Вы тут

Пазачарговыя парламенцкія выбары ў Вялікабрытаніі завяршыліся перамогай кансерватараў


Вялікабрытанія чарговы раз стала сусветным ньюсмейкерам. Навіны з Туманнага Альбіёна апошнія некалькі дзён былі ў «топе» сусветных інфармагенцтваў. Яно і зразумела: усім карцела даведацца, як вырашыцца адна з галоўных інтрыг сусветнай геапалітыкі. Ад таго, хто пераможа на выбарах у Вялікабрытаніі напрамую залежыць далейшы лёс «шлюбаразводнага працэсу» астраўной краіны і Еўрапейскага саюза, які доўжыцца ўжо не адзін год. Кансерватыўная партыя на чале з прэм'ер-міністрам і еўраскептыкам Борысам Джонсанам па выніках галасавання заваявала большасць у Палаце абшчын. Торы атрымалі 364 з 650 месцаў у англійскім парламенце — найлепшы вынік з 1987 года. Галоўныя сапернікі кансерватараў, лейбарысты на чале з Джэрэмі Корбінам, займелі 203 мандаты, Шатландская нацыянальная партыя — 48, Ліберальна-дэмакратычная партыя — 11 мандатаў, паўночна-ірландская Дэмакратычная юніянісцкая партыя — 8, Шын фейн («Мы самі» ў перакладзе з ірландскай — выступае за адзіную рэспубліканскую Ірландыю) — 7, Партыя Уэльса — 4, зялёныя — 1. Як галасавалі ў Вялікабрытаніі?


Перакладчык манарха

Днямі Бі-бі-сі згадала сем малавядомых гістарычных фактаў пра выбары ў Туманным Альбіёне. Аказваецца, першы прэм'ер у Брытаніі з'явіўся не таму, што краіна была такая прагрэсіўная і «наперадзе планеты ўсёй», а таму, што ў яе з'явіўся кароль, які ні слова не гаварыў па-англійску. Пасля смерці апошняй са Сцюартаў, каралевы Ганны, краіна апынулася без мясцовага кандыдата на карону. Справа ў тым, што пасля выгнання караля-каталіка Джэймса (Якава) ІІ брытанцы заканадаўча замацавалі абавязковае правіла: манарх павінен быць толькі пратэстантам. Прэтэндэнт знайшоўся. Невялікая нязручнасць заключалася ў тым, што быў ён немцам і на мове новых падданых не размаўляў зусім. Прыйшлося прыставіць да яго памочніка-перакладчыка, палітыка ад партыі вігаў Роберта Уолпала, які выконваў функцыі галоўнага скарбніка, міністра фінансаў і лідара Палаты абшчын. Фактычна ён быў прэм'ерам, але вось такой пасады тады яшчэ не было. Спачатку сам тэрмін «прэм'ер-міністр» быў трохі пагардлівы і нават збольшага здзеклівы. Англійскі істэблішмент даваў зразумець выскачку, што ён да сваіх вышынь дабраўся не заслужана, а выключна па незразумелым капрызе манарха.

Цяпер жыхары Злучанага Каралеўства адпраўляюцца стройнымі шэрагамі да выбарчых урнаў, не задумваючыся пра тое, што выбарчае права стала ўсеагульным далёка не адразу. Мала таго што галасаваць маглі не ўсе, дык яшчэ і да 1832 года не было ніякіх адзіных правілаў. І кожны прыход (выбарчая акруга) вырашаў пытанне аб тым, хто можа галасаваць, па-свойму. У адных, напрыклад, трэба было быць землеўладальнікам, прычым кошт зямлі павінен быў складаць не менш за 40 шылінгаў (прыкладна 130 фунтаў стэрлінгаў на сучасныя грошы). У іншых жа аддаць свой голас мог кожны чалавек, у якога быў участак зямлі, досыць вялікі, каб на ім мог стаяць уласны дом — хоць будан, але з уласным агменем, на якім можна было закіпяціць кацёл вады.

