Вы тут

​Магілёўскія прадпрымальнікі даюць магчымасць рэалізавацца перспектыўным стартапам


Тэлевізійныя бізнес-шоу накшталт «Капітал» або «Акулы бізнесу», дзе вопытныя прадпрымальнікі ацэньваюць ідэі і ў лепшыя ўкладваюць грошы, цяпер не проста мара. У Магілёве з'явіўся першы ў Беларусі інвестыцыйны клуб «ДЭКРО», у склад якога ўвайшлі кіраўнікі камерцыйных арганізацый, уласнікі бізнесу, прадпрымальнікі, адным словам — прафесіяналы. Самае цікавае, што ён трансфармаваўся з Савета па развіцці прадпрымальніцтва абласнога цэнтра. А ўзначаліў аб'яднанне вядомы ў горадзе бізнесмен Дзмітрый Крылоў, кіраўнік і ўладальнік групы кампаній «ДЭКРО». Ён жа адначасова з'яўляецца членам грамадскіх саветаў па развіцці прадпрымальніцтва, якія існуюць пры Магілёўскім гарвыканкаме і аблвыканкаме.


У клубным фармаце

Каб не заблытацца ва ўсіх тых саветах, дзе задзейнічаны Дзмітрый Крылоў, трэба зразумець, што сярод іх ёсць грамадскія, якія функцыянуюць пры рай-, гарвыканкамах і аблвыканкаме і куды ўваходзяць як чыноўнікі, так і прадпрымальнікі, і савет (цяпер ужо клуб), які цалкам з'яўляецца ўтварэннем прадпрымальнікаў. Дзмітрый Крылоў і яго калегі прадстаўляюць той самы малы і сярэдні бізнес, які трэба развіваць. Вопыт і актыўнасць дазваляюць ім добра арыентавацца ў бізнес-прасторы, дакладна аналізаваць болевыя кропкі і інфармаваць улады, як той казаў, без скажэнняў. Менавіта члены Савета па развіцці прадпрымальніцтва Магілёва і сталі заснавальнікамі грамадскага аб'яднання «Інвестыцыйны клуб «ДЭКРО».

— Мы былі і застаёмся чымсьці накшталт пярвічнай ячэйкі для разгляду праблем, — усміхаецца Дзмітрый. — У залежнасці ад кампетэнцыі выносім пытанні на гарадскі або абласны ўзровень. Праводзім шмат сустрэч з дэпутатамі і прадстаўнікамі выканаўчай улады, удзельнічаем у дабрачынных акцыях, марафонах, спартыўных мерапрыемствах, аказваем ментарскую дапамогу прадпрымальнікам-пачаткоўцам. Усе вострыя пытанні, якія датычацца бізнесу, праходзяць праз нас. За час свайго існавання мы правялі больш за 15 пасяджэнняў, на якіх разглядалася па 4-5 пытанняў.

Калі казаць пра вострае, дастаткова згадаць нядаўнюю «справу таксістаў». Быў момант, калі на рынку з'явіўся канкурэнт з таннейшымі паслугамі. У гарвыканкам пасыпаліся звароты ад пакрыўджаных таксістаў з заклікам выціснуць не ўпадабанага імі гульца за межы рынку, або падпарадкаваць яго ўжо існуючым правілам.

— Але мы сталі на бок спажыўца, бо здаровая канкурэнцыя выклікае і змяненне якасці паслуг, — кажа Дзмітрый Крылоў. — Мы зыходзілі з таго, што чым больш прысутнічае кампаній на рынку, тым лепш для насельніцтва. Гэта і ёсць сумленны бізнес. Ёсць добрая практыка работы і з пытаннямі, якія трэба ўрэгуляваць. Вядома, што сённяшняе заканадаўства дазваляе весці прадпрымальніцкую дзейнасць на больш спрыяльных умовах. Але хапае яшчэ «падводных камянёў». Іх аналізам Савет па развіцці прадпрымальніцтва таксама займаецца. Вось адзін з прыкладаў.

