Вы тут

У Гродне былы дэсантнік заняўся тартамі і пачаў будаваць сваё кафэ


Новы аб'ект з'явіцца каля чыгуначнага вакзала ў Гродне, на месцы былой чабурэчнай, якую сёлета разабралі. Тут будзе свежая выпечка, гарачыя бутэрброды, салаты, блінчыкі з рознымі начынкамі, яблыкі ў цесце, штрудалі, круасаны... Усё гэта будзе гатавацца тут жа, акрамя тартоў. Іх па-ранейшаму будуць прывозіць з аграгарадка Парэчча, дзе ў бізнесмена Аляксандра Бычкоўскага вось ужо 20 гадоў працуе кандытарскі цэх.


Фірменны смак

Трэба сказаць, што былы афіцэр-дэсантнік не адразу патрапіў на «салодкі» шлях. Спачатку спрабаваў займацца аўтамабільным бізнесам, потым дрэваапрацоўкай. Але справа не вельмі ладзілася. Новую тэму падказала жонка Ганна, па прафесіі тэхнолаг харчовай вытворчасці. Калі сям'я пасля доўгіх пераездаў асела ў Парэччы, што непадалёку ад Гродна, пачалі будаваць уласны кандытарскі цэх.

Аляксандр успамінае, як сутыкнуліся з канкурэнцыяй на гэтым рынку. Многія гандлёвыя прадпрыемствы наогул не хацелі браць іх на рэалізацыю. Не тое, што цяпер.

Парэцкія тарты вядомы бадай што ўсім гродзенцам. Яны паступаюць больш чым у сто крамаў горада і вобласці. А ўсё таму, што вытворцы зрабілі стаўку толькі на якасць. Галоўнае — захоўваць усю рэцэптуру, паслядоўнасць работ і натуральныя інгрэдыенты. Бычкоўскія ставяць задачу зрабіць кожны торт, можна сказаць, з жывой энергетыкай. І слоены, і кіеўскі, і падарункавы тарты робяць яшчэ па савецкіх стандартах. Можа, таму ў іх такі асаблівы, «фірмовы» смак.

Пашырыць фармат

Аб тым, што бізнес выбраны ўдала, сведчаць і шматлікія ўзнагароды. Бычкоўскія пяць разоў выходзілі пераможцамі гарадскога і абласнога конкурсаў «Найлепшы прадпрымальнік».

А некалькі гадоў таму Аляксандр і Ганна вырашылі пашырыць фармат. Гарадскія ўлады прапанову падтрымалі і выдзелілі зямельны ўчастак у ажыўленым месцы, каля чыгуначнага вакзала. Гэта тэрыторыя згодна з генпланам горада вызначана пад грамадскую забудову.

На сёння падрыхтаваны праект, які абышоўся ў 50 тысяч рублёў. У выніку будынак са шкла і бетону павінен вельмі ўдала ўпісацца ў гарадскі пейзаж . Побач знаходзіцца гандлёва-офісны цэнтр якраз падобнай канструкцыі.

— Наша кавярня — гэта ўнікальны аб'ект, якіх у горадзе адзінкі. Вельмі важна адкрыць у такім месцы падобнае кафэ, дзе можна паласавацца свежай выпечкай, адразу сышоўшы з цягніка. Наогул мы разлічваем на наведванне дзяцей з бацькамі, у памяшканне можна будзе заехаць з дзіцячай каляскай, — расказвае Аляксандр.

Планавалі, што адразу пасля ўзгаднення праекта пачнуцца работы. І сапраўды, пляцоўка пад будучае кафэ падрыхтавана, з'явіліся агароджа, вагончык для будаўнікоў. Але справа нечакана спынілася, і аб'ект на некалькі месяцаў быў замарожаны.

Будаўніцтва пад пагрозай?

Жыхары шматпавярховіка, каля якога запланавана будаўніцтва, пачалі выступаць супраць будаўніцтва кафэ. Гэта гісторыя сёлета атрымала рэзананс на інтэрнэт-парталах, жыхары заявілі, што збіраюць подпісы супраць будаўніцтва ў іх двары пунктаў грамадскага харчавання. Маўляў, тут будзе шумна, а двор застанецца без дзіцячай пляцоўкі. Аляксандр Бычкоўскі асабіста сустрэўся з людзьмі, каб растлумачыць ім, што ён будуе не забягалаўку, а ўтульнае сямейнае кафэ, без ніякага алкаголю, а толькі з кандытарскімі вырабамі.

Сапраўды, кафэ наўрад ці можна параўнаць з забягалаўкай. Толькі на будаўнічыя работы будзе затрачана 1,1 мільёна рублёў, яшчэ 300 тысяч — на абсталяванне. Але і ў гэтыя сродкі наўрад ці можна ўкласціся, кажа гаспадар.

Як паведаміў Аляксандр Леанідавіч, значная частка работы зроблена. Ужо праведзены камунікацыі, працягнута лінія электраперадачы. Літаральна днямі пачнецца ўзвядзенне самога будынка, падрадчыкам з'яўляецца прыватная будаўнічая арганізацыя. Згодна з планам, ужо напрыканцы лета кафэ прыме сваіх наведвальнікаў.

У тэму

Яўген Арадзь, начальнік аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама:

— У будучым годзе ў Гродне плануецца адкрыць 20 новых кафэ і рэстаранаў. Будзе будавацца сем хостэлаў. Актыўнасці бізнесу спрыяе бязвізавая зона, якая нядаўна значна пашырылася і аб'яднала Гродзенскую і Брэсцкую вобласці. Мы будзем працягваць развіваць, у першую чаргу, гасцінічны бізнес і грамадскае харчаванне. Гораду патрэбны ўнікальныя пункты, са сваім каларытам і асартыментам.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Прэв'ю: bezhladoveni.cz

Загаловак у газеце: Замест чабурэчнай — сучасная кавярня

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».