Вы тут

Стартаваў адбор будучых зорак жаночай нацыянальнай зборнай па баскетболе


У рамках сумеснага праекта ФІБА Еўропа і Беларускай федэрацыі баскетбола «Яе свет, яе правілы» ў шасці гарадах нашай краіны праходзіць адбор найбольш перспектыўных дзяўчат-баскетбалістак 2007—2008 гадоў нараджэння. Рэспубліканская акцыя стартавала 11 снежня.


«Маштабны праект праводзіцца ў Беларусі ўпершыню і асноўная яго мэта — стварэнне надзейнага рэзерву для жаночай нацыянальнай зборнай, — тлумачыть выканаўчы дырэктар-генеральны сакратар БФБ Настасся Марыніна. — Задачы, якія стаяць перад спецыялістамі — агульнанацыянальная селекцыя таленавітых спартсменак для далейшай кропкавай работы з кожнай з іх, а таксама матывацыя трэнераў, якія вядуць наборы ў групы пачатковай падрыхтоўкі. Гэтая важная і няпростая работа ажыццяўляецца намаганнямі створанай экспертнай групы, якая складаецца з айчынных спецыялістаў. Узначальвае яе галоўны трэнер жаночай нацыянальнай зборнай Беларусі Наталля Трафімава. Асноўны ўпор зроблены на высакарослых гульцоў і разыгрываючых. Плануецца, што на фінальным этапе, які пройдзе ў студзені 2020 года, да праекта далучацца і замежныя эксперты. Набор гульцоў 2007—2008 гадоў — вельмі цікавы. Трэнеры і ў рэгіёнах, і ў Мінску зрабілі выдатную работу. Адзначым, што многія дзяўчаты прыйшлі летась у секцыі, натхніўшыся змаганнямі чэмпіянату свету па баскетболе сярод спартсменак да 17 гадоў, які прайшоў у Мінску. Аднак, на жаль, ёсць і выключэнні. Віцебская абласная федэрацыя прыняла рашэнне аб немэтазгоднасці правядзення адбору, матывуючы гэта «адсутнасцю згаданага ўзросту ў вобласці». А менавіта гэты рэгіён, адкуль родам Таццяна Белашапка, Аляксандр Куль, Мікалай Аляксееў, Анатоль Якубенка, заўсёды славіўся высакарослымі гульцамі. Таму прынята рашэнне, што ўсе ахвотныя змогуць прыняць удзел у туры, які адбудзецца ў Магілёве».

У экспертную групу ўвайшлі: галоўны трэнер жаночай нацыянальнай каманды Наталля Трафімава, галоўны трэнер нацыянальнай жаночай каманды 3х3 Юрый Воўк, алімпійская чэмпіёнка Таццяна Белашапка, заслужаныя трэнеры Беларусі Рэгіна Пышнік і Аляксандр Барысаў, трэнеры маладзёжных жаночых камандаў U-13, U-16, U-18, U-20 Алена Навойчык, Вікторыя Дацун, Надзея Камянец і Валянціна Навойчык (адпаведна), менеджар нацыянальнай жаночай каманды Аляксандр Кудраўцаў.

Па выніках рэгіянальных этапаў перспектыўныя баскетбалісткі і іх трэнеры будуць запрошаныя на фінальны тур, у рамках якога адбудзецца трэніровачны кэмп з прыцягненнем спецыялістаў РНПЦ спорту і НАДА. Акрамя тэарэтычных і практычных заняткаў па баскетболе, а таксама спаборніцкай практыкі дзяўчаты пазнаёмяцца з асаблівасцямі харчавання спартсменаў, антыдопінгавымі правіламі, асноўнымі аспектамі судзейства.

— На кожным этапе будзе арганізаваны конкурс баскетбольнага майстэрства, турнір 3х3, а таксама майстар-клас ад зорных гульцоў жаночай зборнай краіны, — расказала галоўны менеджар праекта Лізавета Фаміна. — Плануецца, што сакрэтамі баскетбольнага майстэрства з дзяўчатамі падзеляцца Настасся Верамеенка, Вольга Зюзькова, Вікторыя Гаспер, Арына Масько, Яніна Інкіна, а таксама экс-цэнтравая нацкаманды Марына Крэс.

Праграма ФІБА Еўропа «Her World, Her Rules» (Яе свет, яе правілы), якая стартавала вясной 2019 года, накіравана на падтрымку і прасоўванне дзяўчат і жанчын у еўрапейскай баскетбольнай супольнасці. 9 лістапада 2019 года ФІБА Еўропа абвясціла аб далейшым маштабным развіцці згаданага праекта аж да 2021 года, бюджэт якога складзе адзін мільён еўра.

Адборачныя этапы ўжо прайшлі ў Мінску і Барысаве, 16 снежня «прагляд» адбудзецца ў Магілёве, 17 — у Гомелі, 18 — у Гродне, 19 снежня — у Брэсце. Фінальны этап, удзельнікамі якога стануць найлепшыя баскетбалісткі па выніках рэгіянальных адбораў, пройдзе ў Мінску ў сярэдзіне студзеня 2020 года.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота: belarus.basktball

Загаловак у газеце: «Яе свет, яе правілы»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.