У Беларусі ні адно дзяржаўнае прадпрыемства перадаплаты па дзяржзакупках не робіць. Каб не было зрываў разлікаў за пастаўкі, мы прапанавалі ўраўнаважыць пазіцыі паміж дзяржпрадпрыемствамі і бізнесам і праводзіць усе здзелкі па прынцыпе біржавых таргоў. У такім выпадку, калі адзін з бакоў не выканае свае абавязацельствы, за справу возьмецца арбітражная камісія. Гэта значыць, што нядобрасумленнае прадпрыемства можа пазбавіцца допуску на біржу, — расказвае бізнесмен. — Яшчэ мы прапануем механізмы па страхаванні здзелак і банкаўскіх гарантый. Пакуль гэта таксама не працуе, што несправядліва. Бо, калі адзін бок свае абавязкі не выканаў, другі павінен гарантавана атрымаць грошы па страхавым выпадку.

Стварылі інавацыйнае прадпрыемства

Інвестыцыйны клуб цяпер актыўна займаецца правядзеннем стартапаў і стварэннем інавацыйных прадпрыемстваў.

— Летась Савет па развіцці прадпрымальніцтва Магілёва стаў адным з арганізатараў бізнес-форуму Mоgіlеv Іnvеst Dау, а сёлета мы з'яўляліся ўжо генеральным спонсарам і, адпаведна, афіцыйным партнёрам, — удакладняе Дзмітрый Крылоў. — Мы бачылі праблемы прадпрымальніцтва: ініцыятыва ёсць, але яна на вельмі нізкім узроўні. Таму мы і вырашылі стварыць такую бізнес-суполку інвестараў і прадпрымальнікаў, якая дапамагала б у вырашэнні праблем. Згуртавалі вакол сябе людзей з высокай кампетэнцыяй у розных пытаннях — фінансавых, прававых і гэтак далей. Яны сталі ўтваральнікамі клуба. Літаральна ў кастрычніку мы запусцілі міжнародны праект, які стаў фіналістам форуму Mоgіlеv Іnvеst Dау, — стварылі кампанію з кітайскім капіталам «Сін Лу». Мы ўзялі над ёй ментарства, дапамаглі ў прававым забеспячэнні, падабралі кансалтынгавую кампанію па абслугоўванні, знайшлі офіснае памяшканне, арганізавалі перамовы з кіраўніцтвам магілёўскіх ВНУ і разлічваем на развіццё двухбаковых адносін. Літаральна налета запланавана сумеснае навучанне, і не выключана, што ў выніку мы выйдзем на пабрацімства з кітайскім бокам і адтуль да нас будуць прыязджаць студэнты. Мы хочам даказаць усім, што нашы прадпрымальнікі не такія ўжо бездапаможныя. Яны вельмі актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці. Будзем нашы стартапы трансляваць на YоuTubе, каб было відаць, што вынікі ёсць.

Бізнес-школа для дзяцей, курсы для дарослых

— Я сам у бізнесе ўжо дзевяць гадоў, — кажа Дзмітрый. — Пачынаў з таго, што стварыў некалькі кампаній у Беларусі і Расіі, якія займаліся праектаваннем, будаўніцтвам, перавозкамі, паслугамі прамысловай бяспекі — відаў дзейнасці было шмат. Але летась крыху перагледзеў свае пазіцыі і звярнуў увагу на стартапы, арганізацыю бізнесу.

Наш клуб запусціў сёлета ў Магілёве бізнес-школу «Альфа+» для падлеткаў па расійскай франшызе. Такіх у Беларусі больш няма. Франшыза атрымала найвышэйшую ацэнку часопіса Fоrbеs. У школе вядзецца навучанне навыкам бізнесу, прамоўніцкаму мастацтву, псіхалогіі ўзаемадзеяння ў калектыве — усяму таму, чаго ў звычайнай школе не выкладаюць, але што дапамагае дзецям развіваць навыкі, прычым не толькі прадпрымальніцкія. Напрыклад, дазваляе вызначыцца са сваёй будучай прафесіяй. Клуб прафінансаваў стварэнне гэтай школы і аказаў ментарскую падтрымку. А нядаўна на яе базе запрацавалі курсы і для дарослых. Бацькі будуць вучыцца знаходзіць агульную мову з дзецьмі. Некаторым з нас вельмі не хапае гэтых ведаў.

А ў будучыні суразмоўца марыць стварыць парк забаў у Падміколлі, праводзіць там выстаўкі і вечары адпачынку. Наогул планаў у грамадскага аб'яднання «Інвестыцыйны клуб «ДЭКРО» шмат. Будзем сачыць за іх развіццём.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота прадстаўлена інвестыцыйным клубам «ДЭКРО»

Загаловак у газеце: Сарыентавацца ў бізнес-прасторы

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.