Да жанчын брытанская выбарчая сістэма спачатку ставілася гэтак жа, як і ва ўсім астатнім свеце: да выбараў іх не дапускалі. Але былі і выключэнні. У тых выбарчых акругах, дзе права голасу вызначалася колькасцю рухомай і нерухомай маёмасці, заможныя ўдовы цалкам маглі прыняць удзел у палітычным працэсе. Шчыра кажучы, далёка не ўсе яны гэтым правам карысталіся, адпраўляючы да выбарчых урнаў якога-небудзь сваяка супрацьлеглага полу. Вядомы прэцэдэнт, калі ў 1829 годзе адна дама, мабыць, абураная такой несправядлівасцю, пераапранулася ў мужчынскі касцюм і паспрабавала прагаласаваць пад імем «містэра Вевермэна». Падробка, на жаль, была раскрытая, і яе голас не залічылі.

Галасуюць... авечкі

У графстве Уілтшыр, тым самым, дзе знаходзяцца Стоўнхэндж і горад Солсберы, меўся выбарчы ўчастак, у якім людзей не было наогул. Былі адны авечкі. Пры гэтым на працягу 130 гадоў ён спраўна пастаўляў у Палату абшчын двух парламентарыяў. Гэта стала магчымым дзякуючы слаўнай брытанскай бюракратыі, якая шчасна існавала разам з не менш слаўнай брытанскай дэмакратыяй, іранізуе Бі-бі-сі. Калісьці была ў гэтай акрузе вёсачка, у якой, паводле афіцыйных папер, жылі 11 чалавек. Насамрэч, яны там ужо даўно не жылі, і адзінымі «выбаршчыкамі» былі авечкі. Напэўна, і свінні таксама, Уілтшыр імі якраз і знакаміты. Але вёска па паперах лічылася заселенай, а значыць, яе варта было прадстаўляць у Палаце абшчын. У выніку за кожны зямельны ўчастак, які дае права на вылучэнне кандыдата, ішла самая сапраўдная вайна. За адзін з іх, напрыклад, было аддадзена 60 тысяч фунтаў, тады як сапраўдны кошт яго быў дзесьці фунтаў 700. Калі перавесці гэтыя 60 тысяч на сучасныя грошы, атрымаецца некалькі дзясяткаў мільёнаў.

Дасціпныя выбарчыя ўлёткі, а таксама перадвыбарныя куплеты карысталіся вялікай папулярнасцю. Добрым тонам лічылася перарабіць усім вядомыя патрыятычныя спевы на актуальны лад. Напрыклад, адзін кандыдат па імені Роберт (Боб) выступаў за скасаванне манархіі. Замест слоў нацыянальнага гімна Gоd Sаvе thе Kіng (Божа, ахоўвай караля) спявалася: «Bоb Shаvе thе Kіng (Боб, пагаліў караля)». Ідыёма была зусім не нявінная і азначала: «Боб, адрэж яму галаву!»

Сацсетак тады, канешне ж, не было. Не было нават мікрафонаў. Кандыдатам, якія жадалі павысіць сваю папулярнасць, патрабавалася перакрычаць велізарны натоўп, які далёка не заўсёды быў добразычлівы. Вядома, калі кандыдат быў свой, то яго маглі сустракаць вітальнымі крыкамі. Ну, а непажаданым даводзілася дрэнна. Не абцяжарваючыся правіламі добрых паводзін, грамадзяне кідалі ў прамоўцаў здохлых катоў, сабак, а таксама сабачыя экскрэменты і нават камяні.

Як паведаміла Бі-бі-сі, асабняк на Даўнінг-стрыт, у якім знаходзіцца афіцыйная рэзідэнцыя прэм'ер-міністра, не заўсёды існаваў пад нумарам 10. Спачатку ён фігураваў пад нумарам 5. Потым нумары ператасавалі. Чаму так адбылося, ніхто дакладна не ведае. Але першым насельнікам дома 10 (ці 5) быў той самы першы прэм'ер, які тады яшчэ прэм'ерам не называўся, Роберт Уолпал. Цікава, што над шчылінай для лістоў дагэтуль вісіць латуневая шыльдачка з яго афіцыйным тытулам: «Першы лорд казначэйства».

