўку, ужо няма ў жывых, з некаторымі страчана сувязь, але ў мяне застаўся рэчавы доказ таго, што я быў з імі знаёмы і мы былі ў цёплых адносінах.

Ірына Савосіна пераканана, што РF — унікальная рэч, больш распаўсюджаная ў фатаграфічным асяродку.

— Я таксама пасылала, але вельмі мала, — згадвае яна. — З сярэдзіны 80-х гэта для нас было рэччу звычайнай. Але захавалася такіх паштовак у мяне няшмат.

Найбольш вядомая «пээфка» Ірыны Савосінай датуецца 1989 годам. Арыгінал здымка памерам 30 на 40 сантыметраў пабываў на многіх выстаўках, у тым ліку міжнароднай «Фотагумар» у Габраве. Туды, згадвае аўтар, было вельмі складана трапіць. Сюжэт сапраўды камічны: жанчына грае на дзіцячай дудцы, а сабака «спявае». Работа так і называлася — «Дуэт».

— Здымала ў Магілёве ў сваёй знаёмай, якая мяне запрасіла, каб я паглядзела на гэты цуд — сабаку, які пяе, — усміхаецца Ірына, згадваючы тую гісторыю. — Ён сапраўды спяваў вельмі гучна, музычна. Гэта было неверагодна, бо атрымлівалася не выццё, а сапраўдны спеў.

Яшчэ адна «пээфка» Ірыны Савосінай заняла летась на конкурсе РF у Магілёве першае месца. На здымку занесеная снегам дошка аб'яў на пляжы, якую я спачатку прыняла за лаўку.

— Доўгі перыяд я не займалася «пээфкамі», — прызнаецца Ірына. — А ў 2013 годзе зноў вярнулася да гэтай дзейнасці. Гэта ж сапраўды мастацтва і наша гісторыя.

Натхнёная выстаўкай, я таксама пажадала парадаваць сваіх сяброў «пээфкай».

— Не праблема, — абнадзеіла мяне Ірына. — Рабі фота, у фоташопе напішы на ім РF, сваё прозвішча, наступны год і нясі ў фотаатэлье. Сябрам тваім, упэўнена, такое віншаванне спадабаецца.

Дарэчы, у Магілёве выстаўка РF ладзіцца ўпершыню, і шмат для каго такі варыянт навагодняга віншавання стане адкрыццём. А яшчэ гэта нагода натхніцца. Снегу на вуліцы пакуль няма, а тут ёлкі, Дзяды Марозы, паштоўкі савецкіх часоў, навагоднія паштовыя канверты, падобныя на тыя, у якіх фатографы пасылалі свае «пээфкі».

— Мы заўсёды стараемся зрабіць нашым наведвальнікам прыемны сюрпрыз і паказаць нешта незвычайнае. І гэтая выстаўка не стала выключэннем. На ёй прадстаўлены рэдкія артэфакты, якія абавязкова падымуць настрой. Выстаўка будзе вельмі цікавая і для прафесіяналаў , і для звычайных людзей, — падкрэсліла загадчыца аддзела этнаграфіі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Еўдакіма Раманава Святлана Рыбакова.

Р. S. Для тых, хто лянуецца рабіць «пээфку», ёсць яшчэ адзін варыянт здзівіць сяброў. Дашліце ім звычайнай, не электроннай, поштай адкрыты ліст. Цяпер лёгка знайсці шмат цікавых паштовак, нават беларускамоўных. У савецкія часы дасылаць іх было звычайнай справай, а цяпер традыцыя таксама трапіла ў разрад унікальных. Магчыма, прыйшоў час яе аднаўляць?

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Ірыны САВОСІНАЙ

Загаловак у газеце: Віншаванне ў фармаце РF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне. 

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.