Вы тут

Тры розныя стылі ў спектаклі «Аrсhе&Kеt» паказваюць эвалюцыю кахання


Асноўны міф свету разбіваецца аб безнадзейныя скалы новай ва ўсіх сэнсах пастаноўкі «Аrсhе&Kеt», што расказвае пра вялікае каханне, але не можа яго, ужо мёртвае, адрадзіць. Прэм'ерныя паказы завяршыліся 27 і 28 лістапада ў Ок16. Гэтым разам праект «Т.О.К.» узяўся за п'есу грузінскага драматурга Дзімітрыя Учанеішвілі, а рэжысёр Антон Макуха і харэограф Ірына Шырокая зрабілі спектакль з відэарада і танца. Праз абрывачныя фразы, стыльную чорна-белую здымку і пачуццёвыя целарухі глядач сочыць за каханнем, якое спачатку гарыць агнём, а ўрэшце знікае, нягледзячы на ўсе намаганні яго вярнуць.


Пастаноўка прыцягнула нашу ўвагу не толькі сама па сабе і не толькі любоўнымі перыпетыямі, але ў першую чаргу кантэкстам, з якога паходзіць «Аrсhе&Kеt». Гэта мадэрновы беларускі тэатр, што спрабуе намацаць новы ці прынамсі незвычайны для гэтай прасторы спосаб выказвання, адыходзіць ад акадэмічных канонаў, задзейнічае відэа і харэаграфію, займае альтэрнатыўную сцэну і пераключае гледача на іншую хвалю ўспрымання твора.

Пакуль тэма пэўнай традыцыйнасці беларускай тэатральнай сферы запаўняе эфір, працэс між тым ідзе: пастаноўкі, у прыватнасці, Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн», што арганізаваў праект «Т.О.К.», ужо вызначыліся са сваімі прэферэнцыямі. Пошукі іншай мовы за невялікія бюджэты добра глядзяцца ў прасторы Ок16, якая прапануе новы спосаб глядзець спектакль і дазваляе ўбачыць, наколькі разнастайнымі і вытанчанымі могуць быць метады перадачы сэнсаў.

«Аrсhе&Kеt» не моцна і вытанчаны (вытанчаная тут харэаграфія), але прынамсі для нашага гледача незвычайны. Сцэна — не сцэна. Акцёрамі, што адчуліся б на дотык, з'яўляецца пара танцораў: целарухамі Яўген Іваноў і Ганна Сачыўка перадаюць альбо нават паўтараюць, проста іншым шляхам, тое, што агучваецца з экрана.

А на экране два партрэты — закаханых, што перагаворваюцца і праз дыялог раскрываюць даволі схематычны сюжэт, іграюць Аляксандр Яфрэмаў і Крысціна Жаўрыд. У пачатку спектакля яны любяць адно аднаго, потым жывуць у бягах, але з аптымізмам, праз абставіны мусяць расстацца, мінае сем гадоў, Аrсhе вяртаецца да Kеt, абодва ўсведамляюць, што каханне прайшло, спрабуюць яго ўваскрасіць, нарэшце, прызнаюць паразу — усё.

У асобным нуарным стылі, з жартамі-прыгаворкамі, створаны скошаны і небяспечны свет двух следчых, што гадамі ідуць за каханкамі і выконваюць ролю тых абставін, якія зводзяць моцнае пачуццё на не, і знікаюць, калі выправіць страту ўжо немагчыма. Гэта паралельная, зноў віртуальная, недатыкальная, гісторыя на экране, і яна падкрэслена іншая — вы павінны заўважыць, у якіх колерах і праз якія дэталі перадаецца свет галоўных герояў і што кажа пра двух следчых іх даволі кінематаграфічнае атачэнне. У выніку спектакль складаецца не з відэа і танца, а з двух розных відэа і танца: паколькі аўтары з пункту гледжання стылю не прыводзілі экранныя гісторыі да агульнай роўніцы, нуар пра следчых становіцца трэцім паўнавартасным творам унутры твора, і гэтая рознасць эстэтык абагачае даволі мінімалістычны спектакль. Праўда, і мінімалізм, калі перад табой даволі шматслоўны пачуццёвы танец, становіцца ўмоўным: усё пачалося з класічных рухаў, а працягнулася экспрэсіўнай харэаграфіяй, здольнай трансляваць гісторыю нават не ў якасці дапаможніка, але амаль што самастойна.

Хоць логіка падзей непазбежна прыводзіць да паразы былых закаханых, здаецца, галоўнае ў тым, што пачуццё было, нездарма яно становіцца галоўным героем: «Аrсhе&Kеt» пачынаецца і канчаецца на моманце безумоўнага кахання, а гэта пры ўсіх сумных спадарожніках не вельмі песімістычнае. Параўнанне недакладнае, але ўспамінаецца фантастычны фільм «Прыбыццё» Дэні Вільнёва, дзе галоўная гераіня ў выкананні Эмі Адамс ведае, што яе дачка памрэ падлеткам, але ўсё роўна ідзе на боль, каб толькі прабыць з ёй адмераныя гады. Вось гэтыя пражыванне, наяўнасць, валоданне, з усімі стадыямі і сумнымі пераходамі, хоць у асноўным, рэгрэсам і ўгасаннем, становяцца прадметам аповеду ў «Аrсhе&Kеt».

Сумяшчэнне вонкава сумнага выніку і невідавочна шчаслівага падтэксту магчымае праз дэталь на завяршэнне спектакля, у якой усё замыкаецца на пачатку, на тым даўнім абсалюце, на безумоўных вартасцях. Але ў гэтым выпадку жаданы пункт адліку немагчымы без журботнай гісторыі, што за ім настала. І тут ужо час вызначыць свае прэферэнцыі — быць альбо не быць.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Фота Ганны Шарко

Загаловак у газеце: Прэтэнцыёзны нуар, дыялог і танец

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.