Боты пяра

З «брэксітам» у Туманным Альбіёне ўсё закруцілася тры з паловай гады таму, калі 23 чэрвеня 2016-га адбыўся рэферэндум адносна членства Вялікабрытаніі ў Еўрапейскім Саюзе, на якім 51,9 працэнта выбаршчыкаў выказалі жаданне пакінуць ЕС. Пасля гэтага прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран сышоў у адстаўку, а новым кіраўніком урада стала Тэрэза Мэй, якая запусціла працэс «брэксіту». У чэрвені 2017 года прайшлі датэрміновыя выбары, у выніку якіх Мэй захавала за сабой пасаду. Аднак з-за праблем з «брэксітам» яна таксама сышла ў адстаўку ў маі 2019-га. А ў ліпені новым лідарам кансерватыўнай партыі быў абраны Борыс Джонсан, які таксама заняў пасаду прэм'ер-міністра.

Стаўшы кіраўніком урада, Джонсан тройчы прапаноўваў правесці датэрміновыя выбары, аднак кожны раз Палата абшчын адмаўляла яму ў гэтым. У выніку адпаведны законапраект быў прапанаваны ліберальна-дэмакратычнай і Шатландскай нацыянальнай партыямі 28 кастрычніка, ужо на наступны дзень ён быў ухвалены урадам (за выключэннем дня правядзення выбараў, бо першапачаткова прапаноўвалася правесці іх 9 снежня, а ў выніку яны былі прызначаныя на 12-е). Папраўка, якая змяняе дату на 9 снежня, не прайшла з перавагай у 315 галасоў супраць 295. Канчатковае рашэнне па законапраекце было прынята 438 галасамі супраць 20. 12 снежня выбаршчыкі Злучанага Каралеўства адправіліся на ўчасткі, каб выбраць новы парламент, а значыць, і прэм'ер-міністра (у Брытаніі і члены ўрада, і прэм'ер-міністр з'яўляюцца дзейнымі членамі Палаты абшчын).

Цікава, што Бі-бі-сі ўпершыню прымяніла «паўаўтаматычную журналістыку» для асвятлення снежаньскіх парламенцкіх выбараў. Дзякуючы праграме-робату першыя вынікі галасавання па ўсіх 650 акругах з'яўляліся на сайце кампаніі «праз лічаныя хвіліны» пасля яго завяршэння. Зрэшты, без «жывых журналістаў» пакуль усё ж не абышлося: рэпарцёры Бі-бі-сі загадзя напісалі для сваіх калег-робатаў нарыхтоўкі, «якія прадугледжваюць усе магчымыя сцэнарыі і форс-мажоры». А ўжо потым машына дадавала ў іх патрэбныя лічбы.

Пад шчаслівай зоркай

Характар — гэта лёс, могуць сказаць пра Борыса Джонсана палітолагі, якія шмат гадоў назіралі за тым, як ён упарта ішоў да пастаўленай мэты, заўважыла Еurоnеws. Нягледзячы на няўдачы, запаветная дзверы прэм'ерскай рэзідэнцыі на Даўнінг-стрыт,10 адчыніліся-такі перад ім 24 ліпеня 2019 года. Мэр Лондана з 2008-га да 2016 года і міністр замежных спраў у першым і другім кабінетах Тэрэзы Мэй, Джонсан перасеў у крэсла кіраўніка ўрада ў момант, калі крызіс з выхадам Вялікабрытаніі з ЕС стаў прымаць зацяжны характар.

Вядомы блізкім і сябрам як Аляксандр Борыс дэ Пфефель-Джонсан, ён даволі рана выбраў для палітычнай кар'еры другое імя, якое хутка стала вядомым. Джонсан нарадзіўся ў Нью-Ёрку, у сям'і інтэлектуалаў. Яго прадзед па бацьку — турэцкі журналіст Алі Кемаль — быў пакараны пасля прыходу да ўлады Атацюрка. Борыс Джонсан, які атрымаў выдатную адукацыю ў Вялікабрытаніі, таксама пачынаў у журналістыцы. Ён працаваў карэспандэнтам Dаіlу Tеlеgrарh у Бруселі і набыў вядомасць, дзякуючы яркаму стылю і рэзкім еўраскептычным артыкулам.

Калі ў 2001 годзе Джонсан абіраецца ў Палату абшчын ад Кансерватыўнай партыі па акрузе Хенлі, яго харызматычная асоба ўжо добра вядомая брытанцам. Аглядальнікі падкрэсліваюць, што з самага пачатку яму спадарожнічае поспех: калі ў сярэдзіне 2000-х становіцца вядома аб тым, што ён хлусіў пра пазашлюбную сувязь, знаходзячыся ў шлюбе з Кэтрын Уілер і быўшы бацькам чацвярых дзяцей, гэта каштуе яму месца ў «ценявым кабінеце», але не азначае канца палітычнай кар'еры, як магло адбыцца з кім-небудзь іншым. Больш за тое, праз некалькі гадоў ён адваёўвае ў лейбарыстаў Лондан і застаецца на пасадзе мэра два тэрміны, арганізаваўшы ў тым ліку Алімпійскія гульні — 2012. Затым, як нічога ніякага, вяртаецца ў нацыянальную палітыку, стаўшы тварам выбарчай кампаніі Тэрэзы Мэй і ўзначаліўшы знешнепалітычнае ведамства. Калі ж сёлета 7 чэрвеня Мэй склала з сябе паўнамоцтвы, страціўшы надзею дабіцца ад парламента адабрэння здзелкі па «брэксіце», у кансерватыўнай парламенцкай большасці не было іншай кандыдатуры на крэсла прэм'ера, акрамя Борыса Джонсана. Снежаньская палітычная кампанія, якую Бі-бі-сі параўнала з прэзідэнцкімі выбарамі ў Злучаных Штатах, паказала, што яму і надалей спадарожнічае поспех. Дарэчы, першым з перамогай (яшчэ да абвяшчэння афіцыйных вынікаў) Джонсана павіншаваў менавіта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Пра гэта ён напісаў у сваім Twіttеr. «Выглядае як вялікая перамога для Борыса ў Вялікабрытаніі!» — адзначыў амерыканскі лідар.

«Развод» да Калядаў

Ключавым пытаннем цяперашняй выбарчай кампаніі стала, несумненна, праблема «брэксіту». Джонсан пры гэтым настойвае, што ўхваленне цяперашняга пагаднення дазволіць Вялікабрытаніі вярнуць кантроль над заканадаўствам, фінансамі і міграцыйнай палітыкай. Прэм'ер лічыць, што перамога кансерватараў на выбарах азначае канчатковае рашэнне па «брэксіце», што прывядзе да ўсплёску замежных інвестыцый. Джонсан спасылаецца на даследаванне Gоldmаn Sасhs, па выніках якога зроблена выснова, што 150 млрд фунтаў стэрлінгаў ($192 млрд) будуць разблакаваныя.

Торы, акрамя ўсяго іншага, атрымалі большасць і ў мностве былых рабочых акруг на поўначы і ў цэнтры краіны, дзе выбаршчыкі традыцыйна галасавалі за лейбарыстаў, але на рэферэндуме 2016-га ў большасці выказаліся за выхад з Еўрасаюза. Сам 70-гадовы Джэрэмі Корбін пасля аб'явы аб выніках па яго лонданскай акрузе сказаў, што на наступныя выбары партыю не павядзе. Адметна, што перамогу партыі Джонсана дружна прадказвалі сацыёлагі. Яшчэ адзін выразны сігнал — вокладка самай тыражнай газеты краіны Thе Sun. Каго падтрымлівае яе ўладальнік Руперт Мердак, той практычна заўсёды і выйграе. Цяпер выданне адназначна выказалася за Кансерватыўную партыю.

Што ж далей? Борыс Джонсан мае намер ужо да 25 снежня накіраваць у парламент на галасаванне пагадненне па «брэксіце», узгодненае ў кастрычніку з ЕС. Акрамя гэтага, у сваім выбарчым маніфесце прэм'ер паабяцаў узмацніць унутраную бяспеку Вялікабрытаніі з дапамогай пашырэння штатаў паліцыі на 20 тысяч чалавек. Таксама ён мяркуе павялічыць бюджэт Нацыянальнай службы аховы здароўя Вялікабрытаніі, накіроўваць больш сродкаў на ўтрыманне дзяржаўных школ, заняцца рэканструкцыяй дарог і мерамі па павышэнні энергаэфектыўнасці. Рэалізаваць усе гэтыя намеры цяпер будзе значна прасцей, паколькі ў кансерватараў — пераканаўчая парламенцкая большасць.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Торы на кані

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.